Кавярня «Просто кофе» гродзенцам знаёма ўжо некалькі гадоў. А вось пра тое, што зараз там падаюць новыя дэсерты, яшчэ не ўсе ведаюць. Японскі бісквіт з амарэта, лімонны чызкейк на сыры філадэльфія, чароўны браўні і зусім не-проста кава — далёка не поўны пералік слодычаў, што ўвасобілі мары гродзенкі Людмілы Жых аб ідэальным дэсерце і ўласнай справе.
«Дэсерты ў нас заўжды свежыя, бо я іх гатую кожную раніцу — кажа Людміла. — А кожны вечар з 9 да 10 праводзім акцыю і прадаем усё, што засталося, за паўцаны. Праўда, застаецца да такога часу зусім не многа. У будні дзень гатуецца 24 дэсерты шасці гатункаў, а на выходныя — 48. Свежыя цукеркі гатуюцца кожны трэці дзень».
Людміла ўсміхаецца так шчасліва, што робіцца зразумелым — кавярня для яе — вялікі гонар і бясконцая крыніца радасці.
Частуйцеся, калі ласка! — запрашае гаспадыня да дэгустацыі мінскіх гасцей, сябраў клуба LeGourmet, што падчас кулінарнага падарожжа ў Гродна завіталі ў кавярню.
Усе рэцэпты дэсертаў, тлумачыць гаспадыня — аўтарскія: «Кожны кандытар хоча дадаць да класікі нешта сваё, укласці ў прыгатаванне часцінку душы». Яна расказвае пра адметнасці пірожных, што зараз смакуюць госці. Аказваецца, традыцыйны захер Людміла гатуе на японскім заварным бісквіце, што не патрабуе дадатковай прапіткі, а ў цеста дадае амарэта. «Атрымліваецца сімбіёз культур — Вена і Японія. Мне падабаецца, як яны іграюць».Труфелі гаспадыня мае трох гатункаў - класічны, кававы і фісташкавы з белым шакаладам. «Госці, што аддаюць перавагу класічным гатункам кавы, звычайна выбіраюць і класічны труфель. А для аматараў ёсць варыянты». Свае таямніцы мае і любімы дэсерт самой гаспадыні - лімонны чызкейк на сыры філадэльфія: «Справа ў тым, што я мяшаю яго асоблівым чынам. Некалі я думала, што гэта лухта: якая розніца, чым і як мяшаць. Але з цягам часу упэўнілася — чызкейк нельга кранаць венчыкам, так нічога добрага не атрымаецца. Трэба — лапаткай.»
Любімай справе Людміла ўдзяляе шмат часу. Каб прыгатаваць любімыя дэсерты яна прыходзіць на працу ўжо у 6 гадзін. Да 10, калі адкрываецца кавярня, дзённая партыя слодычаў ужо мае быць гатова і гаспадыня сыходзіць… на другую працу. Як аказалася, Людміла эканаміст паводле адукацыі і працуе галоўным бухгалтарам у адной з гродзенскіх аўташкол. А шакалад і гатаванне доўгі час заставаўся для толькі хобі.
«Усё вельмі выпадкова атрымалася. Як і многіх іншых, мяне насціг крызіс сярэдняга ўзросту. Гэта было вельмі цяжка. Увесь час здавалася, что я нешта яшчэ павінна зрабіць і мне трошкі сумнавата было жыць», — расказвае Людміла. Таму вырашыла, што дапаможа, калі з’явіцца яшчэ адно дзіця і нарадзіла чацвёртага сына. Праз год, як малы падрос — зразумела, што так уласныя праблемы не вырашыць, што назаўжды застацца толькі мамай проста немагчыма. У гэты час аднойчы і прысніўся ёй шакалад.Нібы нехта пераліваў яго з кубка ў кубак і запрашаў пачаставацца. А раніцай на вочы патрапіў майстар клас па шакаладу і інфармацыя пра набор у школу шакалацье. «Я адразу да мужа — мне так захацелася! І ён падтрымаў. Бачыў, што я мучаюся і зразумеў - гэта сапраўды тое, што трэба».
Адвучыўшыся ў маскоўскай цукерні «Шоколатье», Людміла вярнулася дадому з поўнымі рукамі патрэбных для прыгатавання шакаладу складнікаў і інструментаў. І так для яе пачалося новае жыццё.
«Чатыры гады таму я зразумела, што ўжо хачу адкрыць сваю кавярню», — расказвае Людміла. Гатавала дома, запрашала гасцей, радавалася, калі трохгадовы малы скакаў і крычаў, што «маміна кампотэ самае смачнае», але адчувала, што прыйшоў час выходзіць з дамашняй зоны камфорту. Шукала ў горадзе месца, каб і самой падабалася і строгім санітарным нормам адпавядала. Але ўсё, што глядзелі, было «не тое». А потым адкрылася «Просто кофе». «Я зайшла да калег у госці і мне усё вельмі спадабалася. Толькі, прыйшоўшы дадому я доўга плакала, што гэта магчымасць прайшла міма мяне».
Пасля быў цяжкі перыяд у жыцці, калі захварэў муж. «Зараз ужо ўсё добра, мы справіліся, а тады я думала, што вось такім спосабам жыццё мяне да нечага падштурхоўвае. Цяжка было асэнсаваць, што інакш я змагу рашыцца. У такім цяжкім стане, узгадвае Людміла, і прыйшла аднойчы ў «Просто кофе».«І тут гаспадыня мне кажа: „А мы кавярню прадаём“. І я адразу — „а я — купляю“. Выqшла праз хвіліну, села да сына ў машыну і расказала яму. „За колькі“ — пытае. -„Не ведаю, неяк дамовімся“. — „Ну, мама, ты даеш“? — толькі і змог сказаць ён. Вось так адбылося самае хуткае рашэнне ў маім жыцці».
Канечне, мы не такія багатыя людзі, каб запраста дастаць з кішэні грошы на пакупку кавярні. Вялі перамовы, абмяркоўвалі магчымасці растэрміноўкі і ўрэшце знайшлі варыянт, што задаволіў абодва бакі. Напэўна, былым гаспадарам было не ўсё роўна, у чыt рукі патрапіць установа, таму ў многім пайшлі насустрач.
Зараз Людмілу ўся сям’я падтрымлівае: адна б не справілася. Старэйшы сын асвойвае ў кавярні сакрэты прафесіі барыста, меншыя дапамагаюць дома. Таму і хочаца рабіць яшчэ лепш, каб дзяліцца з іншымі сваім адчуваннем паўнаты жыцця. «Замовілі нядаўна скрыначкі для падарункаў. Госці часта хочуць набыць каву ці цукеркі, што пакаштавалі ў нас для сябе ці для сяброў. Сурвэтніцу нам такую прыгожую зрабілі - нібы дзяўчына, што танчыць фламенка».Са словаў гаспадыні, тут бываюць творчыя людзі, заходзяць музыкі і мастакі - для такіх хлюдзей хочацца рабіць самыя лепшыя ў свеце дэсерты, бо побач з імі і сама робішся лепшай.
[irp posts="26 948″ name=""Куба — любоў мая". Чым зачараваў мінчукоў гродзенскі бар"]
«У гэтым месцы ўсё як мае быць. Ніхто не ведае, што гэта значыць, але тут душа кажа, што ўсё супала. Атмасфера, смак, інтэр'ер — ніводнай ноткі не выпала. Калі адным словам — то проста — гармонія».
У мястэчку Радашковічы на 6 тыс. чалавек стаіць касцёл, дзе хрысцілі Янку Купалу. У Вілейцы…
У міжваенны час Гродна набыло незвычайную славу. Горад стаў месцам прыцягнення незвычайных турыстаў - тых,…
Ці хапае ў цэнтры Гродна прадуктовых крам? Спрэчкі наконт гэтага выклікала адкрыццё на перакрыжаванні Савецкай…
Прыбраныя ялінкі, свечкі, навагоднія вянкі і гірлянды, аксаміт, светлы ці цёмны фон на выбар. Гродзенскія…
Улады стварылі новую платформу “меркаванне.бел”. Яе пазіцыянуюць як анлайн-пляцоўку, на якой кожны зможа ў вольнай…
Калекцыя адзення гродзенкі Кацярыны Карлацяну дэбютавала гэтай восенню на Парыжскім тыдні моды. А пачыналася ўсё…