На сустрэчы з «дармаедамі» ў лістападзе гродзенскі міліцыянт паабяцаў, што беларусы хутка будуць «жыць як у Эміратах, з бясплатнай электрычнасцю». І ўсё дзякуючы таму, што ўлады пастанавілі будаваць трэці энергаблок на АЭС у Астраўцы, а таксама разглядаюць перспектывы будоўлі яшчэ адной АЭС у Магілёўскай вобласці. Ці варта чакаць такой «светлай будучыні» — абмеркавалі з экспертам, які шмат гадоў адпрацаваў у сферы энергетыкі на розных пасадах.
«Плануюць трэцюю атамную… трэці блок на атамнай станцыі ў Астраўцы. У Магілёве закладваюць станцыю электрычную. Будзем як у Эміратах хутка жыць, гадоў праз дзесяць. Бясплатная электрычнасць будзе. Вось. Але калі будзеце так дрэнна сябе паводзіць, можаце трапіць туды на будоўлю. Рознарабочым. Думайце, паважаныя», — сказаў першы намеснік начальніка Кастрычніцкага РУУС Гродна — начальнік міліцыі грамадскай бяспекі Мікалай Нічыпар на сустрэчы ў РУУС. Гэтая размова трапіла ў рэдакцыю Zerkalo.io.
Эфектыўнасць працы энергасістэмы пагоршылася
Кошты на электраэнергію не знізіліся пасля ўводу першай АЭС. Гэтак жа няма чаго чакаць і ад новай, сцвярджае эксперт (ён пажадаў застацца ананімным — Hrodna.life). Адбылося нават наадварот: з 1 студзеня 2025 года насельніцтва плаціць 0,2412 рубля за кВт·г (аднаставачны тарыф) — больш за 8,3 цэнта. Пры гэтым у 2018-м кошт складаў 6,1−7 цэнтаў.
Прычынай адмыслоўца называе тое, што энергасістэма агулам працуе менш эфектыўна, чым да запуску АЭС. «Гэта можна ўбачыць з аналізу такога паказніку, як расход умоўнага паліва на выпрацаванне электраэнергіі. Гэтак, паводле звестак „Белэнерга“, у 2024 годзе ён склаў 239,6 грама ўмоўнага паліва (г у.п.) на адну кілават-гадзіну, а ў 2019-м было 235,3 г у.п. То бок расход павялічыўся на значныя для эканомікі 4,3 г у.п.».
Умоўнае паліва — гэта ўмоўны эталон, які выкарыстоўваецца для параўнання яго розных відаў паводле цеплатворнай здольнасці. У Беларусі і на постсавецкай прасторы за 1 кг умоўнага паліва прынятая раўназначнасць 7000 ккал (або 29,3076 МДж). Паводле гэтага паказніку ацэньваюць эфектыўнасць электрастанцыі (чым меншы расход, тым больш эфектыўная работа), выдаткі на паліва і эканамічную мэтазгоднасць вытворчасці электраэнергіі, эфектыўнасць энергасістэмы краіны, параўноўваюць розныя электрастанцыі паміж сабой.
Паводле ягоных разлікаў, за кошт пагаршэння гэтага паказніку ў 2024 годзе краіна выдаткавала на 170 тыс. тон умоўнага паліва больш, чым магла б, захаваўшы ўзровень расходу, як у 2019-м. Верагодна, праз гэта краіна страціла як найменей $ 25 млн у эканоміцы.
«Лішнія» магутнасці цягнуць дадатковыя выдаткі
Эфектыўнасць працы энергасістэмы пагаршаецца найперш праз наяўнасць «лішніх магутнасцяў». Сёння беларуская энергасістэма мае ўстаноўленую магутнасць 13,5 тыс. МВт, што дае патэнцыял выпрацавання каля 90 млрд кВт·г у год. У 2024 годзе яна вырабіла 39 млрд кВт·г электраэнергіі.
Такі разрыў між магчымасцю і рэальным аб’ёмам прыводзіць да таго, што частка магутнасцяў аказваецца «лішняю». А гэта значыць, што шэраг станцый даводзіцца трымаць у «гарачым» або «халодным» рэзерве, некаторыя — неабходна закансерваваць. Але ўсе яны патрабуюць сродкаў на абслугоўванне, персанал, рамонты і г. д. У выніку гэтыя выдаткі павялічваюць сабекошт кожнай кілават-гадзіны.
Мадэрнізаваныя станцыі аказаліся непатрэбнымі
Да запуску БелАЭС у Беларусі мадэрнізавалі шэраг цеплавых станцый, увялі ў эксплуатацыю высокаэфектыўныя магутнасці для выпрацавання электраэнергіі. Гэтыя станцыі працавалі ў найбольш эканамічным рэжыме — рэжыме камбінаванай генерацыі, то бок выраблялі адначасова цяпло і электрычнасць. Яны дэманстравалі расход каля 170 г у. п. на кВт·г, што вельмі добры паказнік, сцвярджае суразмоўца.
З уводам АЭС электраэнергія з гэтых станцый аказалася менш запатрабаванай. Але ж цяпло па-ранейшаму патрэбнае насельніцтву, установам, прадпрыемствам. Таму частка аб’ектаў цяпер працуе фактычна толькі дзеля вырабу цяпла, без эфектыўнага вырабу электрычнасці. Гэта пагаршае іх эканоміку і вядзе да росту агульных выдаткаў.

Адзін з прыкладаў - Лукомльская ГРЭС у Віцебскай вобласці, якая прайшла праз маштабную мадэрнізацыю і некалі лічылася флагманам энергасістэмы. З васьмі энергаблокаў цяпер працуюць два, магутнасці выкарыстоўваюцца больш як рэзервовыя або пікавыя (калі станцыя ўключаецца толькі ў пік нагрузкі, напрыклад, раніцай, калі людзі масава ўключаюць бытавую тэхніку, і увечары, калі ідзе максімальнае спажыванне, у вельмі халодныя дні - Hrodna.life). То бок цяпер гэта інструмент балансавання энергасістэмы, які ўключаецца толькі «калі трэба», а такое падтрыманне энергаабʼекта ў стане гатоўнасці патрабуе вялікіх выдаткаў.
Да таго ж, працуючы ў рэзервова-пікавым рэжыме, станцыя зазнае частыя запускі і спыненні. Гэта моцна шкодзіць абсталяванню, псуюцца дэталі, якія цяпер складана замяніць у сувязі з санкцыямі, скарачаецца тэрмін службы абʼекта.
«Таксама трэба разумець, што ў перыяд ад запуску энергаблоку да выхаду яго на поўную магутнасць (а гэта прыблізна 15−30 хвілін) расход паліва значна павялічваецца ў параўнанні са сталай працай абсталявання. Гэта зноў-такі тыя выдаткі, якія кладуцца ў тарыфы электраэнергіі», — тлумачыць энергетык.
Сабекошт абцяжараны крэдытнымі абавязаннямі
І мадэрнізацыя энергасістэмы, і будаўніцтва АЭС зрэалізаваныя за крэдытныя сродкі, з большага кітайскія і расійскія. Абслугоўванне іх — асноўная прычына павышэння сабекошту электраэнергіі. Што датычыць крэдыту на АЭС, а гэта прыкладна $ 10 млрд, то пакуль уладам удаецца атрымліваць адтэрмінаванні ў яго выплаце. Але ўсё роўна частка выдаткаў на абслугоўванне крэдыту ўжо закладзеная ў сабекошт.
На добры лад, зазначае эксперт, такія праекты, як АЭС, у значнай ступені мусяць фінансавацца самой дзяржаваю. Але ў Беларусі пайшлі іншым шляхам, і цяжар платы паводле пазыкаў ляжа на плечы сучаснага і будучага пакаленняў беларусаў.
Разлічвалі на рост спажывання
Калі прымалася пастанова аб будаўніцтве АЭС, улады разлічвалі на значна большы аб’ём спажывання, у тым ліку на экспарт электраэнергіі суседзям. Аднак гэтага не адбылося. Літва і Польшча нават фізічна адлучыліся ад беларускіх сетак. Спадзевы былі на больш актыўны рост народнай гаспадаркі, увядзенне новых прамысловых магутнасцяў. Былі спробы павялічыць попыт на электраэнергію ўнутры краіны. Напрыклад, стымулявалі куплю электрамабіляў, развівалі сетку зарадных станцый, прапаноўвалі пераход на электракатлы для мэтаў ацяплення. Але гэта не дало істотнага росту.
«Для больш інтэнсіўнага развіцця электратранспарту патрэбныя больш дзейныя стымулявальныя механізмы, а на іх няма рэсурсаў. Што датычыць электракатлоў, то ідэя вельмі добрая, але праблема ў яе рэалізацыі. Гэтак, у многіх населеных пунктах электрасеткі не разлічаныя на ўжыванне электраацяпляльных прыбораў. Людзям адмаўляюць у дазволах на іх усталяванне, маўляў, няма магутнасці. Каб масава перайсці на электрацяпло, патрэбная адпаведная інфраструктура, маштабная мадэрнізацыя сетак — ліній электраперадачы 10 кВ, 0,4 кВ, трансфарматарных падстанцый. Гэта велізарныя выдаткі», — тлумачыць эксперт.
Фактычна, краіна пабудавала вялікую АЭС без стварэння дастатковай сеткавай інфраструктуры, якая магла б спажыць яе прадукцыю.
Ці ёсць сэнс у АЭС, калі тарыфы растуць?
Запускам атамнай электрастанцыі Беларусь дасягнула дыверсіфікацыі паліўна-энергетычнага балансу. Для энергетычнай бяспекі дзяржавы гэта вельмі важна, падкрэслівае эксперт. Да запуску АЭС Беларусь залежала ад расійскага газу на больш чым 90%. Сёння 36−37% вырабу электраэнергіі ўзяла на сябе атамная генерацыя.
«Так, мы сапраўды дыверсіфікавалі крыніцы энергіі, але, на жаль, не дыверсіфікавалі пастаўшчыка — паліва для АЭС пастаўляе тая ж Расія», — дадае энергетык.
На фоне таго, што Беларусь мае велізарны прафіцыт электрамагутнасцяў і не дасягнула чаканага эканамічнага эфекту ад першай АЭС, пастанова ўладаў будаваць трэці блок БелАЭС і новую АЭС у Магілёўскай вобласці, на думку эксперта, выглядае як чыста палітычнае рашэнне. «Але калі будзе канчаткова дадзена „зялёнае святло“, пад гэтае рашэнне будуць падцягнутыя вынікі і эканамічнага абгрунтавання, і грамадскіх слуханняў. Аднак, пакуль няма ніводнага заканадаўчага дакументу, які распачынае будаўніцтва, будзем спадзявацца, што праект так і застанецца словамі», — каментуе суразмоўца.
Прапагандысцкая карцінка
І зноў гучаць абяцанні, хоць не так актыўна, як калі рэкламавалі першую АЭС, пра танную і нават бясплатную электрычнасць.
Эксперт адзначае: «Калі гэта набудзе нейкі масавы характар (а пакуль я гэтага не заўважаю), то я б разглядаў гэта як спробу апраўдаць новыя дарагія праекты. Людзям абяцаюць „таннае святло“, каб стварыць уражанне, што дзяржава дбае пра іхную будучыню. Але эканоміка кажа аб супрацьлеглым».

А пагроза міліцыянта «адправіць дармаедаў на будоўлю АЭС рознарабочым» увогуле выглядае недарэчна.
«На такіх аб’ектах не можа быць выпадковых людзей. Там павінны працаваць спецыялісты з адпаведнай кваліфікацыяй, на кожным этапе, на кожным участку», — падкрэслівае энергетык.
Такім чынам, кажа эксперт, словы пра будучыню «як у Эміратах» выглядаюць не больш чым часткаю прапагандысцкай карцінкі, якая не мае нічога агульнага з рэальным становішчам беларускай энергетыкі.
Чытайце таксама: У Астравецкім раёне можа з’явіцца сховішча радыеактыўных адходаў, разлічанае на 500 гадоў



