Беларусы Польшчы дапамагаюць украінцам з першых дзён вайны: нехта дзяжурыць на вакзалах, хтосьці дапамагае з пошукам жылля, а хтосьці вырашае транспартныя пытанні. Тое, што ў валанцёраў можа быць пашпарт краіны-агрэсара, да канфліктаў не прыводзіць. Hrodna.life пагутарыў з гродзенцамі, якія зараз жывуць у Польшчы, пра іх дапамогу ўцекачам, ролі ўрада і самакіравання, а таксама пра тое, чаму ўкраінцы не хочуць ехаць у невялікія гарады.
За першы тыдзень з пачатку вайны ў адміністратара канала «Беларусы Варшавы» Яўгена Жураўскага начавала шэсць чалавек з Украіны. Спачатку гэта былі чатыры чалавекі, двое з якіх — яго знаёмыя з Беларусі. Яны былі вымушаны з’ехаць ва Украіну ў 2021 годзе.
«Яны ў першы ж дзень прачнуліся з-за бамбёжкі, сабралі рэчы і пачалі ўцякаць. У нас яны заставаліся тры дні, потым паехалі да сваякоў у Нямеччыну», — распавёў Яўген.
Потым двое ўкраінцаў прыйшлі на працу да суседа Яўгена. «Хутчэй за ўсё, яны ўбачылі вялікі ўкраінскі сцяг, які вісеў ва ўстанове, і прыйшлі туды». Пасля закрыцця наведвальнікаў папрасілі выйсці і хлопец заўважыў, што хлопцы не ведаюць, куды ісці. Маладыя людзі аказаліся украінцамі, якія працавалі ў Францыі. Хлопцы вырашылі ехаць дадому, каб «ваяваць з рускімі агрэсарамі».
«Вось так у маленькай двухпакаёвай кватэрцы нас было восем чалавек. Не вельмі зручна, але нічога страшнага. Мы і далей гатовыя прымаць уцекачоў, пакуль больш да нас ніхто не прасіўся», — кажа беларус.
У Гданьску ўцекачам дапамагае знайсці жыллё гродзенка Надзея Маляўка.
«Спачатку быў хаос. Ніхто не разумеў, што рабіць. Валанцёры насіліся як куры з адрэзанымі галовамі і спрабавалі чымсьці дапамагчы. Потым арганізавалі групу каардынатараў, якія адказваюць за рассяленне, псіхалагічную дапамогу, транспарт, медыцынскую дапамогу, збор рэчаў і каардынацыю саміх валанцёраў», — распавяла Надзея.
Збор рэчаў па Труймясту (агламерацыя з трох злучаных гарадоў - Гданьск, Гдыня, Сопат) арганізаваны на двух складах. Працуюць валанцёры ад «Stowarzyszenie Białorusinów na Pomorzu» («Таварыства беларусаў Памор’я»). Неўзабаве да беларускай дыяспары далучыліся і ўкраінцы.
Спачатку валанцёры прыязджалі на мяжу, каб падвезці ўцекачоў. Ад Гданьска да ўкраінскай мяжы — каля 700 км. Стаялі з таблічкамі «На Гданьск» або «На Сопат». Але людзі не сядалі ў машыны, бо баяліся.
«Ёсць такія, хто нажываюцца на людзях — выстаўляюць ім рахунак. Я з гэтым не сутыкалася, але іншыя распавядалі. У асноўным усе адпраўляюцца ў цэнтр уцекачоў. Зараз даведваюцца па сарафанным радыё, скідаюць інфармацыю і ў Instagram. Нейкая арганізаванасць ёсць, але шмат хаосу», — кажа валанцёрка.
Падключыліся валанцёры працаваць з гарадскім самакіраваннем. «Мы не можам браць на сябе такую адказнасць і нейкую матэрыяльную дапамогу даваць. А горад можа забяспечыць людзей больш сур’ёзна, — распавяла Надзея. — На нас выходзяць тыя, каму патрэбна дапамога, ці мы выходзім на іх, потым кааперуемся з горадам. Людзей засяляюць на 1−2 дні, у гэтыя дні ёсць магчымасць знайсці кватэры і жыллё на больш працяглы тэрмін. Залежыць ад таго, што людзі плануюць рабіць далей. Горад таксама дапамагае знайсці працу».
Чытайце таксама: Как живут белорусы, оставшиеся в Украине несмотря на войну
Ужо ў сярэдзіне сакавіка жылля ў горадзе катастрафічна не хапала. «Спрабуем шукаць агульнымі намаганнямі. У Гданьску людзі і цэнтры дапамогі ў любым выпадку знаходзяць месца тым, каму няма дзе начаваць. Але людзі ў чарзе могуць праседзець па сем гадзін, пакуль знойдзецца нешта вольнае», — патлумачыла Надзея.
Сістэма працуе так: калі людзі звяртаюцца па жыллё, іх размяшчаюць у хостэле, інтэрнаце або гасцёўні, дзе ёсць вольныя ад замоваў месцы. Калі хтосьці рэзервуе месца за грошы, то людзей просяць з’ехаць. Яны зноў звяртаюцца ў цэнтр дапамогі і ім зноў шукаюць новае месца.
Валанцёры цэлы дзень абтэлефаноўваюць прапановы жылля. «Гаспадары кватэр ладзяць аўкцыёны, хто больш заплаціць, або „кастынгі“, хто ім мілейшы», — кажа гродзенка.
Цэнтр дапамогі на дадзены момант займаецца экстраным засяленнем. «Калі спачатку ў іх была ідэя дапамагаць у тым ліку і з працай, то зараз усе сілы кінулі на тое, каб людзі не заставаліся на вуліцы», — кажа Надзея Маляўка.
Уцекачоў заклікаюць прыязджаць у маленькія гарады, бо вялікія перапоўненыя. Але ехаць у правінцыю ўкраінцы не спяшаюцца. Валанцёрка тлумачыць гэта тым, што людзі ўяўляюць сабе маленькія гарады як глыбінку ў Беларусі і Украіне — драўляныя дамы і туалет на вуліцы.
«На самрэч польскія маленькія гарады добра развітыя. Там можна знайсці працу і прыстойнае жыллё. У мяне было пару выпадкаў, калі я знаходзіла жыллё ў невялікім горадзе, прапаноўвала людзям, а яны адмаўляліся, бо хочуць працаваць у вялікім», — распавяла Надзея.
Чытайце таксама: «Каб не страцілі беларускасць». Як працуе «Мова Нанова» за мяжой
«Ёсць перавагі, каб застацца ў невялікім цэнтры: няма наплыву людзей, прасцей знайсці жыллё і атрымаць медыцынскую дапамогу. Кожнаму хопіць ежы, сродкаў гігіены. Дапамогуць з афармленнем неабходных дакументаў ва ўсіх інстанцыях і гэта зойме менш часу. У нас тут няма нацыяналізму і канфліктаў на глебе мовы або рэлігіі», — лічыць гродзенка Ганна Мураўёва. Яна сама жыве ў такім адносна невялікім горадзе — Тарнуве — з насельніцтвам крыху больш за 100 тысяч чалавек. Ад горада да ўкраінскай мяжы — каля 150 км.
Ганна Мураўёва прыходзіць дзяжурыць на чыгуначны вакзал свайго горада пасля працы. Яны з мужам жывуць і працуюць у Тарнуве паўтара гады. У валанцёры запісаліся адразу, каб дапамагаць усім, хто прыедзе ў Польшчу, напрыклад, без ведання мовы.
«У першыя дні пасля атакі на Украіну пачалі арганізоўваць пункты збору цёплага адзення, коўдраў, ежы, прадметаў гігіены і іншага. Адразу ж быў арганізаваны вялікі цэнтр для прыёму уцекачоў з усім неабходным для іх знаходжання», — кажа дзяўчына.
Важным момантам стала прыцягненне ўкраіна- і рускамоўных жыхароў, каб дапамагаць у перакладзе. Зараз у Тарнуве валанцёраць палякі, мігранты з Украіны, Расіі і Беларусі - канфліктаў не ўзнікае.
Чытайце таксама: Что сделать, чтобы остановить поток ненависти к белорусам
«Вядома, былі асцярогі, што людзі будуць хваравіта рэагаваць на расейскую мову, але яны былі марныя», — распавяла гродзенка. Па словах Ганны, за ўвесь час ніхто з знаёмых не сутыкнуўся з агрэсіяй або нападкамі на глебе таго, што яны беларусы.
Валанцёры арганізавалі дзяжурствы для дапамогі тым, хто прыбывае ў сам Тарнуў або едзе праз горад транзітам. Выявілася, што ў самім горадзе уцекачы спыняцца не спяшаюцца.
«Бачачы, што большасць людзей едзе праездам, а цягнік стаіць на станцыі ўсяго 5−10 хвілін, валанцёры сталі прыносіць сухпайкі, ваду, тэрмасы з гарбатай проста ў вагон, раздаючы ўсім ахвотным. Сагрэцца пасля доўгай дарогі і адчуць, што яны не засталіся сам-насам са сваёй бядой, што ім дапамогуць і падкажуць, што рабіць далей», — кажа гарадзенка.
Яе сяброўка з суседняга Кракава, які ў сем разоў большы за Тарнуў, кажа, што ўцекачоў стала так шмат, што літаральна «па вуліцах цяжка хадзіць». У Тарнуве пакуль не так, але ўкраінскую гаворку чуваць і ў крамах, і на вуліцах, і аўтамабіляў з украінскімі нумарамі стала больш. Мясцовыя прадпрыемствы прадумваюць, як пры неабходнасці ўладкаваць прыезджых на працу.
Вымушаныя эмігранты — гэта людзі розных прафесій. Палякі задумаліся і аб тым, як залучаць іх у культурнае жыццё на новым месцы. Напрыклад, польскія мадэлі і фатографы абвясцілі пра гатоўнасць арганізаваць фотасесіі для сваіх украінскіх калегаў. Культурны фонд «Бема 20» абвясціў, што гатовы бясплатна падаць свае прасторы для выставы-продажу ўкраінскіх мастакоў. Іншым прадстаўнікам сферы культуры бясплатна дапамогуць у арганізацыі іх дзейнасці ў Тарнуве і яго ваколіцах. Прадумваюць варыянты навучання дзяцей уцекачоў у польскіх дзіцячых садках і школах.
«Зіма скончылася, я аднёс усе цёплыя рэчы, сабраў рэчы польскіх сяброў, дзіцячае адзенне, абагравальнік свой. Разумею, што гэта пылінка, але працягваю дапамагаць усякімі спосабамі. Сёння яны ў бядзе, заўтра будзем мы. Усе палітычныя погляды на другім плане, галоўнае зараз дапамагаць», — распавёў Руслан (імя зменена), які з пачатку вайны ва Украіне дапамагае ўцекачам.
Па словах мужчыны, можна прыйсці ў любы фонд у Лодзі - і там дапамогуць. Валанцёрыць, па яго назіраннях, практычны кожны беларус Лодзі. Грамадскія арганізацыі і фонды шукаюць для такой працы каардынатараў. Амаль выпадкова ім стаў і Руслан.
Спачатку ён дапамог сыну свайго прыяцеля з Украіны. «Я ўзяў ініцыятыву ў свае рукі і каардынаваў яго. Потым да мяне звярнулася яшчэ адна мая сяброўка-ўкраінка, дапамог ёй. Я не ведаю, можа гэта „сарафан“ нейкі, але ўчора да мяне ўжо патэлефанавалі людзі і проста прасілі знайсці транспарт для іх», — распавёў Руслан. Справа ў тым, што пунктаў пропуску на ўкраінска-польскай мяжы шмат, а валанцёры ёсць толькі на самых папулярных. Некаторыя ўцекачы пераходзяць мяжу ў месцах, дзе няма амаль ніякай інфраструктуры — па польскім баку толькі лес і поле. Руслан знайшоў транспарт у мясцовых жыхароў: закінуў просьбу аб дапамозе ў супольнасць — людзі адгукнуліся, прыехалі і забралі мігрантаў.
Дзякуючы дапамозе Руслана двое маленькіх дзяцей з маці трапілі ў Польшчу. Сам ён кажа, што не ведае, як гэта атрымалася. Ноччу ў Вінніцы (Украіна) па тэлефоне знаходзіў транспарт, каб яны праехалі хоць бы 5−10 км. Так за суткі людзі дабраліся да мяжы. «Гэта быў унутраны парыў, які мяне рухаў», — патлумачыў мужчына.
Ён запэўнівае, што ён толькі «пылінка» сярод людзей, якія дапамагаюць. «Вельмі многія беларусы дапамагаюць. Заможныя людзі грошы пераводзяць, у некаторых і з камунікацыяй лепей, і машыны свае ёсць. Хутчэй і больш робяць», — лічыць беларус.
У міжваенны час Гродна набыло незвычайную славу. Горад стаў месцам прыцягнення незвычайных турыстаў - тых,…
Ці хапае ў цэнтры Гродна прадуктовых крам? Спрэчкі наконт гэтага выклікала адкрыццё на перакрыжаванні Савецкай…
Прыбраныя ялінкі, свечкі, навагоднія вянкі і гірлянды, аксаміт, светлы ці цёмны фон на выбар. Гродзенскія…
Улады стварылі новую платформу “меркаванне.бел”. Яе пазіцыянуюць як анлайн-пляцоўку, на якой кожны зможа ў вольнай…
Калекцыя адзення гродзенкі Кацярыны Карлацяну дэбютавала гэтай восенню на Парыжскім тыдні моды. А пачыналася ўсё…
Гродзенец Раман Нагула амаль паўжыцця працуе з дрэвам. Школьнікам ён пачынаў з бейсбольных біт, а…