Кацярына праз параду сяброўкі купляе туш для веек і памаду ад Luxvisage, сям’я Дар’і заўсёды карысталася касметыкай “Беліта”, а майстар-брывіст кажа, што беларускі кандыцыянер для веек і броваў павінны быць у кожнай.
Чытачкі Hrodna.life расказалі, якой беларускай касметыкай яны карыстаюцца і чаму, а спецыялісты б’юці-сферы патлумачылі, як правільна даглядаць скуру.
Часцей за ўсё згадваюць “Беліта” і “Вітэкс”
Вікторыя пасля праглядаў блогераў вырашыла паспрабаваць энзімную пудру ад Bielita. Дзяўчына распавяла, што з ёй зручна ў дарозе – менш важыць і не разальецца. “Выдатна кінуць у сумку – гэта галоўныя плюсы”, – кажа Вікторыя. З яе слоў, ад расхваленага блогерамі сродку чакала большага. “У рэальнасці – проста эфект звычайнага мыла. Як вынік – чыстая скура. У прынцыпе, гэта ўсё, што трэба ў дарозе”.
Брэнды беларускай касметыкі: “Беліта-Вітэкс”; “Беліта-М”; “Маркел”; “Белкасмекс”; “Эксклюзіў касметык”; “Liv Delano”; “Флораліс”; “Modum”; “IRIS cosmetic”; “BIO WORLD”; “MASSTIGE”; “Белор-Дызайн”; “LiLo”; “LUXVISAGE”; “Relouis”; “Ines Cosmetics” і іншыя.
З усіх беларускіх брэндаў чытачкі Hrodna.life часцей за ўсё згадвалі “Беліта-Вітэкс”.
“Любы гель для душа “Беліта”. Асабліва падабаецца з маслам аргана”, – адказала на пытанне аб перавагах сярод касметычных сродкаў Таццяна.
На сайце вытворцы такіх геляў больш за 150 відаў. Ёсць стандартныя пахі – кветкавыя, ягадныя і фруктовыя, а таксама з пахам марозіва, ёгурту. Ёсць нават гелі з пахам шампанскага і рамантычнай Францыі.

Іншая чытачка распавяла, што ў адной з лінеек “Беліта-Вітэкс” яна знайшла для сябе сродкі для праблемнай скуры – прадукты з лінейкі Clean Skin.
“Разглядала ўсіх вытворцаў, але па коштавай катэгорыі задаволіла Беліта”.
“Падабаецца якасцю і коштам”
Добрае спалучэнне цаны і якасці беларускай касметыкі ацанілі блізкія Дар’і.
“У нашай сям’і, колькі я памятаю, заўсёды была прадукцыя Беліта-Вітэкс. Таму і я працягваю ёй карыстацца”.
З касметыкі ад “Беліты” сям’я Дар’і выкарыстоўвае практычна ўсё – ад геляў для душа і шампуняў з бальзамамі да таласа-абкручванняў і мужчынскіх геляў для барады.
Для догляду за тварам гродзенка карыстаецца крэмам, крэм-пенкай для мыцця, міцэлярнай вадой, тонікам для твара і вобласці вакол вачэй і спрэй-сыроваткай.
Гродзенка Маргарыта паспрабавала беларускую касметыку 15 гадоў таму і не мяняе свой выбар дагэтуль. “Раней купляла іншыя маркі, але цяпер толькі “Беліта” (“Вітэкс”). Падабаецца якасцю і цаной”.

У спіс любімых сродкаў Маргарыты трапілі крэмы і гелі з серыі “Ідэальныя ручкі”, гелі-патчы супраць азызласці пад вачыма з лінейкі “Aloe”, маска для твару, шыі і дэкальтэ “Аднаўленне пругкасці” з гіалуроновой кіслатой і імбірам, “залатая” маска для твару, якая падцягвае, матыравальны крэм-праймер з серыі “PURE GREEN” і пілінг “Ms Бездакорнасць”.
“Скура – гэта не толькі твар”
“Каб заставацца прыгожай і здаровай, наша скура кожны дзень мае патрэбу ў правільным доглядзе, – кажа Вольга Сазановіч, касметык-эстэтыст 5 разраду з вышэйшай медыцынскай адукацыяй. – Нельга забываць пра скуру вакол вачэй, вусны, шыю, дэкальтэ, рукі. Правільны комплексны догляд дасць жаданы і ўстойлівы эфект”.
Для штодзённага догляду за скурай неабходны прынамсі мінімальны набор касметычных сродкаў, якія пасуюць для вашага тыпу скуры, узросту і ладу жыцця.
Вельмі важна, на думку спецыялісткі, памятаць пра асаблівасці скуры вакол вачэй, вуснаў, шыі і дэкальтэ. Скура ў гэтых зонах вельмі тонкая і найбольш схільная да ўздзеяння неспрыяльных умоў навакольнага асяроддзя і узроставых зменаў. Для догляду за гэтымі зонамі таксама неабходна выкарыстоўваць спецыяльныя касметычныя сродкі.
“Не заўсёды мы можам самі ацаніць тып і стан сваёй скуры слушна і падабраць набор сродкаў для догляду, якія палепшаць стан нашай скуры. Таму варта звярнуцца да спецыялістаў — касметолага ці дэрматолага», — кажа Вольга Сазановіч.
Прафесіяналы дапамогуць падабраць хатні догляд і, пры неабходнасці, прызначаць доглядныя або лячэбныя працэдуры ва ўмовах касметычнага кабінета: чысткі, пілінгі або іншыя працэдуры.
«Усе мы індывідуальныя, — кажа касметік-эстэтыст. – Скуры кожнага чалавека для яе прыгажосці і здароўя неабходны свой, адзіна правільны, догляд дома і ў спецыяліста ва ўмовах касметычнага кабінета».
“Вейкі даўжэйшыя, памада не скочваецца”
Параз параду сяброўкі Кацярына карыстаецца тушшу для веек і памадай ад Luxvisage. “Туш добрая тым, што вейкі адразу вылучаюцца і на выгляд робяцца даўжэйшымі, а памада доўга трымаецца на вуснах і не скочваецца”, – распавяла гродзенка.
Таццяна карыстаецца тушшу ад Luxvisage, а таксама алеем для вуснаў і алоўкамі таго ж брэнда. Для броваў яна выкарыстоўвае маркеры ад Luxvisage і Relouis.
Алей для вуснаў ёсць у трох адценнях. У апісанні сказана, што яно аднаўляе, падтрымлівае ідэальны стан скуры вуснаў, надае лёгкае натуральнае адценне, далікатны бляск, а таксама ўвільгатняе і сілкуе.

З дэкаратыўнай касметыкі брэнда “Luxvisage” прафесійная візажыстка Ала Шафаловіч раіць звярнуць увагу на крэмавыя цені: “Добра тушуюцца, устойлівыя, тонкая тэкстура і прыгожыя адценні”. Таксама яна раіць падводку для вачэй-фламастар Relouis PRO 24 hours eyeliner: “Устойлівая, насычаны чорны і зручны аплікатара”. З памад трэба раіць “Paradiso Relouis”. “Устойлівыя памады і прыгожая палітра адценняў”. Сярод догляднай касметыкі для твару яна раіць звильгатняльны тонар ад “MASSTIGE”, які падыходзіць для сухой скуры.
“Кандыцыянер для веек павінны быць у кожнай”
“На беларускім рынку шмат добрых прадуктаў для догляду за бровамі і вейкамі. Relouis, Luxvisage, Belorddesign», — пералічвае брэнды, у якіх ёсць сродкі для догляду за вейкамі і бровамі, Вольга Рапейка, майстар па бровах і вейках. Яна расказала, што прадукты для догляду бываюць на алейнай, воднай, гелевай аснове. Кожны выбірае зручны для сябе варыянт.
«З асноўных кампанентаў павінны прысутнічаць вітамін Е і пантэнол, — кажа спецыялістка. – Выдатна, калі ёсць гідралізаваны керацін, калаген, біятынол».
Вользе часта задаюць пытанне — як даглядаць за вейкамі?
“Кандыцыянер для веек. Гэта тое, што павінна быць у кожнай, хто хоча падоўжыць жыццё сваім вейкамі», — кажа Вольга Рапейка. Таксама яна рэкамендуе спецыяльны алей для догляду за вейкамі і бровамі.
Па словах майстра, вейкі могуць радзець, рабіцца больш слабымі і цьмянымі.
“Калі не толькі вейкі, але і скура, пазногці і валасы сталі губляць былую раскошу — гэта падстава звярнуцца да лекара, — тлумачыць Вольга. — Калі ўсё ў парадку, то прычынай магла стаць няякасная або няправільна падабраная дэкаратыўная або доглядная касметыка. Успомніце, які новы прадукт з’явіўся ў вас, выключыце яго і назірайце за вейкамі».
Таксама адной з прычын можа быць невыкананне правілаў демакіяжу.

“Калі карыстаецеся мицеллярной вадой, памятайце, што яе трэба старанна змываць звычайнай вадой. Тым, хто не любіць важдацца са спонжыкамі, можна карыстацца пенкай для мыцця”, – кажа Вольга.
Сухасць скуры можа быць праз няправільны демакіяж, алергію. А ад недахопу бялкоў у харчаванні церпяць не толькі вейкі і бровы, а таксама скура, валасы, пазногці і ўвесь арганізм у цэлым.
Як даглядаць за бровамі?
- Раніцай і ўвечары шчоткай расчосвайце валасінкі па лініі росту.
- Пасля кожнага мыцця карыстайцеся пажыўнымі алеямі, адмысловымі гелямі для броваў.
- Увечары змывайце макіяж з броваў ватовым дыскам з міцэлярнай вадой.
- Сілкуйце бровы. Наносьце на ноч алей для броваў.
“Выбірала метадам спроб і памылак”
“Цяпер у мяне з “Беліты” туш, крэмы для твару і павек з серыі марскі калаген, міцэлярная вада, маскі для твару розных серый у тубах, – распавяла пра свой набор беларускай касметыкі Вольга. – Яшчэ выкарыстоўваю маскі ад “Вітэкс”. Мне падабаецца. Карысталася рознымі крэмамі, у тым ліку разрэкламаваных замежных фірмаў. Розніца аказлася толькі ў кошце”.
“Метадам спроб і памылак” адна з чытачак Hrodna.life знайшла для сябе туш для павек Bielita “Luxury каралеўскі аб’ём” і міцэлярны тонік-дэмакіяж “Экспрэс-звільгатненне”.
“Перастала падабацца звыклая касметыка ад больш вядомых брэндаў. Вырашыла – чаму б і не”.
Чытайце таксама:



