Гродзенец Паша, ці як яго называюць сябры — “Белка”, з’ехаў з Беларусі, збегшы ад крымінальнай справы за «абразу прэзідэнта», і знайшоў свабоду ў варшаўскім сквоце — без начальнікаў, сцягоў і межаў. Тут ён жыве і робіць татуіроўкі не на заказ, — тыя, што падабаюцца яму самому, а не ў трэндзе. Нацыянальнасць ён лічыць канструктам, а радзіму — цялеснай памяццю. Журналіст Hrodna.life паглядзеў, як жыве і чым займаецца татуіроўшчык Паша «Белка».
“Я б застаўся дома, але з разбуранымі ідэаламі. А чым тады гэтая свабода адрозніваецца ад турмы”
Павел Беланаў, якога сябры клічуць “Белка”, не збіраўся з’язджаць з Беларусі і супраціўляўся ад’езду. Але ўсё змянілася пасля таго, як заўважылі яго тату на назе з саркастычным пасланнем на адрас Лукашэнкі. Яму пагражала пераслед за абразу прэзідэнта.
Павел Беланаў – гродзенскі мастак, татуіроўшчык, музыка, экс-гітарыст гурта Deviation. Яго выклікалі на допыт у траўні 2022 года і на два месяцы ўзялі пад варту паводле арт.368 КК «Абраза прэзідэнта Рэспублікі Беларусь». Справу закрылі ў сувязі са сканчэннем тэрміну даўнасці. А пазней – аднавілі. З канца 2022 года Павел жыве ў эміграцыі.
Ён не ад’язджаў – яго выштурхоўвалі. Паводле яго, справа была не ў пасадцы. МУС хацела ціску – каб ён прыбраў татуіроўку на назе: «Каб я сам сабе супярэчыў, адмовіўся ад жэсту – і тады, па іх логіцы, яны перамаглі б. Яны б радаваліся, што мяне зламалі. Я б застаўся дома, але з разбуранымі ідэаламі. А чым тады гэтая свабода адрозніваецца ад турмы?»


Праз паўтары гадзіны пасля званка следчага ён ужо быў з рэчамі ў машыне. Заплечнік збіраўся спехам: рэчы і тату-машынкі. Збегчы ўгаварылі і дапамаглі сябры. Яны давезлі яго да мяжы. З беларускага боку праблем не ўзнікла — фармальна ўсе абмежаванні на выезд былі знятыя. Але колы ровара, на якім ён збіраўся перасякаць мяжу, апынуліся спушчаныя, а пешшу ісці было нельга. Памежнік сказаў: “Сядай і едзь”. “Думалі, мяне абламаюць. А чаго там ехаць”.
На літоўскім баку была замінка: з польскай візай краінай першага ўезду павінна была быць Польшча. “Але пасля доўгіх тлумачэнняў мяне ўсё ж прапусцілі”. Ровар, на якім ён перасякаў мяжу, давялося кінуць «у літоўскіх кустах».
Месца без начальнікаў, падначаленых і загадаў
Спачатку жыць на сквоце Syrena Белка не планаваў. Заехаў туды як госць. У другі раз хтосьці з ужо знаёмых жыхароў сквоту прапанаваў: «Заязджай пажыць, а там разбярэмся». Так ён выпадкова і застаўся. “Гэта не проста месца, дзе можна сустрэць маргіналаў і розных субкультурных удзельнікаў руху, гэта месца пасуе, каб паставіць жыццё на паўзу і спакойна разабрацца са сваімі думкамі”, – сцвярджае Белка.

Сквот Syrena – адзін з самых вядомых і найстарэйшых сквотаў у Варшаве і ўсёй Польшчы. З 2010 года дзейнічае ў будынку па адрасе вул.Вільча, 30, у цэнтры горада. Будынак калісьці належаў муніцыпалітэту, але доўгі час пуставаў, перш чым яго заняла група актывістаў, мастакоў, анархістаў і эмігрантаў.
З самага пачатку Syrena пазіцыянавала сябе як аўтаномную прастору, свабодную ад камерцыі, улады і дыскрымінацыі. Тут праводзіліся і праводзяцца культурныя мерапрыемствы, лекцыі, кінапаказы, майстар-класы, DIY-мерапрыемствы, а таксама палітычныя сходы. Сквот служыць прытулкам для мігрантаў і актывістаў, якія ўдзельнічаюць у антыфашысцкіх і антыксенафобскіх рухах.
Спачатку Белка ехаў на сквот проста адпачыць ад інтэнсіўнасці эмігранцкага жыцця. Але неўзабаве зразумеў: гэта месца можа стаць домам і месцам для творчасці. Ён пачаў маляваць, рабіць татуіроўкі, абжываць тату-майстэрню, якую там адкрыў. Сквот апынуўся не проста дахам, а прасторай, дзе магчыма іншая арганізацыя жыцця — без начальнікаў, без падначаленых, без загадаў. Усё трымалася на даверы і гарызантальных сувязях. “Гэта працуе, – кажа Белка. — Але толькі ў маленькіх супольнасцях. Там, дзе ўсё навідавоку, дзе можна дамовіцца».
Сквот жыве сваім жыццём. Тут збіраюцца і “Ананімныя Алкаголікі”, і працоўныя ініцыятывы, гатуецца «Ежа замест бомбаў», праводзяцца канцэрты. Часам бывае шумна, часам ціха. Бываюць канфлікты – але іх абмяркоўваюць калектыўна. Або чакаюць, пакуль эмоцыі ўлягуцца.

«Самае складанае – гэта адкрытасць. Каб трапіць у сквот, за цябе хтосьці павінен паручыцца ці ты павінен прыйсці на сход, які праходзіць раз на тыдзень і распавесці сваю гісторыю і запыт. А калі чалавек аблажаецца – уся адказнасць кладзецца на таго, хто за яго паручыўся», — адзначае Белка.
Жыццё ў сквоце патрабавала не строгіх палітычных поглядаў, а больш якасці прысутнасці: уменні жыць побач, браць адказнасць. Але ты дакладна не зможаш жыць на сквоце, з’яўляючыся ксенафобам, расістам, гамафобам або сэксістам. “Усё залежыць ад сквоту. У адным месцы ёсць агульная справа, у іншым — проста побыт”, – адзначае Белка. У сквоце, у якім жыве Белка, змешаныя жыхары: ад прадстаўнікоў розных сацыяльных ініцыятыў і актывістаў да сем’яў эмігрантаў, але што ўсіх аб’ядноўвае – гэта прынцып роўнасці.
“Калі ганарышся – рабі нешта дома”
Для Белка знаходжанне на сквоце і пражыванне сярод інтэрнацыяналістаў стала спробай жыць інакш. Без страху, без чаканняў, што хтосьці зверху ўсё задаволіць. Без нацыі і межаў. «У нас няма агульнай культуры, але ёсць агульныя прынцыпы. Людзі розныя, мовы розныя, звычаі — таксама. І што? Мы дамаўляемся. Нам не патрэбны ніякі “нацыянальны дух””.

“Нацыянальная ідэнтычнасць? Ды я наогул не ўпэўнены, што яна ў мяне калі-небудзь была. Бацькі – палякі, дзед – рускі, другі – беларус. Што мне збіраць з гэтага – сцяг? Навошта? Для мяне ўся гэтая ідэя — штучная. Любая ідэнтычнасць у выніку вядзе да дыскрымінацыі кагосьці іншага. Чаму я павінен трымацца за яе?” – адказвае на пытанне, як “беларусу жыць на сквоце?”.
Ён сумуе не па краіне, а па кутках, дзе было спакойна. Радзіма – гэта не дзяржава для Пашы. Гэта цялесная, эмацыйная прыхільнасць да месца, дзе табе спакойна. “Нацыя? Гонар? Вы сур’ёзна? Калі ганарышся – рабі нешта дома. А не бегай за мяжой са сцяжком, будуючы з сябе сцяг рэвалюцыі», — сцвярджае ён.
“Хочуць рабіць сваё, але працуюць па трэндах”
Татуіроўка ўвайшла ў жыццё Белкі ў 98-м, калі па ТБ паказвалі фільм «Ад заходу да світання» (фільм 1996 года Роберта Радрыгеса і Квенціна Таранціна — Hrodna.life), і ў моду увайшоў стыль татуіровак трайбл (як правіла, чорная татуіроўка з шчыльнай прафарбоўкай. Такая татуіроўка была ў аднаго з галоўных герояў фільма, згулянага Джорджам Клуні – Hrodna.life). Першымі малюнкамі Пашы сталі крывыя чорныя палоскі. Яго кампанія была разнамасная – ад 13 да 35 гадоў. Хтосьці паказаў машынку – і панеслася.
Сёння ён сцвярджае, што ў сваёй працы татуіроўшчыка і ў сваіх малюнках ён не шукае сакральных сэнсаў, больш аддае гэты занятак тым, хто наносіць сабе татуіроўку: «”япер эпоха постмадэрнізму і постыроніі і кожны ўкладвае сэнс сам у тое, у чым удзельнічае. Ісціна ў вачах таго, хто глядзіць». Цела ён лічыць пасудзінай, ёмішчам свядомасці. “Адзінае, што ў нас ёсць. Пасля смерці яно будзе нікому не патрэбным – значыць, з ім можна рабіць усё, што хочаш», — іранічна дадае Белка.


Ён малюе, калі хочацца, без камерцыі. У студыі працаваць не хоча: “Мне складана працаваць у памяшканні з вялікай колькасцю людзей. Плюс асаблівасці мясцовага рынку татуіровак. Я хачу працаваць не на канкурэнцыю, а па кайфу. Канкурэнцыя як такая вычарпалася і не актуальная”, – кажа Белка. Рынак татуіровак, на яго думку, перапоўнены татуіроўшчыкамі і заказчыкамі ўсіх гатункаў і масцяў. Кожны знойдзе што шукае.
Любімыя матывы Белкі – чарапы і кветкі, намаляваныя ў стылі traditional татуіроўкі. “Бярэш трохмернае і робіш плоскім. Я ўношу свае плоскія погляды на складаныя рэчы. У традыцыйнай татуіроўцы не патрэбныя каноны. Галоўнае – каб элементы былі бачныя і на сваіх месцах. Не трэба строга выконваць парадак. Проста малюеш, як кладзецца. Кладзецца прыгожа – значыць, малюнак правільны. Непрыгожа – значыць, перарабляй”.
“Усё, што патрапіла ў інтэрнэт – там і застанецца”
Даніна класічнай татуіроўцы не сканчаецца малюнкам. Белка і тату-машынкі збірае сам, уручную. “Проста люблю працаваць рукамі, рабіць якія-небудзь рэчы. Часам нават некарысныя. Але каб працаваць з машынкай, трэба трохі тэхведаў. Мне трапілася кніжка “Tattoo mashines and other secrets” з асновамі канструявання тату-машынак з ЗША. Там апісаны асновы. А далей кожны настройвае пад сябе, пад свой камфорт”.


Паміж качэўніцкім або аселым ладам жыцця ён выбірае апошні. “Гадоў пятнаццаць таму скакаў бы з упіскі на ўпіску, як крастар (чалавек, які належыць да субкультуры краст-панка — Hrodna.life). Цяпер хочацца цішыні. Прасторы, дзе можна маляваць і не думаць пра паліцыю, дзяржаву. Я даўно перастаў удзельнічаць актыўна ў панк-сцэне як музыка. Усе канцэрты, туры, паездкі сышлі з майго жыцця», — у гэтым знаходзіць прычыну свайго імкнення да аселасці Белка. “Да таго ж, раней было больш энергіі”, – заўважае ён.
У размове пра будучыню ён не будуе ўтопій, але і не смяецца над імі. Ці можа быць свет без межаў, уласнасці, іерархіі? “Калі чалавецтва, як у фільме “Паварот не туды”, згорне“ не туды — магчыма, нешта зменіцца”.
А што застанецца ад яго працы праз 50 гадоў? «Калі тату сатрэцца, сквот знясуць, архіваў не будзе? Усё, што трапіла ў інтэрнэт – там і застанецца. Я захаваў сябе ў вечнасці”. – “Значыць, лічбавы свет перамог?”- “Спачатку перамагчы пластмасавы павінен”, – смяецца Белка.
