Пасля пратэстаў 2020 года з Беларусі ва Украіну з’ехала шмат людзей у пошуку новага жыцця. Некаторыя перабраліся туды яшчэ раней. Вайна, якую пачала Расія, зруйнавала іх планы. Hrodna.life пагаварыў з некаторымі беларусамі, якія, нягледзячы на вайну, застаюцца ва Украіне.
Ва Украіну мінчанка Наталля пераехала ў 2017 годзе, бо выйшла замуж за ўкраінца. Да вайны яны жылі ў Кіеве. Увечары 25 лютага сям'і ўдалося з’ехаць цягніком у Львоў. Муж Наталлі не хацеў з’язжджаць і зрабіў гэта толькі дзеля яе.
Наталля кажа, што ў тую ноч у яе быў вельмі моцны шок, пульс падняўся да 120, усю трэсла.
«Ва Украіне засталася, таму што мужчын прызыўнога ўзросту не выпускаюць, а без мужа з’язджаць не хачу», — кажа Наталля ў размове з Hrodna.life. Зараз яна працягвае працаваць: яе праца дыстанцыйная і звязаная з ІТ. Быў перапынак толькі на некалькі першых дзён вайны.
Наталлі вельмі цяжка ўсвядоміць і прыняць, што змянілася практычна ўсё: больш няма ніякіх планаў на будучыню, ёсць толькі адно жаданне — каб вайна хутчэй скончылася і як мага больш людзей засталіся жывымі.
Змяніліся і каштоўнасці: «Вельмі балюча было з’язджаць з любімай кватэры, кінуўшы ўсё і ўзяўшы з сабой усяго дзве валізкі. Цяпер кожная раніца пачынаецца з чытання навінаў і надзеі, што не адбылося чагосьці больш страшнага. Потым ты працягваеш працаваць проста таму, што трэба. Хаця псіхалагічна гэта вельмі складана: складана засяродзіцца на чымсьці, увесь час гартаеш навіны, а таксама ціснуць на псіхіку сірэны.» — распавядае Наталля.
Руцінныя справы даюць магчымасць крыху забыцца і вярнуцца ў звычайнае жыццё. «У выхадныя спрабуеш сябе заняць хоць чымсьці, толькі каб не думаць ні пра што. Уборка кватэры, мыццё, гатаванне — усё роўна што. Валанцёрыць тут, дзе я знаходжуся, на жаль, няма магчымасці» — дзеліцца Наталля.
«Наконт стаўлення да беларусаў — на сваім прыкладзе сказаць не магу. Я стараюся не афішаваць, што я беларуска. Гаварыць стараюся на ўкраінскай, калі на вуліцы, часам і дома. Але ведаю са слоў знаёмых, што ў кагосьці стаўленне памянялася ў горшы бок. А ў некаторых яно не змянілася і ўкраінцы ставяцца да беларусаў, якія жывуць тут, з разуменнем. Ведаю, што беларусам, якія маюць тут часовы від на жыхарства, заблакавалі ўсе банкаўскія карты і зняць з рахункаў грошы зараз немагчыма. Мяне гэта не закранула, бо ў мяне сталы від на жыхарства», — распавядае Наталля.
Наталлі вельмі складана ўсвядоміць, што Беларусь ускосна мае дачыненне да вайсковых падзей на Украіне: «Там людзі баяцца страціць працу, баяцца дубінкі амапаўца, а тут людзі ідуць без нічога, не баючыся, на танк расійскіх акупантаў. Там ціха і ніхто з іх ніколі не зразумее, як быць тут, чуць сірэны, выбухі, сядзець у сховішчы, бачыць як рускія [вайскоўцы — Hrodna.life] расстрэльваюць жанчын і дзяцей, бамбяць гарады, у тым ліку ракетамі, запушчанымі з Беларусі. Ад гэтага становіцца яшчэ больш балюча», — рэзюмуе яна.
Сям’я Наталлі дапамагае ахвяраваннямі валанцёрскім арганізацыям і ЗСУ.
Другая беларуска, якая пажадала не называць свае імя, распавяла Hrodna.life:
«Я пераехала ва Украіну ў снежні 2021 ў сувязі з крымінальным пераследам на радзіме. Да вайны я жыла ў Адэсе, зараз знаходжуся ў Львове. Да вайны я ўладкавалася на працу доктарам, але не паспела прыступіць непасрэдна да працы. Мае дакуманты былі ў стадыі падрыхтоўкі».
Яна вырашыла застацца ва Украіне, бо мае абвостранае пачуццё справядлівасці і не можа стаяць убаку ад таго, што зараз там адбываецца.
«Першыя дні былі як у тумане. Зараз ёсць нейкі расклад: валанцёрства, хатнія справы, сустрэчы з сябрамі. Не ўхваляем жорсткі „сухі закон“. У першыя дні былі некаторыя непрыемныя выпадкі з боку ўкраінцаў. Думаю, усе былі ў стане шоку. А зараз стаўленне нават лепшае, чым да вайны. Яны ганарацца тым, што мы тут і дапамагаем ім нават больш, чым мы самі адчуваем нейкі гонар, калі мы наогул яго адчуваем».
Каб падтрымліваць сябе «ў тонусе», дзяўчына на другі тыдзень вайны звярнулася да псіхолага, завяла ката, праз дзень выходзіць на прабежку. У планах на будучыню — праз некалькі месяцаў вярнуцца ў Мінск. Яна верыць, што сітуацыя хутка зменіцца і вяртанне будзе магчыма.
Ва Украіне застаўся таксама Яўген Барышнікаў — беларускі фалькларыст, кампазітар, бард, дудар і паэт. Ён актыўна дапамагае валанцёрам, прымае бежанцаў да сябе ў кватэру і вядзе на сваей старонцы у Facebook «дзённік» падзей.
— Ты ждёшь пока очередь на границе как-то рассосётся?
— Не, я проста ня бачу сэнсу тупа замарожваць у ёй на 4 сутак чалавечы рэсурс, калі яму няма прамой загрозы. Тым больш, што праз 4 сутак і патрэбы такой можа ўжо не быць. Гэты рэсурс лепей патраціць на дапамогу людзям. Пакуль у Львове спакойна і прадказальна. Вада, электрычнасць, газ, крамы. Тут прымаюць бежанцаў, рыхтуюць кактэйлі і экіпіруюць пацаноў на ўсход. А бегчы ў паніцы заўсёды паспецца. Бо калі фронт пачне рухацца сюды, яму яшчэ вагон часу і салдацкага мяса на гэта спатрэбіцца. Але тут мабілізацыя такая, што з кожным днём шанцы на гэта ўсё меней. Такія думкі.
дзеліцца на сваёй старонцы музыка
Чытайце таксама: «Наши мужики здесь умирают, а вы своих вывозите». Как белорусы бежали от войны в Украине
Некаторы час таму да яго дамоў прыходзілі супрацоўнікі Службы Бяспекі Украіны, каб праверыць, ці не шпіён ён:
«Удзень адбылося бадай самае цікавае: прыходзілі дадому з СБУ, правяраць дакументы. У прынцыпе чакаў іх рана ці позна. Бо нядаўна была па чаціках просьба паведамляць пра «падобных на расіян» тыпоў, якія знялі ў Львове кватэры пару месяцаў таму (я!), шукалі праз рыелтара (я!) і жывуць групамі па 2−3 чалавекі. А ў мяне акурат пацаны з Кіева заставаліся на пару дзён, пакуль сямейныя туды сюды прыязджалі-з'язджалі. Карацей, было ясна, што выглядаем мы з боку максімальна стрёмна.
Ну і вось пазванілі ў дзверы трое ў цывільным, адчыняйце, СБУ. Драсьце, чакаю вас. Адзін паказаў нейкую картку, быццам я ведаю, як тут пасведчанне СБУ выглядае. Найбольш апасаўся, каб не марадзёры якія пад відам спецслужб, але адзін так схапіўся за ствол пад курткай, калі я па пашпарт палез у кішэню, што падумаў што марадзёры б так не рэагавалі. Вопшчэм, суровыя мужчыны.
Паказаў пашпарт, расказаў на словах, чаму з Беларусі з’ехаў, што тут раблю, пра бежанцаў, якіх прымаю. Паказаў паперку ад мінэканомікі (я па IT-квоце планаваў падавацца на посвідку). Спыталі ці ёсць зброя. Нічога больш не пыталі, хаця яшчэ ворах папер можна было паказаць. Як на зло мае кварціранты былі з’ехаўшы. Калі казаў, што ў міграцыйную за дзень да вайны хадзіў, спрабавалі паймаць: «а на які адрас хадзіў?». У цэлым спакойна пагаварылі хвіліны тры і яны сышлі. Злавіў сябе на думцы, што ўвесь гэты прыём гасцёў ператвараецца ў штодзённую руціну. То заўтра паспрабую вярнуцца да працы, колькі можна браць адгула", — піша Яўген Барышнікаў.
У міжваенны час Гродна набыло незвычайную славу. Горад стаў месцам прыцягнення незвычайных турыстаў - тых,…
Ці хапае ў цэнтры Гродна прадуктовых крам? Спрэчкі наконт гэтага выклікала адкрыццё на перакрыжаванні Савецкай…
Прыбраныя ялінкі, свечкі, навагоднія вянкі і гірлянды, аксаміт, светлы ці цёмны фон на выбар. Гродзенскія…
Улады стварылі новую платформу “меркаванне.бел”. Яе пазіцыянуюць як анлайн-пляцоўку, на якой кожны зможа ў вольнай…
Калекцыя адзення гродзенкі Кацярыны Карлацяну дэбютавала гэтай восенню на Парыжскім тыдні моды. А пачыналася ўсё…
Гродзенец Раман Нагула амаль паўжыцця працуе з дрэвам. Школьнікам ён пачынаў з бейсбольных біт, а…