Аднойчы беларус атрымаў 1500 долараў толькі за тое, што ведаў пра паліндром. Гэта такія словы і спалучэнні словаў, якія чытаюцца аднолькава як у адзін бок, так і задам наперад. Напрыклад, “атака ката” або “тыповы вопыт”.

Hrodna.life прапануе здабываць веды, каб быць напагатове, калі гісторыя зноў будзе раздаваць прыемныя прызы.

Краму дару ўраду. Марк

Прачытай наадварот. Гучыць, праўда? Гэта паліндром аўтарства паэткі Веры Бурлак.

У 2003 годзе беларускі журналіст Віталь Цыганкоў дзякуючы паліндромам трапіў у тэлешоў “Слабое звено”. І выйграў 1500 долараў. Вось вам і кругаварот ведаў у валюту. 

Калі вы аматары квізаў, то гэты тэкст можа папоўніць ваш гаманец. Як кажа паліндром Віктара Жыбуля: “Маг замілаваны, цар! Працы навалі мазгам!” — таму чытайма далей.

“Піліп”, “Лепель”, “зараз” ці “дзедаў ад’езд” – паліндромы штодзённага ўжывання

Воблака словаў-паліндромаў. Беларускія паліндромы
Воблака беларускіх словаў-паліндромаў са штодзённага ўжытку

Што такое паліндром

Паліндром — гэта слова, сказ, або цэлы верш, які чытаецца аднолькава справа налева і злева направа. Само слова паходзіць ад грэчаскага слова “palindromos” і азначае “той, хто вяртаецца назад”. Часам сэнс застаецца тым самым. Паліндром “глядзіць” у люстэрка і застаецца сабой. Але бывае, што адлюстраванне нясе зусім іншы сэнс і гэта здзіўляе яшчэ больш. 

Якія паліндромы бываюць у беларускай мове

У беларускай мове паліндромы існуюць, нават калі ніхто адмыслова іх не прыдумляе. Яны проста “ўбудаваны” ў мову. Напрыклад: пуп, тут, зараз, тамат. Хаця б адно з іх вы сёння дакладна ўжо прамаўлялі.

Паліндромамі бываюць імёны. Вось, скажам, Ала, як паэтка Ала Нікіпорчык, якая шмат гадоў працавала ў Гродне.

Яшчэ адно імя-паліндром звязана з Гродненшчынай — Натан. Так звалі дзеда прэм’ер-міністра Ізраіля Беньяміна Нетаньяху. Гэты Натан першыя дзесяць год пражыў у Крэве, што ў Гродзенскай вобласці.

Сустракаюцца прозвішчы-паліндромы. Можа і сярод вашых знаёмых ёсць Анісіна, Анікіна, Казак, Сыс?

Паліндромы селяцца і на мапах. Адзін такіх тапонімаў –  Лепель.

Мовазнаўца і журналіст Вінцук Вячорка заўважае, што паліндромы не толькі цікавыя як гульня, але вучаць нас захапляцца мовай і бачыць яе па-новаму:

“Паліндромы ўзбагачаюць навучаньне мовам і служаць творчымі моўнымі забавамі. Можна таксама ўявіць сытуацыю, калі надпіс на шкле мусіць чытацца аднолькава па абодва бакі — як імя ПІЛІП”. Гэта паказвае, што нават у звычайных славазлучэннях мажна заўважыць моўныя цуды: адна банда, атака ката, дзедаў ад’езд. Звычайныя фразы, але і на тым баку “люстры” іх добра зразумеюць. Мова стварае маленькія цуды без нашай дапамогі. Таму, калі паклікаць яе ў суаўтаркі, чарадзейства заззяе напоўніцу”.

Паліндром як заклён ад ліха ад Пампеяў да ozon

Ёсць жарт, быццам першыя словы, што прагучалі на Зямлі, былі паліндромным сказам: “Madam, I‘m Adam”. Кажуць, што менавіта так Адам пачаў размову з Евай. Гэты міф вельмі дакладны па сутнасці: паліндромы сапраўды з’явіліся амаль адначасова з пісьмом.

У Старажытнай Грэцыі паліндромы гравіравалі на кубках і вазах. Іх можна было круціць у розных накірунках, а сказ усё роўна чытаўся аднолькава. 

Пазней “чароўныя” радкі падхапілі рымляне. Адзін з самых знакамітых паліндромаў: Sator Arepo tenet opera rotas. Яго пісалі квадратам, бо кожнае слова мае пяць літар і іх роўна ставілі адно пад адным. Самы старажытны запіс гэтай фразы знойдзены на сцяне дома ў Пампеях. Пераклад радка прыблізна такі: “Сейбіт Арэпа ў працы трымае колы”. Чым менш зразумела, тым больш адчуванне містычнага.

Квадрат Sator перажыў Пампеі і перайшоў на сярэднявечныя дамы ў Заходняй Еўропе. Яго таксама лічылі абярэгам, пісалі на амулетах. 

Разам з хрысціянствам “магічны” паліндром дайшоў да нашых земляў. Знахаркі з тэрыторыі сучаснай Беларусі ў XVIII – XIX стагоддзях прамаўлялі чарадзейны радок як заклён ад шаленства пасля таго, як чалавека ўкусіў сабака. Паліндром ператварыўся ў магічны інструмент ад усялякага ліха.

Паліндром Sator працягвае сваё жыццё і ў наш час. Зараз ужо ў Расіі вырабляюць свечы з “магічным” квадратам і прадаюць у тым ліку ў Беларусі. Амаль за 65 рублёў можна праверыць, ці засталіся ад старажытных сіл хоць бы маленькія агеньчыкі. 

Sator Arepo tenet opera rotas магический квадрат
Сучасны варыянт “магічнага“ квадрата  

Ад рымскіх гімнаў да камсамольскіх загадак: шлях паліндрома працягваецца

У даўнія часы паліндром быў звязаны з рытуалам, а не з літаратурай. Выключэннем была творчасьць рымскага паэта Парфірыя Аптацыяна. Ён у IV ст. складаў доўгія хвалебныя гімны, якія можна было чытаць і ў прамым, і ў адваротным парадку. Таму як літаратурны жанр у сусветнай літаратуры паліндром вынайшаў Парфірый Аптацыян.

Сімяон Полацкі першы з нашых землякоў пачаў працаваць з паліндромам не ў магіі, а ў літаратуры. Ён напісаў верш да Багародзіцы на польскай мове, дзе словы пры вымаўленні амаль аднолькава гучаць пры чытанні ў прамым і адваротным парадку: 

Co mi ey Maria oto ay ramie y moc
Co wo ney, ow pokoy y okop wojen owoc.

Гэта не класічны паліндром “па літарках”, а гукавы. Калі чытаць наадварот і ў голас, гучанне застаецца тым жа, хоць некаторыя літары не супадаюць. У перакладзе верш мае такі сэнс: 

Што мне Марыя? — гэта і апора, і моц.
Што ў ёй? — і мір, і бою плод (г.зн. слава).

Ян Дораг і Гародня. Хто б мог знайсці тут паліндром?

Наступны зварот да паліндромаў на нашых землях адбыўся праз некалькі стагоддзяў. І праявіўся ён у псеўданімах. Аўтары пісалі свае ўласныя імёны наадварот і такім чынам з’яўляліся новыя непаўторныя словы. Першым так пачаў рабіць у XIX стагоддзі пісьменнік з Гродзенскай губерні Плацыд Янкоўскі. Пад сваімі творамы ён ставіў подпіс John Dycalp ці John of Dycalp. Dycalp – гэта адваротнае напісанне яго імя Placyd.

У пачатку XX стагоддзя стварэнне псеўданімаў шляхам пераварочванне імёнаў і прозвішчаў стала распаўсюджанай з’явай. Алесь Гародня нарадзіўся у Пермі, але часта наведваў маёнтак дзеда ў Гродзенскай губерні, таму цікавіўся беларускай мовай. “Гародня” – гэта ўжо прозвішча-псеўданім, але літаратар пайшоў далей і выкруціў яго на новы лад: Ян Дораг.

Чытайце таксама: Дзе прызямліўся Хрыстос? Да дыскусіі пра Гародню і Горадню

У 1920-х гадах паліндром выкарыстоўваўся у асноўным як гульня. У зборніку “Камсамольскія вячоркі” сярод іншых была такая загадка, у якой паліндромнай з’яўляецца адгадка. Дакладней адгадка антыпаліндромная, бо мяняе сэнс, калі чытаць наадварот.

Я — сіла.
Перавярнеце мяне —
І я жывёліна,
Хто я?

Адгадка: Ток, кот.

Так паліндромы з магіі перайшлі ў літаратуру. 

Сёння паліндромы знаходзяць сваё месца не толькі ў літаратуры, але і ў прафесійнай працы з мовай. Вінцук Вячорка адзначае:

“Яны карысныя найперш выхаваўцам і пэдагогам, але таксама ўсім прафэсійна зьвязаным з вуснай і пісьмовай мовай — літаратарам, журналістам, рэкламістам”.

Практычны бок гэтага працэсу ўзгадвае і выкладчыца беларускай мовы для дарослых Кацярына (імя зменена):

“Для вывучэння беларускай мовы стварэнне ўласных паліндромаў можа быць як практыкаванне ў слоўнай эквілібрыстыцы. Далёка не кожны чалавек можа стварыць сказ, верш ці паэму ў жанры паліндрома — такія здольнасці захапляюць!”

“Я і лаза і азалія” – наш першы паліндромны верш

Рыгор Крушына ствараў беларускія паліндромы

Чалавек, які зрабіў з паліндромаў беларускую паэзію — Рыгор Крушына. Яго сапраўднае прозвішча Казак, што само па сабе паліндром. Сімвалічна, нібыта ён нарадзіўся з адмысловай місіяй.

Па-беларуску складаць паліндромы складаней, чым па-руску, адзначае мавазнаўца Вінцук Вячорка, бо ў нашай мове гукі больш адпавядаюць пісьму:

“Як правіла, наша “Ў” бывае толькі пасля галосных (рас. возов — бел. вазоў), у слове не можа быць дзвюх літараў О (рас. ротор, але бел. ротар), дзеканне/цеканне таксама абмяжоўвае „абяртанне“ слова (рас. дед, Тит, але бел. дзед, Ціт). Таму перад аўтарамі беларускіх паліндромаў стаяць няпростыя задачы, і тым больш вартыя павагі вынікі”. 

У 1968 годзе выйшла кніга Рыгора Крушыны “Хвіліна роздуму”, у якой з’явіўся першы беларускі паліндромны верш “Я і лаза і азалія”. Кожны радок у ім змяшчае адну думку, якая чытаецца з любога бока. 

Горад. Там шмат дарог.
Гонар. Атара ног.
Маса. А сам
Я аматар. Трата мая —
Сачу час.
І марамі
Я сунуся:
Я — і лаза і азалія.

Пазней, у зборніку “Сны і мара” Рыгор змясціў яшчэ адзін верш “Паліндром”. Ён больш дынамічны. У ім таксама паліндромам з’яўляецца кожны радок:

Я — сіла. Маліся!
Міла палім
Тонкі кнот…
Толам умалот.
Я — сіла. Маліся!
На гару — гураган.
Ура! Зару —
На барабан.
Даведка Hrodna.life

Кнот – стужка або шнурок для гарэння ў газавай лямпе або свечцы; тол – выбухоўка; умалот – колькасць абмалочанага зерн; гураган – магутны віхор.

Пасля Крушыны паліндром перастаў быць толькі фокусам. Ён стаў літаратурай. Але яго форма зноў знікае на некалькі дзесяцігоддзеў.

“Горад — тут пуп дарог”: ідзём славеснымі сцежкамі Сержа Мінскевіча

Серж Мінскевіч

У 1990-х паліндром вяртаецца, калі беларуская літаратура пачынае шукаць новыя формы і голас. Адна з галоўных постацей гэтага “другога дыхання” — Серж Мінскевіч.

Спачатку Серж нават не ведаў, што стаў паслядоўнікам Рыгора Крушыны. Аднойчы ён прыдумаў паліндромны радок: “Горад – там шмат дарог” і вельмі гэтым ганарыўся, пакуль не даведаўся, што гэта ўжо напісана да яго.

Замест таго, каб расчаравацца, Мінскевіч пераасэнсаваў думку і стварыў свой паліндромны варыянт: “Горад – тут пуп дарог”. І вакол яго збудаваў свой верш.

Горад — тут пуп дарог,
Аблок, бы рыб колба,
А гром — шабаш морга.
Асобам узор ісці розума боса.
Горад — пуп тут дарог!

“А мара ліпы – піларама”: летуценныя заўвагі Віктара Жыбуля

Віктар Жыбуль пісаў цэлыя беларускія паліндромы паэмы

У пачатку 2000-х самым прызнаным майстрам паліндромаў у беларускай паэзіі быў Віктар Жыбуль. У ягоных тэкстах адлюстраванне радкоў ператвараецца не ў гульню, а ў паэтычнае бачанне свету. Віктар стварыў шмат разнастайных паліндромных літаратурных форм ад аднарадковых выказванняў да паэмы. Кароткія аднарадковікі:

А мяне няма.

Я асоба босая.

У раба – хата хабару.

Мала кашы шакалам. 

А гора падала да парога.

Нам сіла — талісман.

Віктар ператварае паліндром у метафару, якая жыве ўжо не ў форме, а ў вобразе:

А шпалы – бы лапша.

Выкладчыца беларускай мовы для дарослых Кацярына (імя зменена) адзначае:

“Калі шчыра, паліндромы — гэта не простыя вершы для завучвання напамяць, бо часта для тэхнічнай адпаведнасці аўтары ахвяруюць здаровым сэнсам і лагічным парадкам словаў у сказе. Але хаця б адзін я б рэкамендавала вывучыць, каб у спрэчцы заўжды мець аргумент, што і ў нас існуюць свае паліндромы. Мой улюбёны: “А мара ліпы — піларама”.

Чытайце таксама: Місія (не)выканальная? Як бацькі выхоўваюць дзяцей беларусамі ў Беларусі і ў эміграцыі

Паліндраман пра Нёман

Яшчэ адзін твор “Пра раку Нёман” сам аўтар назваў паліндраманам. У ім паліндромам з’яўляецца ўвесь верш цалкам, а не асобныя радкі. То бок чытаць яго можна адразу з канца тэкста ў адваротным парадку. 

О, Нёман! Сага снам ён!
Нёмана мутны смак,
А сам —
У крамяны рышток рамонкавы ліся,
І нам дары, тытан,
І лад, і лёс, і арку марам,
Хаду цуда-хмарам
У краі сёл і далін.
А ты… ты рад:
Манія сілы, вакно маркот, шырыня мар!
Кум асакам,
Сын туманам ён, Нёман, —
Сага снам ён.
О!

Кацярына падкрэслівае:

“Безумоўна, гэта гонар, што ў нас існуюць не проста паліндромы, а цэлыя паэмы-паліндромы! Віктар Жыбуль напісаў аж тры паэмы: «Рогі гор», «Кацёл клёцак», «Палігон ног і лап»”.

Самая вядомая з іх — паліндромная паэма “Рогі гор”. Аўтар яе складаў каля васьмі месяцаў і першапачаткова вельмі цмяна ўяўляў, што з гэтага атрымаецца. 

“Проста збіраў словы, выразы і кароткія сказы, якія чытаюцца аднолькава злева направа і справа налева. Калі іх заўважна паболела, яны ў мяне пачалі складацца ў асобныя паэтычныя мініяцюркі, а тыя потым нарэшце – у паэму”.

У дар ураду —

Замак, КАМаз,

ЗАЗ,

а дар урада —

шалаш...

А нам — масам — мана,

нам — зман...

Усё?.. Лёсу,

Марам —

Канец!? (Са зману нам — засценак)

Енк? He!

Цыц!!!

Паліндром, як метафара Беларусі

“Рогі гор” напісана ў 1997 годзе. Гэты твор не толькі тэхнічна паліндромны, бо кожны радок можна чытаць у адлюстраваным выглядзе. Паэма адлюстроўвае сутнасць закансерваванай беларускай рэчаіснасці, якая за столькі год ніяк не змянілася.

Паліндром як метафара Беларусі: калі жыццё закальцована, заўсёды ёсць спосаб павярнуць радок так, каб у ім з’явіўся новы сэнс. Пакуль дом для краіны – шалаш, не заўсёды атрымаеш прыз за смеласць, але заўсёды за кемлівасць.