У Гродне ўсё ж будзе яшчэ адна беларускамоўная група ў дзіцячым садку — бацькі дамагліся, каб яе стварылі ў садку № 65 па вул. Рэпіна. Спецыяльна для Hrodna.life Арцём Ткачук прааналізаваў сітуацыю з наступнай прыступкай у адукацыі - беларускамоўным школьніцтвам — і прыйшоў да сумных высноваў: праз 16−17 год ва ўсёй вобласці не застанецца беларускамоўных вучняў
У Гродне 0,1% школьнікаў вучыцца на беларускай мове. Гэта найменшы адсотак па вобласці. Улады не імкнуцца нешта змяняць, а бацькі ставяцца да пытання мовы навучання проста абыякава.
Мова школаў
У Кастрычніцкім і Ленінскім раёнах Гродна 99,9% і 96% школьнікаў вучыцца па-руску. Ужо сёння для будучых пакаленняў беларуская — замежная мова. У 2015−16 навучальным годзе 33 школьнікі з усяго Гродна вучыліся па-беларуску. Гэта лічба ў 17 разоў меншая за колькасць вучняў якія атрымоўваюць адукацыю на польскай. Не сакрэт, што дзеці часам слаба разумеюць беларускую, а размаўляць на ёй у стане лічаныя адзінкі.
Абыякавасць бацькоў
Для ахвотных вучыцца па-беларуску, на базе школаў нумар 32 і 34 (Дзевятоўка і Вішнявец) былі створаны адпаведныя класы. Запісацца ў іх можа кожны ахвотны. Аднак нават гэтыя два класы запоўнены слаба — колькасць вучняў у кожным не дацягвае да 20-ці. Размовы пра магчымасць стварэння беларускамоўнай гімназіі ў цэнтры Гродна ўпіраюцца менавіта ў незацікаўленасць бацькоў. Што казаць, калі літоўская меншасць у Рымдзюнах на Астравеччыне мае ў два разы болей вучняў якія вучацца па-літоўску, чым ёсць усіх беларускамоўных вучняў у Гродна.
[irp posts="17 634″ name="У школах пачынаюцца сходы для бацькоў будучых першакласнікаў: дзе сёлета будуць беларускія класы?"]
Дзеля справядлівасці варта адзначыць, што ў апошнія гады бацькі пачалі больш ахвотна аддаваць дзяцей у беларускамоўныя групы ў садках. Яшчэ ў 2012 зацікаўленыя бацькі дамагліся адкрыцця першай моўнай групы ў Гродне, сёлета ж вядзецца набор у 12-тую. Так, не ва ўсіх гэтых групах размаўляюць выключна па-беларуску, але іх афіцыйны статус беларускамоўны. Рэальных жа беларускамоўных усяго некалькі. Аднак пакуль што гэты энтузіязм бацькоў не выходзіць па-за межы дашкольнай адукацыі. Відавочна менш «сур'ёзны» падыход да адукацыі ў садках у параўнанні са школамі адыгрывае тут сваю ролю.
[irp posts="21 696″ name="Беларуская з нуля. Гродзенка стварыла дапаможнік па мове для дзяцей і дарослых"]
На самацёку ва ўладаў
Штогод на Гродзеншчыне колькасць школьнікаў, якія вучацца па-беларуску, зніжаецца на 1%. Калі так пойдзе і далей, то праз 16−17 год у вобласці не застанецца беларускамоўных вучняў. Гродзенскія ўлады не імкнуцца быць ініцыятарамі беларусізацыі тутэйшай школы. З цяперашняй перспектывы бачна, што пэўныя «беларусізатарскія» намаганні былога старшыні Гродзенскага аблвыканкама Сямёна Шапіры былі часовай з’явай. Кіраўніцтва ідзе ў агульным небеларускім рэчышчы і нішто ня ўказвае на змены ў бліжэйшы час.У 1991−95 каля 80% гродзенскіх школаў былі беларускамоўнымі. Аднак пасля рэферэндуму 1995-га гэтая сітуацыя кардынальна змянілася. Амаль абсалютнае знікненне беларускамоўнай адукацыі ў школах горада цягне за сабою яе далейшую маргіналізацыю ў вобласці. Перавод класа на рускую мову навучання — амаль незваротны працэс. Пазней, каб перавесці такі клас на беларускую мову, патрэбны будуць заявы бацькоў і пераадольванне неслабога бюракратычнага парога.
Навучанне па-беларуску ў гродзенскіх школах — справа дадатковых клопатаў для бацькоў і ўладаў. Каб адкрыць беларускамоўны клас і першым і другім неабходна шмат дадатковых крокаў, якімі ніхто не хоча займацца. У выніку ўсеагульнай млявасці толькі два дзясяткі вучняў аддзяляюць Гродна ад поўнай адсутнасці сярэдняй адукацыі на мове тытульнага народу.