Спадчына

Беларускі Маўглі: як у пушчы каля Гродна знайшлі хлопчыка-мядзведзя

Гісторыю індыйскага хлопчыка Маўглі, выхаванага ваўчынай зграяй, ведаюць усе. Але гэта толькі мастацкая выдумка з «Кнігі джунгляў» Рэдзьярда Кіплінга. А ці ведаеце вы рэальную гісторыю хлопчыкаў, якіх у XVII стагоддзі выхоўвалі мядзведзі недзе ў дзікім лесе Вялікага Княства Літоўскага? Яе апублікаваў канал Hrodna 11:27.

Малюнак з першага тома «Гісторыі Польшчы» Бернарда О’Конара

Ірландскі лекар і натураліст Бернард О’Конар жыў у Варшаве пры каралеўскім двары. Ён быў прыдворным лекарам караля і вялікага князя Яна III Сабескага. Ад самога караля і ад іншых прыдворных асобаў ён чуў расказы пра нязвыклыя выпадкі ў літоўскіх лясах. Маўляў, калі ў лесе знойдзецца пакінутае дзіця, то мядзведзь будзе даглядаць яго і карміць, як сваё патомства. Зацікавіўшыся гэтымі гісторыямі, ён знайшоў адзін такі выпадак, які адбыўся некалькімі дзесяцігоддзямі раней.

У літоўскім лесе паляўнічыя знайшлі хлопчыка, выхаванага мядзведзямі. Хлопчык быў дзікі, гаварыць не мог. Яго даставілі каралеве Марыі Людвіцы, жонцы польскага караля і вялікага князя літоўскага Яна Казіміра. Калі яму далі пакаштаваць грушу, ён выплюнуў яе на руку і кінуў у твар каралеве. Каралева, аднак, паставілася з разуменнем да дзікага госця, і даверыла яго апецы манашак у Варшаве. Грамадская думка на Захадзе даведалася пра гэты незвычайны выпадак з французскай газеты «Nouvelles Ordinaires» у 1663 г. Бернард О’Конар апісаў яго ў сваёй працы «Гісторыя Польшчы», выдадзенай у 1698 г. у Лондане.

«Ні чалавечай гаворкі, ні манер, толькі жывёльныя паводзіны»

Гэтую, або нейкую падобную гісторыю апісаў у сваіх «Успамінах» пра XVII ст. у гісторыі Рэчы Паспалітай Ян Хрызастом Пасак.

«А было там мядзведзяня, якое выглядам сваім было чалавекам і мела гадоў каля 13. Марцыян Агінскі ў Літве арганізаваў паляванне, паставіў парканы [разнавіднасць паляўнічых сетак, паляўнічы загон], загадаў асочнікам гнаць яго жывым у сетку з вялікай шкодай для стральцоў, бо мядзведзі люта абаранялі яго, асабліва адна вялікая мядзведзіца […], вядома было, што гэта яго маці».

Гэты чалавек-мядзведзяня быў «увесь доўгімі, як у мядзведзя, аброслы валасамі, нават твар, толькі вочы блішчалі». І далей Пасак працягвае свой аповед: «Не меў гэты хлопец ні чалавечай гаворкі, ні манер, толькі жывёльныя паводзіны».

«Прыйшлося надзець кайданкі, бо быў небяспечны»

П’ер Дэ Ноер згадвае яшчэ аднаго выгадаванага мядзведзямі хлопчыка, знойдзенага ў глушы Літвы. Ён успамінае, што знойдзеным падлеткам хлопчыкам-мядзведзем апекаваўся знатны шляхціц, але на хлопчыка прыйшлося надзець кайданкі, настолькі ён быў небяспечны для навакольных. Маўляў, ён так і не навучыўся гаварыць але, відаць, усё разумеў.

Пра хлопчыка-мядзведзя згадвалі таксама французскі езуіт Філіп Аўрыл, які знаходзіўся ў Рэчы Паспалітай у 1687−1689 гадах, і французскі прыдворны Яна III Сабескага — Франсуа Далерак.

У эпоху Новага часу расла цікаўнасць да містыкі

Усе гэтыя гісторыі тычацца перыяду 1660 — 1670-х гг., калі Вялікае княства Літоўскае было дашчэнту разбуранае ў час вайны Рэчы Паспалітай з Маскоўскай дзяржавай і Швецыяй. Гэтыя дзеці-мядзведзяняты былі ахвярамі ваенных катастроф, бо хутчэй за ўсё бацькі іх памерлі ад голаду ці былі забітыя вайсковымі варагуючых бакоў.

Найбольшы інтарэс да такіх гісторый праявілі еўрапейскія гісторыкі і вандроўнікі. Наогул, у эпоху Новага часу ў Заходняй Еўропе рэзка павысілася цікавасць да рознага кшталту містычных справаў. Тады былі складзеныя першыя зборнікі народных апавяданняў пра ваўкалаў і гэтаму падобных істот. Тое было звязана і з філасофскімі пошукамі вытокаў арганізацыі чалавечага грамадства, пераходу людзей ад «натуральнага стану» да цывілізацыі. Няшчасныя хлопчыкі-мядзведзяняты з далёкіх літоўскіх пушчаў сталі важнай крыніцай разважанняў еўрапейскіх філосафаў на падобную тэматыку.

Падзяліцца

Апошнія запісы

Парэзалі сукенку, кідалі пірожныя. Улады хочуць змагацца з булінгам, а настаўнікі яго не заўважаюць

Беларускія ўлады пачалі звяртаць увагу на школьны булінг. Праз Telegram-каналы і рассылкі ў школьных Viber-чатах…

7 красавіка 2025

З адной бярозы — да 200 літраў. Як беларусам здабыць бярозавы сок на радзіме і ў эміграцыі

Здабываць бярозавы сок вясной — беларуская традыцыя, у кожным лясніцтве яго можна купіць за капейкі.…

3 красавіка 2025

Тры Белавежскія пушчы. Як агароджы на мяжы змяняюць лес і жывёльны свет у Беларусі, Польшчы і паміж платамі

Белавежская пушча сёння раздзеленая не на дзве, а насамрэч на тры часткі: беларускую, польскую і…

31 сакавіка 2025

«Трэнд — мацоўня, здароўе». Задалі адны і тыя ж пытанні металістам з Беларусі і Польшчы

Ужо некалькі дзесяцігоддзяў метал-музыка аб'ядноўвае людзей не толькі адных музычных прыхільнасцяў, але і падобнага светапогляду.…

26 сакавіка 2025

У гродзенскім ГЦ развяліся прусакі. Куды звяртацца, калі заўважылі насякомых у кафэ ці ў сябе дома

У ГЗК Triniti гродзенцы заўважылі прусака — насякомае бегала па канапе ў зоне фуд-корту. Hrodna.life…

26 сакавіка 2025

«Магчыма, будзе і новы матэрыял». Вакаліст гурта Ulis Слава Корань расказаў, як эміграцыя не дае яму пісаць

Беларускі гурт Ulis праіснаваў больш за 20 гадоў. Яго спадчына жыве - музыканты робяць каверы,…

20 сакавіка 2025