Гродзенец Пётр Клюеў шэсць год пражыў за мяжой, але вярнуўся на радзіму, каб «несці ў масы беларускую мову і культуру». У інтэрв'ю Naviny.by ён распавёў, што здзівіла яго ў Беларусі пасля жыцця ў Еўропе, як можна годна зарабляць у нашай краіне і чаго не стае беларусам, каб яны адчувалі сябе больш шчаслівымі.
Калі я сустракаю беларусаў за мяжой, то бачу, што яны лепш за ўсіх асімілююцца. Вось едзе беларус у Швецыю — праз пару год ён ужо гаворыць на іхняй мове, падтрымлівае шведскія традыцыі і нічым не вылучаецца на фоне мясцовых.
Няважна, якую краіну для эміграцыі абірае наш чалавек. Ён хутка прыстасоўваецца да тамтэйшых рэаліяў і, як правіла, губляе сувязь з радзімай. Гэта вынік савецкага выхавання, калі з беларусаў на працягу 70 гадоў выбівалі ўсё нацыянальнае. І таму, калі я чую, што беларусы такія-сякія, то адказваю: «Не, гэта не беларусы. Гэта — савецкія людзі, якіх у нас, на жаль, яшчэ багата».
Такім чынам, беларус — ідэальны эмігрант. Вы чулі ў навінах, каб нашы хлопцы вытварылі нешта за мяжой? Ды ніколі!
Я рос у заможнай польскай сям'і. З маці размаўляў толькі па-польску, з бацькам — па-руску. Скончыў польскую школу, дзе ўсе дзеці таксама гавораць на польскай. Мяне ноччу разбудзі, я ўзгадаю:
— Kto ty jesteś? — Polak mały.
— Jaki znak twój? — Orzeł biały.
— Gdzie ty mieszkasz? — Między swemi.
— W jakim kraju? — W polskiej ziemi.
Так што я вырас у абсалютна польскім нацыяналістычным асяроддзі. Па-беларуску размаўляў толькі з бабуляй у вёсцы. Але калі мы падыходзілі да касцёлу, адразу пераходзілі на польскую: не дай бог ксёндз пачуе беларускае слова! Таму што ксяндзы ўсе палякі. Нават калі беларусы, то апалячаныя. Польскі нацыяналізм у Гродне, мне здаецца, быў абаронай ад савецкага ціску. У маёй іншай бабулі, якая жыве ў пары кіламетраў ад мяжы, гадзіннік дагэтуль ідзе па польскім часе.
Карацей, калі глядзець па крыві, то беларус я толькі на 25%. А яшчэ паляк, літовец і рускі. Але я лічу, што нацыянальная самасвядомасць ад генетыкі не залежыць. Тут важна, кім чалавек сябе адчувае. Я сябе адчуў беларусам толькі ў 14 год, калі разам з сябрам пайшоў на курсы гісторыі. Там я пачуў, што ў Беларусі ёсць свая гісторыя, традыцыі і сімвалы. І зразумеў, што гэта ўсё мае, у тым ліку і мова.
У мяне, можна сказаць, было залатое дзяцінства. Я за 11 год ні разу не ездзіў у школу на аўтобусе, мяне вазілі на машыне. Я вандраваў, атрымліваў адукацыю, — карацей, меў усе магчымасці, за што ўдзячны і бацькам, і лёсу.
Разам з тым, выхоўвалі мяне даволі строга. У 16 год, маючы ў кішэні 100 еўра, я з’ехаў з Беларусі. І з таго часу фінансава незалежны чалавек.
Чаму я з’ехаў? Па-першае, я з дзяцінства разумеў, як важна атрымаць якасную адукацыю. І бацькі мяне настройвалі, што гэта магчыма толькі за мяжой. Сапраўды, пабачыць еўрапейскі досвед, вывучыць замежныя мовы ў Беларусі немагчыма. Па-другое, я сапрады хацеў паглядзець свет.
Усё мае аднакласнікі паступілі ў Польшчу, але я вырашыў, што гэта занадта проста. Я не ўспрымаў гэту краіну як замежжа, я ж свае першыя гады пражыў ва Уроцлаве. І пасля ўвесь час прыязджаў у Польшчу.
У выніку я выіграў стыпендыю ў Вене, пасля працягнуў вучобу ў Рыме. Спецыяльнасць мая была звязана з дыпламатыяй. Але магістратуру да канца я не давёў і ў Оксфард не паехаў, хоць была такая магчымасць. Проста яшчэ ў 16 год я зразумеў, што маё пакліканне — гэта музыка. У Аўстрыі і Італіі ў мяне былі першыя канцэрты з незразумелым рэпертуарам, бо я шукаў сябе. А пасля ўсё сышлося: мова, культура, місія. І я вярнуўся ў Беларусь.
Ад пачатку я для сябе вырашыў, што пасля вучобы вярнуся дадому. Бо мая мэта была атрымаць якасную адукацыю, вывучыць мовы, паглядзець свет. І ўжо з гэтым багажом ведаў займацца сваёй справай у Беларусі.
Чаму не вяртаецца 90% беларусаў? Прааналізуем. Бацькі разведзеныя, бацька працуе дзе-небудзь на будоўлі і рэгулярна прыкладаецца да бутэлькі, а маці — фельдшар. Гэта я такі тыповы прыклад называю. І дзіцёнку іхняму па-просту няма куды вяртацца.
Што яны гавораць? «Ой, дочанька (ці сынок), з’язджай ты з гэтай Беларусі! Нічога ў цябе тут не выйдзе!» Ім нават абыякава, што там, у Еўропе, іх дочанька, якая скончыла ўніверсітэт, працуе афіцыянткай, ну ці проста ўдала выйшла замуж і сядзіць дома. Ім падаецца, што гэта лепш, чым дасягнуць поспеху на радзіме. І дзеці разумеюць, што дома іх не чакаюць. Яшчэ раз — ім няма да каго вяртацца.
У мяне была адваротная сітуацыя. Я з дружнай каталіцкай сям'і. Мы заўсёды разам снедалі і вячэралі. Малітва да ежы, пасля ежы. Канешне, мяне заўсёды цягнула дадому. Я заўсёды прыязджаў на Раство. Бацькі сустракалі мяне ў аэрапорце, і мы разам ішлі ў рэстарацыю: сын прыехаў — гэта ж свята, разумееце? І пасля яшчэ тыдзень да нас прыходзяць сябры і сваякі, распытваюць, як жыццё-быццё за мяжой.
Пасля я пачаў выступаць у Беларусі як музыкант, то бок пабачыў, што магу тут рэалізавацца.
У Аўстрыі я максімум мог выступаць у барах. У Італіі — тое самае. Не, там нават горш, бо я для іх занадта белы.
Быць еўрапейскім беларусам няпроста. Гэта значыць размаўляць па-беларуску, быць неабыякавым да таго, што адбываецца навокал, а таксама дабівацца справядлівасці і выканання закона.
Так, многіх такая пазіцыя раздражняе. Таму што ты не такі, як ўсе: самы разумны, самы дзелавы — так у нас звычайна кажуць. Але мяне насамрэч слаба гэта хвалюе. Я заўсёды дасягаю пастаўленай мэты.
Я пераехаў у Рым у 2007 годзе. І адразу адчуў, што там іншыя людзі. Мне вельмі спадабаўся іх свабодны менталітэт. У нашых людзей праз савецкі прыгнёт выпрацаваўся комплекс «не дай бог сказаць лішняе». У Італіі ўсё наадварот — «не дай бог прамаўчаць». Гэта мяне, зразумела ж, змяніла.
Я беларус еўрапейскі — нахабны, самаўпэўнены, гучны. Я буду казаць тое, што лічу патрэбным. Нехта можа падумаць, што ў мяне манія велічы, але я дакладна ведаю, што хачу ад жыцця і дасягаю пастаўленых мэтаў. Я сам ствараю сваё асяроддзе.
Калі прыйшоў час аддаваць дачку ў дзіцячы садок, я па ўсім раёне павесіў абвесткі пра беларускамоўную групу, хадзіў да чыноўнікаў і сёння маё дзіця выхоўваецца на мове. Дарэчы, да трох год я размаўляў з ёй толькі па-англійску, жонка — па-беларуску і па-руску. У выніку дачка ў свае пяць год свабодна гаворыць на трох мовах. Польскую яна вывучыць пазней.
Што ячшэ мяне здзівіла ў Італіі, дык гэта сэксуальная свабода. Калі італьянцу падабаецца дзяўчына, ён не будзе паўгады марозіцца. Ён падыйдзе і скажа: «Ты класная, я хачу з табой сэкс». І дзяўчына можа адказаць: «Ок, я згодна» або «Прабач, дружа, але ты не ў маім гусце».
У нас не дай бог ты напрамую сказаж дзяўчыне пра сэкс! Нават калі беларуска разумее, што гэта адносіны на раз-два, у глыбіні душы яны марыць пра вяселле і што з гэтым хлопцам пражыве да скону дзён. То бок сама сябе падманвае. А мужчына нібыта павінен выконваць правілы гэтай гульні, каб сэкс не абламаўся. І ў выніку падманвае жанчыну.
Яшчэ адна праблема — у нас сэкс — гэта тэма табу. Людзі баяцца пра гэта гаварыць, баяцца новага вопыту. Яны гадамі гатовыя цярпець незадавальненне замест таго, каб вырашыць праблему.
Я заўважыў, што ў Еўропе больш людзей, якія працуюць з задавальненнем, бо яны абіраюць прафесію паводле паклікання. У нас, на жаль, гэта ўсё яшчэ рэдкая з’ява. Усе ідуць ва ўніверсітэт, таму што той, хто не мае дыплом — гэта ледзь не чалавек другога гатунку. А пасля не ведаюць, куды выкінуць свой дыплом.
У мяне ёсць знаёмы таксіст, які насамрэч выдатны аўтаслесар. Але ён не хоча выйсці з зоны камфорту — арэндаваць гараж, знайсці кліентаў, укласці грошы ў свій бізнэс. Таму круціць стырно і ненавідзіць кожнага пасажыра.
У Еўропе людзі не баяцца рызыкнуць. Я сем год ішоў да таго, каб займацца музыкай. За адзін год навучыўся граць на фартэпіяна, па сем гадзінаў займаўся штодзень. Але кліпы і альбомы з’явіліся не адразу. Кім я толькі ні працаваў! І грузчыкам, і тынкоўшчыкам, і піяністам у рэстарацыях, і перакладчыкам. Трэба было зарабляць грошы. І першыя мае альбомы, канешне, былі правальныя.
Сёння я зарабляю на жыццё выключна музыкай. Каля 70% маіх выступаў — гэта карпаратывы. Удзел ва ўкраінскім песенным шоу «Х-фактар», канешне, дапамог мне стаць больш пазнавальным. Сёлета адыграў ужо на 25 вяселлях, нават у Эміраты запрашалі — беларуска выходзіла замуж за нейкага мясцовага шейха.
www.youtube.com/watch?v=br6w0ubIDuM
Я выступаю кожны дзень: у клубах, рэстарацыях, канцэртных залях. У месяц зарабляю прыкладна 2,5 тысячы долараў. Лічу, што гэтага недастаткова, таму што я ўтрымліваю сям’ю і павінен далей прафесійна разівацца. Мне яшчэ ёсць куды расці.
У Беларусі можна добра зарабляць, але трэба пахаць. Напрыклад, мяне запрасілі на вяселле ў Харкаў. Я прыеду туды, праспяваю тры песні, атрымаю ганарар і назад у Мінск. Тут у мяне літаральна на наступны дзень два выступы ў клубах. На заўтра — рэпетыцыя ў тэатры, далей снова адзін за адным канцэрты ў клубах і рэстарацыях. Так што графік вельмі шчыльны, але я шчаслівы чалавек, бо магу займацца любімай справай.
Чаму я не псіхануў і не з’ехаў з Беларусі? Таму што я ідэаліст. Я дакладна ведаю, што ў мяне свая місія — наблізіць саветазаваных людзей да свайго, да беларускага. Я памру, але гэта зраблю. Бо хто, калі не я?
І скажу шчыра, у мяне на 97% пазітыўны досвед. Я ж выступаю ў модных начных клубах. Пачынаю выступ з кароткай прамовы па-англійску. Нехта думае: «О, замежнік прыехаў». А пасля я пераходжу на беларускую. Ну, і ў публікі разрыў шаблона. «Па-беларуску і па-англійску? Як так, гэта ж вясковая мова!» Я проста збіваю ім праграму. І валю файную модную беларускамоўную музыку.
Я нясу беларускую мову туды, дзе яе няма. І калі спускаюся ў бар, да мяне падыходзяць гэтыя дзяўчыны з вялікімі грудзямі і выказваюць сваё захапленне беларускай мовай.
Я неяк прыязджаў да Лепса, а ён кажа: «У вас такой классный язык, почему вы его не цените? Почему украинцы на своем языке поют, а вы нет?»
Вось я чалавек, які гэта выпраўляе. На мае канцэрты ў Расіі і Украіне звычайна прыходзяць рускамоўныя людзі. Яны, можа, упершыню чуюць нашу мову. Але чуюць — вось што важна. Я буду першым беларусам, які выступіць на расійскім «Голасе» па-беларуску.
Перамены ў Беларусі — за людзьмі, якія нарадзіліся ў 80-х — пачатку 90-х.
Як бы нас не затушоўвалі, нацыянальная годнасць прабіваецца. Паглядзіце, вышыванкі сталі сапраўдным трэндам. Размаўляць па-беларуску зараз модна, хоць нядаўна яшчэ было, можна сказаць, небяспечна.
Наша бліжэйшая перспектыва — беларускамоўнасць стане натуральнай з’явай, такіх людзей будзе ўсё больш, і ніхто не будзе звяртаць увагу, што гэта нешта незвычайнае.
Узгадайце, год-два таму калі нехта абражаў нашу мову, яму за гэта нічога не было. Нават чыноўнікі маглі дазволіць сабе грэблівае стаўленне. А цяпер хай толькі нехта паспрабуе нешта негатыўнае заявіць, такі адразу шум падымецца! Беларусы не дазваляюць ужо зневажаць сваю мову. Так што перамены непазбежныя.
У міжваенны час Гродна набыло незвычайную славу. Горад стаў месцам прыцягнення незвычайных турыстаў - тых,…
Ці хапае ў цэнтры Гродна прадуктовых крам? Спрэчкі наконт гэтага выклікала адкрыццё на перакрыжаванні Савецкай…
Прыбраныя ялінкі, свечкі, навагоднія вянкі і гірлянды, аксаміт, светлы ці цёмны фон на выбар. Гродзенскія…
Улады стварылі новую платформу “меркаванне.бел”. Яе пазіцыянуюць як анлайн-пляцоўку, на якой кожны зможа ў вольнай…
Калекцыя адзення гродзенкі Кацярыны Карлацяну дэбютавала гэтай восенню на Парыжскім тыдні моды. А пачыналася ўсё…
Гродзенец Раман Нагула амаль паўжыцця працуе з дрэвам. Школьнікам ён пачынаў з бейсбольных біт, а…