Некалі перамога на “Басовішчы” амаль гарантавала маладому гурту скок у першую лігу беларускага року. Старажылы фестывалю ўзгадваюць, як рускамоўныя музыканты перакладалі тэксты на беларускую, каб трапіць на конкурс. Нічога дзіўнага, бо ў 2000-х гэта было ці не адзінай магчымасцю запісаць альбом.
Конкурсную частку ўвялі ў 1992 і закрылі ў 2009 годзе. Арганізатары тады тлумачылі, што пераможцы апошніх гадоў так і не даказалі сваю вартасць. У 2015 конкурс вярнуўся. У 2019 фестываль абвясціў пра свой канец.
Цягам 30 гадоў гісторыі фестывалю на конкурсе перамагалі і музыкі з Гродна. Глядзім, што з імі стала.
Віктар Шалкевіч (1992)

Знакаміты бард стаў пераможцаў першага конкурсу маладых выканаўцаў. На дваццатым фестывалі, у 2009 годзе, ён быў вядоўцам. Але ўжо тады крытыкаваў “Басовішча” – маўляў, не туды ідзе. Таму і да смерці фестывалю адносіцца са зразуменнем: маўляў, “няма таго, што раньш было”.
Віктар паходзіць з мястэчка Поразава Гродзенскай вобласці. Пасля тэатральна-мастацкага інстытуту ў Мінску працаваў выкладчыкам у Гродзенскай культасветвучэльні, у Гродзенскім абласным драматычным тэатры. З 1990 па 2016 год працаваў у Тэатры лялек у Гродне, адкуль сыйшоў па прычыне канфлікта з ідэолагамі. Выступае ў тэатры імя Янкі Купалы ў Мінску, жыве на два гарады. Акрамя музыкі знакаміты яшчэ як вядоўца аўкцыёнаў.
Бард дагэтуль дае канцэрты ў Беларусі, Літве, Германіі, Польшчы, Расіі, Украіне, Францыі, Чэхіі. Яго канцэрты – гэта заўсёды тэатр аднаго актора, бо Віктар Шалкевіч размаўляе з залай, расказвае шмат гісторый, якія лагічна ўплятаюцца ў яго выступ.
Сёлета артыст адзначыў юбілей – 60 гадоў. Да гэтай падзеі выйшаў першы за 15 гадоў альбом Віктара.
У свой час гурт “Айша” падаваў агромністыя надзеі. Ён быў створаны з музыкаў некалькіх гродзенскіх гуртоў. “Калісьці вакалістка гурта Вікторыя вучылася ў каледжы мастацтваў і зацікавілася маёй паэзіяй, – кажа паэт Юры Гумянюк. – Так і паўстаў гэты музычны праект”. У 1996 годзе “Айша” здабыла лаўрэацтва на фэсце “Басовішча”, даволі актыўна канцэртавала, а іх песня “Ёкагама” некалькі тыдняў знаходзілася ў лідэрах хіт-параду “Радыё Рокс”. У планах быў запіс альбому на вершы Гумянюка, і асобны праект на вершы Дануты Бічэль-Загнетавай (адна з песень “З вераю” брала ўдзел у Тузіне Гітоў). Але ўсе планы перапыніліся – канцэртаў не было, у студыі гурт таксама працаваў мала. У 2006 годзе гурт фактычна перастаў існаваць. “Мяркую, што калі б яны вызначыліся дакладна са сваёй канцэпцыяй – у іх бы ўсё атрымалася”, – кажа Юрый Гумянюк.
КальЯн (1998)

Гурт створаны ў верасні 1996 году. Некалькі разоў склады змяняліся, на нейкі час гурт пераставаў існаваць. Музыканты выпусцілі чатыры альбомы: “У краіне цудаў” (1997), “Б.Н.” (1999), “Ноўбадзі” (2001), “Голая правда” (2005), “Антыпазітыў” (2011). У 2011 годзе гурт канчаткова перастаў існаваць.
Калі меў бы існаваць нейкі менавіта нацыянальны беларускі панк, то ён мусіў бы гучаць як “КальЯн” – гэта без варыянтаў. Эксперты так і казалі, што ў стылі гурта змешваецца панк, фолк і ска. Менавіта таму “КальЯн” быў больш меладычным за іншыя панк-гурты з Гродна другой паловы 90-х. Удзельнікі гурта падзялялі ідэі анархізму і спявалі пра сацыяльныя і грамадскія праблемы.
Беларускі Вудсток. Як закрываўся фестываль “Басовішча”
Падобным складам музыканты заснавалі фолк-рокавыя гурты “Людзі на балоце” і “Dzieciuki”. Першы праіснаваў нядоўга. А “Dzieciuki” дагэтуль ездзяць на “Басовішча”, даюць канцэрты (калі ўлады дазваляюць) і рыхтуюцца сёлета восенню выкласці новы альбом “Радыё “Harodnia”, з якім ужо з’ездзілі ў тур.
Deviation (1999)

Гэта панк-рок-гурт, які заснавалі ў 1993 годзе ў Вялікай Бераставіцы браты Стас і Анджэй Пачобуты. У песнях крытыкуецца фашызм, таталітарызм, праваахоўныя органы, беларуская сістэма і ў прыватнасці кіраўнік дзяржавы.
Ужо пасля першага канцэрта музыканты атрымалі па 15 сутак за песню з крытыкай міліцыі. Хутка музыканты пераехалі ў Гродна. Яны выступалі на фестывалях, кватэрніках, у тым ліку за мяжой. Іх канцэрты часта не дазвалялі або разганялі.
Гісторыя гурта багата на змены складу, несанкцыяваныя акцыі, збіццё міліцыянтамі да патрэбы ў аперацыі, змаганне, лозунгі. Гурт выпусціў альбомы “Lukaschenko… Uber Alles”, “Х*й вам, или тотaлитaризм не прoйдeт”, “GueRRiLLa UrbanA”. Апошні альбом “Чарговы дзень пад акупацыяй” выйшаў у 2009 годзе. Гурт прыпыніў дзейнасць, калі лідар Стас Пачобут пераехаў у Піцер у пачатку 2010-х. Яго брат Анджэй яшчэ раней развітаўся з панк-рокам. Зараз ён вядомы сваёй журналісцкай і грамадскай дзейнасцю.
Стас Пачобут выпусціў сольныя “Акустыку” ў 2011 годзе і “ТуняяДЗец” у 2015. Зараз музыкант дае рэдкія канцэрты. Тым каштоўнейшымі робяцца старыя відэазапісы і фотаздымкі, зробленыя ў 90-х.
У 2018 годзе выйшаў трыб’ют Deviation. Трыб’ют рыхтаваўся чатыры гады. У ім прынялі ўдзел 14 калектываў з Беларусі, Расіі і Украіны. Песні гродзенскіх анарха-панкаў пераасэнсаваныя ў розных жанрах – панк, хардкор, хіп-хоп і шансон, але захоўваюць эстэтыку 90-х. “Прыемна, што песні жывуць сваім жыццём, сумна, што не згубілі актуальнасці”, – казаў пра трыб’ют Стас Пачобут, лідар Deviation.
TLUSTA LUSTA (2008)

Панк-рок з Гродна. Іх выступ высока ацаніў лідар гурта Ulis Слава Корань, які тады акурат быў у журы. Музыкі выпусцілі два альбомы – Blin Pieršy (2008) і Pieranačuješ — bolš pačuješ (2013). Пры тым дэбютнік хлопцы запісалі і выдалі самі, проста не дачакаўшыся запрашэння на запіс у Беласток, які яны выйгралі на “Басах”!
У год выпуску другога альбому лідар Кірыла Богуш казаў, што музыканты пакуль займаюцца іншымі праектамі, таму з канцэртамі цяжка. Тым не менш, гурт час ад часу ўдзельнічае ў мясцовых і не толькі фестывалях. Бываюць і “абломы” для фанатаў: Tłusta Łusta мелі граць на БНР100 у Каложскім парку ў 2018 годзе, але на сцэну не выйшлі. І яшчэ шкада, што суполка гурта не вельмі жывая.
.К (2016)

Гэта праект Яўгена Кучмейны, one-man-band, заснаваны ў Іўі ў 2011 годзе. Выпусціў тры альбомы – “ОК” (2011), “УніСон” (2014), Dobrazol (2016). Альбом “Унісон” трапіў у топ-10 беларускіх дыскаў першага паўгоддзя 2014.
Песні праекта метафарычныя, на выступах і ў запісах выкарыстоўваецца шмат гукавых эфектаў, а канцэрты пераўтвараюцца ў перформанс.
Зараз рыхтуецца новы альбом, які выйдзе восенню 2019 года. “Лічу, што гэта мой лепшы матэрыял – гэта адзінаццаць трэкаў, лонгплэй, 40 хвілін матэрыялу. Назву пакуль што не скажу, няхай мой сябар спачатку вокладку намалюе”, – кажа музыкант.


