Сёння нярэдка даводзіцца чуць словы барбер або барбершоп, якія ўжо па-троху прыстасаваліся і ў беларускай мове. Барада, перажыўшы цяжкія часы ў ХХ ст., паспяхова вяртаецца ў стыль еўрапейскага мужчыны, пачынаючы ад моднага хіпстарства і заканчваючы строгім дзелавым стылем. Але ў Гродне барберы — зусім не навінка, бо былі яны тут ужо чатыры стагоддзі таму.
Для рускай мовы слова «барбер» нязвыклае. Як напісана на адным расійскім «барберскім» сайце: «не столь давно в России стала прославленной и популярной профессия барбера. История ее появления уходит корнями в западную культуру и традиции прошлых десятилетий и даже веков».
Барберы XVI стагоддзя лячылі раны
А вось у Беларусі барберы вядомыя з XVI cт. Толькі барберы не стрыглі людзей, а лячылі раны, замяняючы лекараў і хірургаў. Барбер мог пусціць кроў (ці не галоўны метад лячэння ў сярэднявеччы), паставіць піявак, прамыць і падшыць рану, паставіць банкі. Таксама выконваў нейкія простыя хірургічныя аперацыі, накшталт выдзірання зуба. Гэта зразумела, бо лекары з універсітэцкай адукацыяй у тыя часы былі толькі ў каралёў, біскупаў і магнатаў.У панядзелак 17 лютага 1556 г. у Гродне пабіліся Фёдар Сасін і Андрэй Нікіфаровіч. Апошні пацярпеў значна больш і звярнуўся ў суд за кампенсацыяй у памеры дзве капы грошай (4 злотых або 120 грошай) «за барберство». Гледзячы па ўсім Нікіфаровіч пацярпеў досыць моцна, паколькі першы вядомы гродзенскі барбер Ян у 1540−1541 гг. браў за лекаванне ранаў у сярэднім каля дваццаці грошай.
«Барбер» ператварыўся ў «цырульніка»
Ужо да сярэдзіны XVII ст. тэрмін «барбер» у Гродне замяняецца паняццем «цырульнік». Цырульнік таксама быў пераважна лекарам, бо і само слова цырульнік — гэта перакручанае лацінскае «хірургіо». У 1650 г. у горадзе паўстаў цырульніцкі цэх, які праіснаваў цэлае стагоддзе. Цырульнікамі былі збольшага яўрэі, якія жылі на пляцах гродзенскага замка.У ХІХ ст. прафесія цырульніка паступова пачала прыходзіць у заняпад, паколькі збольшага самавучак-цырульнікаў пачалі замяняць прафесійныя лекары. З іншага боку ў рускамоўнае асяроддзе з нямецкай мовы прыйшло слова парыкмахер, якое абазначала выключна чалавека, які займаўся брыццём барады і стрыжкай валасоў.
Гарадская дума займалася правіламі стрыжкі
Пад канец ХІХ ст. ўлады пачалі акуратна сачыць за гігіенай у рабоце парыкмахераў. Напрыклад Гродзенская гарадская дума ў 1892 і 1899 гг. выдала два пастанаўленні аб правілах стрыжкі людзей.
У міжваенны час у Гродне было некалькі дзясяткаў цырульнікаў, самым папулярным з якіх быў Ісак Мееровіч, які перажыў вайну і працаваў да апошняга дня. У пачатку 1960-х гг. ягоным працоўным месцам была стыльная цырульня насупраць дома прафсаюзаў а таксама невялічкі будынак на прывакзальнай плошчы.
Паход да цырульніка-парыкмахера — гэта было стыльна
Уявіце: белыя чысцюткія простыні, якімі накрывалі наведвальніка, прыемныя размовы з цырульнікам і абавязкова небяспечная, або клінковая, брытва, якую тачылі пры помачы спецыяльнага скуранога ляза.
Кожны паважаючы сябе спадар у міжваенныя гады завітваў галіцца да «свайго» цырульніка. Вось як успамінаў пра гродзенскую цырульню віленскі журналіст Юзаф Мацкевіч: «паварочваю на вуліцу Найдуса і заходжу да цырульніка яўрэя: — Паважаны спадар! — шургаціць крэслам. — Я вас ужо галіў. Мяне не кранула яго памяць. Гэта рытарычная фраза. Так ён казаў бы, калі б я галіўся першы раз у жыцці».
Сёння небяспечныя брытвы — толькі са зменным лязом
Сёння ў цырульні карыстацца традыцыйнай небяспечнай брытвай нельга. Для гэтага патрэбная досыць грунтоўная практыка, але галоўнае, што брытвы абавязкова трэба стэрылізаваць, а легіраваная сталь традыцыйнай брытвы ад такой працэдуры псуецца.
Добрыя барбершопы, у тым ліку гродзенскія, карыстаюцца заменнымі клінкамі небяспечных брытваў, але, як кажуць, «кайф ужо не той». Але, у рэшце рэшт, кожны можа набыць клінковую брытву і патрэніравацца на ўласнай шыі. У інтэрнэт-крамах небяспечная брытва каштуе ад 40 да 170 беларускіх рублёў! Толькі належным чынам затачыце брытву, бо зарэзацца тупым лязом значна прасцей, чым вострым.