У суботу 17 жніўня ў дворыку на Кірава, 3 прайшоў стрытмаркет, арганізаваны гродзенскай моладдзю. Дзясяткі гродзенцаў паспелі наведаць мерапрыемства, пакуль на яго не паскардзіліся ў міліцыю ўладальнікі бара “Карсар”. Апошнім не спадабалася, што каля іх установы “зладзілі сэканд-хэнд” і распіваюць віно.
Адной з арганізатараў стрытмаркета была гродзенка Юлія Купрыянцава. Некаторы час дзяўчына жыла ў Мінску і ідэю барахолкі падгледзела менавіта там.
«Я чатыры гады жыла ў сталіцы і кожныя выхадныя там нешта цікавае адбываецца. Мне падабаецца культурная барахолка “Open Шкаф”, на якой можна купіць рэчы на любы густ, – распавядае Юлія. – На такіх мерапрыемствах заўсёды класная атмасфера, шмат моладзі. Калі я вярнулася ў Гродна, мне не хапала гэтага. Падумала, што можна нешта падобнае арганізаваць і ў нашым горадзе. Знайшла аднадумцаў, сталі шукаць месца. Хадзілі ў гарвыканкам, а нас з аднаго кабінета ў другі пасылалі. У міліцыі і падатковай сказалі, што гэта не ў іх кампетэнцыі. У выніку вырашылі пайсці да прыватнікаў. У цэнтры горада зайшлі ў панадворак на Кірава, 3. Там пагутарылі з уладальнікамі крам. Яны былі не супраць нашага мерапрыемства».
Двор на Кірава, 3 гэта пляцоўка, дзе працуюць вядомыя ў Гродне крамы “Цудоўня”, “Кубік”, “Адметнасць”, “33 камоды”, тут знаходзіцца “Цэнтр гарадзкога жыцця” і рэдакцыя Hrodna.life, а яшчэ – знакаміты піца-трак. Тут круглы год праходзяць цікавыя мерапрыемствы. У гэтым жа будынку працуе і бар “Карсар”.


Перад стрытмаркетом хлопцы правялі добрую рэкламную кампанію. На Кірава прыйшло 16 удзельнікаў са сваімі рэчамі. Выстаўлялі як б/у, так і новыя брэндавыя рэчы. Наведалі стрытмаркет гродзенцы розных узростаў.
«Стартавалі добра. Людзі казалі, што ў Гродна не хапала такіх пляцовак. Было шмат станоўчых водгукаў. Асноўны паток людзей павінен быў падцягнуцца бліжэй да вечара. Але каля 18:00 адбылася праблема: уладальнік бара “Карсар” выклікаў на нас міліцыю. Выйшаў і сказаў: “Ідзіце, вы тут сэканд-хэнд зладзілі”. Спрабавалі дамовіцца. Але ў выніку прыехалі супрацоўнікі міліцыі і нам прыйшлося збірацца. Самае непрыемнае, што ў бары з намі па-чалавечы ніхто не хацеў размаўляць. Тры дзяўчыны падышлі да ўладальніка, а ён нас узяў і паслаў. А вось з суседняга кафэ “AvaCava”, наадварот, падышоў уладальнік і прапанаваў у будучыні супрацоўніцтва».


Аляксандр – уладальнік бара “Карсар” – распавёў Hrodna.life, што хлопцы дрэнна паступілі: у дворыку наладзілі несанкцыянаваны гандаль і распівалі віно.
«У дворыку людзі хісталіся і пілі віно, прадавалі рэчы без касавага апарата. У мяне ёсць фатаграфія цэнніка, які застаўся пасля іх. У сам бар не было праходу, было ўсё завалена баўламі са шмоткамі. Быццам да нас прыехаў сэканд-хэнд. Мне гэта не спадабалася і маім гасцям у бары».

Юлія не плануе спыняцца і ўжо хоча правесці ў Гродне чарговы вулічны стрытмаркет. Толькі ўжо будзе спрабаваць атрымаць на гэта афіцыйную пляцоўку.
«Такія культурныя барахолкі патрэбныя нашаму гораду. Не ведаю, ці захочуць людзі прыходзіць зноў, але мы паспрабуем. У гродзенцаў ёсць цікавасць да такога».










