У сувязі з наступам Расіі на тэрыторыю Украіны расійскія банкі трапілі пад замежныя санкцыі. Абмежаванні закранулі і беларускія банкі, праблемы з’явіліся ў “дачок” расійскіх банкаў у Беларусі. Найбольш праблем зазнаў ВТБ-банк, МТБ перапыніў валютныя аперацыі, а Альфа-банк паведамляе, што кліенты нічога не заўважаць.

“З пятага разу заходзіла”

Гродзенцы назіраюць праблемы ў працы некаторых банкаў. Праз тэрміналы ў крамах не праходзіць аплата Белінвестбанка, Беларусбанка і Белгазпрамбанка, расказалі Hrodna.life чытачы. У некаторых крамах не праходзяць карткі Альфа-банка. Такую ж сітуацыю назіралі і ў некалькіх кавярнях. Магчымасць аперацыі ў такіх выпадках залежыць не толькі ад банка, чыёй карткай плоцяць, але і ад таго, які банк прадастаўляе эквайрынг [прыём грошай і перавод іх гандлёвай кампаніі. – Заўв. Hrodna.life] канкрэтнаму тэрміналу. Вядома, што праблемы былі ў тэрміналаў Белінвестбанка.

Раніцай 25 лютага аплату па картках не праводзіў Прыёрбанк, 24-га дадатак таксама не адкрываўся, але банкаматы банка працавалі спраўна, расказаў чытач. Іншы ж ўдакладніў, што 24 лютага дадатак адкрываўся, але з пятага разу. Праблемы ўзніклі з карткамі Visa. У 11:30 банк паведаміў, што праца картак Visa адноўлена.

Іншая чытачка Hrodna.life сведчыла, што праблем са здыманнем грошай і карыстаннем дадаткам не было. Часова ёсць праблемы з карыстаннем картамі Visa, паведамілі адной з гродзенак на інфалініі Альфа-банка раніцай 25 лютага. 

Чытачка таксама паведамляла пра праблемы 25 лютага з расійскімі карткамі Альфа-банка, “Тинькофф” и карткай Райффайзен-банка

Банкі пад санкцыямі

Пад санкцыі ЗША трапілі расійскія банкі “Сбербанк” і ВТБ. Амерыканскія банкі абавязаны закрыць карэспандэнцкія рахункі “Сбербанка” і яго “дачок” да 26 сакавіка. З гэтай даты яны не маюць права праводзіць транзакцыі з удзелам “Сбербанка”. ВТБ трапіў пад блакавальныя санкцыі – яго актывы ў ЗША замарожваюцца, паведаміла Forbes.ru. 

Новыя санкцыі ЗША закранулі Белінвестбанк (таксама Белінвест-Інжынірынг і Белбізнеслізінг) і банк “Дабрабыт” (былы банк “Масква-Мінск”).

Абмежаванне на прыцягненне капіталу зазналі расійскія Альфа-банк, Газпромбанк, “Россельхозбанк”, “Московский кредитный банк” і шэраг расійскіх кампаній. Пад санкцыямі, да якіх далучыліся Еўрасаюз і Брытанія, аказаўся буйны дзяржаўны банк ВЭБ.РФ (былы “Внешэкономбанк”).

Праблемы ў БелВЭБа, у ВТБ усё штатна. Як рэагуюць банкі ў Беларусі

БелВЭБ, “дачка” расійскага ВЭБ.РФ, 23 лютага паабяцаў трымацца стратэгіі свайго развіцця, нягледзячы на санкцыі. 24 ужо папярэдзіў пра магчымыя збоі пры разліках карткамі Visa і MasterCard за мяжой і перабоі з разлікамі Visa ў Беларусі. 

З 24 лютага БелВЭБ перапыніў крэдытаванне карпаратыўных кліентаў па сервісах “Файныя грошы анлайн” і “Анлайн-факторынг”, з 25 лютага перапыніў і крэдытаванне фізічных асобаў. Таксама 25 лютага банк паведаміў пра спыненне аперацый па гандлёвым эквайрынгу ў замежнай валюце і аперацый з выкарыстаннем карт, эмітаваных банкамі-нерэзідэнтамі Беларусі. У тэрміналах і банкаматах БелВЭБ ёсць праблемы з карткамі Visa іншых банкаў.

“Да цяперашняга моманту даступныя ўсе аперацыі па картках Visa, за выключэннем плацяжоў у замежных анлайн-сэрвісах (“Яндэкс”, Wildberries, AIiExpress, Ozon і інш.), а таксама з выкарыстаннем сэрвісу Apple Pay”, – патлумачылі ў банку. Таксама банк увеў абмежаванні на куплю замежнай валюты ў дадатку і інтэрнэт-банку.

З 25 лютага плацежная сістэма Visa ўвяла абмежаванні па картках Visa, паведаміў банк РРБ. Трымальнікам картак Visa банка РРБ часова недаступныя аперацыі за межамі Беларусі (у тым ліку ў замежных анлайн-сэрвісах (Яндэкс, Wildberries, AIlExpress, Ozon і інш.)) і аперацыі ў сэрвісах для р2р-пераводаў для картак. Банк тлумачыць гэта санкцыямі ў дачыненні банка-спонсара ААТ «Банк БелВЭБ». З аплатай карткамі ў гандлёвых аб’ектах і здыманнем грошай у банкаматах праблем быць не павінна. Аналагічная сітуацыя ў Тэхнабанка. Банк паведаміў, што зараз мяняе спонсара. 

ВТБ-банк у Беларусі працуе ў звычайным рэжыме. “Усе нашы прадукты і сервісы даступныя ў поўным аб’ёме. Інфраструктура банка, у тым ліку аддзялені, банкаматы і анлайн-сервісы функцыянуюць штатна”, – такое паведамленне разаслаў банк сваім кліентам.

“Сбербанк”, усе яго сістэмы і офісы працуюць у штатным рэжыме. Фізічным і юрыдычным асобам – кліентам банка сродкі даступныя ў поўным аб’ёме, ніякія абмежаванні не ўводзяцца, а “банк вывучае новыя ўмовы працы”, паведамляе сайт беларускай “дачкі” расійскага банка.

Вайна і грошы: што адбываецца з банкамі і іх карткамі ў Беларусі на другі дзень пасля нападу Расіі на Украіну
Галоўны офіс “Сбербанка” ў Гродне. Фота: yandex.by

Альфа-банк паведаміў, што плацяжы па картах Visa і Mastercard даступныя па ўсім свеце, валютныя пераводы праходзяць без абмежаванняў, як звычайна, працуюць мабільны дадатак і аддзяленні. Санкцыйныя абмежаванні банка ў Расіі звязаныя з тым, што “банк часова не зможа выпускаць новыя еўрааблігацыі або размяшчаць выпускі акцый”. Абмежаванне на зняцце наяўных грошай уводзіць не плануюць. У банку ўдакладнілі, што проста часам не паспявалі завозіць валюту ў банкаматы. Абмежаванні, уведзеныя ў дачыненні да рускага Альфа-банка, не закранулі беларускую “дачку” і не ўплываюць на яе кліентаў, піша Onliner.

«Дабрабыт» з 25 лютага падняў працэнтныя стаўкі па новых тэрміновых безадзыўных банкаўскіх укладах.

МТБанк часова прыпыніў магчымасць аперацый з валютнымі банкаўскімі картамі ў прыладах cash-in. Уведзеныя і абмежаванні па рахунках без выкарыстання картак: цягам сутак можна набываць валюты не больш чым на 1500 рублёў. Безнаяўныя расходныя аперацыі ў сістэмах дыстанцыйнага банкаўскага абслугоўвання абмежаваныя 10 тысячамі рублёў за суткі. Абмежаванні не датычаць выкарыстання картак за мяжой. 

Чытачка Hrodna.life, супрацоўніца Беларусбанка, расказала, што банк працуе ў звычайным рэжыме. 24 лютага некаторыя абменнікі гэтага банка не працавалі – высветлялі курс.

Чытайце таксама: Першы дзень расійска-украінскай вайны: абстрэл аэрадромаў, адмена авіярэйсаў і абвал рубля

Спыняюцца пераводы грошай

Папулярная ў Літве плацёжная сістэма PaySera спыніла пераводы грошай у Беларусь і Расію. Сістэма мае карткі, рахункі, ёй карыстаюцца шмат беларусаў у Літве. 

Нацбанк Украіны забараніў валютныя аперацыі з расійскімі і беларускімі рублямі. Менавіта праз гэта расіяне і беларусы не могуць карыстацца карткамі і рахункамі  украінскага аддзялення аўстрыйскага Райффайзен-банка. Раней жа паведамлялі, што банк заблакаваў гэтыя рахункі.

Перапыненне працы з расійскімі банкамі і блакаванне рахункаў расіян, якія трапілі пад санкцыі, паабяцала Францыя.

Чытайце таксама: