Людзі і справы

«Нам не патрэбныя фанаты, нам патрэбныя аднадумцы». Гродзенскі панк-гурт «Mister X» выпусціў у Нямеччыне «The best» на вініле

Альбом найлепшых песняў гродзенскага гурта «Mister X» за амаль 20 гадоў выйшаў на вініле. Для рэлізу альбома абралі люстэркавую дату 22.02.2022. Hrodna.life пагутарыў з вакалістам гурта Ігарам Банцэрам пра вінілавае адраджэнне, фанатаў у Еўропе, немагчымасць прэзентацыі і магчымасці росту пры нулі варыянтаў.

Гурт «Mister X» існуе з 2003 года. За гэты час ён выпусціў тры поўнафарматныя альбомы і два спліты супольна з іншымі гуртамі. Зараз у складзе «Mister X» чатыры ўдзельнікі. Гурт прытрымліваецца антыфашысцкай ідэалогіі.

Чаму менавіта кружэлка

«Так званае „вінілавае адраджэнне“ — ужо даволі сур’ёзны трэнд у Еўропе, Амерыцы, і з’ява мае не адзін год», — расказаў лідар гурта Ігар Банцэр для Hrodna.life.

Большасць музыкі зараз выходзіць у лічбавым фармаце, часам візуальная складовая — кліп на YouTube — грае асноўную ролю ў прасоўванні. Тым не менш і вядомыя, і андэграўндавыя артысты выдаюць альбомы на вініле, бо аматараў кружэлак з’яўляецца ўсё больш.

«Для кагосьці гэта пытанне моды, камусьці падабаецца лампава-вінтажны ці нават, як яны самі кажуць, „аўтэнтычны“ гук вінілавых кружэлак. Я маю сяброў у Амерыцы ці Заходняй Еўропе, што збіраюць вініл з сярэдзіны 80-х гадоў мінулага стагоддзя. „Mister X“ выпускае альбомы на вініле з 2007 году, таму выхад чарговага такога для нас не ёсць нечым надзвычайным. Адрозненне толькі ў тым, што гэтым разам нас выпускае нямецкі інды-лэйбл Audiolith».

Альбом: адкладзенае найлепшае

Альбом запісвалі на мяжы 2018−2019 гадоў і планавалі выдаць у канцы 2019-га. На вокладцы застаўся надпіс 16 y.o. (да 16-годдзя гурта) стылізаваны пад 161 [Паводле парадку алфавіта — AFA, скарот ад antifa (антыфашызм). — Заўв. Hrodna.life]. Але спачатку каранавірус, а потым і сітуацыя ў Беларусі ў 2020 годзе прымусілі адкладаць выданне некалькі разоў. Да выпуску альбома ў выніку падштурхнулі сябры Ігара ў Нямеччыне. Яны хацелі, каб больш людзей у Заходняй Еўропе пазнаёміліся з музыкай гурта.

Дызайн вокладкі кружэлкі - адсылка да афармлення бутэлькі вядомай маркі віскі. Аматарам гэтага віскі быў Лемі Кілмістэрам, вакаліст хэві-метал гурта Motörhead, якога называлі богам рок-н-ролу

«На альбоме 14 песень, выбраных мною, каб паказаць заходнееўрапейскім слухачам нашую творчасць за ўсе гады, што мы займаемся музычным, ды не толькі, актывізмам», — расказаў Ігар. Гурт пачынаў запісвацца ў сціплых умовах. Таму было прынцыпова перазапісаць песні, створаныя 5−15 гадоў таму, у лепшай якасці.

Чытайце таксама: Тест: Как хорошо вы знаете гродненскую музыку?

На альбоме ёсць і некалькі бонусаў. Адзін з іх — акустычная песня з удзелам Марыі Шакуры, акардыяністкі мінскага фольк-панк гурта «Бостонское Чаепитие».

Наклад альбома — 500 асобнікаў. Для Еўропы кружэлка каштуе 20 еўра, для краінаў былога СССР вызначылі ніжэйшы кошт — 15 еўра.

Больш вядомыя ў Еўропе, чым у Беларусі

Зараз большасць фанатаў гурта — жыхары Заходняй Еўропы. У дакаранавірусны час музыкі пастаянна выступалі ў Польшчы, Германіі, неаднаразова гралі туры па Еўропе.

«У Беларусі ці Расіі музыка з выразнай ідэалагічнай афарбоўкай не вельмі вітаецца, гэта можа быць прычынай праблемаў як для арганізатараў, так і для самых слухачоў. У Заходняй Еўропе андэграўндавая сцэна нашмат больш развітая і моцная, і падтрымка адтуль максімальная», — патлумачыў Ігар Банцэр.

Гурту патрэбны аднадумцы, а не фанаты, перакананы Ігар

«У нашых умовах спяваць не проста песні, але і адстойваць сваю пазіцыю, у тым ліку па тых пытаннях, якія дзяржава можа палічыць патэнцыйна небяспечнымі - гэта прамы шлях у чорныя спісы ды амаль поўная немажлівасць арганізаваць легальны выступ».

Ігар падкрэслівае, што гурт зацята адмаўляецца ад камерцыйнага поспеху, не ўдзельнічае ў камерцыйных імпрэзах і не імкнецца да славы. «Галоўнае — заставацца верным сваім ідэалам, а не лішні канцэрт ці ўзгадка ў СМІ. Нам не патрэбныя фанаты, нам патрэбныя аднадумцы — людзі, што падзяляюць нашыя каштоўнасці, чые думкі сугучныя з нашымі».

Без прэзентацыі і з новым гітарыстам

Канцэрту з нагоды выхаду альбома не будзе праз бягучую палітычную сітуацыю ў Беларусі. Нягледзячы на просьбы арганізаваць закрыты канцэрт-прэзентацыю, гурт вырашыў «не гуляць з агнём»: «Музычныя амбіцыі не вартыя таго, каб падстаўляць людзей. Прыйдзе шчэ час на нашыя жывыя канцэрты».

З часу запісу альбома ў гурце змяніўся гітарыст. «Падзеі жніўня 2020 году сталі водападзелам для ўсяго беларускага грамадства, — кажа Ігар. — Мой былы гітарыст зрабіў свой выбар і вырашыў сысці з гурта. Я разумею ягоную пазіцыю і паважаю ягонае рашэнне. Жыццё — гэта жыццё. Don’t Stop Rock’n’roll!».

Новыя планы

Ігар прызнае, што зараз ён даволі вядомы не толькі ў Гродне ці Беларусі, але і ў Еўропе. Пасля яго затрымання восенню 2020 года на Захадзе распачалася інфармацыйная кампанія ў падтрымку беларускага музыкі-палітвязня.

Чытайце таксама:

«Маёй вядомасці паспрыяў мой „ружовы перформанс“, за які я атрымаў 1 год 6 месяцаў абмежавання волі, а не музыка майго гурта. „Mister X“ — гэта заўжды было пра агонь у сэрцы, адданасць ідэалам, шчырую чалавечнасць, так званую „трушнасць“. Тут нічога не змяняецца. Я больш за 20 год з’яўляюся актыўным удзельнікам беларускага музычнага андэграўнду, займаюся нізавым актывізмам».

Важнае месца ў гэтай дзейнасці займела праца культурна-асветніцкай ініцыятывы «Гродзенскі рок-клуб». Яна была заснаваная ў 2014 годзе і дала магчымасць выйсці ў публічную прастору афіцыйна. «Гродзенскі рок-клуб» улады ліквідавалі летам 2021 года, пакуль яго заснавальнік адбываў пакаранне на «хіміі».

У планах гурта — новы альбом да 20-годдзя творчасці і канцэрты

«Выхад кружэлкі менавіта зараз дае мажлівасць дасягнуць больш шырокіх колаў слухачоў. Але ж няма чаго падманваць сябе, у нас стандартны панк-рок, а такіх гуртоў, як наш, у Еўропе вельмі шмат. Таму гэта толькі адзін з этапаў майго жыцця. Мы рухаемся далей, і зараз мяне больш хвалюе запіс новага матэрыялу для выдання ў наступным годзе да 20-годдзя творчай дзейнасці гурта». Таксама ў гурта ёсць прапановы канцэртаў у Расіі і ў Заходняй Еўропе.

Заўжды ёсць куды расці, нават калі ноль варыянтаў

«Зараз рок-клуб зачынены, усе культурніцкія ініцыятывы жорстка цэнзуруюцца… Я паўтараю ў кожным інтэрв'ю, што я вярнуўся ў статус „простага жыхара горада Гродна“. Гэта нашая беларуская рэчаіснасць 2022 году», — канстатуе музыка.

Ігар Банцэр перакананы, што ў любых умовах заўжды ёсць куды расці - «нават калі падаецца, што варыянтаў - нуль».

Чытайце таксама:

«Я больш за год „катаўся“ па турмах-этапах і пры гэтым маляваў, чытаў кнігі, пісаў новыя песні, сцэнары кліпаў, пачаў пісаць кнігу. Расці трэба заўжды ў першую чаргу над самым сабой. Трэба штодня ўздымацца над сваімі слабасцямі, каб станавіцца лепшай версіяй сябе. Галоўнае — заставацца чалавекам з вялікай літары Ч. Усё астатняе — толькі дадатак».

Чытайце таксама:

Падзяліцца

Апошнія запісы

«Пабачыць Гродна — і памерці». Як наш горад стаў міжваеннай «сталіцай самагубцаў»

У міжваенны час Гродна набыло незвычайную славу. Горад стаў месцам прыцягнення незвычайных турыстаў - тых,…

21 лістапада 2024

«Нармальны быў гастраном — цяпер там прадаюць шпалеры». Ці хапае крамаў у цэнтры Гродна?

Ці хапае ў цэнтры Гродна прадуктовых крам? Спрэчкі наконт гэтага выклікала адкрыццё на перакрыжаванні Савецкай…

21 лістапада 2024

Дзе арганізаваць святочную фотасесію? Гродзенскія студыі ўжо падрыхтавалі навагоднія лакацыі

Прыбраныя ялінкі, свечкі, навагоднія вянкі і гірлянды, аксаміт, светлы ці цёмны фон на выбар. Гродзенскія…

19 лістапада 2024

«Перад выбарамі - спрыяльны час для петыцый». Як прымусіць чыноўнікаў вырашаць праблемы і чаму новая пляцоўка «меркаванне.бел» для гэтага не пасуе

Улады стварылі новую платформу “меркаванне.бел”. Яе пазіцыянуюць як анлайн-пляцоўку, на якой кожны зможа ў вольнай…

15 лістапада 2024

«У Гродне жывуць тыя яшчэ „шалёныя імператрыцы“». Стваральніца брэнда Krikate расказала, як дабралася да парыжскага тыдня моды

Калекцыя адзення гродзенкі Кацярыны Карлацяну дэбютавала гэтай восенню на Парыжскім тыдні моды. А пачыналася ўсё…

14 лістапада 2024

«Першы прыбытак патраціў на станок». Гродзенец у школе выточваў біты, а ў 27 гадоў адкрыў сваю вытворчасць мэблі

Гродзенец Раман Нагула амаль паўжыцця працуе з дрэвам. Школьнікам ён пачынаў з бейсбольных біт, а…

13 лістапада 2024