Кажуць, што імя чалавека, якое ён атрымлівае пры нараджэнні, калі не вызначае цалкам, то ў многім уплывае на ўсё яго жыццё. Наўрад ці пра гэта разважала сямейства Юзафовічаў з Гродна, калі ў 1828 годзе ў іх нарадзілася дзяўчынка, якую вырашылі назваць Багумілай.
Багуміла, што значыць Богу мілая, або Тэафілія на грэцкі манер, павінна была, такім чынам, атрымаць асаблівую ласку нябёсаў. Ці то прыкмета збылася, ці проста так супала, але сапраўды — Багуміла Юзафовіч аказалася чалавекам з божай іскрай. Яна мела незвычайны прыроджаны талент — абсалютны слых і выдатныя музычныя здольнасці.
Біяграфія застаецца амаль невядомай
Нягледзячы на тое, што ў гісторыю музычнай культуры ХІХ стагоддзя Багуміла Юзафовіч імкліва ўвайшла як «Паганіні ў спадніцы», яе асабістая гісторыя — біяграфія — так і застаецца амаль невядомай. Нават гады жыцця вядомыя па ўскосных дадзеных — з пэўнай папраўкай на верагоднасць. Мы не ведаем, кім былі бацькі дзяўчынкі, але вядома, што яны рана пакінулі гэты свет. Выхаваннем Багумілы мусіў займацца старэйшы брат. Менавіта ён і пачаў вучыць яе іграць на скрыпцы — у той час, калі ўсе шляхетныя дзяўчынкі мужна трымалі спінкі роўна, асвойваючы фартэпіяна.Музыка — гэта наогул справа абраных, але ў выпадку з Багумілай зерне ўпала на ўрадлівую глебу. Неўзабаве дзяўчынка брала ўрокі ў гродзенскага скрыпача-аматара П. Звіровіча, дзякуючы фінансавай падтрымцы спадароў Баранкевічаў.
Першы поспех у сем гадоў
Калі Багуміле было ўсяго сем гадоў, у яе жыцці адбылася важная падзея — яе запрасіў выступаць у сваім канцэрце вядомы ў тыя часы віленскі скрыпач Ігнацы Рэут, уражаны поспехамі адоранага дзіцяці. Гэты канцэрт адбыўся ў сакавіку 1835 года ў Вільні. Можна толькі ўявіць сабе, што адчувала дзяўчынка, стоячы са сваёй скрыпачкай на ярка асветленай сцэне пад позіркамі соцень вачэй!
Менавіта тады для яе прагучалі першыя аглушальныя апладысменты і яна ўпершыню атрымала прызнанне шырокай публікі. А гэта, згадзіцеся, нешта іншае, чым адабрэнне першых настаўнікаў і дамашнія выступленні перад сябрамі і суседзямі.
Віленскі поспех адначасова стаў першым сур’ёзным выпрабаваннем (і таленту, і характару!), якое юная скрыпачка з гонарам вытрымала і выкарыстала як штуршок для далейшага імклівага развіцця.
Вучылася ў найлепшых
Прайшло ўсяго два гады, і ў студзені 1837 года ў Гродне дзевяцігадовая Багуміла перад шырокай аўдыторыяй іграла ўжо канцэрт і варыяцыі П’ера Радэ — французскага выканаўца і кампазітара, прадстаўніка класічнай скрыпічнай школы. Яго творы для скрыпкі адрозніваліся глыбокім лірызмам і былі надзвычай папулярнымі да пачатку 1840-х гадоў. Публіка зноў прыняла выступленне Багумілы з захапленнем, знаўцы адзначалі ў яе выканаўчай манеры ўпэўненасць і глыбокае пачуццё. Вялікі талент шукаў шырокай дарогі…
У 1838−1841 гадах Багуміла Юзафовіч адначасова з навучаннем у пансіёне ўдасканальвала сваё музычнае майстэрства ў Санкт-Пецярбургу. Яна брала ўрокі ў знакамітых еўрапейскіх музыкантаў, якія прыязджалі ў гэты горад на гастролі. Прыгадаем некалькі прозвішчаў.
Анры В’ётан (Henri Vieuxtemps) — бельгійскі скрыпач-віртуоз, кампазітар і педагог, адзін з заснавальнікаў нацыянальнай скрыпічнай школы; у 1838 г. упершыню выступіў у Санкт-Пецярбургу, а з 1845 па 1852 год быў салістам імператарскіх тэатраў і займаўся выкладчыцкай дзейнасцю. Уле Буль (Ole Borneman Bull) — нарвежскі скрыпач і кампазітар, якога знакаміты Роберт Шуман назваў роўным Паганіні. Франсуа Прум — бельгійскі скрыпач і кампазітар, прафесар Льежскай кансерваторыі.У варыяцыях Гаумана пераўзышла нават аўтара
У лютым 1841 года адбыўся першы канцэрт Багумілы Юзафовіч у Санкт-Пецярбургу. У музычным салоне знакамітых мецэнатаў Энгельгартаў, дзе заўсёды збіралася эліта грамадства, юная скрыпачка выканала творы віртуознай музыкі: канцэрт з 12 варыяцый Шарля-Агюста Берыо і фантазія Тэадора Гаумана. Чыстыя, узнёслыя мелодыі, па-майстэрску выкананыя нікому тут не вядомай дзяўчынкай, мелі ашаламляльны эфект. Упэўненасць і лёгкасць яе смычка прывялі ў бурнае захапленне і аматараў, і экспертаў. Менавіта пасля гэтага выступлення сярод кампліментаў Багуміле прагучаў выраз «Паганіні ў жаночым адзенні».
Па шматлікіх просьбах у красавіку гэтага ж года быў зладжаны яшчэ адзін канцэрт з удзелам Багумілы Юзафовіч. На гэты раз галоўным нумарам яе выступлення быў 3-і канцэрт чэшскага маэстра Яна Вацлава Каліводы. Сталічная публіка, стомленая і змучаная найноўшымі эксперыментамі ў тагачаснай інструментальнай музыцы, гэтым разам прагна лавіла ўзнёслыя гукі лірычнага твора, поўнага мяккай гармоніі, чароўных матываў і смелых, бездакорна выкананых мадуляцый! Такое ж майстэрства і глыбіню перадачы пачуццяў юная скрыпачка прадэманстравала і ў выкананні «Меланхоліі» Ф. Прума, а па выкананні варыяцый Гаумана яна — па ўсеагульным прызнанні - пераўзышла нават самога аўтара.Пра талент Багумілы пісаў Манюшка
Поспех быў яркі і гучны! Прэса назвала Багумілу маленькім цудам, якое скарыла Пецярбург. Юнай гродзенскай музыкантцы прарочылі славу і вялікую будучыню. Польскамоўныя выданні далучаліся да дыфірамбаў і выказвалі надзею, што імя Багумілы Юзафовіч калі-небудзь будзе ўпісана ў гісторыю музычнага мастацтва побач з імем вялікага польскага скрыпача, кампазітара і педагога Караля Ліпінскага.
Шлях Багумілы тым часам скіраваўся ў бок іншых еўрапейскіх сталіц. У 1843 годзе яна дала канцэрт у Варшаве. І тут таксама яе выканаўчае майстэрства выклікала агульнае захапленне і гучны рэзананс. Яе імя не сыходзіла са старонак газет. Пра яе незвычайны яркі талент пісаў артыкулы Станіслаў Манюшка.
У наступныя гады, нават пасля замужжа, Багуміла (Тэафілія) Юзафовіч-Бароўская шмат выступала з канцэртамі, у тым ліку на радзіме: у Гродне, Мінску, Вільні. Яе рэпертуар пастаянна пашыраўся, папаўняючыся найлепшымі творамі скрыпічнай музыкі таго часу. І заўсёды, якімі б складанымі ні былі творы, што яна прэзентавала, іх неад’емнай рысай быў віртуозны ўзровень выканання.
Як гэта ні парадаксальна, больш падрабязных звестак пра жыццё і дзейнасць гродзенскай скрыпачкі на сённяшні дзень няма. Нічога не вядома і пра яе апошнія гады, пра прычыны яе ранняга сыходу (каля 1865 г.). Будзем спадзявацца, што гэта тэма знойдзе яшчэ свайго руплівага і ўдачлівага даследчыка.