Сукенка Эмілінай бабулі амаль увесь свой век правісела ў шафе. Бо «ўсё лепшае трэба берагчы». Сукенку, якую прымерыла Наста, маці прывезла з бацькоўскай хаты. Стогадовыя рэчы з гардэроба Святланы — падарунак дзеда, што «за польскім часам» ездзіў на заробкі ў Аргенціну. Пра тое, чым вабяць сучасных жанчын строі матуль і бабуль, тры гарадзенкі расказалі для тэлеграм-канала «Тётя Ира разрешила».
«Перашыла трошку бабуліну сукенку, — напісала ў Facebook гродзенка Эмілія Гаўрус. Узгадвае, што можа атрымалася не зусім дасканала па фігуры: «Тканіна ўжо не вельмі трывалая, не хацелася рызыкаваць, але мне проста радасна, што далёка ад дому я маю такую важную рэч. Такі напамін.»
Эмілія піша, што бабулі ўжо дзевяць гадоў няма: «Я сумую. Успамінаю, як была студэнткай і, калі прыязджала дадому, мы сядзелі каля печкі. Я клала ёй галаву на калены, разумеючы, якія каштоўныя гэтыя моманты, якая немаладая мая бабуля… Яна навучыла мяне маліцца, калі мне было шэсць, яна так шмат клапацілася пра нас і, ўвогуле, была прыкладам самаахвярнасці».
Бабулінай сукенцы, па падліках Эміліі, больш за паўвека. Але яна амаль зусім не ношаная:
«Я і бабулю ў гэтай сукенцы не памятаю, бо яна жыла па прынцыпе „усё лепшае трэба берагчы“. Сукенка шмат гадоў ляжала ў бабулінай шафе ў Бабраўніках, потым я забрала яе ў Гродна з намерам падшыць пад сябе — вось у Гродна яшчэ некалькі год ляжала. І толькі ад’ехаўшы ў Польшчу я змагла гэту ідэю рэалізаваць, калі сукенку сюды перадалі. Бо чапляешся за ўсе нітачкі, [што звязваюць] з Радзімай і бачыш яшчэ больш сэнсу аднавіць рэч».
Чытайце таксама: Бегла ў кайданках, паўзла пад мастом ды ішла праз багну. Як гродзенка паўдзельнічала ў забегу «Pogrom wichra»
Сукенку, фотаздымкам у якой падзялілася ў сацыяльных сетках Наста Роўба, раней насілі яе мама і цёця.
Тое, што сукенка захавалася так доўга — хутчэй вынік вобразу жыцця сям'і, чым адмысловая нагода:
«Спецыяльна ніхто не планаваў яе захаваць. Бабуля заўсёды берагла рэчы, якія былі ў добрым стане. Гэтак жа адбылося і з сукенкай. Калі матуля з цёцяй выраслі, бабуля хавала сукенку — для ўнучак. З цягам часа мая матуля забрала сукенку з Клецка ў Гародню».
У гэты час Насце было 25 гадоў: «Мне было цікава, ці ўлезу я ў сукенку, бо матуля і цёця насілі яе ў свае 16−18».
Па словах Насты, апрануўшы сукенку, яна адчула еднасць з жанчынамі свайго роду і сувязь з сямейнай гісторыяй. «Блізкія казалі пра якасць сукенкі і пра тое, што прыемна пабачыць мяне у іх адзенні - нібы самі павярталіся ў маладосць».
Чытайце таксама: «Крутят что-то себе». Анастасия Ровба открыла фаер-школу где учат не бояться и уважать огонь
Пакуль Наста выкарыстоўвала сукенку толькі для сямейнага прагляду: «Калі трохі перашыць — па руках вузкавата — то можна насіць. Я так дзядулява паліто перашыла», — расказала яна.
Што да далейшага лёсу сукенкі, то Наста збіраецца яе захаваць: «Бо ў мяне яшчэ тры плямяшкі».
Адзенне, якому больш за 100 гадоў ёсць і ў гардзеробе Святланы Словік. Яна носіць камплект, што застаўся ад яе бабулі, Раі Каласоўскай:
«Дзед за „польскім часам“ ездзіў ў Аргентыну на заробкі. Менавіта тады і правёз шмат тканіны ды жаночых убораў».
Пра кожную рэч з гэтага камплекта Святлана расказвае з захапленнем: «Хустка дакладна мае ўжо сто гадоў. Яна не страціла, а ні колеру, а ні якасці. Не ведаю дакладна яе паходжанне. Але да гэтай пары яе нашу».
«Кашуля — таксама выдатны хлопак з вышыўкай. Мае не менш як 75 гадоў. Да гэтай пары ў маім гардэробе».
Святлана расказала, што перашываць адзенне спрабавала і раней, але не ўсе спробы атрымаліся ўдала:
«Вось гэтую сукенку памятаю з маладосці. Такога тоўстага і мяккага шоўку, пяшчотнага салатавага колеру я больш ніколі і нідзе не сустракала. Падазраю, што сукенка была прывезена з Аргентыны. Але я яе парэзала. Хацела пашыць для сябе больш сучасную і … не удалося. Але яе яркі вобраз і зараз у мяне перад вачыма».
Бабуля Рая, пра якую Святлана ўжо ўзгадвала, умела і вязаць. Звязаная яе рукамі сукенка таксама носіцца ўжо другім ці трэцім пакаленнем жанчын сям'і: «Насіла я некалі, а цяпер гэтую сукенку носіць мая дачка. Не памятаю ў ёй бабулю. Магчыма, была звязана для маёй старэйшай сястры. І памятаю як я яе насіла. Хустка, жоўта-белая, дакладна бабуліна — мае 100 гадоў».
Слухайце таксама: Святлана Словік у падкасце «Гаворыць Гродна» - пра жанчын у гісторыі горада
«І вось яшчэ будуць расказваць, што нашыя продкі у лапцях хадзілі», — кажа Святлана.
Для яе рэчы, што захоўваюцца ў сям'і - прадмет гонару і сувязь паміж мінулым і будучыняй.
Да зімовых святаў застаецца крыху больш за месяц - самы час задумацца пра святочны дэкор.…
У мястэчку Радашковічы на 6 тыс. чалавек стаіць касцёл, дзе хрысцілі Янку Купалу. У Вілейцы…
У міжваенны час Гродна набыло незвычайную славу. Горад стаў месцам прыцягнення незвычайных турыстаў - тых,…
Ці хапае ў цэнтры Гродна прадуктовых крам? Спрэчкі наконт гэтага выклікала адкрыццё на перакрыжаванні Савецкай…
Прыбраныя ялінкі, свечкі, навагоднія вянкі і гірлянды, аксаміт, светлы ці цёмны фон на выбар. Гродзенскія…
Улады стварылі новую платформу “меркаванне.бел”. Яе пазіцыянуюць як анлайн-пляцоўку, на якой кожны зможа ў вольнай…