Калі Віктара Бабарыку зарэгіструюць кандыдатам у прэзідэнты, юрысты штаба будуць настойваць на змене меры стрымання, каб ён меў магчымасць праводзіць агітацыю. У адваротным выпадку агітаваць за кандыдата будуць 30 давераных асоб. Калі Бабарыка не стане кандыдатам, у штабе плануюць уступіць у кааліцыю з тымі, каго зарэгіструюць у гэтым статусе. Пра гэта распавялі падчас анлайн-канферэнцыі, арганізаванай 7 ліпеня Прэс-клубам.
Статус кандыдата не дае прывілеяў у межах крымінальнай справы. Аднак мера стрымання прымяняецца, зыходзячы з комплексу умоў. Улічваючы патрэбнасць весці агітацыю, гэта можа быць не заключэнне, а падпіска аб нявыездзе ці заклад, сказалі Hrodna.life у штабе.
Калі Віктар Бабарыка стане кандыдатам, але меру стрымання не зменяць, агітацыю будуць праводзіць у той меры, у якой гэта магчыма. Ёсць каля 30 чалавек, якія маюць статус даверанай асобы і права ад імя кандыдата ездзіць па краіне і праводзіць сустрэчы ў розных формах.
Адзінай медыйнай фігуры, якая будзе прадстаўляць штаб, не будзе. Віктар Бабарыка загадзя запісаў некалькі ролікаў са зваротамі. «Будуць сюрпрызы», — сказалі Hrodna.life у штабе.
Чытайце таксама: У штабе Бабарыкі пракаментавалі відэа з Элайджам Вудам
Працу будуць будаваць на ідэі сумленных выбараў. Для гэтага штаб Віктара Бабарыкі ініцыяваў кампанію «Сумленныя людзі». Яна накіравана на максімальны ўдзел грамадскасці ў працы выбарчых камісій і падліку галасоў. Па словах прадстаўнікоў штаба, каманда цяпер стала толькі мацнейшай і большай.
Калі Віктара Бабарыку не зарэгіструюць кандыдатам, у залежнасці ад прычыны ў штабе будуць шукаць доказы парушэння і абскарджваць рашэнне.
Калі абскарджанне не спрацуе, у штабе плануюць увайсці ў кааліцыю з адным з зарэгістраваных кандыдатаў. Каму аддаць перавагу, у штабе раскажуць пасля рэгістрацыі ўсіх кандыдатаў 14 ліпеня.
— Я — прыхільнік любых саюзаў з агульным разуменнем мэты. Я бачу з многімі з кандыдатаў [прэтэндэнтаў у кандыдаты на пасаду прэзідэнта — Hrodna.life] супадзенне мэтаў, — сказаў Бабарыка на сустрэчы ў Гродне 6 чэрвеня.
Таксама ў штабе будуць ініцыяваць канстытуцыйныя рэформы — гэта значыць, правядзенне рэферэндуму.
Прэтэндэнт на пасаду прэзідэнта быў гатовы да розных варыянтаў развіцця падзей, сказалі ў штабе.
Віктар зараз не губляе прысутнасці духу і спадзяецца, што сітуацыя хутка вырашыцца. У штабе інфармацыю пра стан абвінавачанага атрымліваюць ад адвакатаў з СМІ. Тыя перадаюць, што Віктар актыўна цікавіцца тым, што адбываецца. Таксама паведамляюць, што ёсць праблема з перасыланнем карэспандэнцыі - не ўсе лісты ад Бабарыкі даходзяць.
— Мы былі радыя таму, якая колькасць людзей бескарысліва і радасна дапамагае. Неверагоднае адчуванне радасці і надзеі. За 26 гадоў яшчэ не было такога адчування салідарнасці, — сказалі ў штабе.
Чытайце таксама: Виктор Бабарико создаст свою партию или общественное движение
Паплечнікі адзначаюць, што падтрымлівае альтэрнатыўных кандыдатаў таксама вялікая колькасць беларусаў, якія жывуць за мяжой. «Трэба разумець, што тое, што адбываецца за мяжой — стыхійныя падзеі. Нас гэта вельмі моцна радуе. Раней за 26 гадоў такога масавага выхаду на вуліцы і да амбасадаў за мяжой не было. Гэта таксама добры знак, што беларусы гатовыя кансалідавацца. Яны кажуць, што не з’язджалі б, калі б не такая сітуацыя», — распавялі Hrodna.life прадстаўнікі штаба.
Нягледзячы на затрыманні памочнікаў і паплечнікаў прэтэндэнта ў прэзідэнты, выезд з краіны ў штабе і сярод блізкіх Віктара ніколі не абмяркоўвалася, сказалі ў штабе.
Сям’я, блізкія і штаб накіроўвае ўсе намаганні і «частку жыцця» на тое, каб змяніць сітуацыю, таму што бачаць у Бабарыку моцнага кандыдата.
— Віктар Дзмітрыевіч кажа, што не гуляе ў гульні, у якіх не можа выйграць. Ні ён, ні яго калегі, ні сям’я не маем ілюзіяў, пра тое, як могуць развівацца падзеі. Але мы яго аднагалосна падтрымлівалі і падтрымліваем, — паведамілі Hrodna.life прадстаўнікі штаба.
Рашэнне па крымінальнай справе, па якой праходзіць Віктар Бабарыка, да выбараў не вынесуць, паведаміў Hrodna.life юрыст Максім Знак. Справа знаходзіцца ў самым пачатку. Пра гэта сведчыць тое, што працягваюцца затрыманні людзей па дадзеным працэсе.
— Гэта вельмі вялікая справа, якая патрабуе велізарнай колькасці рэсурсаў для расследавання. Следчыя дзеянні, азнаямленне абароны, правядзенне суда па разглядзе справы, тэрмін на абскарджанне, — паведамілі ў штабе.
На дадзены момант Віктару Бабарыку прад’яўленае абвінавачванне. Адвакаты падалі скаргу на яго, таму што яно не адпавядае патрабаванням і «не канкрэтызаванае».
Віктар Бабарыка раней неаднаразова агучваў, што рэфэрэндум трэба правесці незалежна ад таго, каго зарэгіструюць кандыдатам і хто выйграе выбары, паведамілі ў штабе. Галоўныя тэзісы — скарачэнне прэзідэнцкіх тэрмінаў, якія можа займаць адзін чалавек, да двух, і падзел галін улады. Калі не правесці рэферэндум, развіваць краіну ў дэмакратычным рэчышчы будзе немагчыма, лічаць у штабе.
Запыт грамадства на змены паказвае актыўны ўдзел людзей у ініцыятыве. У ініцыятыўную групу па правядзенні рэферэндуму запісалася 15 000 чалавек. Гэта больш, чым у ініцыятыўнай групе Аляксандр Лукашэнкі на выбарах. У ёй 11 000 чалавек.
Да зімовых святаў застаецца крыху больш за месяц - самы час задумацца пра святочны дэкор.…
У мястэчку Радашковічы на 6 тыс. чалавек стаіць касцёл, дзе хрысцілі Янку Купалу. У Вілейцы…
У міжваенны час Гродна набыло незвычайную славу. Горад стаў месцам прыцягнення незвычайных турыстаў - тых,…
Ці хапае ў цэнтры Гродна прадуктовых крам? Спрэчкі наконт гэтага выклікала адкрыццё на перакрыжаванні Савецкай…
Прыбраныя ялінкі, свечкі, навагоднія вянкі і гірлянды, аксаміт, светлы ці цёмны фон на выбар. Гродзенскія…
Улады стварылі новую платформу “меркаванне.бел”. Яе пазіцыянуюць як анлайн-пляцоўку, на якой кожны зможа ў вольнай…