Людзі і справы

«Былыя дырэктары „Азоту“ перавярнуліся б у труне». Звольненыя працоўныя патрабуюць аднаўлення і кампенсацыі

Азотаўцы патрабуюць прызнаць звальненне незаконным, кампенсаваць вымушаныя прагулы і маральныя страты. Свае страты кожны ацаніў у суму ад 3000 да 10 000 рублёў. Hrodna.life сабраў фрагменты выступаў рабочых, якіх суд заслухаў на 18 студзеня.

«Майму здароўю пагражала небяспека»

Аляксей Сідар, 25 гадоў. Апаратчык цэха «Карбамід-2». Стаж працы на «Гродна Азот» — 5 гадоў

«Увечары 27 кастрычніка я адмовіўся прыняць змену з-за вялікай загазаванасці [аміякам — заўв. рэд.] на працоўным месцы. Гэта пагражала майму здароўю, — заявіў апаратчык Аляксей Сідар.

Мяне адхілілі ад працы. Прыйшлі работнікі ведамаснай аховы і вывелі за прахадную. Замест ліквідацыі ўцечкі на абсталяванні начальства выклікала іншага апаратчыка. На наступны дзень мой пропуск заблакавалі. 28 кастрычніка я захварэў [і атрымаў бальнічны ліст — заўв. рэд.]. У гэты ж дзень мяне звольнілі без тлумачэнняў прычын".

«Хімікаў ніколі не білі»

«Сёння судзяць тых, хто бачыў, што адбывалася на прахадной 26 кастрычніка і пацярпеў ад дзеянняў сілавікоў», — казаў Артур Богуш, апаратчык вытворчасці капралактаму.

«За шэсцьдзясят гадоў працы нашага завода ніколі не білі хімікаў, не заганялі дубінкамі на працу з крыкамі „Кармавая база, ідзіце працаваць“. Нашы былыя дырэктары Салаўёў, Іваноў, Лангоў перакуліліся б у труне, калі б убачылі, як 26 кастрычніка азотаўцаў заганялі на працу».

Артур Богуш, 48 гадоў, апаратчык вытворчасці капралактаму, стаж працы 26 гадоў

На фота — дырэктары, якіх згадваў у выступе Артур Богуш.

  • Гімн Салаўёў кіраваў прадпрыемствам з 30 лістапада 1965 года за 25 студзеня 1978. Пры ім пабудавалі цэхі аміяк-2 і карбамід-2, вытворчасць капралактаму першай чаргі, пачалося будаўніцтва цэхаў трэцяй чаргі.
  • Уладзімір Іваноў кіраваў з 25 студзеня 1978 года па 10 ліпеня 1992 года. У перыяд яго кіраўніцтва былі ўведзены ў строй дзеючых буйнатанажныя цэхі аміяк-3 і 4, карбамід-3 і 4, вытворчасць капралактаму другой чаргі. Вытворчыя магутнасці «Азота» рэзка выраслі.
  • Валерый Лангоў кіраваў з 13 ліпеня 1992 года да 9 лістапада 2004 года. Пад кіраўніцтвам Лангова на прадпрыемстве ў 1993 годзе пачата вытворчасць вадкіх азотных угнаенняў (КАС), у 1994 годзе наладжаны выпуск гідраксіламінсульфата крышталічнага. У 1996 годзе на базе выведзенага з эксплуатацыі цэха аміяк-2 арганізавана вытворчасць метанолу.

Фота і інфармацыя з афіцыйнай старонкі «Гродна Азот»


«Я быў у адпачынку з 19 кастрычніка па 13 лістапада. Але мяне звольнілі за ўрон, які нібыта я зрабіў прадпрыемству 26 кастрычніка. Я добрасумленна працаваў 26 гадоў. Калі я дрэнны спецыяліст, прагульшчык — звальняйце па законе. Бачыць як б’юць калегаў, цягнуць іх у аўтазак — не магу.

Пасля падзей на прахадной я напісаў заяву аб уступленні ў стачку. Хацеў адправіць заяву дырэктару. Не паспеў дайсці да паштовага аддзялення, як у сацыяльных сетках з’явілася інфармацыя, што я ўжо звольнены. За гэты злачынны загад павінны адказаць юрысты завода. Прашу кампенсаваць маральную шкоду. Я зведаў стрэс ад таго, што адбываецца на прахадной, ад незаконнага звальнення. Мае блізкія — маці, бацька, жонка — вельмі перажывалі. Чым можна вымераць іх перажыванні?", — кажа Богуш.

«Ідзі, скаціна, на працу»

Зваршчык вытворчасці капралактаму Юрый Барыс, 32 гады, стаж працы на «Гродна Азот» — 7 гадоў

«Раніцай 26 кастрычніка я ішоў на працу. Людзі ў форме зацягнулі мяне ў аўтобус, нецэнзурна лаяліся: „Ідзі, скаціна, на працу“. Выпусцілі з аўтобуса і загналі на тэрыторыю прадпрыемства», — кажа зваршчык вытворчасці капралактаму Юрый Барыс.

«Лічу, што наймальнік не забяспечыў бяспеку работнікаў. Пасля гэтага я 27 чысла напісаў заяву аб далучэнні да стачкі. Баяўся, што на наступны дзень таксама будзе дубасіць АМАП. Палец зламаюць, а я зваршчык, працаваць не змагу. Са мной паступілі як з аднавокім кацянём, ад якога гаспадар вырашыў хутчэй пазбавіцца».

Чытайце таксама: «Звальнялі выхаднымі і падчас бальнічных». 13 звольненых рабочых падалі ў суд на «Гродна Азот«

«Ёсць парушэнні з боку наймальніка»

«Наймальнік парушыў калектыўны дагавор і тарыфнае пагадненне, не выконваў працэдуру звальнення, не ўзяў з работнікаў тлумачэнняў, не атрымаў згоду прафсаюза на звальненне», — кажа юрыст Беларускага незалежнага прафсаюзу Аляксандр Парадкаў. Ён прадстаўляе ў судзе інтарэсы звольненых азотаўцаў.

Аляксандр Парадкаў (справа) з азотаўцамі перад судовым пасяджэннем 18 студзеня

Раней патрабаванне аб узгадненні звальнення з прафсаюзам было запісана ў калектыўным дагаворы. З сакавіка гэты пункт з дакумента выключаны. Патрабаванне ўзгадняць звальненні з прафсаюзам ёсць у «тарыфным пагадненні» канцэрна «Белнафтахім», у склад якога ўваходзіць «Гродна Азот».

Пагадненне — нарматыўны акт, які змяшчае абавязацельствы бакоў па рэгуляванні адносін у сацыяльна-працоўнай сферы на ўзроўні пэўнай прафесіі, галіны, тэрыторыі.

Тарыфнае пагадненне дзейнічае на ўзроўні галіны. Генеральнае пагадненне — на ўзроўні рэспублікі. Мясцовае — на лакальным узроўні.

Калектыўны дагавор — лакальны прававы акт, які рэгулюе працоўныя і сацыяльна-эканамічныя адносіны паміж наймальнікам і яго работнікамі.

Неадпаведнасці паміж калектыўнай дамовай і любым з пагадненняў выпраўляюцца толькі ў бок паляпшэння прававога становішча работнікаў.

з Працоўнага кодэкса Беларусі

«Усе работнікі парушылі правілы»

Прадстаўнік наймальніка, юрыст Валер Літвін, лічыць, што паводле дзеючай на прадпрыемстве калектыўнай дамовы згоды прафсаюза на звальненне не патрабуецца. «Усе работнікі парушылі правілы ўнутранага працоўнага распарадку і былі звольненыя на законных падставах».

Каб разабрацца, ці апраўдана звальненне работнікаў без згоды прафсаюза, Аляксандр Парадкаў прапанаваў выклікаць у суд старшыняў прафкамаў «афіцыйнага» і «незалежнага» прафсаюзаў «Гродна Азот». Наступнае пасяджэнне адбудзецца 22 студзеня.

Чытайце таксама: Колькі работнікаў «Гродна Азот» выйшлі з афіцыйнага прафсаюзу

Што адбывалася на прахадной «Гродна Азот» 26 кастрычніка

Раніцай каля прахадной сабралася каля 200 чалавек. У 7:30 раніцы сілавікі ў балаклавах пачалі затрымліваць работнікаў. У аўтобусах затрыманых збівалі, у тым ліку дубінкамі. Казалі: «Што, сукі? Працаваць не хочаце?!» Усяго затрымалі больш за 50 чалавек. Многіх выпусцілі ў той жа дзень. На іх склалі пратаколы апытання і затрымання.

Пасля гэтага тэхналагічны персанал цэхаў аміяк-3 і карбамід-4 адмовіўся прымаць змену. Працаўнікі сталі далучацца да стачцы. Адміністрацыя звольніла некалькі дзясяткаў працаўнікоў. Афіцыйныя фармулёўкі - за прагул ці за прычыненне прадпрыемству шкоды.

Аспрэчваюць рашэнне ў судзе 13 чалавек. Узрост звольненых ад 25 да 48 гадоў.

Чытайце таксама:

Апошнія запісы

«Інтэрнэт — сіла. Да 2020 улады гэтага не разумелі». Стваральнік Гродзенскага форума расказаў пра байнэт нулявых

Гродзенскі форум існуе больш за 20 гадоў і абнаўляецца дагэтуль. Людзі ўсё яшчэ шукаюць там…

7 лістапада 2024

Грэчка з чарніцамі, жывая музыка і «сарамлівы» стрыптыз. Рэстаранам «Беласток» у Гродне і Grodno ў Беластоку споўнілася 50 гадоў

У Гродне працуе рэстаран «Беласток», а ў польскім Беластоку – бар Grodno. У 1974 годзе…

5 лістапада 2024

«Прабіце, калі ласка». Як у Гродне адным талончыкам ламалі сістэму

Гродзенскія кантралёры - самыя суровыя, а пасажыры - самыя дружныя. Квіток можна на выхадзе з…

4 лістапада 2024

«Мяне не перамагчы, я не спаборнічаю». Гродзенка перанесла аперацыю на ствале галаўнога мозгу — вось як змянілася яе жыццё

Раніцай гродзенка Людміла Юрахно як звычайна пайшла на працу, але дадому вярнулася толькі праз паўгода.…

1 лістапада 2024

«Воку няма за што зачапіцца». Спыталіся ў дызайнера, што не так з інтэр'ерамі гродзенскіх устаноў

Гродзенцы скардзяцца, што шмат якія ўстановы ў горадзе выглядаюць аднолькава. Напрыклад, некаторых расчаравалі рэндары інтэр'ераў…

31 кастрычніка 2024

Куды з’ездзіць на Хэлоўін у Гродзенскай вобласці: 5 містычных месцаў ад замкаў да млыноў

Адчуць таямнічую атмасферу Хэлоўіна можна ў розных месцах Гродзеншчыны: у рэгіёне мноства закінутых сядзіб, старажытных…

29 кастрычніка 2024