«Праз прахадную заводаўпраўлення ўляцелі людзі па „грамадзянцы“ з рацыяй на поясе. Вельмі хутка некуды беглі, „ламанулі“, іх прапусцілі. Работнікаў завода ў гэты час у заводаўпраўленне не пускалі», — так апісаў Hrodna.life падзеі 17 верасня адзін з работнікаў «Гродна Азот». У гэты дзень электрыка цэха рамонтна-механічнай вытворчасці Леаніда Седача адвезлі спачатку на ператрус у яго пакой у інтэрнаце, затым — у Следчы камітэт. Аказалася, што ён праходзіць сведкам па арт. 369 КК «Абраза прадстаўніка ўлады». Пасля пратэстаў у Гродне прадпрыемства сур’езна ўзялося за работнікаў: ім забаронена перамяшчацца па тэрыторыі без паведамлення начальству, даведалася карэспандэнт Hrodna.life.
Леаніду Седачу 37 гадоў, ён жанаты, працуе электрыкам на «Гродна Азот», хадзіў на мірныя акцыі ў Гродне, калі яны былі дазволеныя. Пасля поўдня 17 верасня яго выклікалі на прахадную прадпрыемства. Тры чалавекі ў цывільным паказалі яму пасведчанні. «Толкам не ўбачыў, хто і адкуль», — распавёў Леанід Hrodna.life. Сілавікі паведамілі яму, што пракурор выпісаў паперу аб ператрусе кватэры, павялі ў машыну і адвезлі ў інтэрнат, дзе ён жыве.
— Прыехалі дадому, паклікалі двух панятых, канфіскавалі тэлефон. Потым павезлі да следчага. Пачата крымінальная справа паводле арт. 369 КК, я — сведка. Следчы ўзяў паказанні, і адпусцілі, — сказаў ён Hrodna.life. Дакумент аб канфіскацыі тэлефона Седачу не выдалі. Затое яму ўручылі павестку на 16.00 17 верасня, пры гэтым не патлумачыўшы, навошта яго забралі з працы ў 12.30.
Леанід знаходзіцца пад падпіскай аб неразгалошванні, і не мае права распавесці Hrodna.life, аб чым яго пытаўся следчы. Ён сцвярджае, што асабіста нікога не абражаў і не бачыў, як хто-небудзь абражаў прадстаўнікоў улады. Леанід лічыць, што справа ўзбуджаная, каб запалохаць пратэстоўцаў.
Затрыманняў на тэрыторыі прадпрыемства не было, запэўнілі Hrodna.life у прэс-службе УУС Гродзенскага аблвыканкама. У прэс-службе ўпраўлення Следчага камітэта па Гродзенскай вобласці не знялі трубку. Раней Hrodna.life адмаўляліся даваць каментары ў ведамстве па справах, узбуджаных пасля пратэстаў. «Калі будзе неабходнасць і мы не будзем шкодзіць следству, мы будзем зацікаўлены даць каментар», — паведамлялі Hrodna.life у СК.
Публічная абраза прадстаўніка ўлады ў сувязі з выкананнем ім службовых абавязкаў караецца грамадскімі працамі, або штрафам, або папраўчымі работамі на тэрмін да двух гадоў, або арыштам, ці абмежаваннем волі на тэрмін да трох гадоў.
«Звычайная практыка»
На «Азоце» пачалі сачыць і за перамяшчэннем работнікаў па тэрыторыі. Дзмітрый, супрацоўнік прадпрыемства, які папрасіў не называць яго прозвішча, распавёў Hrodna.life, што ў сярэдзіне верасня пісаў тлумачальную начальству за тое, што знаходзіўся не ў сваім цэху ў працоўны час. З яго слоў, на прадпрыемстве з’явіўся загад, згодна з якім выхад за тэрыторыю завода без паведамлення начальніку цэха ў працоўны час, за выключэннем абеду, — гэта парушэнне.
— Раней мы нікога не апавяшчалі аб сваіх перамяшчэннях па тэрыторыі. З прычыны апошніх падзей з нас патрабуюць тлумачальныя за любы крок па-за працоўнае месца.
Мы — рамонтнікі, нашы людзі працуюць па ўсім заводзе і, адпаведна, перасоўванне па брыгадах было нормай і апавяшчаць аб гэтым не было неабходнасці. Цяпер, калі мне трэба ў заводаўпраўленне або паліклініку, і я не паведамлю аб гэтым начальніку цэха, з мяне запатрабуюць тлумачальную і змогуць пакараць. Нягледзячы на тое, што заводаўпраўленне і паліклініка — гэта тэрыторыя завода і мяне туды могуць выклікаць па патрабаванні лекара або якога-небудзь начальніка. Перамяшчэнне па заводзе, нават па працы, толькі пасля паведамлення майстру, — распавёў работнік Hrodna.life.
Дзмітрый лічыць, што з’яўленне загаду звязана з удзелам работнікаў «Гродна Азот» у мірных дэманстрацыях і акцыях пратэсту. У прэс-службе «Гродна Азот» Hrodna.life патлумачылі, што ніякага новага загаду на прадпрыемстве не было, як і вуснага распараджэння. А апавяшчаць кіраўніка аб перасоўваннях — звычайная практыка, якая рэгламентуецца аховай працы.
17 верасня супрацоўнікі «Гродна Азот» вывесілі на тэрыторыі завода бел-чырвона-белы сцяг. Праз гадзіну яго знялі.
Чытайце таксама: