Людзі і справы

Збіццё, агаворы, катаванні і ціск. 10 фактаў пра справу Аўтуховіча, якія мы даведаліся толькі ў залі суда

Амаль месяц у турме № 1 Гродна працягваецца судовы працэс па справе «групы Аўтуховіча». 15 чэрвеня скончылі допыт Мікалая Аўтуховіча — ён даваў паказанні апошнім з 12 абвінавачаных. На судзе некаторыя з іх заявілі аб катаваннях і збіцці. Рэдакцыя Hrodna.life сабрала факты аб справе.

Катаванні і ціск

Паказанні сям'і Рэзановічаў атрымалі пад катаваннямі і псіхалагічным ціскам, распавёў 13 чэрвеня Мікалай Аўтуховіч. Пра гэта напісала «СБ. Беларусь Сегодня», але пазней выдаліла цытату Аўтуховіча з артыкула, заўважыла «Вясна».

«СБ. Беларусь Сегодня» выдаліла цытату Аўтуховіча з артыкула. Скрыншот: «Вясна»

Фігурант «справы Аўтуховіча» Уладзімір Гундар на судзе заявіў аб збіцці пры затрыманні. «Да мяне ў кватэру прыйшлі супрацоўнікі КДБ, якія адразу паставіліся да мяне як да тэрарыста, патрабавалі прызнання ў злачынствах. Потым мяне білі людзі ў цывільным. Пасля кожнага адмоўнага адказу на патрабаванне прызнаць сябе паслядоўнікам і саўдзельнікам Аўтуховіча мяне білі па галаве. Пастаянна пыталіся: «Навошта табе марнаваць час, рызыкаваць жыццём сваёй сям'і за нейкага Аўтуховіча, які ўжо даўно дае паказанні?».

На адным з пасяджэнняў Галіна Дзербыш заявіла, што падчас следства ёй пастаянна пагражалі і прымушалі агаворваць сябе. Яна неаднаразова пісала скаргі ў пракуратуру, але не атрымала ніводнага адказу, паведаміла «Вясна».

«Разумею, што рашэнне па мне ўжо прынята на ўзроўні Лукашэнкі. Зразумела, што ўвесь гэты сцэнар быў спрадзюсаваны КДБ. Але ўсё роўна не разумею, на што разлічвалі следчыя, калі думалі, што ўсе гэтыя 11 чалавек пабаяцца сказаць, як усё было на самай справе», — працытавала Мікалая «СБ. Беларусь Сегодня».

Агаворы

Любоў Рэзановіч не прызнала віну ў прад’яўленых абвінавачваннях. Яна нібыта дапамагала Аўтуховічу збіраць інфармацыю пра супрацоўнікаў праваахоўных органаў, у дачыненні да якіх планаваліся, рыхтаваліся і здзяйсняліся акты тэрарызму.

Яна лічыць, што Ірына Гарачкіна, якая суправаджала Аўтуховіча падчас яго апошняй паездкі ў Брэст, можа яе агаворваць. Гарачкіна заявіла, што, даведаўшыся пра затрыманне мужа і Аўтуховіча, Любоў заказала ёй сабраць «забароненае» і перадаць ёй, а пазней схавала.

Суд над Мікалаем Аўтуховічам. Фота: БелТА

Умовы ўтрымання

«Пасялілі ў камеру, якая называлася маразільнікам, — казаў Мікалай Аўтуховіч пра ўмовы ўтрымання. — Нас там было два чалавекі, а на рашотках быў лёд. Там я пражыў сем месяцаў, і толькі дзякуючы ўмяшанню адваката мяне перасялілі ў лепшыя ўмовы. Я ўжо плююся лёгкімі».

10 чэрвеня Мікалай захварэў прастудай праз тое, што ў камеры высокая вільготнасць і вельмі холадна. На судзе Мікалай Аўтуховіч паскардзіўся на стан здароўя.

Галіну Дзербыш змяшчалі ў карцэр тэрмінам на 10 сутак. Там не давалі неабходных лекаў, таму яна некалькі разоў губляла прытомнасць, паведамілі праваабаронцы «Вясны».

Трапіць на працэс немагчыма

Судовы працэс над Мікалаем Аўтуховічам праходзіць не ў будынку суда, а проста ў гродзенскай турме № 1. Пасяджэнне адкрытае — але каб патрапіць на суд, трэба атрымаць дазвол ад начальніка турмы. Трансляцыі ў Гродзенскім абласным судзе не прадугледзелі.

Працэс актыўна асвятляе дзяржаўная прэса. «Гродзенская праўда» публікуе па два матэрыялы ў дзень. На суд прыязджала супрацоўніка «СБ. Беларусь Сегодня» Людміла Гладкая.

Суддзя — той жа, што ў Вітольда Ашурка

Працэс вядзе суддзя Максім Філатаў. Яго на пяцігадовы тэрмін прызначылі суддзёй Гродзенскага абласнога суда, вызваліўшы ад пасады намесніка старшыні і суддзі суда Лідскага раёна. Філатаў вядомы тым, што асудзіў памерлага ў калоніі Вітольда Ашурка і трапіў у чацвёрты пакет санкцый Еўразвяза супраць беларускага рэжыму.

Нечаканы пацярпелы

Па справе Аўтуховіча пацярпелымі праходзяць некалькі міліцыянтаў. Вядома, што ў першы дзень прыязджалі двое пацярпелых з Ваўкавыска. Яны пісьмова пагадзіліся, каб справу разглядалі без іх, і больш на працэсе не з’яўляліся.

Затое пасяджэнне наведваў іншы нечаканы пацярпелы — жыхар Ваўкавыска Анатоль Кавалевіч. Ён падумаў, што гарыць яго машына, і пабег да яе так хутка, што парваў сухажылле на назе. Калі ж убачыў, што гарыць аўто суседа-міліцыянта, то, нягледзячы на траўму, змог перагнаць сваю машыну ў іншае месца.

Дзяржаўным тэлеканалам Кавалевіч распавядаў, што яму потым рабілі аперацыю і ён нейкі час хадзіў на мыліцах. Цяпер Кавалевіч, як і гаспадары спаленых аўтамабіляў, таксама хоча кампенсацыю «за маральную і матэрыяльную шкоду», паведамляе «Наша Н**а».

Пацярпелы па «справе Аўтуховіча». Фота: «Наша Н**а»

Пра іншых абвінавачаных

Аўтуховіч лічыць, што іншыя зняволеныя не вінаватыя. Сям’я Рэзановічаў, як сказаў абвінавачаны, апынуліся ў гэтай сітуацыі толькі таму, што былі знаёмыя з ім.

«Ужо год не магу зразумець, за што трымаюць Рэзановічаў, Мельхераў, Гарачкіну…» — сказаў падчас допыту Мікалай Аўтуховіч.

Планы Аўтуховіча

  • Мікалай Аўтуховіч выпусціў зварот да сілавікоў з заклікам не выконваць загады ўлады. Сваю мэту ён бачыў у пазбяганні непатрэбных ахвяр. У планах было ажыццявіць перадачу ўлады без кровапраліцця. Перадача ўлады павінна была адбыцца праз дыялог з народам. Фінансаванне на гэтыя мэты не прадугледжвалася, перадае словы Аўтуховіча БелТА.
  • Мікалай Аўтуховіч шукаў фінансаванне для плана «Плошча». Яно павінна было паступаць ад беларусаў, дыяспар з-за мяжы. Назваць канкрэтныя дыяспары ён адмовіўся. Для рэалізацыі плана «Плошча» прадугледжвалі размеркаванне роляў, стварылі аргкамітэты і камітэты па забеспячэнні бяспекі. Тэрміны рэалізацыі плана Мікалай Аўтуховіч не назваў.
  • Таксама існаваў план на выпадак рэакцыі сілавікоў. У арганізацыі гэтага плана прымалі ўдзел былыя сілавікі. Аб плане народнага трыбунала Аўтуховіч распавёў, што фізічнага гвалту ў дачыненні да супрацоўнікаў, якія асабліва вызначыліся пры выкананні службовых абавязкаў, не прадугледжвалася.
  • На пытанне аб плане «Партызанскі рух» Аўтуховіч адмовіўся адказваць.

Аўтуховіч і спецслужбы

Па версіі абвінавачвання, Мікалай Аўтуховіч і Артур Папок пагадзіліся на прапанову працаваць на ўкраінскія спецслужбы. Нібыта па іх указанні яны «збіралі звесткі аб сілавіках, дзяржкіраўніках, рыхтавалі падрыхтоўку да тэрактаў».

Па словах Мікалая Аўтуховіча, дзесьці ў сярэдзіне ліпеня (верагодна, 2020 года, у першакрыніцы не пазначылі - Hrodna.life) яго «паплечнікі з-за мяжы» паведамілі, што з’явіўся спонсар. Аўтуховіч адмаўляе, што людзі, з якімі ён звязваўся, будучы ў Украіне, маюць якоесьці стаўленне да спецслужбаў, піша «Гродзенская праўда».

 — Я са спецслужбамі не працаваў. І ў справе не можа быць ніякіх доказаў гэтага, — заявіў абвінавачаны.

Суд па «справе Аўтуховіча». Фота: «Гродзенская праўда»

Некаторыя прызналі віну

Па справе абвінавачанымі праходзяць 12 чалавек. Гэта:

  • Аўтуховіч Мікалай Мікалаевіч — інкрымінуюць 12 артыкулаў, віну прызнаў не цалкам.
  • Сава Павел Міхайлавіч — абвінавачваецца ў стварэнні злачыннай арганізацыі альбо ўдзелу ў ёй, а таксама ўчыненне актаў тэрарызму (ч. 2 арт. 285, ч. 3 арт. 289 КК). Ад дачы паказанняў адмовіўся. У паказаннях, дадзеных у ходзе папярэдняга следства, прызнаўся ў «злачынствах».
  • Гундар Уладзімір Тадэвушавіч — ставіцца ў віну ўчыненне злачынстваў, прадугледжаных ч. 1 арт. 285, ч. 1 арт. 14 і ч. 2 арт. 357 КК — стварэнне злачыннай арганізацыі, замах на злачынства і захоп альбо ўтрыманне дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам. Віну адмаўляе.
  • Дзербыш Галіна Іванаўна — абвінавачваецца па некалькіх артыкулах КК. Сярод іх удзел у злачыннай арганізацыі ў любой іншай форме, замах на злачынства, змова і акт тэрарызму. Віну не прызнала.
  • Маёрава Вольга Уладзіміраўна — нібыта збірала, абагульняла і публікавала інфармацыю, якая спрыяла дэстабілізацыі грамадска-палітычнай абстаноўкі ў краіне, росту незадаволенасці і пратэстных настрояў. Віну не прызнала.
  • Снегур Віктар Адамовіч — нібыта прымаў меры па арганізацыі зліцця іх злачыннай групы ў міжнародную злачынную арганізацыю, займаўся пошукам агнястрэльнай зброі і боепрыпасаў для членаў групы. Галоўная мэта гэтага — захоп дзяржаўнай улады ў Беларусі неканстытуцыйным шляхам (ч. 2 арт. 285, ч. 1 арт. 14, ч. 2 арт. 357, ч. 4 арт. 295, ч. 3 с. 333−1 КК). Віну прызнаў часткова.
  • Рэзановіч Сяргей Анатольевіч — прад’яўленыя абвінавачванні па ч. 2 арт. 285, ч. 1 арт. 14 і ч. 2 арт. 357, ч. 1 арт. 13 і ч. 3 арт. 295 Крымінальнага кодэкса. Ён заявіў аб недатычнасці да тэрарыстычнай дзейнасці Аўтуховіча.
  • Рэзановіч Любоў Аляксандраўна — паводле следства, дапамагала Аўтуховічу збіраць інфармацыю пра супрацоўнікаў праваахоўных органаў, у дачыненні да якіх планаваліся, рыхтаваліся і здзяйсняліся акты тэрарызму. Віну не прызнала.
  • Рэзановіч Павел Сяргеевіч — карыстаючыся службовым становішчам, нібыта падаваў Аўтуховічу інфармацыю пра супрацоўнікаў праваахоўных органаў, ажыццяўляў падрыхтоўку і правядзенне актаў тэрарызму ў дачыненні да супрацоўнікаў праваахоўных органаў на тэрыторыі Беларусі. Ад дачы паказанняў Павел Рэзановіч адмовіўся. Пацвердзіў, што шукаў для Аўтуховіча інфармацыю нібыта пра яго калегаў.
  • Мельхер Ірына Аляксандраўна — абвінавачваецца па шасці артыкулах КК: ч. 2 арт. 285, ч. 1 арт. 14 і ч. 2 арт. 357, ч. 1 арт. 13 і ч. 3 арт. 289, ч. 1 арт. 342. Гэта ўдзел у злачыннай арганізацыі, замах на злачынства, захоп альбо ўтрыманне дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам, падрыхтоўка да злачынства, акт тэрарызму, арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх. Віну Мельхер прызнала толькі ў тым, што ўдзельнічала ў несанкцыянаваных пратэстных акцыях.
  • Гарачкіна Ірына Паўлаўна — абвінавачваецца ва ўкрывальніцтве асобы, якая ўчыніла цяжкае злачынства, альбо зброі і сродкаў здзяйснення гэтага злачынства, слядоў злачынства або прадметаў, здабытых злачынным шляхам (ч.1 арт. 405 і ч.3 арт. 295 КК). Віну прызнала.
  • Мельхер Антон Іванавіч — абвінавачваецца ў арганізацыі групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак (ч.1 арт. 342 КК). Прызнаў віну.
  • Артур Папок — у вышуку.

Чытайце таксама: Аўтуховіча абвінавачваюць у змове са спецслужбамі Украіны. У гродзенскай турме працягваецца суд над «тэрарыстычнай групай»

Падзяліцца

Апошнія запісы

«Пабачыць Гродна — і памерці». Як наш горад стаў міжваеннай «сталіцай самагубцаў»

У міжваенны час Гродна набыло незвычайную славу. Горад стаў месцам прыцягнення незвычайных турыстаў - тых,…

21 лістапада 2024

«Нармальны быў гастраном — цяпер там прадаюць шпалеры». Ці хапае крамаў у цэнтры Гродна?

Ці хапае ў цэнтры Гродна прадуктовых крам? Спрэчкі наконт гэтага выклікала адкрыццё на перакрыжаванні Савецкай…

21 лістапада 2024

Дзе арганізаваць святочную фотасесію? Гродзенскія студыі ўжо падрыхтавалі навагоднія лакацыі

Прыбраныя ялінкі, свечкі, навагоднія вянкі і гірлянды, аксаміт, светлы ці цёмны фон на выбар. Гродзенскія…

19 лістапада 2024

«Перад выбарамі - спрыяльны час для петыцый». Як прымусіць чыноўнікаў вырашаць праблемы і чаму новая пляцоўка «меркаванне.бел» для гэтага не пасуе

Улады стварылі новую платформу “меркаванне.бел”. Яе пазіцыянуюць як анлайн-пляцоўку, на якой кожны зможа ў вольнай…

15 лістапада 2024

«У Гродне жывуць тыя яшчэ „шалёныя імператрыцы“». Стваральніца брэнда Krikate расказала, як дабралася да парыжскага тыдня моды

Калекцыя адзення гродзенкі Кацярыны Карлацяну дэбютавала гэтай восенню на Парыжскім тыдні моды. А пачыналася ўсё…

14 лістапада 2024

«Першы прыбытак патраціў на станок». Гродзенец у школе выточваў біты, а ў 27 гадоў адкрыў сваю вытворчасць мэблі

Гродзенец Раман Нагула амаль паўжыцця працуе з дрэвам. Школьнікам ён пачынаў з бейсбольных біт, а…

13 лістапада 2024