У жніўні ў Гродне загаварылі пра змены на Валковіча — вуліца можа пазбавіцца апошніх драўляных дамоў. Стогадовыя будынкі разам з зямлёй выставілі на аўкцыён, які быў запланаваны на 20 жніўня. Але на куплю зямлі з дамамі не знайшлося ахвотных.

Горад прапаноўваў інвестарам на месцы старых дамоў пабудаваць сучасны 2−3- павярховы шматкватэрны жылы комплекс. Жыхарам прапанавалі выплаціць кампенсацыю ці даць іншае жыллё.

У выпадку продажу зямлі пад знос траплялі дамы № 5, 5а, 7 і 7а. У некаторых з іх яшчэ жывуць людзі.

Дом № 5

У доме № 5 жыве тры сям'і. Пабудова яшчэ ў добрым стане.

«Шкада, вядома, але час прыйшоў пераязджаць. Дамы сваё аджылі, — кажа адзін са старажылаў дома. — Мая сям’я ў пабудове жыве з пасляваенных гадоў, да гэтага яна належала нейкаму польскаму пану. Яго прагналі. Калі дадуць кватэру на Альшанцы, значыць паеду туды. Выбару ў нас няма».

Дом № 5а

У вялікім асабняку № 5а жыве толькі адна сям’я — жанчына Вольга з двума маленькімі дзецьмі.

«Ужо шэсць гадоў у гэтым доме мы жывем адны, зрабілі сабе добры рамонт у кватэры. Усе астатнія жыхары атрымалі новае жыллё. Згодна з заключэннем дом № 5а ў аварыйным стане, акрамя нашай кватэры. У выпадку чаго, мы гатовыя на пераезд, напрыклад на падменнае жыллё, а пасля засяліцца ў дом, які тут хочуць пабудаваць. Або згодныя на кватэру ў гэтым жа раёне, але на ўскраіну горада мы не паедзем».

Дамы № 7 і 7а

У будынках 7 і 7а зараз не жывуць людзі, але ў іх ёсць уладальнікі, якія таксама згодныя на добрую кампенсацыю, або жыллё ў цэнтры горада.


«Такую прыгажосць трэба шанаваць». Чаму фатографка здымае маладых у атмасферы Новага свету


Гісторыкі заступіліся за будынак № 5

Гродзенскія гісторыкі тым часам заступіліся за драўляныя пабудовы на Валковіча і калектыўна падалі заяўку на ўключэнне ў спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў будынка № 5. Гэты дом пабудаваны ў канцы ХІХ — пачатку ХХ стагоддзяў. Ён вельмі цікавы ў архітэктурным плане. Унікальны тым, што стаіць на падмурках суконнай мануфактуры Тызенгаўза другой паловы XVIII стагоддзя.


За апошнія некалькі галоў вуліца Валковіча пазбавілась некалькіх драўляных будынкаў, цаглянай кузні сям'і Свідэрскіх, а таксама маленькага будынка крамы каланіяльных тавараў.

Перадрук матэрыялаў Hrodna.life магчымая толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Кантакт [email protected]