Спадчына

У Гродне адбудавалі каралеўскую рэзідэнцыю Аўгустова. У маштабе 1/100

Падрабязны макет каралеўскай рэзідэнцыі Аўгустова з’явіўся ў пачатку студзеня ў краязнаўчым музеі гродзенскай гімназіі № 4. Макет некалькі месяцаў ствараў інжынер Ігар Адасік.

Цяжка ўявіць, як некалі выглядала Аўгустова — рэзідэнцыя апошняга караля Рэчы Паспалітай, што знаходзілася на сённяшняй вуліцы Рэпіна ў Гродне. Пра яе да нас дайшло няшмат інфармацыі. Але гады пошукаў далі краязнаўцам і гісторыкам магчымасць не толькі «адбудаваць» сядзібу ў паменшаным выглядзе, але і знайсці яе апошніх уладальнікаў.

Матэрыялы для музея збіралі ўсёй школай

Краязнаўчы музей у гімназіі № 4 быў адкрыты ў 2009 годзе. Да гэтага некалькі гадоў для яго збіралі экспанаты і інфармацыю. Трапіць туды не складана: трэба толькі звярнуцца ў школу.

Адзін з пакояў краязнаўчага музея гімназіі № 4, кіраўніком якога з’яўляецца Вольга Грамыка
«Пры стварэнні музея мы адразу абралі накірунак, бо наша ўстанова знаходзіцца на былой тэрыторыі маёнтка Аўгустова — рэзідэнцыі караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага, — распавядае кіраўнік музея, гісторык Вольга Грамыка. — Матэрыял для музея збіралі шмат часу, ён цікавы і сёння малавядомы ў нашым раёне. Мы пачалі справу з мноствам дзяцей і настаўнікаў. Даследавалі ўсё каля гімназіі: прыроду, гісторыю, апытвалі людзей».

Макет зрабіў бацька школьніцы

Некалькі гадоў таму ў гімназіі ўжо зрабілі больш просты макет сядзібы пры падтрымцы Цэнтра краязнаўства і турызму. У 2017 годзе за вялікі макет узяўся інжынер Ігар Адасік у якога ў гімназіі вучыцца дачка. Ён мае вялікі досвед у стварэнні макетаў.

«Хацелі менавіта макет на другую палову 18 стагоддзя, калі стваралася каралеўская рэзідэнцыя», — дадае Вольга Грамыка.

Усё лета Ігар Адасік скрупулёзна вывучаў сабраную дакументацыю па рэзідэнцыі Аўгустова. Па нешматлікіх малюнках і фатаграфіях яму давялося ствараць цэлы комплекс. Спачатку ён старанна прамалёўваў усё на камп’ютары, а пасля стварыў пробныя макеты. Потым прыйшоў час фінальнай версіі. Яе маштаб — 1/100.

«У працы Ігара выканана ўсё да драбнюткіх дэталяў. Усё, што мог знайсці дакладна, ён увасобіў, а чаго не хапала — давялося крыху дадумваць. Для нас важна было паказаць не толькі сядзібу і іншыя будынкі, але і парк, які там быў. Важна, каб дзеці маглі паглядзець, што такое французскі (рэгулярны) парк, а што такое англійскі (пейзажны) парк».

Рэзідэнцыі зацікавілі, але працэс стварэння надта марудны

Макет яшчэ дарабляецца, тлумачыць Ігар. Асноўная складанасць для яго — недахоп інфармацыі. «Ніякіх чарцяжоў у мяне не было, а толькі малюнак і фатаграфіі. Але і так атрымалася нешта зрабіць, нават колер вызначыць», — кажа Ігар. Ствараючы гэты макет, ён думаў ужо і пра іншыя каралеўскія рэзідэнцыі. Але працэс стварэння такіх макетаў вельмі доўгі: выдаткаваць яшчэ два гады на падобную працу ён пакуль не гатовы.

Ігар Адасік вядомы як стваральнік серыі папяровых мадэляў беларускі замкаў — і тых, што яшчэ існуюць, і тых, ад якіх нават руін не засталося. З 2012 года ён стварыў мадэлі 16 гістарычных будынкаў - і не толькі замкаў, але і цэркваў, тыповага млына-ветрака і нават Нацыянальнай бібліятэкі. Таму досвед у мадэляванні ў яго вельмі багаты.

Аўгустова шукалі не там?

Вуліца Рэпіна сёння забудаваная сучаснымі дамамі. Раскопкі калісьці вяліся, але археолагам нічога не ўдалося знайсці. На думку Вольгі Грамыка, раскопкі праводзілі не ў тым месцы.

Адзін з апошніх выглядаў палаца Аўгустова. Рэзідэнцыя караля з’явілася тут у 1770-х гадах: палац, капліца, гаспадарчыя пабудовы і парк на цэлых 20 гектараў з трыма злучанымі сажалкамі. Пасля падзелаў Рэчы Паспалітай Кацярына перадала Аўгустова О’Брайнам дэ Ласі, якія гаспадарылі тут наступныя амаль 150 гадоў. Падчас I сусветнай каралеўскі палац у стылі класіцызму спалілі расiйскія войскі, што адступалі, парк пайшоў на драўніну.
«Гісторыяй рэзідэнцыі мала хто падрабязна займаўся. Нам трэба было, мы і знайшлі здымкі, якія пасля накладваліся адзін на адзін і звяраліся. Нашы пошукі давялі і да таго, што ўдалося знайсці апошніх уладальнікаў, а менавіта Нэлі О’Браен дэ Ласі, якая жыла ў Аргентыне. Так што можна з упэўненасцю сказаць, што раскопкі на тэрыторыі сядзібы яшчэ не вяліся».

Пры карале карчма — не частка Аўгустова

Недалёка ад рэзідэнцыі караля была пабудавана карчма, якая захавалася да нашых дзён. Многія сёння памылкова лічаць яе часткай рэзідэнцыі 18 стагодзя. Але насамрэч яна не ўваходзіла ў той комплекс. Таму ў макет яна не патрапіла. Карчма была часткай маёнтка і комплексу Аўгустова пры дэ Ласі (разам з капліцай, якая таксама захавалася).


Аўгустова было адной з трох гродзенскіх рэзідэнцый Станіслава Аўгуста Панятоўскага. У 18 стагоддзі ўсе яны знаходзіліся за горадам, а сёння ўжо ў межах Гродна. Будынкі палацаў у Панямуні і Станіславова захаваліся.

Падзяліцца

Апошнія запісы

«Пабачыць Гродна — і памерці». Як наш горад стаў міжваеннай «сталіцай самагубцаў»

У міжваенны час Гродна набыло незвычайную славу. Горад стаў месцам прыцягнення незвычайных турыстаў - тых,…

21 лістапада 2024

«Нармальны быў гастраном — цяпер там прадаюць шпалеры». Ці хапае крамаў у цэнтры Гродна?

Ці хапае ў цэнтры Гродна прадуктовых крам? Спрэчкі наконт гэтага выклікала адкрыццё на перакрыжаванні Савецкай…

21 лістапада 2024

Дзе арганізаваць святочную фотасесію? Гродзенскія студыі ўжо падрыхтавалі навагоднія лакацыі

Прыбраныя ялінкі, свечкі, навагоднія вянкі і гірлянды, аксаміт, светлы ці цёмны фон на выбар. Гродзенскія…

19 лістапада 2024

«Перад выбарамі - спрыяльны час для петыцый». Як прымусіць чыноўнікаў вырашаць праблемы і чаму новая пляцоўка «меркаванне.бел» для гэтага не пасуе

Улады стварылі новую платформу “меркаванне.бел”. Яе пазіцыянуюць як анлайн-пляцоўку, на якой кожны зможа ў вольнай…

15 лістапада 2024

«У Гродне жывуць тыя яшчэ „шалёныя імператрыцы“». Стваральніца брэнда Krikate расказала, як дабралася да парыжскага тыдня моды

Калекцыя адзення гродзенкі Кацярыны Карлацяну дэбютавала гэтай восенню на Парыжскім тыдні моды. А пачыналася ўсё…

14 лістапада 2024

«Першы прыбытак патраціў на станок». Гродзенец у школе выточваў біты, а ў 27 гадоў адкрыў сваю вытворчасць мэблі

Гродзенец Раман Нагула амаль паўжыцця працуе з дрэвам. Школьнікам ён пачынаў з бейсбольных біт, а…

13 лістапада 2024