Брытанскі кароль Карл III (ранейшы прынц Чарльз) мог бы стаць чаканым госцем на святкаванні 200-годдзя Аўгустоўскага канала. Чаму? Справа ў тым, што з будаўніцтвам канала звязаны быў прапрапрадзед Карла!
Расказваем пра сувязі брытанскай каралеўскай сям'і з Гродзеншчынай і Аўгустоўскім каналам.
Маўрыцый Гаўке: быў з Касцюшкам, прысягнуў Аляксандру, будаваў канал
Калі ў 1815 г. паўстала аўтаномнае ў складзе Расійскай Імперыі Царства Польскае, уладу ў ім атрымалі былыя напалеонаўскія генералы, якія прысягнулі на вернасць імператару Аляксандру І. Сярод іх быў і Маўрыцый Гаўке, спольшчаны саксонец, які гераічна змагаўся ў шэрагах арміі Тадэвуша Касцюшкі і цэлы год у 1813 г. абараняў ад рускіх крэпасць Замасць.
У Царстве Польскім Гаўке кіраваў корпусам інжынераў і артылерыяй, а калі паўстаў план будовы Аўгустоўскага канала, то арганізаваць будаўніцтва даручылі менавіта яму. Гаўке спыніў свой выбар на маладым афіцэры Ігнацыі Прандзінскім, якога прызначыў праекціроўшчыкам канала.
Прандзінскі быццам нават сказаў Гаўке: «Я фартыфікатар і не ўмею будаваць каналы», на што атрымаў адказ ад Гаўке: «Я не магу ўстаць перад расійскім імператарам і сказаць, што ў Польшчы няма ніводнага афіцэра, які б не мог запраектаваць нейкі канал».
Застрэлілі ўласныя салдаты
У выніку канал пабудавалі, некаторыя будаўнічыя матэрыялы дастаўлялі нават з асабістага маёнтка генерала Гаўке. Аднак лёс генерала склаўся трагічна.
У лістападзе 1830 г. у Варшаве пачалося антырасійскае паўстанне. Гаўке, які тады ўжо быў вайсковым міністрам, добра ўсведамляў, на што ідуць паўстанцы, і паехаў іх супакойваць.
На заклікі салдат «Генерал, вядзі нас у бой» ён запрапанаваў ім вярнуцца ў казармы. Салдаты далі ў генерала залп, пацэліўшы ў яго аж 19 разоў. Гаўке сканаў на месцы.
Як паўстала дынастыя Батэнбергаў
Пасля разгрому паўстання, у якім, дарэчы, прынялі ўдзел тры сыны Гаўке, Мікалай І распарадзіўся паставіць у Варшаве помнік генералам, забітым паўстанцамі. Адзін з львоў на помніку сімвалізаваў акурат Маўрыцыя Гаўке, які быў не столькі прыхільнікам расійскага імператара, колькі не хацеў, каб любімая ім краіна заглыбілася ў чарговую крывавую завіруху.
Дзвюх асірацелых дачок генерала (а жонку Гаўке паўстанцы таксама забілі) ўзяла на выхаванне жонка Мікалая І Аляксандра. Дзяўчынкі выраслі сімпатычныя і ўвесь час былі пры двары ў якасці фрэйлін.
Адна з сясцёр, Юлія Гаўке, трапіла на вочы Аляксандру Гесэн-Дармштацкаму, роднаму брату жонкі будучага расійскага імператара Аляксандра ІІ. Праз нейкі час Юлія зацяжарыла. У такіх выпадках фрэйліну, як правіла, выдавалі замуж за якога-небудзь афіцэра, але князь Аляксандр Гесэн-Дармштацкі вырашыў ажаніцца са сваёй каханай, што было абсалютна незвычайна і ў Расіі бадай немагчыма.
Яны разам уцякаюць з Расіі ў Аўстрыю, дзе доўга жывуць у горадзе Батэнбергу і нараджаюць пецярых дзяцей. Ад іх, Аляксандра і Юліі, пачалася дынастыя Батэнбергаў, адзін з прадстаўнікоў якой нават стаў князем Балгарыі.
З Батэнбергаў у Маўнтбатэны
Напярэдадні Першай сусветнай вайны некаторыя з Батэнбергаў перабраліся ў Вялікабрытанію, дзе краінай кіравалі іх сваякі з Гесэнскай дынастыі. Адзін з унукаў Юліі і Аляксандра Луіс Маўнтбатэн стаў брытанскім адміралам і апошнім віцэ-каралём Індыі, пры якім гэтая краіна атрымала незалежнасць.
У 1917 г. Батэнбергі перайменаваліся ў Маўнтбатэнаў, таксама як і Гесэны сталі Віндзарамі. Не да гонару было насіць англійскім дынастыям нямецкія прозвішчы.
Кажуць, што менавіта Луіс Маўнтбатэн пазнаёміў брытанскую прынцэсу Лізавету са сваім пляменнікам Філіпам, прапраўнукам будаўніка Аўгустоўскага канала, польска-саксонска-французска-расійскага генерала Маўрыцыя Гаўке.
Кроў Гаўке ў венах Віндзараў
Філіп і Лізавета пажаніліся ў 1947 г., праўда, на вянчанне не былі запрошаныя цёткі Філіпа, паколькі іх мужы змагаліся ў гады Другой Сусветнай вайны на баку Германіі. Ды і Філіпу прыйшлося ўзяць дзявочае прозвішча сваёй маці - Маўнтбатэн.
Менавіта таму цяпер кароль Карл III і спадкаемцы брытанскага трона носяць падвойнае прозвішча Віндзар-Маўнтбатэн, хаця ў іх венах таксама цячэ кроў генерала Маўрыцыя Гаўке.
Спадкаемцы генерала Маўрыцыя Гаўке:
Юлія Гаўке (па мужу Батэнберг) → Людвік Аляксандр Батэнберг (з 1917 — Маўнтбатэн) → Аліса Маўнтбатэн, прынцэса грэчаская і дацкая → Філіп Грэчаскі, герцаг Эдынбургскі, муж каралевы Лізаветы II → Карл III, кароль Брытаніі