80 гадоў таму — 12 ліпеня 1945 года ў Аўгустоўскай пушчы — на тэрыторыі сучаснай Польшчы, Літвы і Беларусі — пачалася адна з самых вялікіх спецаперацый савецкіх ваенных супраць польскага падполля, якое тады актыўна дзейнічала ў рэгіёне.

Было затрымана каля 7000 чалавек. Каля 600 — расстраляныя, лёс прыкладна тысячы да гэтага часу застаецца невядомым. Паводле адной з версій, частку з іх забілі і пахавалі ў лесе каля беларускай вёскі Калеты. Hrodna.life распавядае пра падзеі 80-гадовай даўніны ў лясах каля Гродна.

У Беларусі аб аперацыі, якая потым атрымала назву «Аўгустоўская аблава», кажуць мала. У суседняй жа Польшчы 12 ліпеня — гэта дзень памяці загінуўшых у тыя летнія дні. Ваенная аперацыя працягвалася з 12 па 28 ліпеня 1945 года і мела катастрафічныя наступствы.

Пасля вайны — без міру: як пачалася карная аперацыя ў Аўгустоўскай пушчы

Савецкія войскі атрымалі кантроль (як лічылася афіцыйна) над тэрыторыяй Аўгустоўскай пушчы ў кастрычніку 1944 года. Тады на некалькі месяцаў лінія фронту ўстанавілася ўздоўж Аўгустоўскага канала. У студзені 1945 года войскі 3-га Беларускага фронту пачалі наступ на Кёнігсберг (цяпер Калінінград).

Аднак сапраўднага міру на гэтых землях пакуль не было. Пасля роспуску Арміі Краёвай (АК), прызнанага польскага падполля, многія яе байцы працягвалі ўзброены супраціў на ўсходзе Польшчы, паўднёвым усходзе Літвы і захадзе Беларусі. Яны лічылі гэтыя тэрыторыі польскімі і адмаўляліся прызнаваць ўладу СССР.

Савецкага кіраўніцтва разглядала польскія атрады як бандфармаванні, якія падлягаюць ліквідацыі. У сваю чаргу, самі партызаны лічылі сілы НКВД акупацыйнымі. Сярод тых, хто адмовіўся падпарадкавацца загаду аб роспуску, быў палкоўнік Уладзіслаў Лінярскі (псеўданімы — Мсціслаў, Ян, Дзядзя), камандуючы Беластоцкай акругай АК. Ён абвясціў аб стварэнні новай структуры — Грамадзянскай Арміі Краёвай (Armia Krajowa Obywatelska, АКО), колькасцю каля 20 тысяч чалавек.

Пасля прасоўвання Чырвонай арміі на захад частка байцоў АКО засталася ў Аўгустоўскай пушчы і фактычна ўзяла пад кантроль тэрыторыю. Да іх далучыліся і некаторыя мясцовыя жыхары. Паводле ацэнак гісторыкаў, да пачатку савецкай аблавы ў падполлі ў гэтым раёне знаходзілася да 3,5 тысячы чалавек, але рэальна ўзброеных было не больш за 500.

Дзёрзкія акцыі польскага падполля і завышаныя дадзеныя савецкіх ваенных

Вясной 1945 года ў пушчы дзейнічала некалькі буйных польскіх атрадаў: «Гром», «Бярозы», «Скалы», «Сноп». Былі таксама шматлікія роты і падпольныя групы. У Сувалкскім павеце ў гэты час налічвалася 20 рот і каля 400 адзінак зброі.

Аднак, паводле рассакрэчаных у 2015 годзе архіўных дакументаў, савецкае камандаванне ацэньвала колькасць польскіх узброеных фармаванняў на Сувальшчыне ў 8 тысяч чалавек, з артылерыяй і танкамі. Магчыма, такія дадзеныя былі звязаны з досыць жорсткімі дзеяннямі партызан. Напрыклад, да траўня 1945 года ў павеце было знішчана 17 з 18 міліцэйскіх участкаў, а з 14 сельсаветаў працавалі толькі два. Актыўнасць падполля адзначалася не толькі ў Польшчы, але і на тэрыторыі Беларусі.

Беларускі даследчык Яўген Сямашка, аўтар кнігі «Армія Краёва на Беларусі», прыводзіць лічбы: у жніўні 1944 года на тэрыторыі цяперашняй Гродзенскай вобласці налічвалася каля 5000 актыўных удзельнікаў АК і да 11 000 у рэзерве — у так званых «пляцуўках». Паводле яго дадзеных, асобныя падпольныя групы дзейнічалі ў Беларусі да 1953 года — супраць іх змагаліся ўжо атрады МДБ СССР.

Таму, зыходзячы з сваіх дадзеных, летам 1945 года савецкае кіраўніцтва вырашыла скончыць з супрацівам у Аўгустоўскай пушчы адным рашучым ударам. Так пачалася найбуйнейшая карная аперацыя пасляваеннага часу — Аўгустоўская аблава. У Польшчы яе часта называюць «малой Катынню».

Як рыхтавалася і праводзілася Аўгустоўская аперацыя: разведка, зачысткі, арышты

Згодна з баявым загадам НКУС і данясеннямі, аперацыя рыхтавалася загадзя — засяроджванне войскаў тут пачалося яшчэ ў траўні. Польскія гісторыкі Гжэгаж Матыка, Лукаш Адамскі і Гжэгаж Грыцюк лічаць, што аблава стала часткай больш шырокай кампаніі па падаўленні супраціву ў Літве, Латвіі, Заходняй Беларусі, Украіне і ўсходняй Польшчы.

Першыя арышты ў рэгіёне пачаліся ў траўні і чэрвені. Так, 27 чэрвеня ў гмінах Сейны і Гібы затрымалі 139 чалавек, якіх савецкія ўлады палічылі партызанамі. Аналагічныя затрыманні праходзілі каля вёскі Штабін.

Ход аперацыі дэталёва апісаны ў кнізе Miotła Stalina. Polska północno-wschodnia i jej pogranicze w czasie obławy augustowskiej w 1945 roku («Сталінская мятла. Паўночна-Усходняя Польшча і яе памежжа ў час Аўгустоўскай аблавы ў 1945 годзе») пад рэдакцыяй вышэйзгаданых гісторыкаў.

У баявым загадзе ад 11 ліпеня пазначана: «Войскі 50-й арміі з 12 па 18 ліпеня праводзяць аперацыю па прачэсваннні ляснога масіва ў раёне Сувалкі, Аўгустуў, Язево, Ліпск, Друскенікі, Сейны». Ваенныя займалі пазіцыі паблізу беларускіх вёсак Нямнова, Дэмбрава, Прывалка, Лукавіца, Сапоцкін. Прачэсванні вяліся днём, ноччу выстаўляліся пасты.

Байцы дзейнічалі ўлегцы, артылерыю і мінамёты трымалі напагатове. Было загадана арыштоўваць мужчын — як узброеных, так і проста падазроных. Потым іх перадавалі контрразведцы СМЕРШ, а далей іх забіралі канвойныя групы.

Прачэсванне, мяркуючы па дакументах, выглядала так: ваенныя станавіліся ў ланцужок і ішлі па раней вызначаных сектарах. У кожнай такой аперацыі ўдзельнічала да двух тысяч чалавек. Населеныя пункты блакаваліся, праводзіліся ператрусы, арыштоўвалі падазроных. Абследаваліся нават кроны дрэў.

13 ліпеня разведгрупа затрымала чацвярых узброеных людзей у польскай форме. Адзін з іх, Выдрыцкі — інструктар баявой падрыхтоўкі атрада «Гром», — быў зняты з дрэва з гранатай. З допытаў сталі вядомыя звесткі аб атрадах «Гром», «Бяроза» і «Скала».

Адзін з іх, і самы буйны — «Гром» — быў ліквідаваны 15 ліпеня ў раёне возера Бражаны. Там савецкія салдаты сутыкнуліся з 11 мужчынамі, трое з якіх былі забітыя. Пазней яшчэ 49 чалавек ўзялі ў палон. Сярод іх быў і камандзір Станіслаў Крупскі (псеўданім «Гром»). Сярод трафеяў — 25 вінтовак, 16 аўтаматаў, 6 ручных кулямётаў, больш за 3500 патронаў.

Зброю знаходзілі і ў вёсках. Напрыклад, у Калетах у мясцовага жыхара пад падлогай знайшлі наган, у вёсцы Бержалоўцы — тры гранаты і 237 патронаў, схаваных у вуллі. Разбірацца, ці былі гэта байцы падполля або проста напалоханыя жыхары, ніхто не стаў.

Ніхто не вярнуўся: страты з савецкага боку і ўспаміны відавочцаў

Страты былі і з савецкага боку. Па дадзеных банку дадзеных «Мемарыял», старшына Панцялей Бугаеўскі (267-ы стралковы полк унутраных войск НКВД) загінуў 28 ліпеня на поўдзень ад вёскі Плінішча Вельке. У той жа дзень загінулі сяржант Сцяпан Ізюмкін і чырвонаармеец Абрам Сапагоў. 1 ліпеня на міне падарваўся чырвонаармеец Мікалай Аднараленка. Усе пахаваныя ў Саколцы.

На сайце польскага Інстытута нацыянальнай памяці апублікаваныя сведчанні відавочцаў. Напрыклад, Яўгенію Лазарскую — удаву каменданта АК Аляксандра Лазарскага (Скарупка) — упершыню арыштавалі ў студзені 1945 года. Пасля вызвалення яе зноў затрымалі 17 ліпеня. Пазней арыштавалі яе дачку і жонку загінулага брата Аляксандра. Іх лёс невядомы.

Ксёндз Станіслаў Высоцкі, які з’яўляўся старшынёй і заснавальнікам Саюза памяці ахвяраў Аўгустоўскай аблавы, памятаў затрыманне свайго бацькі і двух сясцёр супрацоўнікамі НКУС. Тады яму было сем гадоў.

Арыштаваных людзей спачатку трымалі ў часовых лагерах пад адкрытым небам, адводзілі на допыты, а потым везлі ў невядомым кірунку.

Дачка аднаго з затрыманых, Схаластыка Зяневіч, якой на той момант было менш сямі гадоў, успамінала тыя падзеі:

— Я вельмі добра памятаю, што здарылася. На працягу сямі дзён я хадзіла з мамай, каб пабачыць бацьку, але ні разу яго не паказалі. На восьмы дзень я прыйшла з мамай, але адрыны былі пустыя. Па гэты дзень ніхто нічога не ведае — што з ім здарылася, дзе ён пахаваны.

У 2011 годзе Соф’я Валіцкая, дачка яшчэ аднаго затрыманага, казала на цырымоніі памяці:

— Мне было дзесяць гадоў, калі забралі бацьку. Трымалі яго ў школе, маці насіла яму паесці. Ён казаў, каб дзецям пакінула, бо ён вернецца, што ён невінаваты. Я добра памятаю тыя словы.

Бацька Соф'і так і не вярнуўся.

Пасля аблавы: масавыя арышты, пакаранні і пошукі пахаванняў праз гады

Па выніках аблавы структуры АКО ў Сувальском і Аўгустоўскім паветах былі знішчаны. Арыштоўвалі як удзельнікаў падполля, так і выпадковых жыхароў. Усяго было затрымана каля 7000 чалавек. Лёс 1600 з іх застаецца невядомым да гэтага часу. З акружэння ў Аўгустоўскай пушчы выйшаў толькі атрад «Бярозы».

21 ліпеня 1945 года кіраўнік контрвыведкі Смерш Віктар Абакумаў паведаміў Лаўрэнцію Берыі, што з 7049 затрыманых 5115 былі вызваленыя пасля допытаў, каля 500 літоўцаў перададзены НКВД Літоўскай ССР. Астатнія зніклі або былі забітыя. Паводле дадзеных Галоўнай ваеннай пракуратуры РФ, узбуджаныя крымінальныя справы ў дачыненні да затрыманых людзей да суда не дайшлі. Па польскіх дадзеных, пакаралі смерцю як мінімум 592 чалавекі. Дзе яны пахаваны — невядома.

Польскі Інстытут нацыянальнай памяці ўжо шмат гадоў шукае звесткі аб масавых пахаваннях. Даследчыкі ўпэўненыя: пакарання адбываліся за межамі сучаснай Польшчы — як мяркуецца, у Калінінградскай вобласці або раёне вёскі Калеты ў Беларусі.

Польскі гісторык Кшыштаф Ясевіч адзначае, што аблава ахоплівала не толькі частку Польшчы, але і частку Гродзеншчыны. Таму ідэальным месцам пахавання расстраляных людзей у лагістычным сэнсе будзе менавіта стык межаў трох краін — дзесьці ў наваколлі вёскі Калеты, лясніцтва Гедзь і возера Шлямы (Szelment Wielki).

У Калеты ў 2020 годзе ездзілі журналісты партала TUT.BY. Мясцовыя жыхары пра падзеі 80-гадовай даўніны асабліва нічога не памяталі. А калі памяталі — то ўсё роўна казалі, што нічога не ведаюць.

— Прыязджала тэлебачанне не так даўно да нас. Але што ж я памятаю? Я нарадзіўся ў 1952 годзе. Бацькі нічога не распавядалі нам, а калі і нешта казалі, то я не памятаю, — расказваў тады журналістам мясцовы жыхар Адольф.
— А палякі былі тут?
— Былі, а потым прайшла вайна — і яны туды пайшлі, — паказвае ў бок мяжы мужчына.
— Як пайшлі?
— Ну, тэрыторыю тую палякам аддалі, і яны туды сышлі.

Яшчэ адна пажылая жанчына казала, што сама яна родам з вёскі ў некалькіх кіламетрах ад Калет. Муж яе старэйшы, і вось ён раней памятаў, што «палякаў у лесе білі» — але ўсё ўжо забыўся.

Пасля таго, як актыўныя дзеянні ў Аўгустоўскай пушчы скончыліся, савецкія войскі праводзілі тут так званыя «другасныя арышты». Яны працягваліся да восені 1945 года. Менавіта ў гэты час праходзілі допыты і пакаранні.

Як Аўгустоўскую аблаву трактуюць у афіцыйнай Польшчы і на афіцыйным узроўні ў Расіі? Як пра яе распавядаюць гісторыкі двух краін (у Беларусі гэтай тэмай ніхто сур’ёзна не займаўся)? Пра гэта чытайце ў нашым другім матэрыяле.