Стары савецкі анекдот: «Пытанне — Што рабіць, калі вы пабачылі ўспышку атамнага выбуха? Адказ — Упасці на зямлю, накрыцца прасцінай, і паўзці на могілкі». Сёння гэты жарт зусім не смешны. Хаця яшчэ пару гадоў таму небяспека атамнай вайны была чымсьці са сферы фантастыкі.
Новыя рэаліі жыцця, вайна ва Украіне і небывалая раней напружанасць паміж Расіяй і Захадам прымушаюць узгадаць, як мы ўсе раней рыхтаваліся да атамнай вайны. Тым больш, што сёння даступныя шматлікія ваенныя планы, абнародаваныя як Пентагонам, так і былымі саюзнікамі СССР па Варшаўскай дамове. А Уладзімір Пуцін наўпрост пагражае свету выкарыстаннем тактычнай ядзернай зброі.
Найбольш жорстка выглядалі планы атамнай вайны ў канцы 1950-х — пачатку 1960-х гг. Напрыклад, у 1962 г. амерыканскае міністэрства абароны распрацавала план ядзернай бамбардзіроўкі СССР, у выніку якога павінна было загінуць каля 54% насельніцтва краіны саветаў - больш за 100 мільёнаў чалавек.
Непасрэдна Гродна бамбардаваць натаўскія ястрабы не планавалі, а вось на Брэст павінна была ўпасці бомба магутнасцю каля 300 кілатон — гэта амаль ў 20 разоў магутней за бомбу, якую ў жніўні 1945 г. амерыканцы скінулі на Хірасіму. Чаму планавалася атакаваць Брэст — зразумела, бо гэта найважнейшы грузавы перавалачны пункт паміж Польшчай і СССР.
Найбліжэйшай да Гродна мэтай атамнага бомбавага ўдару станавіўся Беласток (бомба магутнасцю 100 кт). Асобныя атамныя зарады натаўскія бамбардзіроўшчыкі меліся скінуць на Баранавічы, Оршу і Быхаў - там знаходзіліся аэрадромы савецкіх стратэгічных бамбардзіроўшчыкаў.
У 1969 г. паўстаў новы план атамнай вайны з краінамі Варшаўскай дамовы. Ён прадугледжваў чатыры варыянты сілы ўдару, у выніку якіх толькі ў краінах сацыялістычнага лагера (без СССР) павінны былі загінуць ад 1,5 да 4 млн. чалавек. Аднак і ў такой «ашчаднай» версіі атамнай вайны бяспеку для Гродна ніхто не гарантаваў - менавіта ў раёне Гродна-Сувалкі-Калініград павінны былі канцэнтравацца войскі другога эшалону наступальнай групоўкі Варшаўскай дамовы, а ў Гродне тады знаходзіліся танкавы полк, шматлікія пяхотныя і іншыя часткі.
Чытайце таксама: Это уже не шутки. Что делать при ядерной аварии или взрыве
Савецкія вайскоўцы планавалі адказаць натаўцам не менш «дастойна». З абнародаваных цяпер палякамі дакументаў вядома, што саюзная СССР польская армія павінна была наступаць уздоўж Балтыкі праз Нямеччыну, Данію, Галандыю і Бельгію аж да Ла Манша праз атамную пустыню, якую савецкія бамбардзіроўшчыкі стварылі б на месцы гарадоў Кіль, Амстэрдам, Гамбург і Кале.
Як жа карціна выглядае цяпер? Беларусь з’яўляецца саюзнікам Расійскай Федэрацыі і ў выпадку ваеннага супрацьстаяння Расіі з краінамі НАТА можа стаць тэатрам ваенных дзеянняў. Гродзеншчыне можа быць адведзена асаблівая роля, бо кут на сутыку межаў Літвы, Польшчы і Беларусі ў Гродзенскім раёне — гэта беларуская тэрыторыя, найбліжэй за ўсё размешчаная да Калінінградскай вобласці Расійскай Федэрацыі.
Стратэгічную важнасць гэтага месца яшчэ ў 2015-м падкрэсліваў генерал-лейтэнант арміі ЗША Бэн Ходжэнс, камандуючы сіламі ЗША ў Еўропе:
«Эту зону мы называем Сувалкская брешь… За очень короткое время [белорусские и российские военные] могут объединиться и заблокировать литовско-польскую границу. И изолировать тем самым трех союзников [Литву, Латвию и Эстонию] НАТО от оставшегося альянса».
Таму пагранічча Літвы, Беларусі і Польшчы — гэта досыць рэальны тэатр ваенных дзеянняў.
Калі пачынаецца вайна, то сродкаў ужо ніхто не выбірае. Таму можна паспрабаваць спрагназаваць магчымы ядзерны ўдар і па нашым горадзе. Існуе маса анлайн-сімулятараў, якія дазваляюць вывучыць наступствы такой падзеі проста на карце. Мы выкарыстаем сімулятар nuclearsecrecy.com. Ён дае магчымаць уявіць працэс і наступствы атамнай бамбардзіроўкі любой кропкі на нашай няшчаснай планеце. Да 2015 года можна было таксама візуалізаваць атамны «грыб» у 3D-выглядзе. Мы скарысталіся такімі архіўнымі візуалізацыямі.
У якасці «кропкі 0» — месца, над якім узарвецца ядзерны боепрыпас, выбрана плошча Леніна. Зразумела, што правадыр сусветнага пралетарыяту заўсёды быў самай ненавіснай фігурай для капіталістаў з НАТА і цэліцца ворагі будуць найперш у ягоную асобу.
Найбольш верагоднае выкарыстанне тактычнага атамнага боепрыпасу магутнасцю прыкладна ў 1 кілатону. Гэта толькі 1/16 ад магутнасці бомбы, скінутай на Хірасіму ды Нагасакі, але гэта цэлы мільён кілаграмаў траціла, звычайнай выбухоўкі, калі казаць простымі словамі. У выпадку выбуху такога зарада над плошчай Леніна загіне 18 тысяч чалавек, яшчэ 40 тысяч атрымаюць апёкі і цяжкія траўмы (сімуляцыя па стане на 2015 года, цяпер разлікі даюць меншую колькасць ахвяраў). Гістарычны цэнтр горада перастане існаваць.
Аднак магчымы і сцэнарый, калі з нейкіх прычын Гродна будзе захоплены натаўскімі арміямі раней, чым расіянам удасца прыйсці на дапамогу свайму заходняму саюзніку. Зразумела, што тады мы станем патэнцыйным аб’ектам атамнай атакі ўжо з боку Расіі, бо ў сітуацыі сапраўднай вайны аніхто не будзе лічыцца са стратамі мірнага насельніцтва. Галоўнае, каб загінула як мага болей варожых салдат.
Чытайце таксама: Как гродненцам найти бомбоубежища, если они засекречены
Самы верагодны варыянт — удар ракетамі сярэдняй дальнасці «Іскандэр», якія размяшчаюцца на рухомых носьбітах, маюць дальнасць палёту 400−500 км і нясуць атамныя боегалоўкі магутнасцю да 50 кт. Такія ракеты ляцяць вельмі нізка, захоўваюць кіруемасць да самага канца і збіць іх надзвычай цяжка. У выпадку, калі такая ракета ўзарвецца над плошчай Леніна, у горадзе загіне 125 тысяч чалавек, яшчэ амаль 100 тысяч будуць траўмаваны. Ад Гродна застануцца толькі ўскраінныя мікрараёны накшталт Альшанкі. Ды і стаяць гэтыя раёны будуць на ўскраіне атамнай пустыні з радыусам у 5 кіламетраў.
Самая ж магутная ракета на ўзбраенні Расіі - міжкантынентальны ракетны комплекс «Ваявода», які павінен нанесці гарантаваны ракетны ўдар па ЗША і, у прынцыпе, пакласці канец сучаснай чалавечай цывілізацыі. Такая ракета наўрад ці некалі ўзарвецца над Гродна, бо і не можа быць на яго нацэлена. Аднак калі б такое адбылося, дык з твару Зямлі быў бы сцёрты ўвесь Гродзенскі раён, а вецер занёс бы радыёактыўныя прадукты аж да ваколіц Санкт-Пецярбурга.
Самым магутным атамным боепрыпасам, які быў узарваны людзьмі, стала так званая «Цар-бомба». Гэтую тэрмаядзерную бомбу, што нават цалкам не ўлазіла ў бомбавы адсек самалёта, узарвалі па загаду Мікіты Хрушчова ў гонар ХХІ З’езда Камуністычнай Партыі ў 1961 г. над астравамі Новай Зямлі. Выбуховая хваля ад гэтай пачвары тройчы абляцела зямлю, святло выбуху было бачна амаль за тысячу кіламетраў, а ядзерны грыб узняўся на вышыню больш за 60 кіламетраў. Такі выбух цалкам знішчыў бы не толькі Гродна, але і Парыж або Лондан. У выпадку выбуха над Гроднам былі б цалкам знішчаны некалькі памежных раёнаў Беларусі, Літвы і Польшчы разам з Беластокам і нават ваколіцамі Вільні. Загінулі б каля паловы мільёна людзей, яшчэ столькі ж атрымала б цяжкія траўмы.
Як бачым, атамны ўдар па нашым горадзе ў любым выпадку знішчыць большасць ягоных жыхароў і на многія дзесяцігоддзі зробіць немагчымым жыццё ў Гродне і бліжэйшых ваколіцах. Таму самы лепшы варыянт для ўсіх нас — не дапускаць на нашую тэрыторыю войскі ніякіх іншых дзяржаў, не далучацца да агрэсараў і захоўваць усёй краінай жорсткі ўзброены нейтралітэт, такі, які мае, скажам, Швейцарыя.
Беларусы і так занадта дорага заплацілі за войны розных імперый паміж сабой.
У матэрыяле выкарыстаны звесткі з артыкула Andrzej Fedorowicz. Na linii atomowego strzału // Focus Historia. 2015. Nr. 7−8. S. 30−34.
У міжваенны час Гродна набыло незвычайную славу. Горад стаў месцам прыцягнення незвычайных турыстаў - тых,…
Ці хапае ў цэнтры Гродна прадуктовых крам? Спрэчкі наконт гэтага выклікала адкрыццё на перакрыжаванні Савецкай…
Прыбраныя ялінкі, свечкі, навагоднія вянкі і гірлянды, аксаміт, светлы ці цёмны фон на выбар. Гродзенскія…
Улады стварылі новую платформу “меркаванне.бел”. Яе пазіцыянуюць як анлайн-пляцоўку, на якой кожны зможа ў вольнай…
Калекцыя адзення гродзенкі Кацярыны Карлацяну дэбютавала гэтай восенню на Парыжскім тыдні моды. А пачыналася ўсё…
Гродзенец Раман Нагула амаль паўжыцця працуе з дрэвам. Школьнікам ён пачынаў з бейсбольных біт, а…