У часы эканамічнага крызісу 1929−1931 гадоў і напярэдадні Другой сусветнай вайны частымі наведнікамі Гродна сталі астролагі і вешчуны. Яно і не дзіўна — у крытычныя моманты чалавек шукае гарантый, што ўсё будзе добра. Аўтары гістарычнага канала Hrodna 11:27 пагарталі старыя газеты, каб даведацца, якія «празорцы» наведвалі наш горад у той час.
Прадказвалі будучыню за палову дзённага заробку
Дзякуючы выступам на радыё вялікую папулярнасць здабыў «хірамант-астролаг» Рышард Мараўскі-Кальвіні. Ён быццам бы навучаўся ў Індыі ў «майстроў таемных ведаў», затым паляпшаў свае здольнасці за мяжой. З пачаткам сусветнага эканамічнага крызісу ў 1929 годзе ён стаў своеасаблівым «Кашпіроўскім» на польскім радыё.

На сеансы да Мараўскага-Кальвіні цягнуліся вялікія чэргі з жадаючых спазнаць сваю будучыню. У Гродне гэты «астролаг» спыняўся ў 1932 годзе ў гатэлі «Славянскі» на Дамініканскай, 18 і прымаў кліентаў у сябе ў пакоі № 20.
Мясцовая газета нават змясціла на сваіх старонках яго партрэт і так апісвала хіраманта: «Праз сваё прадбачанне, якое мяжуе з яснабачаннем, ён зацікавіў навуковы свет з-за вялізных таемных ведаў. Ён ведае мінулае і будучае кожнага. Яго парады бясцэнныя ў пытаннях жыццёвых, у справах шлюбу, фінансаў, судоў, латарэй».
Мараўскі-Кальвіні казаў, што прадказаць будучыню і распавесці мінуўшчыну па лініях на руках, па твары чалавека, а таксама, што было новым для таго часу, але даволі распаўсюджаным стала ў 1990-я гады — па фотаздымку і нават почырку.
Часцей за Мараўскага-Кальвіні Гродна наведваў «астролаг-вяшчун» Антоні Васілеўскі, які ў 1931−1932 гадах спыняўся ў гатэлі «Еўрапейскі» на вуліцы Дамініканскай, 24 і прымаў кліентаў з 10 да 20 гадзін у пакоі № 6. Ён абяцаў прадказаць будучыню па лініях на далоні і твары. І ўсяго ж за паўтара злотага (прыкладна палова дзённага заробку звычайнага рабочага). Праўда, у ліпені 1932 года падчас чарговага наведвання Гродна Васілеўскі кошты за «парады ў розных жыццёвых справах» зменшыў і пачынаў іх ад 1 злотага.



Дапамагалі стаць мільянерам за невялікую аплату
У сярэдзіне 1930-х гадоў распаўсюджванне атрымалі «вешчуны» новага тыпу — прадказальнікі вынікаў латарэі, якія маглі даваць розныя парады, але не асабіста, а па пошце.
Звычайна яны рэкламавалі свае паслугі ў газетах з вялікімі накладамі, такіх як «Kurjer Warszawski». Яны прапаноўвалі ахвочым стаць мільянерам, даслаўшы на адпаведны адрас ліст з укладзенымі ў яго грашыма. А яшчэ неабходна было падаць сваё імя ды адрас. Так, у 1936 годзе папулярнасцю карыстаўся «вяшчун» Галзані з Кракава. Ён таксама прапаноўваў дапамагчы ў каханні і іншых жыццёвых сітуацыях.

А вось «вядомы вяшчун Асавіцкі з Варшавы» распавядаў у рэкламе, што пра дапамозе «вібрацыйнага ключа» ён набыў шчаслівы білет латарэі і выйграў 1 млн злотых. Ён нават папярэджваў сваіх патэнцыйных кліентаў пра «псеўдавешчуноў» і заклікаў звяртацца да яго, прадстаўляючы дату нараджэння і чамусьці імя маці. А паўтара злотых трэба даслаць у Кракаў (а не Варшаву).

Як Вольф Месінг выступаў у Гродне
У 1938 годзе Гродна разам са сваёй трупай наведваў Вольф Месінг, імя якога звязваюць з прадказаннямі для Адольфа Гітлера і Іосіфа Сталіна. У адрозненні ад папулярных напачатку 1930-х гадоў астролагаў, які працавалі сам-насам з чалавекам, Месінг ладзіў калектыўныя выступы. Адзін з іх адбыўся ў Гродне 18 ліпеня 1938 года. Трапіць на яго можна было за квіток ад 30 грошай да паўтары злотага.

Месінг здзіўляў гледачоў сваімі мнематэхнічнымі здольнасцямі і гіпнозам, а таксама паказваў эксперыменты з тэлепатыяй, «каталепсіяй» ды прадказаннямі.

З пачаткам другой сусветнай вайны ў 1939 годзе Вольф Месінг трапіў у Гродна, заняты савецкімі войскамі, разам з яўрэйскімі бежанцамі, што ўцякалі ад нацыстаў з Польшчы. Месінг апынуўся ў мясцовай турме і нават, паводле легенды, загіпнатызаваў ахоўніка і выйшаў з камеры.
У сваіх успамінах Месінг узгадвае пра выступ у Гродне пасля таго, як горад быў заняты Саветамі. Гэты выступ яму асабіста запомніўся праз тое, што ён, хоць ужо паспеў даволі добра засвоіць рускую мову, часам яшчэ казаў «поўную лухту».
«Аднойчы, калі перад самым выступам у мяне здарылася моцная спрэчка ў гасцініцы, я выйшаў да гледачоў і звярнуўся да іх: „Панове таварышы“. Добра, яшчэ, што справа была ў Гродне, горадзе, які зусім нядаўна быў польскім. Гледачы вырашылі, што я пажартаваў, і засмяяліся. На самай справе ж я зусім не ўмею жартаваць».
Праваслаўны «цудатворца» з беларуска-польскага памежжа
У адрозненні ад разрэкламаваных гастралёраў-астролагаў, сярод мясцовага вясковага люду вялікай папулярнасцю карысталіся розныя варажбіткі ды «цудатворцы». Часам узгадкі пра іх траплялі і на старонкі газет, якія намагаліся паказаць «цямрэчу, якая пануе на нашых землях». Напрыклад, вельмі вядомым на Гродзеншчыне «цудатворцам» у міжваенны час быў праваслаўны святар Кудрацоў з Кляшчэляў (сёння — тэрыторыя Польшчы на самай мяжы з Беларуссю).
Да святара-цудатворца людзі ехалі з усёй міжваеннай Польшчы. Аднак у студзені 1935 года падчас наведвання Кудраўцова здарыўся прыкры выпадак. Да яго прыехала маладая пара з-пад Коўля — Вольга Краўчук, якая кінула мужа і збегла разам з каханкам Рыгорам Навячоўскім. І вось пасля некалькіх дзён побыту пры цудатворцу паміж каханкамі не заладзіліся адносіны. Дайшло да таго, што Навячкоўскі двойчы ўдарыў сякераю па галаве Краўчук. Тую ў цяжкім стане даставілі ў гродзенскі шпіталь.
Жахлівы выпадак пад Вільняй
Падобныя ж сітуацыі з рознымі «вешчунамі» траплялі на старонкі гродзенскіх газет і з іншых куткоў Заходняй Беларусі. 27 лютага 1932 года журналісты паведамілі пра знахара Адольфа Барліна з вёскі Буцькі Дзярэўніцкай гміны (сёння Пружанскі раён Брэсцкай вобласці). Ён стаў вядомы пасля таго, як вылечыў дзяўчынку ад небяспечнага верада (язвы). Але ў хуткім часе два яго пацыенты, якіх ён лекаваў зёлкамі, сканалі. Пра гэта ў паліцыю паведамілі родныя памерлых, пасля чаго Барліна арыштавалі.
3 красавіка 1934 года гродзенская газета паведамляла пра страшны выпадак, які здарыўся ў вёсцы Ляхіцкія Бары каля Вільні. У мясцовай жыхаркі Анелі Шымановай на каросту захварэў шасцігадовы сын Антук. Суседка Лабанава, якая была вядомая як знахарка, параіла намазаць дзіця дзёгцем, напаліць печ і пратрымаць у ёй хлопчыка пяць хвілін. Пасля гэтага хвароба мела знікнуць.
Шыманова не наважылася супраціўляцца парадзе знахаркі і пасадзіла хлопчыка на лапату ды замкнула яго ў печы. Калі ж хлопчык пачаў крычаць, знахарка супакойвала маці, што гэта так з яго хвароба выходзіць. Таму хлопчык і жудасна крычыць. Калі ж крыкі сціхлі, Лабанава вырашыла, што хвароба сышла, тым больш, што мінула як раз пяць хвілін. Пасля адкрыцця печы вынялі хлопца са страшнымі апёкамі. Праз некалькі хвілін той памёр. Абедзвюх жанчын затрымалі.