Скандальны гродзенскі краязнавец Аснарэўскі ўчыніў разборкі ў Facebook: пачаў баніць гісторыкаў, потым яны самі пачалі адпісвацца

Самы таямнічы гродзенскі гісторык Яўген Аснарэўскі губляе сяброў у Facebook. Ад яго адпісаліся як мінімум чатыры гісторыкі, сярод якіх Максім Ляпушэнка і Наталля Сліж. Некаторых ён заблакаваў сам. Прычынай сталі спробы Аснарэўскага разбурыць «гістарычныя міфы» і яго крытыка прац калег, сярод іншага гісторыкаў Сяргея і Святланы Марозавых.

Такую аватарку выкарыстоўвае блогер Яўген Аснарэўскі ў сацыяльных сетках

Яўген Аснарэўскі — псеўданім, за якім хаваецца нейкі блогер-краязнавец. Яго асобу яшчэ не высветлілі. Яўген выпускае па некалькі кніг у год: як папулярнай гісторыі, так і мастацкіх твораў; запісвае музычныя альбомы, стварае артыкулы ў Вікіпедыі.

Аснарэўскі супраць Марозавых: «Я адолею вас у любой дыскусіі, па любых правілах»

1 лютага 2023 года Яўген Аснарэўскі апублікаваў у Facebook пост. У ім пералічыў тое, што лічыць памылкамі і недахопамі ў кнізе Сяргея і Святланы Марозавых «Мастацкая спадчына Беларусі». Нагодай для крытыкі ён назваў тое, што раней Сяргей Марозаў раскрытыкаваў яго кнігу «Вялікае княства Літоўскае. Беларускі нацыянальны міф».

Кніга Сяргея і Святланы Марозавых — «Мастацкая спадчына Беларусі»

«Калі хтосьці крытыкуе, то павінен быць гатовы да крытыкі ў адказ — гэта справядліва. Таму я ўключыў рэжым пошуку недахопаў у сямейным выданні Марозавых», — напісаў Аснарэўскі на сваёй старонцы ў Facebook.

Аснарэўскі прызнаўся, што «прачытаў па дыяганалі толькі дзве главы», але гэтага хапіла, каб знайсці тое, што ён палічыў памылкамі. Яму не спадабалася, што Марозвы назвалі малюнкі Напалеона Орды «фатаграфічна дакладнымі», а Навагрудак — «першай сталіцай ВКЛ». Справа ў тым, што ў Орды на малюнках нямала памылак і парушэнняў прапорцый, а сталічнасць Навагрудка выклікае спрэчкі сярод гісторыкаў. Маўляў, такім чынам Марозавы пашыраюць міф, а не сапраўдную гісторычную навуку.

Сяргей Марозаў коратка адказаў Аснарэўскаму, на што той рашуча адпісаў: «Суровая праўда, Сяргей, у тым, што я адолею вас у любой дыскусіі, па любых правілах, і нават не таму што я больш красамоўны, а таму што я лепш прапрацаваў матэрыял».

Разбуральнік міфаў, драбязговы мсцівец ці проста графаман?

Яўген Аснарэўскі любіць займацца тым, што ён сам называе «разбурэннем міфаў». Напрыклад, ён сцвярджае, што на асвячэнні Фарнага касцёла ў Гродне не прысутнічалі кароль Аўгуст другі і цар Пётр I, хаця гэта агульнапрынятая версія. Таксама ён адмаўляе тое, што Давыд Гарадзенскі мог быць сынам князя Даўмонта з Пскова, хаця такая версія зараз — найбольш папулярная.

Праз гэтае змаганне з міфамі Аснарэўскі займае жорсткую крытычную пазіцыю ў адносінах да іншых гісторыкаў і краязнаўцаў. У сваім Facebook ён уступае ў спрэчкі з адным з галоўных даследчыкаў ранняга ВКЛ Вячаславам Насевічам, гродзенскім гісторыкам Андрэем Чарнякевічам, даследчыкам гісторыі гродзенскіх езуітаў Уладзімірам Леўшуком і іншымі спецыялістамі.

Чытайце таксама: Евгений Асноревский: 7 фактов о таинственном блогере, который знает о Гродно всё

Аснарэўскі любіць выкрываць тое, што, на яго думку, паказвае некампетэнцыю гісторыкаў. Яго ж некаторыя, той жа Ляўшук, называюць графаманам. За гэта Аснарэўскі забаніў Леўшука ў Facebook. Краязнаўца Лявон Карповіч з Лунна назваў пасты Аснарэўскага «нікчэмнай помслівай драбязговасцю». Па стане на 7 лютага Аснарэўскі яшчэ не забаніў Карповіча.

Аснарэўскі - жанчына?

Адзін з крытыкаў Аснарэўскага — гісторык Аляксандр Горны. Ён называе Яўгена «спадарыняй», падазраючы, што за псеўданімам хаваецца асоба жаночага полу — магчыма, гісторык Алена Обухава (Макрушыч). Сама Обухава адмаўляе, што з’яўлецца Аснарэўскім.

Ад Аснарэўскага пачалі адпісвацца гісторыкі. Некаторых ён заблакаваў сам

Пасля паста пра кнігу Марозавых ад Аснарэўскага адпісаліся два гісторыкі. «Адзін з іх не генераваў цікавага для мяне кантэнту, а вось з другім мы шмат узаемадзейнічалі, і такія ўзаемадзеянні, зразумела, карысныя навуцы, але вось зараз ён выдаліўся», — напісаў Аснарэўскі.

«Калі вы мяне моцна недалюбліваеце, то можаце выдаліцца прама зараз — навошта маўчаць», — таксама напісаў блогер.

Пасля гэтай прапановы ад яго адпісаліся яшчэ два чалавека: рэдактар беларускамоўнай вікіпедыі Максім Ляпушэнка і гродзенская даследчыца і астролаг Наталля Сліж.

«Я пакуль што не адпісваюся, бо паставіў сабе за прынцып прымаць людзей такімі, як яны ёсць. Але чытаць такое непрыемна. Думайце крыху не толькі пра сябе, але і пра сваіх чытачоў, калі не хочаце іх страіць», — адказаў Аснарэўскаму Вячаслаў Насевіч. За гэта Аснарэўскі заблакаваў і яго.

Падпісчыкі не разумеюць, навошта гэта пісаць

«Пан жадае застацца на ганарлівай самоце? Не разумею, да чаго Вы імкнецеся апошнім часам? Ці можа Вам сапраўды проста падабаецца задзірацца зь іншымі, бо Вы пэўныя ва ўласнай бясьхібнасьці?», — напісала Вольга Івашына ў каментарах на старонцы Аснарэўскага. Іншыя падпісчыкі таксама не разумеюць паводзін блогера.

«Я крыху не разумею, навошта пісаць пра кожнага гісторыка, краязнаўцу, паэта ці звычайнага чалавека, які вам напісаў крытычны камент ці адпісаўся. Гэта выглядае як помста ці крыўда», — напісала Марына Азаронак у каментарах.

«Нейкай фігнёй вы зараз займаецеся», — напісаў фотамастак Віктар Малышчыц і дадаў, што не можа зразумець «навошта бясконца праглядаць фрэнд-ліст».

Аснарэўскага заклікаюць здымаць маску

На думку гродзенскага гісторыка Аляксандра Горнага, праблема Аснарэўскага ў тым, што ён не прызнаны найбліжэйшай да яго супольнасцю — прафесійнымі гродзенскімі гісторыкамі.

«Праблема тусоўкі гарадзенскіх гісторыкаў - яе кансерватызм. Каб туды трапіць, трэба адпавядаць пэўным схемам і паводзінам. Я не разумею, чаму калі чалавек „графаман“, ён не можа быць добрым рэдактарам, кансультантам ці пашукавіком? Я думаю многім ёсць над чым падумаць, — напісаў Горны ў каментарах пад пастом Аснарэўскага. — Таму выбірайце — калі вам патрэбна прызнанне арыяпагу, то здымайце маску і пакажыце асобу, а калі не хочаце — то рабіце тое, што вам падабаецца, і не чакайце прызнання».

Падзяліцца

Апошнія запісы

«Пабачыць Гродна — і памерці». Як наш горад стаў міжваеннай «сталіцай самагубцаў»

У міжваенны час Гродна набыло незвычайную славу. Горад стаў месцам прыцягнення незвычайных турыстаў - тых,…

21 лістапада 2024

«Нармальны быў гастраном — цяпер там прадаюць шпалеры». Ці хапае крамаў у цэнтры Гродна?

Ці хапае ў цэнтры Гродна прадуктовых крам? Спрэчкі наконт гэтага выклікала адкрыццё на перакрыжаванні Савецкай…

21 лістапада 2024

Дзе арганізаваць святочную фотасесію? Гродзенскія студыі ўжо падрыхтавалі навагоднія лакацыі

Прыбраныя ялінкі, свечкі, навагоднія вянкі і гірлянды, аксаміт, светлы ці цёмны фон на выбар. Гродзенскія…

19 лістапада 2024

«Перад выбарамі - спрыяльны час для петыцый». Як прымусіць чыноўнікаў вырашаць праблемы і чаму новая пляцоўка «меркаванне.бел» для гэтага не пасуе

Улады стварылі новую платформу “меркаванне.бел”. Яе пазіцыянуюць як анлайн-пляцоўку, на якой кожны зможа ў вольнай…

15 лістапада 2024

«У Гродне жывуць тыя яшчэ „шалёныя імператрыцы“». Стваральніца брэнда Krikate расказала, як дабралася да парыжскага тыдня моды

Калекцыя адзення гродзенкі Кацярыны Карлацяну дэбютавала гэтай восенню на Парыжскім тыдні моды. А пачыналася ўсё…

14 лістапада 2024

«Першы прыбытак патраціў на станок». Гродзенец у школе выточваў біты, а ў 27 гадоў адкрыў сваю вытворчасць мэблі

Гродзенец Раман Нагула амаль паўжыцця працуе з дрэвам. Школьнікам ён пачынаў з бейсбольных біт, а…

13 лістапада 2024