У свае 30 гродзенец Артур Гапонік — саўладальнік кампаніі Addepto, якая сумяшчае кансалтынг са штучным інтэлектам і паспяхова канкурыруе з гігантамі рынку. Цяпер ён жыве ў Польшчы і марыць аб стварэнні буйной арганізацыі, арыентаванай на штучны інтэлект і Big Data. У 2024 годзе Артур патрапіў у спіс «30 under 30» польскай рэдакцыі Forbes. Гісторыю поспеху польскага бізнесмена родам з Беларусі расказалі ў кастрычніцкім нумары часопіса.
Рэдакцыі Forbes з розных краін кожны год фарміруюць спісы «30 да 30». У іх трапляюць прадстаўнікі таленавітай моладзі. Гэта людзі, якія паспелі зарабіць першыя мільёны, пабудавалі паспяховыя кар’еры ў розных сферах або здзівілі свет сваімі тэхналогіямі. Гэта адзіны спіс, куды намінанты могуць патрапіць незалежна ад узроўню іх прыбытку. Галоўная ўмова — дасягнуць поспеху і атрымаць прызнанне ў сваёй вобласці.
Такія спісы Forbes фармуе ў Амерыцы, краінах Еўропы і Азіі. У прыватнасці ў Польшчы «30 да 30» складаюць ужо восьмы раз.
Артур Гапонік нарадзіўся ў Гродне, у польскай сям'і. Яшчэ ў школе, у Беларусі, пачаў праяўляць здольнасці да матэматыкі. Артур зразумеў, што жадае звязаць з ёй сваё жыццё, але не бачыў сябе ў навуцы.
«Маю будучыню вызначылі цяжкія часы лакальнага эканамічнага крызісу, калі вялізная дэвальвацыя, інфляцыя і поўнае знікненне валюты выклікалі сур’ёзныя ўзрушэнні ў грамадстве. Менавіта тады я атрымаў свой першы прадпрымальніцкі досвед і зразумеў, як важна спадзявацца на сябе. Гэта заахвоціла мяне злучыць свае матэматычныя здольнасці з бізнесам», — распавёў Артур у інтэрв'ю Forbes.
Навучанне будучы прадпрымальнік працягнуў у Польшчы. Здаўшы іспыты, ён паступіў на факультэт матэматыкі і інфарматыкі ва Вроцлаўскі політэхнічны ўніверсітэт. А праз год перавёўся ў Варшаўскую школу эканомікі (Szkoła Główna Handlowa).
«Я закахаўся ў выкарыстанне аналізу дадзеных і алгарытмаў для знаходжання заканамернасцяў у макра-і мікраэканоміцы. Ужо падчас вучобы я зразумеў, што ў будучыні хачу стварыць бізнес, які будзе з гэтым звязаны», — адзначаў ён.
Праўда, уласны бізнес Артур заснаваў не адразу. Спачатку ён пайшоў на наёмную працу. Сярод карпарацый, у якіх Артур паспеў папрацаваць: Panasonic, SAS, ING, Procter & Gamble. Усюды ён займаўся data science. І ўсюды адчуваў, што «можа працаваць больш і не поўнасцю рэалізуе свой патэнцыял».
У 2018 годзе Артур сумесна з партнёрам Эдвінам Лісоўскім запусцілі стартап Addepto — кансалтынгавую фірму, якая прадастаўляе паслугі на базе штучнага інтэлекту. Партнёрам было тады 23 і 24 гады, у іх быў падобны досвед наёмнай працы.
Коратка сутнасць паслугі Addepto можна было апісаць так: яны маглі прыйсці ў кампанію, распазнаць запатрабаванні, наладзіць базу дадзеных, сабраць дадзеныя і пабудаваць патрэбны кліенту алгарытм.
«Спачатку мы спрабавалі прадаваць нашыя паслугі ў Польшчы, але хутка зразумелі, што тут не знойдзем кліентаў. Рынак не быў гатовы да такіх паслуг. Буйныя кампаніі не адчувалі ў іх неабходнасці, а стартапаў было занадта мала, каб будаваць на іх бізнес. Таму мы пачалі шукаць інавацыйных партнёраў за мяжой», — адзначае Артур.
На той момант спецыялізацыя Addepto была рэдкасцю. Аднак кліенты паверылі ў кампетэнцыі Артура і Эдвіна — з 2018 па 2023 год гадавая выручка кампаніі вырасла з 60 тыс. злотых ($ 15 тыс.) да 20 млн злотых ($ 5 млн). У фірме працуе каля 50 супрацоўнікаў. У 2021 годзе стартап атрымаў інвестыцыі ад групы Grape Up — буйной тэхналагічнай кампаніі са штаб-кватэрай у Кракаве.
«Мы, безумоўна, працягнем канцэнтравацца на кансалтынгавых паслугах. Яны прыносяць нам найбольшы даход, і ў гэтай галіне мы спецыялізуемся. Але знаходзячыся так глыбока ў сферы ШІ і Big Data, і працуючы з буйнымі карпарацыямі, мы бачым, якія прадукты запатрабаваны на рынку. Таму мы плануем развіваць іх паралельна. Гэта стане другой галіной нашага бізнесу — з акцэнтам на прадуктызацыю тэхналагічных рашэнняў», — расказвае прадпрымальнік.
Для гэтага Addepto распрацоўвае ўласны прадукт — Context Clue. Гэта інструмент штучнага інтэлекту для аўтаматычнага стварэння справаздач і зводак.
Цяпер сярод кліентаў Addepto: Rolls-Royce, Continental, Porsche і іншыя буйныя кампаніі. Рашэнні Addepto дапамагаюць у паляпшэнні лагістыкі, кантролі вытворчых ліній, аптымізацыі працы аэрапортаў (з дапамогай тэхналогіі «лічбавых блізнят»).
У 2023 годзе кампанія распрацавала рашэнне для новай сферычнай арэнты Madison Square Garden у Лас Вегасе. Рашэнне ад Addepto дазваляе мантаваць і рэдагаваць відэаматэрыялы, якія адлюстроўваюцца ў рэальным часе на велізарных сферычных экранах падчас шоў. Праграмнае забеспячэнне ад фірмы гродзенца спадабалася амерыканцам тым, што магло апрацоўваць вялізныя аб’ёмы дадзеных у рэжыме рэальнага часу.
На думку Forbes, кампанія Артура Гапоніка і Эдвіна Лісоўскага — цалкам годны канкурэнт такім гігантам, як Capgemini, EY, McKinsey ці IBM. Пры гэтым Addepto пакуль яшчэ параўнальна невялікая фірма. Таму ў марах Артура — далейшае развіццё кампаніі і пабудова буйной арганізацыі, арыентаванай на ШІ і Big Data.
Беларусы скардзіліся на дзеянні сілавікоў пры не "палітычных" затрыманнях. Сцвярджалі, што ў працы тыя перавышалі…
Пачаўся адвэнт - традыцыйны час чакання Калядаў. У апошнія гады ўсё больш моднымі робяцца адвэнт-календары.…
Квір-персоны з'язджаюць з Беларусі, каб выратавацца ад рэпрэсій і адчуць сябе камфортна, чаго яны не…
У Гродне ёсць дом начнога знаходжання на 50 койка-месцаў. Пры гэтым людзей, якія апынуліся на…
Да зімовых святаў застаецца крыху больш за месяц - самы час задумацца пра святочны дэкор.…
У мястэчку Радашковічы на 6 тыс. чалавек стаіць касцёл, дзе хрысцілі Янку Купалу. У Вілейцы…