Лідар зборнай Беларусі па гандболе Арцём Каралёк выступае за сумленныя выбары і справядлівасць. У кастрычніку ён выставіў сваю майку на аўкцыён, а атрыманыя сродкі перадаў у Беларускі фонд спартыўнай салідарнасці ў дапамогу пацярпелым спартсменам. Сваім меркаваннем аб сітуацыі ў Беларусі, а таксама пра пачуцці, з якімі рыхтуецца прыехаць у нацыянальную каманду, Арцём падзяліўся з журналістам Hrodna.life.
Давайце жыць у дэмакратычным грамадстве
Арцём Каралёк 6 гадоў гуляе ў зборнай Беларусі. Таксама ён выступае за польскую каманду «Vive Kielce». Гродзенец не падпісваў ні аднаго з адкрытых лістоў спартсменаў: ні апазіцыйнага, ні праўладнага. У першым ён не згодны з пунктам, што перастане выступаць у нацыянальнай зборнай. А другі ліст не падпісвае, таму што не падтрымлівае гвалт і выступае за сумленныя выбары.
«Усе падзеі вялікім камяком упалі на мяне. Думаў, як лепш паступіць. Спачатку я не разумеў, што адбываецца ў краіне, але потым пачаў выказвацца супраць гвалту. Я не такі чалавек, маўчаць не магу, калі ў маёй роднай краіне адбываюцца страшныя рэчы».
Чытайце таксама: Подписной скандал: некоторые спортсмены Гродно удивились своим именам в провластном письме
Да ўсіх спартсменаў, якія падпісваюцца ў лістах, Арцём ставіцца аднолькава. Ён нікога не асуджае. Кажа, кожны робіць свой выбар.
«Беларускі народ хоча ісці шляхам дэмакратыі, свабоды слова і свабоды выбару, так што тут кожны сам вольны рабіць, што ён хоча. Што тычыцца тых, хто падпісваецца ў праўладным лісце, я стаўлюся спакойна. Нікога нельга крытыкаваць — у кожнага свой выбар. Так, ёсць ціск на спартсменаў і гэта жахліва. Шчыра, я не ведаю, як паступіў бы ў гэтай сітуацыі, калі б я быў на пастаяннай аснове ў Беларусі. Але я ганаруся тымі спартоўцамі, якія не маўчаць і выказваюцца.
Сёння праўладны ліст гэта такая ж гісторыя, як і з выбарамі ў нашай краіне. У спісах людзі па два разы, дзеці ёсць. Гэта ўсё неяк не сур’ёзна. Лічу, што гэтым лістом улада хоча паказаць, што большасць спартсменаў за дзеючы рэжым. Я чакаў яго нашмат раней, але цяпер ён недарэчны і паказвае ўвесь абсурд сітуацыі".
Праўладнае ліст беларускіх спартсменаў падпісаў стрыечны брат Арцёма велагоншчык Яўген Каралёк. Ён таксама з Гродна.
«Гэта яго меркаванне і яго рашэнне. Я не магу нічога сказаць, кожны пры сваім. Нашы зносіны ад гэтага не зменіцца. Давайце жыць у дэмакратычным грамадстве».
Быў шакаваны, калі затрымалі Леўчанку
У кастрычніку Арцём Каралёк выставіў на аўкцыён сваю футболку з аўтографамі гульцоў каманды «Vive Kielce». Такім чынам ён выказаў салідарнасць з беларускімі спартоўцамі, якіх затрымлівалі за іх грамадзянскую пазіцыю. За майку ўдалося выручыць больш за 400 долараў для Беларускага фонду спартыўнай салідарнасці. Майку купіў чалавек з Мінску.
«Са мной звязаліся з фонду і прапанавалі выставіць майку на аўкцыён, такім чынам я мог бы дапамагчы спартсменам. Адразу ж пагадзіўся, бо быў шакаваны, калі затрымалі баскетбалістку Алену Леўчанку. Калі я быў маладзейшы, я ўжо сачыў за яе дзейнасцю. Мне падабалася, як яна гуляе і ўслаўляе нашу краіну».
З падтрымкай беларускага народа выступілі калегі па камандзе Арцёма і заўзятары.
«Усе цікавіліся сітуацыяй у Беларусі. Як ніяк мы іх суседзі і яны таксама неяк перажываюць, выказваюць словы падтрымкі. Параўноўвалі нашы падзеі з тым, што ў іх было ў 1980-м годзе».
«Хачу, каб кожны разумеў»
Зборы ў нацыянальнай камандзе пачнуцца ў сярэдзіне снежня і Арцём збіраецца прыехаць у Беларусь. Ехаць на Радзіму ён не баіцца. Кажа, што з-за выказванняў ніякіх праблем у яго пакуль не было. Лічыць, што гэта, магчыма, з-за таго, што ён гуляе ў Польшчы.
«Можа, калі я прыеду на зборы, тады нешта будзе. Нічому не здзіўлюся. У наш час не абавязкова нешта рабіць, затрымаць могуць любога. Але скажу так: я занадта шмат уклаў сіл і часу ў зборную, каб усе зараз страціць. Я хачу гуляць і, спадзяюся, працягну гэта рабіць.
Мы граем не для чыноўнікаў ці прэзідэнта, мы за народ, за ўсю беларускую нацыю.
Многія спартсмены перажываюць з-за падзей у Беларусі, але на гульнях і трэніроўках гэта не павінна адбівацца. Па сабе магу сказаць — я прафесіянал. Я гуляю ўсё жыццё і не лічу правільным пераносіць нейкія перажыванні на пляцоўку. Падчас трэніровак і гульняў адключаюся ад усяго таго, што адбываецца".