Людзі і справы

Колькі каштуе мастацтва? Гродзенкі ў Гродне і ў Швецыі прадаюць свае малюнкі - але кошты вельмі розныя

Акварэлі, напісаныя ад рукі на добрай паперы, гродзенская мастачка прадае за 50 рублёў. У той жа час іншая аўтарка прапануе надрукаваныя версіі сваіх малюнкаў за 30 еўра — у два разы даражэй. Чаму так? Разабрацца паспрабаваў блог пра беларусаў «Суполка».

«Я не навучылася галоўнаму — шанаваць і прадаваць сваю творчасць»

«Мяне так трыгернула! Прачытала пост знаёмай і цэлую раніцу думаю на тэму коштаў на творчыя працы і самакаштоўнасці», — напісала ў сваім Instagram-акаўнце гродзенская мастачка Кацярына Забеліна.

Кацярына Забеліна. Фота: instagram.com/art.zabelina

Кацярына патлумачыла, што яна свае акварэльныя працы, напісаныя ад рукі, на добрай паперы, на персанальнай выставе прадае за 40−60 беларускіх рублёў. Кошт залежыць ад фармату і матэрыялаў. А на старонцы сваёй знаёмай Каця ўбачыла, што тая прадае прынт свайго малюнка за 30 еўра.

«Хто не зразумеў: прынт — гэта тое, што тыражуецца на прынтары, а не малюецца ў адным экзэмпляры, — растлумачыла Кацярына. — Я адчуваю, што ўсе мае гады навучання ў мастацкай школе, вучылішчы мастацтваў і ўніверы на мастацкім факультэце проста прайшлі дарма, таму што я не навучылася галоўнаму — шанаваць і прадаваць сваю творчасць. Навучыце мяне таксама так!»

Гродзенка адзначыла, што мастак можа ставіць на свае прынты і карціны любую цану, якую лічыць прыдатнай. Пытанне, на думку Кацярыны, у іншым — у самаадчуванні: «Што са мной не так? Чаму я не магу паставіць цану на сваю працу хаця б па кошце яе прынта?».

Шанаваць сваю працу не дазваляе «савецкае выхаванне»?

Карыстальнікі Instagram і падпісчыкі Кацярыны адрэагавалі на яе пост.

Малюнкі Кацярыны Забелінай за 2022 год. Фота: instagram.com/art.zabelina

Частка чытачоў падтрымала мастачку — яны адзначылі яе талент і напісалі, што цана за яе працы сапраўды маленькі. Кацярына ў адказ распавяла, што на днях у яе спыталі: «Было ж 40 рублёў, чаму зараз 50?». Маўляў, калі для чалавека ёсць розніца ў 10 рублёў - то значыць, гэта не мала.

Праблема з тым, каб «шанаваць сваю працу» ёсць у многіх, адзначылі каментатары. Адна з падпісчыц Кацярыны выказала меркаванне, што гэта можа быць звязана з «савецкім мінулым і выхаваннем».

Адна з работ Кацярыны ў выглядзе паштоўкі. Фота: instagram.com/art.zabelina

Яшчэ адна прычына, з-за якой гродзенкі і гродзенцы могуць недаацэньваць сваю працу, — гэта нізкая самаацэнка.

«Калі нават паразважаць, цана на мастацкую працу = досвед/майстэрства + час на працу + мастацкая каштоўнасць + матэрыялы + брэнд мастака. Калі ставіць нізкую цану, то нешта давядзецца абясцэніць. Не трэба так», — пракаментавала мастачка з Расіі.

Выдаткуюць 150 рублёў на майку, але не на карціну

Іншая гродзенская мастачка напісала, што кошты залежаць ад кліента: «Я магу паставіць высокую цану, але ніхто не набудзе. А так, кошт бюджэтны, але хоць кліенты ёсць».

«У многіх людзей проста няма грошай, якія яны гатовыя патраціць на мастацтва», — выказала меркаванне Ганна. Таксама, яна адзначыла, што людзі могуць патраціць 150 рублёў на майку, але не на карціну.

«Розныя прыярытэты, на жаль. У нас не шануецца ручная праца… Тыпу і я так магу», — адказала Кацярына.

Чытайце таксама: Зачем Гродно художественный музей и когда он может появиться

У Еўропе іншыя цэны

Насамрэч адна з прычын такой розніцы ў коштах — розныя краіны, дзе жывуць аўтаркі. Кацярына жыве і працуе ў Гродне, а Рыма Ушкевіч (менавіта яна прадае прынт за 30 еўра) — не так даўно перабралася ў Швецыю. У гэтым многія чытачы ўбачылі адну з прычын такой розніцы ў цэнах.

Скрыншот акаўнта instagram.com/ryma.ushkevich

«У Швецыі 30 еўра гэта невысокая цана, а сярэдняя зарплата па краіне 3191 долар», — піша Вольга.

Высокую, па беларускіх мерках, цану каментатары пачалі тлумачыць тым, што ў Еўропе зусім іншыя даходы, цэннікі, выдаткі на матэрыялы, больш развіты арт-рынак. Таму там такія цэны — гэта норма.

«У мяне знаёмая фэшн эскізы малюе. Праўда, яна ў Нямеччыне. А4 ад 100 эўра. Шануйце сваю працу. І няхай адсейваюцца пакупнікі, якім трэба танней. Ведаеце, яны б і прынт набылі за 20−30, можа. Калі жадаюць танней», — пракаментавала адна з удзельніц дыскусіі.

Творчым людзям трэба вучыцца продажам

«Калі бяруць, значыць, норм. Калі не бяруць, то шмат розных шляхоў: памяняць рынак, папрацаваць з маркетынгам, пазіцыянаваннем, знізіць кошт, папрацаваць над таварам», — параіла Наталля.

Некаторыя падпісанты дзяліліся сваімі парадамі, як лепш прадаць свае працы.

«Проста скажу, што трэба шанаваць сябе. І шукаць сваю мэтавую аўдыторыю. Плацежаздольную. Калі не хочаце выгарэць. За бясцэнак маляваць — гэта не варыянт», — напісала Віта.

«Галоўнае, каб цана задавальняла пакупніка. Калі задавальняе — купіць. Галоўнае тут пытанне: ці купяць ваш шэдэўр за тыя грошы, што вы хочаце. Заўсёды лёгка праверыць, паспрабаваўшы паставіць добрыя кошты. Калі не — адно з двух: або спажывецкая здольнасць на мясцовым рынку слабая, або мастак так сабе. Не паспрабаваўшы — не даведацца», — напісала Таццяна.

«Трэба вучыцца продажам. Гэта навык. І ён патрэбен. Асабліва творчым людзям. Мы можам стварыць, але чакаем, калі людзі самі набягуць і ўсё купяць у нас, пажадана па добрай цане, пажадана вышэй, чым мы сказалі, бо мы гаворым вечна заніжаны кошт», — падсумавала Віта.

Хто такія Кацярына Забеліна і Рыма Ушкевіч

Кацярына Забеліна — гродзенская мастачка. Скончыла ўніверсітэт па спецыяльнасці «Мастак-афарміцель, выкладчык школы мастацтваў», выкладала на кафедры выяўленчага мастацтва. Стварала першае ў Гродне антыкафэ. Адкрыла аўтарскую «Арт-студыю Кацярыны Забелінай», дзе вучыць дарослых і дзяцей маляваць з нуля.

Мастачка малюе акварэльныя скетчы з відамі і краявідамі Гродна. Часцей за ўсё — з натуры.

У культурным цэнтры «Фестывальны» з 24 верасня па 11 кастрычніка 2023 года прайшла персанальная выстава Кацярыны «Гарадскія замалёўкі».

Рыма Ушкевіч — мастачка, аўтарка стыкерпака «Лямантар», ілюстратарка настольных гульняў, адна з арганізатарак дзіцячай эка-студыі «Ветка» ў Гродне. Паводле адукацыі Рыма журналістка, а маляванне стала часткай яе жыцця з 2020 года. Малявала ў асноўным для сябе ў Instagram або для сяброў - афішы для эка-студыі, партрэты, назіранні з жыцця. «Вось так, без спецыяльнай адукацыі і нават без мастацкай школы. Прачнулася нешта ўнутры», — расказвае яна пра гэта.

Летам 2023 года гродзенка пераехала жыць у Стакгольм (Швецыя).

Падзяліцца

Апошнія запісы

Распісныя шары і снегавікі ручной працы: дзе ў Гродне купіць навагодні дэкор

Да зімовых святаў застаецца крыху больш за месяц - самы час задумацца пра святочны дэкор.…

23 лістапада 2024

Статус — першы крок да захавання. Інструкцыя, як унесці аб’ект у спіс спадчыны

У мястэчку Радашковічы на 6 тыс. чалавек стаіць касцёл, дзе хрысцілі Янку Купалу. У Вілейцы…

22 лістапада 2024

«Пабачыць Гродна — і памерці». Як наш горад стаў міжваеннай «сталіцай самагубцаў»

У міжваенны час Гродна набыло незвычайную славу. Горад стаў месцам прыцягнення незвычайных турыстаў - тых,…

21 лістапада 2024

«Нармальны быў гастраном — цяпер там прадаюць шпалеры». Ці хапае крамаў у цэнтры Гродна?

Ці хапае ў цэнтры Гродна прадуктовых крам? Спрэчкі наконт гэтага выклікала адкрыццё на перакрыжаванні Савецкай…

21 лістапада 2024

Дзе арганізаваць святочную фотасесію? Гродзенскія студыі ўжо падрыхтавалі навагоднія лакацыі

Прыбраныя ялінкі, свечкі, навагоднія вянкі і гірлянды, аксаміт, светлы ці цёмны фон на выбар. Гродзенскія…

19 лістапада 2024

«Перад выбарамі - спрыяльны час для петыцый». Як прымусіць чыноўнікаў вырашаць праблемы і чаму новая пляцоўка «меркаванне.бел» для гэтага не пасуе

Улады стварылі новую платформу “меркаванне.бел”. Яе пазіцыянуюць як анлайн-пляцоўку, на якой кожны зможа ў вольнай…

15 лістапада 2024