«Вораг народу» і герой, «Саша Мінскі» і кіраўнік моладзевага праваслаўнага руху, называў «сваёй дзяўчынкай» і паказваў мемы. Наталля Васілевіч, каардынатарка групы «Хрысціянская візія» і багаслоў, напісала для Hrodna.life некралог па ўладыку Арцемію. Ён стаў фактычна адзіным епіскапам Беларускай Праваслаўнай Царквы, хто адважыўся і гатовы быў ісці на ахвяры.
Адным з апошніх відэа, якое мне даслаў уладыка Арцемій, была песня Андрэя Макарэвіча «Я расскажу вам про страну», дзе ёсць такія словы:
Я расскажу вам про страну, Где в храм пустили сатану. На гибель сына гонит мать, А поп велит вам убивать. Румяны и плечисты Поклоны бьют чекисты.
Архіепіскап Арцемій (Кішчанка) памёр у ноч з 21 на 22 красавіка. Ён кіраваў Гродзенскай епархіяй Беларускай Праваслаўнай Царквы з 1996 да 2021 года. У 2020 годзе Арцемій асудзіў гвалт сілавікоў і ўдзел настаўнікаў у фальсіфікацыях вынікаў галасавання. Ён не дажыў тры дні да 70-годдзя. Архіепіскап цяжка хварэў.
«Не ад Духа Святога» — так лаканічна былы гарадзенскі архіепіскап ацаніў пазіцыю кіраўніцтва Руская Праваслаўнай Царквы ў дачыненні да вайны ва Украіне. Менавіта такой, як у песні, стала тая царква, дзе ён знайшоў Хрыста ў гады савецкіх ганенняў, і куды прыйшоў служыць усім сваім жыццём. Гэтая царква, якая прагнулася пад улады, яго таксама адрынула — ён, са сваёй бескампраміснасцю да зла, стаў у ёй чужародным элементам.
«Цяпер я — Вораг Народу,» — так часам жартаваў ён. Але ён быў ворагам для «румяных чэкістаў», для народу ж ён быў героем — пасля таго як мужна ўзвысіў свой голас дзеля абароны праўды, справядлівасці, салідарнасці, міру — евангельскіх прынцыпаў, хрысціянскіх каштоўнасцяў. Ён стаў фактычна адзіным епіскапам Беларускай Праваслаўнай Царквы, хто адважыўся, не пабаяўся, і гатовы быў ісці на ахвяры.
Вось што пісалі яму ягоныя былыя студэнты, калі даведаліся пра ягонае выгнанне з кафедры, а таксама праваслаўныя вернікі з Беларусі. Хтосьці з былых студэнтаў напісаў, што ўладыка, нібыта лампада, — і сапраўды, калі архіепіскап Арцемій быў яшчэ простым паслушнікам у Пскова-Пячэрскім манастыры, ён там «праводзіў святло» — рамантаваў праводку. Лямпачкі ў храме гарэлі дзякуючы працы Сашы Мінскага, так яго называлі ў манастыры ў той час.
Сама я з архіепіскапам Арцеміем пазнаёмілася ў 2002 годзе, тады яшчэ малады і поўны сілаў ён узначальваў моладзевы праваслаўны рух у Беларусі. Уладыка запомніў і палюбіў мяне беларускамоўнай праваслаўнай неафіткай і нефармалкай, заўсёды па-добраму з мяне кпіў, і напэўнае, самы дарагі ўспамін, калі ён ласкава называў мяне «дзяўчынка мая». І цяпер, сталая пані, я дагэтуль хачу, каб быць годнай гэтага слова — «мая». Каб яму не было сорамна лічыць мяне «сваёй». Бо я ганаруся, што ён — «мой». Мой духоўны лідэр і спадзяюся, што і мой сябра.
Я ведала, што ён сочыць за маёй царкоўнай дзейнасцю, што падтрымлівае яе, і для мяне гэта было надзвычай важна — адчуваць падтрымку епіскапа, у той час, калі кіраўніцтва БПЦ спрабала ад мяне дыстанцыянавацца ці нават змагалася са мной.
Па-сапраўднаму блізка мы пачалі кантактаваць ужо ў 2020 годзе, калі падтрымка патрэбна была яму самому. Калі ён адзін стаяў супраць зла і няпраўды, сярод тых, хто вырашыў адсядзецца, адмаўчацца, альбо пайсці на службу злачыннаму рэжыму.
Мы, я, група «Хрысціянская візія», перакладалі ягоны казані на замежныя мовы і публікавалі іх у соцсетках, ладзілі лісты ў яго падтрымку, прымалі заявы, дзяліліся сваімі планамі і пыталіся парадаў, ён дзяліўся сваімі казанямі і меркаваннямі. Часта ён на складаныя сітуацыі рэагаваў мемамі - у яго была цэлая калекцыя карцінак са смешнымі подпісамі, і я з цяжкасцю прыгадываю, каб хоць адна нашая размова праходзіла без смеху. Шмат ён кпіў і з самога сябе, нават у самыя цяжкія моманты свайго жыцця, пры гэтым ён усё ж быў надзвычай сур’ёзным у сваёй веры.
Ягоным сімвалам быў алень з крыжам паміж рогамі - як на гербе любімай Горадні, як у паданні пра св. Губерта, як у жыццяпісе св. вяліка-пакутніка Яўстафія Плакіды. Ягоным духоўным слоганам быў верш з 41 псалма: «Як алень прагне да крыніцы водаў, так прагне душа мая да Цябе, Божа».
Цяпер Ягоная душа разам з Богам, да Якога ён так прагнуў.
Чытайце таксама:
У міжваенны час Гродна набыло незвычайную славу. Горад стаў месцам прыцягнення незвычайных турыстаў - тых,…
Ці хапае ў цэнтры Гродна прадуктовых крам? Спрэчкі наконт гэтага выклікала адкрыццё на перакрыжаванні Савецкай…
Прыбраныя ялінкі, свечкі, навагоднія вянкі і гірлянды, аксаміт, светлы ці цёмны фон на выбар. Гродзенскія…
Улады стварылі новую платформу “меркаванне.бел”. Яе пазіцыянуюць як анлайн-пляцоўку, на якой кожны зможа ў вольнай…
Калекцыя адзення гродзенкі Кацярыны Карлацяну дэбютавала гэтай восенню на Парыжскім тыдні моды. А пачыналася ўсё…
Гродзенец Раман Нагула амаль паўжыцця працуе з дрэвам. Школьнікам ён пачынаў з бейсбольных біт, а…