У 20 гадоў Аляксей Апановіч вучыўся ў ГрДУ на юрыста, судзіў універсітэцкія конкурсы і посціў у Instagram фота з хэштэгам ЯЧЕСТНЫЙСУДЬЯ. Але суддзёй так і не стаў. Ён абраў кар’еру чыноўніка, паўдзельнічаў у рэпрэсіях пасля 2020 года і ўжо ў 26 гадоў заняў крэсла начальніка аддзела ідэалагічнай працы і па справах моладзі Гродзенскага гарвыканкама. Hrodna.life даведаўся, што вядома пра аднаго з самых маладых ідэолагаў Беларусі.
Аляксей Вячаслававіч Апановіч нарадзіўся 3 кастрычніка 1997 года ў Слоніме. Ягоны бацька Вячаслаў Апановіч таксама чыноўнік. У дадзены момант — ўпраўляючы справамі Слонімскага райвыканкама. Пачынаў жа як настаўнік, а пазней дырэктар школы. Потым працаваў начальнікам аддзела ідэалагічнай працы, намеснікам старшыні Слонімскага райвыканкама, начальнікам упраўлення фізічнай культуры, спорту і турызму і начальнікам упраўлення па ўзаемадзеянні са СМІ, справах рэлігій і нацыянальнасцей у Гродзенскім аблвыканкаме. Потым вярнуўся ў адукацыю і кіраваў Жыровіцкім дзяржаўным аграрна-тэхнічным каледжам. Сястра Аляксея — псіхолаг і коуч Вольга Салавей, працавала псіхолагам у гродзенскіх школах.
Вучыўся Аляксей у гродзенскай СШ № 13 у мытным класе. Школа супрацоўнічала з Гродзенскай рэгіянальнай мытняй і вайсковымі часцямі, дзяцей вадзілі на экскурсіі ва УУС.
Потым вучыўся на платным аддзяленні на юрыдычным факультэце Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы. Студэнцкую практыку праходзіў у Аддзеле прымусовага выканання Кастрычніцкага раёна Гродна.
У час вучобы Апановіч быў актыўным студэнтам: судзіў універсітэцкія гульні КВЗ і конкурс «Міс і Містэр Біяфак», узначальваў першасную арганізацыю ГА «Белая Русь». У Instagram Апановіча і зараз можна знайсці фота са студэнцкіх конкурсаў з хэштэгам ЯЧЕСТНЫЙСУДЬЯ. Праўда, суддзёй студэнт юрыдычнага факультэта ў выніку не стаў.
У 2018 годзе ва ўніверсітэт прыязджаў Аляксандр Лукашэнка. Апанавічу ўдалося патрапіць на сустрэчу з ім.
«Дагэтуль часцяком пераглядаю фатаграфіі з той сустрэчы і відэа. Прыемныя эмоцыі», — успамінаў Апановіч у 2023 году. Праз некалькі тыдняў гродзенскія студэнты паехалі ў Мінск, каб сустрэцца з Лукашэнкам у Палацы Незалежнасці. «Гэтая сустрэча таксама вельмі шмат што вырашыла для мяне. Тады я ўбачыў чалавека — сапраўднага лідара, адкрытага, які шчыра хвалюецца за людзей, за нас, моладзь», — расказваў Апановіч.
Скончыў вучобу Аляксей Апановіч у 2019 годзе, а ўжо ў 2020 прыйшоў на дзяржслужбу. Тады акурат узмацнілі ідэалогію ў рэгіёне — прызначылі галоўнымі ідэолагам вобласці былога начальніка з упраўлення КДБ па Гродзенскай вобласці.
Спачатку Апановіч працаваў галоўным спецыялістам у ідэалагічным аддзеле Гродзенскага гарвыканкама. Тады аддзелам кіраваў Аляксандр Каваленка, які пазней перакваліфікаваўся і з ідэолага стаў дырэктарам гродзенскай СШ № 8.
Старт паспяховай кар’еры Апановіча супаў з пачаткам масавых рэпрэсій у Беларусі пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года. Паўдзельнічаў у іх і Аляксей.
У снежні 2020 года ў краму беларускай сімволікі «Адметнасць» наляцеў цэлы дэсант правяраючых: інспектар па пажарнай бяспецы ад МНС, прадстаўнікі аддзела гандлю гарвыканкама і санстанцыі, а таксама супрацоўнік аддзела ідэалогіі гарвыканкама, які не прадставіўся і назваўся звычайным пакупніком. Ім быў якраз Аляксей Апановіч. Ахоўвалі правяраючых двое міліцыянтаў.
Адразу пасля «Адметнасці» інспектар МНС з міліцыяй і Апановічам зайшлі ў суседнюю рэдакцыю Hrodna.life — на «пазапланавы маніторынг».
Гэта быў не апошні візіт Апановіча на Кірава, 3. У красавіку 2021 года крама «Адметнасць» атрымала з аддзела ідэалогіі прадпісанне аб тым, што ў краме нібыта прадаюцца тавары з «палітычнай рэкламай». Маўляў, гэта парушае Закон аб рэкламе. Ідэолагі ў лісце сцвярджалі, што нібыта правялі маніторынг. Праўда, уладальнікі крамы аб ім нават не ведалі.
Аляксей Апановіч вярнуўся ў «Адметнасць» 3 чэрвеня 2021 года і заявіў, што адзін з магнітаў з надпісам «Няхай жыве Беларуская Народная Рэспублікі» абражае яго палітычныя перакананні. Неўзабаве пасля яго візіту ў краму прыйшоў АМАП. У памяшканні правялі ператрус, а гаспадыню крамы Вольгу Верамеенку затрымалі і павезлі ў ІЧУ да суда. Пазней яе аштрафавалі нібыта за пікетаванне. Неўзабаве крама спыніла працу ў Беларусі. Яе ўладальнікі Вольга і Сяргей Верамеенкі з’ехалі за мяжу.
У жніўні 2021 года Аляксей Апановіч паўдзельнічаў у ліквідацыі ТАА «Гродна Лайф Медыя» — фірмы, якая была выдаўцом Hrodna.life. Як прадстаўнік гарвыканкама ён падтрымаў пазіцыю пракуратуры падчас пасяджэння. На думку Апановіча, «Гродна Лайф Медыя» трэба было ліквідаваць, паколькі фірма «ажыццяўляе дзейнасць, забароненую заканадаўчымі актамі». Што ў выніку і адбылося — суддзя Марына Рослік задаволіла пазоў пракуратуры.
Пасля гэтага кар’ера маладога ідэолага пайшла ў гару. У 2022 годзе Аляксей Апановіч стаў начальнікам аддзела ідэалагічнай працы адміністрацыі Кастрычніцкага раёна Гродна. У пачатку 2023 абараніў магістарскую дысертацыю на юрфаку ГрДУ, а ў снежні таго ж года яго прызначылі на цяперашнюю пасаду начальніка ідэалагічнага аддзела гарвыканкама. Цікава, што прайшло ўжо больш за паўгода, але да гэтага часу на сайце раённай адміністрацыі, дзе працаваў Апановіч, не з’явілася імя ідэолага, які прыйшоў яму на замену.
Сам Апановіч перакананы ў правільнасці сваіх дзеянняў у 2020 годзе і пазней. Тады, паводле яго слоў, трэба было «ўстаць на абарону нашай незалежнасці, нашых флага і герба як яе галоўных сімвалаў».
«Мы абавязаны былі гэта зрабіць, каб захаваць спакой у грамадстве, не дапусціць крытычнага напалу», — цытуе словы Апановіча «СБ».
Сённяшняй грамадска-палітычнай сітуацыяй у Беларусі ён цалкам задаволены.
«Мне здаецца, ні ў адной іншай краіне няма ўлады больш даступнай, больш уважлівай і спагадлівай да людзей», — нахвальвае Апановіч беларускі рэжым. Хваліць ён і асабіста Лукашэнку: «Нават у самыя цяжкія моманты я працягваў верыць, што нашаму прэзідэнту хопіць мудрасці, каб захаваць парадак, мір, згоду».
Апановіч падтрымлівае ўмацаванне патрыятычнага выхавання, як яго зараз разумеюць беларускія ўлады. Гэта значыць, развіццё ваенна-патрыятычных клубаў, распаўсюджванне інфармацыі аб «генацыдзе беларускага народа», антызаходнюю рыторыку.
У яго архіўных старонках у Instagram: Курган Славы, Цягнік Перамогі, Хатынь, вызваленне Гродна ад нямецка-фашыцкіх захопнікаў, Дзень яднання народаў Беларусі і Расіі, суботнікі, мерч ад Лукашэнкі і членскі білет арганізацыі «Патрыёты Беларусі». Увогуле, стандартны набор дзяржслужачага, які жадае быць у трэндзе «лініі партыі».
Свае вопытам Апановіч ахвотна дзяліцца з расійскімі калегамі - у маі 2024 года прайшоў тэлемост гродзенскіх ідэолагаў з моладдзю і адміністрацыяй Волагды.
Аляксею Апановічу ўдалося вельмі хутка пабудаваць кар’еру ў ідэалагічнай вертыкалі. У яго калег з іншых абласных цэнтраў на тое, каб стаць галоўным ідэолагам горада, сышло больш часу.
Галоўны ідэолаг Віцебска Павел Драздоў атрымаў сваю пасаду ў 2024 годзе ў 37 гадоў, яго калега з Гомеля Мікалай Светлагор — у 2020 у 33 гады. Галоўнага брэсцкага ідэолага Пятра Мікалаюка прызначылі ў 2023 годзе — яго ўзрост нам не ўдалося даведацца, але ён відавочна старэйшы, улічваючы, што ён падпалкоўнік запасу і ветэран пагранічнай службы. Калега з Магілёва Аляксандра Ігнаценка стала галоўным ідэолагам горада ў 2024 годзе ва ўзросце 46 гадоў.
Апановіч жанаты на Кацярыне Лаўрэнавай — трэнерцы па pole dance у танцавальнай студыі Onix Studio. Яна таксама выпускніца ГрДУ. Скончыла факультэт эканомікі і кіравання, у 2017 годзе станавілася «Міс Універсітэт».
Ён — з новага пакалення ідэолагаў, для якіх таксічная маскуліннасць не з’яўляецца абавязковым атрыбутам улады. Ён заўсёды стыльна апрануты, падстрыжаны ў любімым барбершопе Black Eagle. Падцягнуты — ходзіць у трэнажорную залу Fox Club. Не саромеецца публікаваць фота з адпачынку.
У міжваенны час Гродна набыло незвычайную славу. Горад стаў месцам прыцягнення незвычайных турыстаў - тых,…
Ці хапае ў цэнтры Гродна прадуктовых крам? Спрэчкі наконт гэтага выклікала адкрыццё на перакрыжаванні Савецкай…
Прыбраныя ялінкі, свечкі, навагоднія вянкі і гірлянды, аксаміт, светлы ці цёмны фон на выбар. Гродзенскія…
Улады стварылі новую платформу “меркаванне.бел”. Яе пазіцыянуюць як анлайн-пляцоўку, на якой кожны зможа ў вольнай…
Калекцыя адзення гродзенкі Кацярыны Карлацяну дэбютавала гэтай восенню на Парыжскім тыдні моды. А пачыналася ўсё…
Гродзенец Раман Нагула амаль паўжыцця працуе з дрэвам. Школьнікам ён пачынаў з бейсбольных біт, а…