Музыка з Гродна Ігар Банцэр 13 дзён трымае сухую галадоўку за кратамі. У зняволенні ён ужо шосты месяц. Судовы працэс распачаты ад 3 сакавіка. Жонка Ігара, Анжаліка Арэхва і двое дзяцей, 10 і 8 гадоў, чакаюць мужа і бацьку з турмы. «Дзеці чакаюць, калі гэты суд скончыцца і нарэшце нешта вырашыцца. [Пасля кожнага пасяджэння] кажу, трэба яшчэ пачакаць. Не расказваю ўсяго, што зараз адбываецца. Хаця, яны і так усё ведаюць — ёсць сацыяльныя сеткі, усе пішуць».
Для Hrodna.life Анжаліка Арэхва расказала, як жыве сям’я і што дапамагае ёй трымацца.
Дзень Анжалікі пачынаецца з 6.30. Гатуе сняданак для дачкі, адвозіць яе ў школу і едзе на працу. Днём трэба знайсці час, каб выправіць на заняткі сына. Ён вучыцца ў другую змену. Без Ігара ўсе клопаты пра сям’ю засталіся на ёй. «Часамі, як мне цяжка, кажу дзецям, што мама стомленая. Яны стараюцца падтрымаць. Самі троху прыбіраюць, часамі нешта з ежы прыгатуюць, часамі проста ціхенька ўрокі зробяць, каб даць мне трохі адпачыць», — распавяла Анжаліка.
Ігара Банцэра арыштавалі 20 кастрычніка. Крымінальная справа распачата па артыкуле 339 КК «Хуліганства». Санкцыі артыкула — ад штрафу да трох гадоў пазбаўлення волі. Абвінавачванне сцвярджае, што Банцэр «дэманстраваў палавыя органы». Сам Ігар кажа, што гэта быў перфоманс. Падчас танца ён сцягнуў шорты, але на ім заставаліся стрынгі. На судовым пасяджэнні 3 сакавіка Ігар абвесціў, што пачынае сухую галадоўку.
Суддзя Наталля Козел ужо не першы раз судзіць Ігара Банцэра. «Яна выносіла яму прысуды, калі Ігар яшчэ быў журналістам, — узгадвае Анжаліка Арэхва. — Апошні раз, у верасні, таксама яна судзіла. Тым разам Ігар атрымаў штраф».
На пачатку пасяджэння 12 сакавіка суддзя пацікавілася самаадчуваннем Банцэра.
— Я адчуваю сябе выдатна для дзясятых содняў сухой галадоўкі, — адказаў Ігар.
Голас яго змяніўся. Ён выглядае схуднелым і бледным. На судовы працэс Банцэра прывялі ў кайданках.
«Мы пазнаёміліся ў Саюзе палякаў, разам працавалі. Ён быў журналістам, а я выкладала польскую мову, была дырэктарам школы, — узгадвае Анжаліка. — Ігар і тады ўмеў звярнуць на сябе ўвагу. Не скажу, што былі нейкія „заходы“ ці падарункі. Але заўжды стараўся дапамагчы недзе, ці нейкі сюрпрызік зрабіць».
Пара ажанілася ў 2009 годзе. «Вянчаліся ў касцёле ў Адамавічах. «Памятаю свой добры настрой, добрую кампанію. Ігар увесь дзень трымаў мяне за руку не адпускаючы», — узпамінае Анжаліка.
Пазней Ігар Банцэр сышоў з журналістыкі ў музыку. «Жыццё троху змянілася, пайшло ў іншым напрамку. Але Ігар — увесь час Ігар. Ён заўжды чалавек эмацыйны, шчыры — аж да болю часам».
Праз тое, па словах Анжалікі, з мужам бывае няпроста. «Розныя перыяды былі ў нашым жыцці, бо мы розныя людзі. Зусім розныя. Але прынялі адзін другога такімі, якія мы ёсць. Ігар размяжоўваў сваё жыццё. Для яго панк-рок і сям’я — гэта асобныя рэчы. Часта казаў, як цэніць сям’ю і дом, тое, што яго чакаюць, што ёсць куды прыязджаць пасля канцэртаў».
«Як дзеці былі меншыя, не было нейкага падзелу [працы на мужчынскую і жаночую], — расказвае Анжаліка. Разам дзецьмі займаліся, разам працавалі. Як дачка нарадзілася, я ўзначальвала Саюз палякаў. Тады Ігар шмат часу з дачкой праводзіў. Было шмат паездак службовых, то ён займаўся дачкой, пакуль я нейкія пытанні вырашала». Зараз ёй найбольш не хапае падтрымкі мужа ў зносінах з дзецьмі.
Анжаліка Арэхва — намесніца кіраўніка Рады непрызнанага ўладамі Саюза палякаў Беларусі. Раней некалькі гадоў узначальвала Саюза палякаў, была дырэктаркай і выкладчыцай у польскай школе.
Праз тое, што Анжаліка працуе ў непрызнаным беларускімі ўладамі Саюзе палякаў, сітуацыя з ціскам для яе не новая. «Мусім працаваць і рабіць справу ў тых умовах, у якія мы пастаўлены. Улады нас не прызнаюць. Гэта сітуацыя [ад 2005] і надалей трывае. Невядома, ці заўтра да нас не прыйдуць. Хаця мы не робім нічога апроч таго, што дазваляе канстытуцыя. Вучым дзяцей польскай мове. Стараемся, каб дзеці памяталі свае карані і ведалі, кім былі іх продкі».
«Калі б хацелі, то магчымасць з’ехаць у нас была. Яле пра гэта нават не думалі. Ігар казаў і надалей кажа — тут яго зямля, яго продкі. Таму ён застаўся. І мы таксама», — расказвае Анжаліка. Яна ўзгадвае і ўласную сямейную гісторыю. Калі прыйшлі Саветы, яе дзед, Станіслаў, таксама не пакінуў радзіму, хаця большасць сваякоў з’ехала. «Частку родных саслалі ў Расію. Пасля яны эмігравалі ў Польшчу. А дзядуля з сям’ёй і чатырма дзецьмі застаўся. Вагаўся да апошняга моманту, але застаўся. У калгас ён не пайшоў да самай смерці».
«Ёсць дзеці, для якіх я маю вытрываць усё, — кажа Анжаліка. — Заўжды думаю пра дзяцей. Як гэту сітуацыю прайсці годна, каб іх падтрымаць, каб лішні раз не траўмаваць. Бо сітуацыя цяжкая і яны вельмі перажываюць». У такія моманты Ігара найбольш не хапае побач. Няма да каго звярнуцца, каб выгаварыцца ці папрасіць дапамогі.
«Дачка, як я — усё ў сабе трымае. Перажывае, але не хоча гэта паказваць. Трэба з яе выцягваць усё, каб супакоіць. Сын таксама. Было, пальчык зламаў і доўгі час нічога не казаў. Пакуль сама не заўважыла, не хацеў расказваць».
Падтрымліваюць сям’ю ў цяжкай сітуацыі не толькі родныя. Кожны дзень людзі звоняць ці прыходзяць. «Знаёмыя і нават незнаёмыя, каторым Ігар дапамагаў калісці. Званіў святар з сабору, казаў, што моліцца за Ігара. Праз сацыяльныя сеткі людзі пішуць, пытаюцца, чым можна дапамагчы. Такая падтрымка дапамагае мне перажыць гэты час».
Камунікацыю з Ігарам сям’я трымае праз ліставанне і адваката. «Напачатку ён шмат пісаў лістоў і мне, і дзецям. Як у Навінкі завозілі, была цішыня». Першы ліст пасля Новага году сям’я атрымала пад канец лютага.
«Ігар піша, што з ім адбываецца, у якіх умовах знаходзіцца. Децям кажа: уявіце, хто я паехаў граць канцэрт, таму зараз не з вамі. Вучыць іх, каб былі самастойныя. Піша, якія фільмы мы паглядзім, калі ізноў будзем разам, узгадвае паездку у Друскеніцкі аквапарк, плануе, куды яшчэ паедзем у падарожжа. Апошнія некалькі дзён лістоў ад Ігара няма. Сям’я ведае, што ён прасіў пра візіт натарыуса, каб скласці завяшчанне, і што ён галадае ўжо 13 дзён.
«Не есць і не п’е. Сядзеў увесь час адзін у камеры. Напэўна і зараз так. Адвакат пра змены нічога не казаў. Перадаваў толькі просьбу пра кнігі». Зараз, на 13 дзень галадоўкі, паведамленні ад адваката яшчэ больш кароткія: «Ігар жывы».
Адзіная магчымасць пабачыць Ігара Банцэра — судовае пасяджэнне. Наступнае пройдзе 18 сакавіка. На суд 12 сакавіка не з’явўся міліцыянер, які праходзіў па справе сведкам. Праз тое пасяджэнне было кароткім. Суддзя адхіліла хадайніцтва Банцэра ад змене меры стрымання на хатні арышт. Ігар па-ранейшаму застаецца ў турме і трымае сухую галадоўку. 15 сакавіка яго прызналі палітзняволеным.
— Да гэтага я пратрымаюся. Далей — не ведаю! — выгукнуў ён у канцы пасяджэння.
Увесь час працэсу Анжаліка Арэхва не адводзіла ад мужа вачэй.
Гродзенскі форум існуе больш за 20 гадоў і абнаўляецца дагэтуль. Людзі ўсё яшчэ шукаюць там…
У Гродне працуе рэстаран «Беласток», а ў польскім Беластоку – бар Grodno. У 1974 годзе…
Гродзенскія кантралёры - самыя суровыя, а пасажыры - самыя дружныя. Квіток можна на выхадзе з…
Раніцай гродзенка Людміла Юрахно як звычайна пайшла на працу, але дадому вярнулася толькі праз паўгода.…
Гродзенцы скардзяцца, што шмат якія ўстановы ў горадзе выглядаюць аднолькава. Напрыклад, некаторых расчаравалі рэндары інтэр'ераў…
Адчуць таямнічую атмасферу Хэлоўіна можна ў розных месцах Гродзеншчыны: у рэгіёне мноства закінутых сядзіб, старажытных…