Начальніка упраўлення спорту і турызму Гродзенскага аблвыканкама Алега Андрэйчыка можна ўбачыць на многіх спартыўных падзеях у горадзе. Ён не толькі сочыць за спаборніцтвамі, але і бярэ ў іх удзел. Мы сустрэліся з Алегам Андрэйчыкам 6 кастрычніка: разам з сям’ёй ён удзельнічаў у пяцікіламетровым прабегу па цэнтры горада ў рамках Grodno Run. Для Hrodna.life чыноўнік распавёў пра ролю бегу ў асабістым жыцці і пра развіццё дысцыпліны ў рэгіёне.

700 аматараў

Удзел у спартыўных мерапрыемствах дае магчымасць убачыць спаборніцтвы знутры, каб у будучыні лепш іх арганізоўваць, кажа Алег Андрэйчык.

«Кастрычніцкі прабег па цэнтры горада стаў перадапошнім этапам Гродзенскай бегавой лігі, — адзначае ён. — Сёння ў Гродне дастаткова прабегаў. Рыхтуем навагодні на 23 снежня, ён будзе апошні і яго фармат сёлета, магчыма, зменіцца. Ёсць верагоднасць, што пачнем традыцыйна на стадыёне, але пры гэтым маршрут будзе пракладзены праз дзве галоўныя елкі горада. На апошнім старце сезону будуць падведзены і вынікі бегавой лігі».

Па словах Андрэйчыка, за год у гарадскіх спаборніцтвах узялі ўдзел больш за 700 аматараў бегу. У прабегу 6 кастрычніка ўдзельнічала больш за 100 прафесіяналаў і аматараў з розных рэгіёнаў Беларусі, а таксама з Польшчы.


«Медалі раздаю ўнукам». Удзельнік «Гарадзенскай вандроўкi» расказаў як бегае ў 80 гадоў


«Лепш бегчы, чым стаяць і глядзець». Галоўны па спорце ў Гродне пра бег у горадзе і ўласным жыцці
Алег Андрэйчык на прабегу Grodno Run. Трэніруецца ён пяць разоў на тыдзень

Не толькі спартсмены

Гродзенская бегавая ліга стартавала ў 2018 годзе. У гэты праект аб’ядналі сем розных стартаў - ад гарадскога бегу і марафону, да прабегу па перасечанай мясцовасці па схілах гарналыжнага комплексу. Ёсць удзельнікі, якія прынялі ўдзел ва ўсіх стартах. Алег Андрэйчык — адзін з іх. У агульным заліку ён на 4-й пазіцыі.

«Гэты праект у Гродне мы паспрабавалі дзеля эксперыменту. Цяпер яго трэба раскручваць, — адзначае Алег Андрэйчык. — Задумка агулам паспяховая, мы будзем яе развіваць. У нашых забегах удзельнічаюць не толькі спартсмены, якіх насамрэч адзінкі, але і шараговыя аматары бегу з Беларусі і суседніх краін. На кожны прабег збіраюцца незнаёмыя асобы і гэта радуе. Людзьмі нешта рухае — прыйсці і прыняць удзел — і няма нічога дрэннага, што ён дзесьці пяройдзе на хаду, галоўнае, што ён прыйшоў».


Лянота — гэта нармальна. 5 парадаў, як пачаць бегаць


«Лепш бегчы, чым стаяць і глядзець». Галоўны па спорце ў Гродне пра бег у горадзе і ўласным жыцці
Алег Андрэйчык на прабегу Grodno Run. На старт ён выйшаў разам са сваёй сям’ёй

Можа з’явіцца аналаг Bison Race

Начальнік спорту і турызму адзначае, што сёння фармат спаборніцтваў па бегу ў Гродне разнапланавы: нават няма чаго дадаць, можна толькі ўдасканальваць. Маўляў, лепш ужо не прыдумаеш.

«Бегавы рух у Гродне вельмі моцна развіваецца. Людзі сталі не толькі бегаць у сябе ў горадзе ці краіне, але сталі ездзіць далёка за мяжу. У нас ёсць удзельнікі Ратэрдамскага, Берлінскага, Амстэрдамскага і іншых марафонаў. Гэта ўсё аматары, якія пасля наведвання такіх мерапрыемстваў нешта і нам падказваюць у плане арганізацыі.

Можна сказаць, што Гродна становіцца бегавой сталіцай — па колькасці добрых стартаў для ўсіх жадаючых. Мы будзем развіваць і іншыя кірункі. Гэта неабавязкова бегавая ліга, магчыма, у нас з’явіцца аналаг Bison Race [Рэд. гонка з перашкодамі]. Зараз думаем над гэтым праектам".


У Каробчыцах прайшла «начная дзясятка». Hrodna.life таксама бег


«Лепш бегчы, чым стаяць і глядзець». Галоўны па спорце ў Гродне пра бег у горадзе і ўласным жыцці
Удзельнікі прабегу Grodno Run

Лепш бегчы, чым стаяць і глядзець

Алег Андрэйчык распавядае, што ён не ставіць перад сабой мэту быць прыкладам для іншых. Спорт для яго і сям'і - гэта лад жыцця.

«Мне заўсёды былі сімпатычныя людзі, якія чымсьці захапляюцца, я ў гэтым выпадку займаюся той справай, якую люблю і якая з’яўляецца маёй прафесіяй. Для мяне гэта важна. Хтосьці з калегаў пытаўся ў мяне пасля апошняй дыстанцыі: „Ну як беглася?“. Паверце — лепш бегчы, чым стаяць і глядзець. Былі моманты, калі я не мог бегчы і потым проста няёмка сябе ў гэтыя моманты адчуваў».


Фотарэпартаж: Hrodna.life прабегся з удзельнікамі «Гарадзенскай вандроўкі» па вуліцах горада


«Лепш бегчы, чым стаяць і глядзець». Галоўны па спорце ў Гродне пра бег у горадзе і ўласным жыцці
Алег Андрэйчык пасля прабегу Grodno Run з медалём
Трэніруецца Алег Андрэйчык пяць разоў на тыдзень — не менш за гадзіну. Кіламетраж трэніроўкі па перасечанай мясцовасці 10−12 км.


А якія пытанні вы хацелі б задаць начальніку ўпраўлення спорту і турызму аблвыканкама? Пішыце ў каментарыях — мы перадамо іх!

Перадрук матэрыялаў Hrodna.life магчымая толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Кантакт [email protected]