Эндру Стэмпнеўскага вывезлі з Гродна ў чамадане, каб выратаваць ад НКУС. Яго бацька загінуў у савецкім лагеры, а дзед — у нямецкім. Сам Эндру дзіцём прайшоў з маці ссылку ў Казахстан і разам з арміяй Андэрса трапіў у Палесціну. Большую частку жыцця ён правёў у ЗША. Праз 86 гадоў Эндру прыехаў у Польшчу — даведацца больш пра сваіх продкаў і расказаць гісторыю сям'і.
Журналісты MOST і Hrodna.life пагутарылі з Эндру і яго сям’ёй у час іх візіту ў Беласток.
За апошнія пяць гадоў гэта ўжо другая паездка Эндру ў польскі Беласток — на радзіму маці. Першы раз ён прыязджаў з жонкай Шэран ў 2022 годзе, каб наведаць Музей памяці Сібіры — ён спецыялізуецца на тэме палітычных рэпрэсій і высылак палякаў у перыяд Расійскай імперыі і Савецкага саюза.
Праз тры гады Эндру і Шэран вярнуліся — і ўзялі з сабой дзяцей і ўнукаў, каб тыя больш даведаліся складаную сямейную гісторыю. А вось у Гродна, дзе нарадзіўся Эндру, Стэмпнеўскія так і не адважыліся паехаць, нягледзячы на бязвізавы рэжым. Урад ЗША не рэкамендуе сваім грамадзянам ездзіць у Беларусь з-за палітычнай сітуацыі.
Пенсія на яхце і выпадковая сустрэча ў гавані — як Эндру Стэмпнеўскі зацікавіўся гісторыяй сям'і
Цікавіцца сваімі каранямі Эндру пачаў толькі ў 2010-х, калі яму было ўжо за 70. Тады ён жыў бесклапотным жыццём вайсковага пенсіянера і некалькі гадоў хадзіў з жонкай на яхце ўздоўж усходняга ўзбярэжжа ЗША і па Карыбскіх астравах. Усё змянілася, калі ў адной з бухт падчас стаянкі яны пазнаёміліся з палякамі. Тыя распавялі яму аб высылках у Сібір і расстрэлах польскіх афіцэраў у Катыні.
— Тады я паспрабаваў нешта ўспомніць аб сваёй сям'і. У той момант ужо асабліва не было ў каго пытацца. Пошукі прывялі мяне ў Беласток. У гэтым горадзе нарадзілася мая мама — Ірэна Сядлецкая, якая выйшла замуж за Збігнева Стэмпнеўскага.
Кім былі Стэмпнеўскія
Бацька Эндру, Збігнеў Стэмпнеўскі, быў сынам Эдуарда Стэмпнеўскага — вядомага ў Гродне фармацэўта і ўладальніка аптэк. Ён кіраваў цяперашняй аптэкай-музеем на Савецкай плошчы. Таксама валодаў аптэкай на вуліцы Іерусалімскай, якая сёння носіць імя Антонава.
У 1922 годзе Гарадскі савет выбраў Эдуарда Стэмпнеўскага прэзідэнтам Гродна. Яго абралі пасля працяглага крызісу, выкліканага смерцю ранейшага кіраўніка горада Эдварда Лістоўскага. Тады доўгі час польская нацыянальная, сацыялістычная і яўрэйская фракцыі ў савеце не маглі дамовіцца па пытанні прэзідэнта і яго намесніка. Стэмпнеўскі ў выніку займаў гэтую пасаду да добраахвотнай адстаўкі ў снежні 1926 года (гэта рашэнне ён прыняў перш за ўсё з-за канфлікту з беластоцкім ваяводам). Пасля зыходу з пасады, ён працягваў працаваць дырэктарам аптэкі (да 1939 года). Быў вядомы як дабрадзей, падтрымліваў гродзенскі тэатр.

Падарожжа ў чамадане
У верасні 1939 года пачалася Другая сусветная вайна. Германія напала на Польшчу з захаду, а праз 17 дзён СССР увайшоў з усходу. Нягледзячы на ўзрост, Эдуард Стэмпнеўскі як адстаўны афіцэр быў мабілізаваны ў польскую армію — працаваў у шпіталі. Падчас эвакуацыі праз тэрыторыю Літвы трапіў у савецкі палон. Яго сын Збігнеў, бацька Эндру, пайшоў на фронт і таксама трапіў у рукі НКУС.
Савецкія войскі занялі Гродна 23 верасня 1939 года. Эндру (тады яшчэ Анджэй) нарадзіўся праз месяц — 25 кастрычніка.
— Наколькі мне вядома, бацька быў забіты ў Катынскім лесе, як і тысячы іншых польскіх афіцэраў і прадстаўнікоў інтэлігенцыі. Мы даведаліся ў музеі ў Беластоку, што рускія заахвочвалі зняволеных пісаць лісты сваякам. Атрымаўшы адказ, яны фіксавалі імёны і адрасы. Пазней менавіта гэтых людзей — сваякоў арыштаваных і забітых афіцэраў — высылалі.
Збігнеў Стэмпнеўскі трапіў у савецкі лагер у Старабельску на тэрыторыі Украіны, быў расстраляны ў Харкаве. Аднак у Польшчы паняцце Катыні часта пашыраюць, маючы на ўвазе расстрэлы польскіх ваеннапалонных НКУС у розных месцах. Усё гэта лічыцца часткай ваеннага злачынства органаў НКУС, якія ў 1940 годзе пакаралі смерцю каля 22 тыс. польскіх салдат. Эдуард Стэмпнеўскі змог збегчы з савецкага палону і вярнуцца ў Гродна ў пачатку 1944 года. Ён зноў пачаў працу ў сваёй аптэцы, але ў траўні таго ж года быў арыштаваны немцамі за дапамогу Арміі Краёвай і вывезены ў лагер у Штуттгоф (сёння — Sztutowo ў Польшчы), дзе неўзабаве памёр.
У дом Стэмпнеўскіх у Гродна, дзе жыла Ірэна з немаўлём Эндру, прыйшлі прыкладна 13 красавіка 1940 года. Па словах Эндру, маці далі 10 хвілін на зборы.
— Яна распавядала, што засунула мяне, амаль шасцімесячнае немаўля, у чамадан. Так яна хавала мяне ад рускіх. Баялася, што адбяруць. Думаю, яна магла даць мне які-небудзь прэпарат, каб я спаў — усё-ткі яе муж і свёкар былі фармацэўтамі, і яна ведала, што робіць. Пазней я жартаваў, што такім невысокім вырас таму, што мама ў дзяцінстве перавозіла мяне ў чамадане. Хоць і бацька, і дзед былі высокімі.

Шэрон дадае, што невысокі рост яе мужа — следства дрэннага харчавання ў раннім дзяцінстве, якое ён правёў у ссылцы.
Першыя ўспаміны: джыпы, палаткі і гульні з арабскімі дзецьмі
Ірэну з немаўляткам саслалі ў Казахстан, дзе ёй даводзілася цяжка працаваць. Але нечакана сям'і пашанцавала.
— Мы змаглі выбрацца з Казахстана дзякуючы арміі генерала Андэрса. Мы з мамай апынуліся ў патрэбны час у патрэбным месцы. Нас узялі з сабой і запісалі, як вайсковых. Так мы і выратаваліся.

Што такое — армія Андэрса?
Фарміраванне арміі Андэрса пачалося летам 1941 года пасля падпісання пагаднення паміж СССР і польскім урадам у выгнанні. Савецкія ўлады абвясцілі амністыю для польскіх грамадзян, якія знаходзіліся ў лагерах і ў высылцы, і дазволілі стварэнне польскай арміі на тэрыторыі СССР. Камандуючым быў прызначаны генерал Уладзіслаў Андэрс, які быў вызвалены з Лубянскай турмы. Войска фармавалі з былых зняволеных, дэпартаваных і ваеннапалонных палякаў. З-за недахопу забеспячэння і напружанасці з савецкім бокам у 1942 годзе польскія часткі былі эвакуіраваны ў Іран і працягнулі баявы шлях на баку саюзнікаў. Агулам дзякуючы фарміраванню арміі Андэрса з СССР змаглі выбрацца каля 78 тысяч польскіх вайскоўцаў і амаль 40 тысяч цывільных асоб, такіх як Ірэна і яе сын Эндру.
— У войску мы дапамагалі на кухні. Першыя дзіцячыя ўспаміны ў мяне як раз звязаны з гэтымі ваеннымі падзеямі. Я памятаю, як каталіся на джыпе і мне давалі паруліць. Разам з арміяй Андэрса мы прайшлі шлях праз Іран, Ірак і ў выніку апынуліся ў Палестыне.

У арміі Андэрса Ірэна пазнаёмілася са сваім будучым мужам, айчымам Эндру.
— У Палесціне мы жылі ў доме араба, у якога было шэсць жонак. Яны варылі мыла. У школу я пайшоў у Ерусаліме. Памятаю польскіх, яўрэйскіх і арабскіх дзяцей. Мы гулялі разам і разумелі адзін аднаго.

«Страцілі ўсё — акрамя жыцця»
У 1948 годзе на тэрыторыі былой брытанскай Палесціны была абвешчана дзяржава Ізраіль. Большасць палякаў з арміі Андэрса, якая дзейнічала пад брытанскім камандаваннем, да таго часу перабраліся ў Вялікабрытанію. Ірэна са сваім новым мужам і сынам Эндру таксама пераехалі ў Лондан. Неўзабаве айчым Эндру знайшоў працу ў адным з амерыканскіх універсітэтаў. У 1953 годзе ён забраў сям’ю ў ЗША.

Эндру было 13 гадоў і ён адзін у новай амерыканскай школе гаварыў з брытанскім акцэнтам, чым і прыцягваў увагу дзяўчат. Праўда, па яго словах, праз паўгода лонданскі акцэнт ён страціў.
Пасля школы гродзенец паступіў у каледж. Але, як сам кажа, яго больш цікавілі дзяўчаты і піва. У выніку ён пачаў кар’еру ў ваенна-паветраных сілах ЗША, дзе 24 гады адслужыў штурманам.
— У нас амаль нічога не засталося з Гродна і тых гадоў, калі мы былі ў Казахстане і ішлі з арміяй Андэрса. Пра гібель бацькі ўжо даведаўся ў Вялікабрытаніі, да гэтага ён быў зніклым без вестак. Я яго ніколі не бачыў, але ведаю, што ён быў добрым чалавекам і шмат усяго рабіў для Гродна. Я ведаю, што мама спрабавала дамагчыся кампенсацыі ад польскіх уладаў за страчаную ў Гродне маёмасць, але беспаспяхова. Мы, як і многія бежанцы, страцілі ўсё — акрамя жыцця. А многія палякі страцілі нават яго.
Ірэна магла пасля вайны ездзіць у Польшчу, дзе жыла бабуля Эндру. А вось сам Эндру — не. У часы Халоднай вайны вайскоўцы не мелі права наведваць краіны сацлагера. Толькі праз пяць гадоў пасля выхаду на пенсію ён атрымаў дазвол на паездкі — з тых часоў ён тройчы бываў у Польшчы.
— Лічу сябе шчасліўчыкам. Рады, што прыехаў у Польшчу з сям’ёй — каб хоць крыху паказаць, адкуль мае карані, і расказаць гісторыю нашай сям'і. Я сапраўды ганаруся сваім польскім паходжаннем.

Наведаюць Гродна, як толькі гэта будзе магчыма
Сёння Эндру і Шэрон жывуць у Фларыдзе. Яго два сына ад першага шлюбу — у Аклахоме. Адзін з іх вельмі падобны да свайго дзядулі Збігнева з Гродна. Агульныя рысы з прадзедам Эдуардам таксама прасочваюцца. Гісторыю сям'і амерыканскія Стэмпнеўскія збіраюць па крупінках — у свой час Эндру не паспеў распытаць маці пра многае. Хоць ён і пакінуў Гродна больш за 80 гадоў таму, усё яшчэ нядрэнна гаворыць па-польску. «Толькі палякі называюць маю мову архаічнай», — усміхаецца ён.
На пытанне аб тым, ці наведаюць яны Гродна, калі палітычная сітуацыя ў Беларусі зменіцца, Шэрон адказвае першай: «На наступны дзень мы будзем там».
Чытайце таксама: Рэпатрыянт пераехаў у Польшчу ў 1946 годзе, але дагэтуль памятае родны Гродна