Анатоля Пажарава можна сустрэць у цэнтры Гродна ледзь не кожны дзень. Вясной 2020 года яго заўважылі многія гараджане: 67-гадовы мужчына ходзіць у байцы з Бобам Марлі, ланцугамі і пярсцёнкамі. А ў летні сезон пераходзіць на «military style» — шорты, камізэльку і азіяцкі капялюш. Аб сэнсах моды, самых цікавых рэчах і ладзе жыцця Анатоль Пажараў распавёў Hrodna.life.
Анатоль аб’ездзіў Азію і Паўночную Амерыку. Ён родам з Сібіры. У канцы 1970-х ён разам з мамай пераехаў у Гродна, тут служыў у войску. У 1986 годзе, у складзе экспедыцыі па пошуку нафты, служыў мараком у Сінгапуры, у берагоў Паўднёвага В’етнама і Камбоджы. Трапіў ён туды праз сябра, які працаваў у «Нафтагазфлоце».
Пасля развалу Саюза вярнуўся ў Беларусь, але надоўга тут не затрымаўся: адправіўся на заробкі ў ЗША. За акіянам мужчына працаваў больш за 10 гадоў. Быў грузчыкам, будаўніком і кіроўцам фуры.
«Вось так з канца 1980-х я ездзіў па розных краінах і вывучаў свет. Глядзеў на людзей, размаўляў з імі. Некалькі гадоў таму я канчаткова асеў у Гродне. Мне гэты горад спадабаўся, ён з багатай гісторыяй. Тут радзіма маіх продкаў. Зараз я на пенсіі, адпачываю, часам дапамагаю сябрам па будаўніцтве, а таксама займаюся калекцыянаваннем старадаўніх рэчаў».
Стыль з гісторыяй
Шматлікім рэчаў з гардэроба Анатоля ўжо больш за 20 гадоў, але мужчына да гэтага часу іх носіць. Кажа, яны стыльныя, якасныя і галоўнае — зручныя.
«Да такога кэжуал (casual) стылю адзення я прыйшоў не адразу. Я быў звычайным савецкім хлопцам, але, паездзіўшы па Азіі і Амерыцы, знайшоў сваё. Зараз, калі я шпацырую па Гродне ў такой вопратцы,
гродзенцы заўсёды ўсміхаюцца ў адказ, хтосьці нават падыходзіць фатаграфавацца. Шмат каму падабаецца мой азіяцкі капялюшык (коркавы шлем), такіх у горадзе я не бачыў. А нашу яго з 1980-х. У тропіках пастаянная спякота і мясцовыя носяць такія галаўныя ўборы, каб у галаву не напякло. Наша надвор’е ў апошні час нагадвае тропікі, так што мой капялюшык цяпер у самы раз».
«Заходняя культура на Гродна ўплывае вельмі моцна»
Пенсіянеру падабаецца, як апранаюцца гродзенцы. Кажа, у іх ёсць свой стыль, больш еўрапейскі з-за блізкай мяжы ў параўнанні з іншымі рэгіёнамі Беларусі.
«Гродзенцы часта выбіраюцца ў Польшчу ці Літву, там і апранаюцца. Гэта вельмі заўважна. Вось я нядаўна быў у Расіі - у Краснаярскім краі, дык там людзі зусім па-іншаму апранаюцца. Можна сказаць, больш па простаму. Так што магу з упэўненасць сказаць, што заходняя культура на Гродна ўплывае вельмі моцна».
Анатоль любіць «military style». Шмат ваенных рэчаў ён прывёз з ЗША. Кажа, вельмі зручнае адзенне для любых выпадкаў жыцця.
«Мне падабаецца такая вопратка, а ў амерыканскай арміі якраз усё прадумана для салдатаў. Калі вяртаўся ў Беларусь, я прывёз шмат вайсковых рэчаў, штосьці дагэтуль нашу. Я вельмі люблю Гродна і не дай бог які-небудзь канфлікт адбудзецца тут — вораг прыйдзе, я ж буду першым, хто сядзе ў акопах у вайсковай вопратцы і будзе абараняцца. За гады службы ў войску і экспедыцыях па Азіі, я вывучыў многія віды зброі розных краін свету».
5 парадаў ад Анатоля для мужчын:
- Апранайся чыста.
- Апранайся модна.
- Не шкадуй грошай на адзенне.
- Хадзі ў бары і кафэ.
- Не шкадуй грошай на сяброў і жанчын.
Укладвае душу ў свой стыль
Стыль Анатоля каментуе гродзенская стылістка Алена Бяляева:
«У чалавека багаты жыццёвы вопыт, ён бачыў значна больш, чым проста наваколлі Гродна. Таму шырата поглядаў выяўляецца і ў шыраце падачы сябе. Яму цяжка сябе змясціць у нейкія стандартныя рамкі.
Чалавек нестандартны, гэта заўважна па ўсім. Ён пражыў вельмі цікавае, разнастайнае жыццё. У яго ёсць усё для таго, каб праявіць сябе. Тым больш у гэтым узросце яму сорамна саромецца чаго-небудзь. Ён ўкладвае душу ў свой стыль і атрымлівае ад гэтага задавальненне.
Дарагія рэчы — значыць чалавек можа сабе іх дазволіць. Аксэсуары заўсёды звязаны з якімі-небудзь жыццёвымі ўспамінамі, а Анатолю ёсць што ўспомніць".