Амерыканскі рэжысёр Ары Голд не думаў, што пасля паказу сваіх фільмаў у Мінску застанецца ў Беларусі даўжэй. Але раптам яму патэлефанаваў з-за акіяна брат і паведаміў, што Ары павінен затрымацца ў цэнтры Еўропы, каб даведацца больш пра свае беларускія карані. Пошукі прывялі амерыканца і на Гродзеншчыну.
У кастрычніку Ары прадстаўляў у Мінску два сваіх фільмы «The song of Sway Lake» і «Adventures of power». Толькі ў Беларусі амерыканец даведаўся, што яго продкі па прозвішчы Франкель родам з мястэчка Поразава. Адтуль у пачатку 20 стагоддзя яны эмігравалі за акіян.
«Я трохі ведаю пра сваю сям’ю, — распавядае Ары. — Ведаю, што ў пачатку 20 стагоддзя яны жылі ў Гродзенскай губерні пад прозвішчамі Франкель і Воўк. А наогул, я гастраляваў па балтыйскіх краінах і вырашыў заехаць у Беларусь, паказаць свае фільмы. І ўжо тут мне патэлефанаваў брат і сказаў, што ў мяне ў гэтай краіне і ва Украіне ёсць карані. Гэта стала поўнай нечаканасцю. Сапраўдны сюрпрыз».
Ары мяркуе, што яго продкі вырашылі пакінуць Расійскую імперыю і роднае Поразава, магчыма, з-за яўрэйскіх пагромаў, якія ў пачатку 20 стагоддзя пракаціліся па гарадах і мястэчках.
«Маёй бабулі Фрыдзе Фрэнкель, калі яна з’яжджала са сваімі бацькамі з Поразава, было ўсяго 1,5 года. Я ніколі ад яе не чуў размоў пра прычыны, па якіх яны вырашылі пакінуць роднае месца. Але, мяркуючы па гісторыі дзядулі, які родам з Купіна ва Украіне, там былі вядомыя выпадкі нападаў на яўрэяў, а таксама шматлікія пагромы. Таму, я лічу, што ў той час заставацца ў Расійскай імперыі яўрэям было небяспечна. Магчыма, штосьці адбылося і ў Поразаве. Былі сведчанні, што ў гэтым мястэчку адбыўся падпал, можа і гэта стала асноўнай прычынай, каб яны пакінулі роднае месца».
Першапачаткова Франкелі прыбылі ў Манрэаль (Канада) у 1903 годзе, а адтуль адправіліся ў Нью-Ёрк. За акіянам сям’я займалася гандлем.
«Я зусім не чуллівы чалавек, але ва ўкраінскім Купіне і беларускім Поразаве я адчуў нейкія незвычайныя пачуцці, нейкую сувязь часоў. У Купіне, напрыклад, адчуў моцнае жаданне жыць свайго прадзеда, які вырашыў пакінуць гэтае месца з-за пагромаў, а ў Поразаве я сустрэў людзей з прозвішчам Воўк. Такое дзявочае прозвішча было ў маёй прабабулі. Магчыма, гэтыя людзі ў Поразаве і мае далёкія сваякі. Але чаго-небудзь расказаць мне яны не змаглі. Бачыў у гэтым мястэчку і сінагогу, і яўрэйскія могілкі. Там могуць быць пахаваныя і мае продкі».Чарада абставінаў прывялі Ары і ў Гродна. Ён вырашыў паглядзець тут музеі і мясцовую сінагогу.
«Упершыню ў Беларусі я апынуўся ў сярэдзіне кастрычніка. Мне тут падабаецца, я не супраць паказаць свае фільмы і ў іншых гарадах краіны. Як доўга я тут затрымаюся, яшчэ не ведаю. Усё будзе залежаць ад пошукаў. Пасля Беларусі я планую паехаць ва Украіну і Грузію».
Калі звыклыя хобі ўжо надакучылі і больш не прыносяць задавальнення, самы час выйсці за межы…
Мастацтва тэатраў лялек у Беларусі ўзнялося надзвычай высока і 30 гадоў трымала планку якасці. Беларускіх…
«На могілках! А дзе ж яшчэ праводзіць прэзентацыю?» Аўтарка кнігі пра гродзенскі праваслаўны некропаль Святлана…
У Беларусі Света выкладала хімію ў каледжы і працавала ў антыдопінгавай лабараторыі. Зараз яна жыве ў…
Гродна 100 гадоў таму праславілася як “база” серыйных забойцаў Збоньскіх. Адсюль з вуліцы Фабрычнай, 9 цягам…
Журналіст Hrodna.life Руслан Кулевіч летам 2020-га збіраўся згуляць вяселле, а да канца года - выпусціць…