Мендэль Аркін з ЗША патрапіў у Беларусь яшчэ да пандэміі. Тры месяцы ён быў у Віцебску, адкуль родам яго жонка Анастасія. Перад вылетам у ЗША ў чэрвені амерыканец вырашыў заехаць у Гродна — горад продкаў. Пра свае гродзенскія карані Мендэль практычна нічога не ведае.
У Гродне не засталося нікога
Вялікая сям’я Аркінаў жыла ў Гродне да 1941 года, пакуль у горад не ўвайшлі немцы і не стварылі гета, а пасля вывезлі яго вязняў у лагеры смерці. Мендэль мяркуе, што там апынуліся і яго сваякі.
Пасля вайны з усёй сям'і Аркінаў у жывых застаўся толькі бацька Мендэля — Якаб Аркін. Ён быў удзельнікам Другой сусветнай вайны: да 1941 года яго прызвалі ў савецкую армію.
Бацька Мендэля пра Гродна стараўся не ўспамінаць.
«Мой бацька трапіў у савецкую армію. Магчыма, таму і выжыў. На вайне ён пазнаёміўся з маёй мамай. Яна з Варшавы, была ў гета. У канцы вайны яны пажаніліся і пераехалі жыць ва Вроцлаў [горад у заходняй Польшчы, на былых нямецкіх землях — рэд.]. Там я нарадзіўся».
Аркіны жылі ў Польшчы да 1957 года, а потым пераехалі ў Ізраіль. Адтуль Мендэль перабраўся ў ЗША. У Гродна ніхто з сям'і больш не вяртаўся.
Сям’я раз’ехалася па ўсім свеце
Аркін — распаўсюджанае яўрэйскае прозвішча. Вядома, што да 1939 года адзін з Аркінаў у Гродне валодаў цагляным заводам на вуліцы Базыльянскай (суч. Лермантава). Але ці быў гэта сваяк Мендэля, цяпер цяжка даведацца.
«Паводле расказаў бацькі, сям’я наша была нябедная. У яго было 10 братоў і ён быў заўзятым камуністам — верыў у прапаганду і ідэю Сталіна. Я не ведаю, чаму так было, але ён актыўна падтрымліваў савецкую ўладу. Перад вайной хтосьці з Аркінаў з’ехаў у Аўстралію, Ізраіль, Паўднёвую Афрыку і Канаду, але хто менавіта ад’язджаў - не ведаю. Як і не ведаю, дзе ў Гродне жылі Аркіны. Я вельмі хацеў бы ўбачыць дом і месцы, звязаныя з маёй сям’ёй».
Бацька пачаў расказваць пра Гродна толькі пасля справы Эйхмана
Бацька Мендэля пачаў расказваць дзецям пра Гродна і сваю сям’ю толькі ў пачатку 1960-х гадоў, калі ў Ерусаліме пачаўся працэс па справе Адольфа Эйхмана — нацысцкага ваеннага злачынцы, вінаватага ў злачынствах супраць чалавецтва.
«Яму было цяжка ўспамінаць родны горад і сям’ю. І я цяпер шкадую, што размаўляў з ім рэдка на гэтую тэму», — кажа Мендэль.
Мендэль прыехаў у Гродна другі раз. Упершыню ён быў тут у кастрычніку 2019 года. Тады ён і пачаў цікавіцца сваёй гродзенскай сям’ёй.
Пазнаёміўся з фабрыкай «ЗОВ» і яе ўладальнікамі
«У першы прыезд мы пазнаёміліся з горадам і пайшлі спачатку ў адзін архіў, потым у іншы. Калі адна з супрацоўніц даведалася, што я яўрэй, то я адчуў нейкае прадузятае стаўленне да мяне. Яна сказала, што ў іх няма інфармацыі па маёй сям'і, і прапанавала звярнуцца ў сінагогу. Пасля гэтага мне не захацелася больш вяртацца ў Гродна, але лёс вярнуў. Мы прыехалі ў Гродна ў чэрвені, каб пазнаёміцца з фабрыкай, якая робіць кухні [група кампаній „ЗОВ“ — рэд.]. Пазнаёміліся з уладальнікамі Зухавіцкімі - яны таксама яўрэі. Гродзенцы паказалі нам сінагогу і распавялі гісторыю».
Мендэль валодае ў Нью-Ёрку фірмай, якая прадае кухні. У Гродне ён не толькі шукаў карані, але і пазнаёміўся з вытворчасцю беларускіх кухняў «ЗОВ».
Мендэль працягвае шукаць свае карані ў Гродне. Калі вы валодаеце інфармацыяй пра гродзенцаў па прозвішчы Аркін, пішыце нам на электронную пошту [email protected].
Чытайце таксама:
- 85 лет большому погрому в Гродно. Как город пережил трехдневные беспорядки после смерти «моряка»
- Яўрэі з Мексікі прыехалі ў Гродна знаёміцца з зямлёй продкаў
- «Тут загінулі яўрэі». Сям’я з Англіі ездзіць па Беларусі і ставіць мемарыялы ахвярам Халакосту
- «Бабушка перед смертью сказала, что она еврейка». В Париже нашли письма из Гродно 1930−40-х
- «В Гродно чувствую себя как дома». Потомок выживших узников гетто приехал из США посмотреть город предков