Школа “Территория успеха” ў Гродне прапанавала курсы беларускай мовы. Яе пазіцыянуюць як “почти русский язык, где пишут, как слышат, и не получают за это двойки”. Гэта абурыла гродзенцаў, пра што яны напісалі ў сацсетках. Рэдакцыя Hrodna.life папрасіла выкладчыцу беларускай і рускай мовы ў адным з еўрапейскіх універсітэтаў пракаментаваць аб’яву. Яна, дарэчы, напісана па-руску.
– Увидите, как выглядит почти русский язык, где пишут, как слышат, и не получают за это двойки. <…> Белорусская орфография, например, строго фонетическая, то есть произношение слов определяет их написание. Это свойство отличает белорусский от двух своих родственников. Также в белорусском много слов, которые были заимствованы из польского, – пішуць на сайце.
Таксама там адзначаюць, што беларуская мова – гэта “Песняры”, «Сябры», “Верасы”, Янка Купала, Якуб Колас, Максім Багдановіч. А тры мовы – беларуская, руская, украінская – вельмі падобныя.
“Территория успеха” называе сябе “сучаснай адукацыйнай прасторай”. Тут даюць урокі па школьных прадметах, рыхтуюць да экзаменаў і ЦТ. Ёсць таксама развіваючыя заняткі і “пасляўрочка”.
– Можна меркаваць, што такая пастаноўка пытання – «Увидите, как выглядит почти русский язык, где пишут, как слышат, и не получают за это двойки” – не надта ўдалы жарт. Сур’ёзна да гэтага ставіцца і даваць нейкія навуковыя каментары не мае сэнсу, – распавяла выкладчыца.
Яна ўдакладняе, што гэта можа быць недарэчнай спробай рэкламнага ўздзеяння на аўдыторыю. Такое пазіцыянаванне не робіць мову прасцей і бядней, лічыць яна.
– Калі ацэньваць тэкст з пункту гледжання камунікатыўнага падыходу, дык абсалютна незразумела, на якую мэтавую аўдыторыю – узрост, сацыяльнае паходжанне, краіна паходжання і т.д. – ён разлічаны.
Пішацца, як чуецца? Не
Што тычыцца прынцыпаў напісання, то мовазнаўцы вылучаюць наступныя, тлумачыць экспертка:
- фанетычны;
- марфалагічны;
- гістарычны / традыцыйны;
- дыферэнцыйны.
Напісанне слоў у беларускай мове рэгулюецца ўсімі чатырма прынцыпамі напісання. Фанетычны прынцып рэгулюе перш за ўсё напісанне слоў, дзе гукі стаяць у моцнай пазіцыі – чуюцца выразна: Мінск, Лондан, Варшава, Прага, стол, камень, карова, рака і т.д.; Марфалагічны прынцып рэгулюе напісанне слоў незалежна ад пазіцый гукаў: гарадскі, студэнцкі, казахскі, барацьба, просьбіт і т.д.;
Гэта значыць, не заўсёды “пішацца, як чуецца”.
Як вучыць беларускую мову?
“Знакомые слова откроются вам с новой стороны: радуга – это вясёлка, она весёлая. Спадабацца – понравиться, нам нравится тот, кто подобен нам! «Непатрэбны» – значит «ненужный», что даже более логично, как-то буквальнее, нежели в русском значении «непотребный = плохой»”, – пішуць на сайце.
Праграма курса “Беларуская мова з нуля” ўключае ў сябе вывучэнне граматыкі, лексікі, фанетыкі, практыку маўлення, а таксама чытання і пісьма.
Выкладчыца не бярэцца ацаніць метады навучання ў гэтай школе.
– Паспяховае авалодванне моваю залежыць, сярод іншага, ад таго, якая ў чалавека матывацыя, якія намаганні ён прыкладае, каб ёю авалодаць, якія метады абірае: аўдыяльныя, візуальныя, аўдыявізуальныя, дотыкава-маторныя і т.д. Традыцыйна лічыцца, што комплексны падыход гарантуе найлепшыя вынікі.
Чытайце таксама: Папусціцца — тандэтны цымус. Склалі тэст, каб праверыць, наколькі добра вы ведаеце беларускую мову


