Яшчэ да выбараў Алена Шаламіцкая здолела зрабіць больш, чым некаторыя дэпутаты за час свайго тэрміну. Гродзенка адстойвала інтарэсы свайго мікрараёна і дабілася будаўніцтва сучаснай спартыўнай пляцоўкі. Бачачы падтрымку жыхароў, Алена вырашыла балатавацца на выбары ў Палату прадстаўнікоў і была ўпэўненая ў сваёй перамозе. Але ў выніку ўдзелам у выбарах засталася вельмі незадаволеная.

Алена сабрала вакол сябе каманду «Хата не с краю» сярод актыўных жыхароў вуліц Шчорса і Пралетарскай, якая здолела «выбіць» для свайго двара сучасную спартыўную пляцоўку з трэнажорамі, а таксама не дазволіла будаўніцтва шматпавярховіка замест дзіцячага садка.


На стадион не пустили — потребовали спортивную площадку


— Я — звычайны жыхар горада, якому неабыякава, што адбываецца навокал. На выбары мяне і маю каманду вымусіў пайсці прынцып, — распавядае Алена Шаламіцкая. — Мы рознымі шляхамі спрабуем дамагчыся законнасці па некалькіх архіважных для мікрараёна пытаннях.
Калі правы гараджан былі ў чарговы раз праігнараваныя некалькімі інстанцыямі і ад цяперашняга дэпутата парламента была атрымана катэгарычная адмова ў садзейнічанні - мы ўзялі сітуацыю ў свае рукі. Але тут і асабісты матыў сыграў ролю. Было цікава праверыць на практыцы закон адмоўнай селекцыі на прыкладзе ўдзелу кандыдата ад народа ў парламенцкіх выбарах.

«Мы ўсе ведаем, хто перамог, а хто стаў пераможцам». Экс-кандыдатка Алена Шаламіцкая пра ўдзел у парламенцкіх выбарах

«Спадзяваліся, што ўсё не так, як малююць апазіцыйныя СМІ і блогі»

Алена адзначае, што падчас выбарчай кампаніі ў яе каманды была магутная падтрымка ад прыхільнікаў і новых людзей, якія вырашылі падтрымаць актыўную гродзенку падчас агітацыі.

— Падтрымка была і маральная, і практычная. Наша «Хата не з краю» пашырыла сваю «жылплошчу» для новых спагадлівых людзей.
Нам як пачаткоўцам у палітыцы даводзілася вырашаць шмат «квэстаў». Але мы справіліся.

Правядзеннем выбараў Алена засталася вельмі незадаволеная. Так што далейшы яе ўдзел у беларускай палітыцы пад вялікім пытаннем.

— Удзельнічаць не планую, але пайду на выбары абавязкова, толькі ў адной ролі - незалежнага назіральніка. Упэўненая, што многія захочуць скласці мне кампанію і ўбачыць на ўласныя вочы закуліссе выбараў. А што там адбывалася — спытайце ў пастаноўшчыкаў шоу: настаўнікаў, членаў прафсаюзаў і іншых аплачваемых вамі арганізацый. І не забудзьцеся паглядзець ім пры гэтым у вочы. Мы да апошняга спадзяваліся, што ўсё не так, як малююць апазіцыйныя СМІ і блогі.

«Мы ўсе ведаем, хто перамог, а хто стаў пераможцам». Экс-кандыдатка Алена Шаламіцкая пра ўдзел у парламенцкіх выбарах

Рэальны супернік — кандыдат «Супраць Усіх»

Алена пазбягае пераходу на асобы, кажучы пра свае апанентаў, і прыводзіць кароткі аналіз кан’юнктуры. Сваім галоўным канкурэнтам дзяўчына лічыла кандыдата «Супраць Усіх».

— У нас на ўчастку быў унікальны склад: кандыдат ад улады, апазыцыя — ад БНФ і беспартыйны кандыдат, а яшчэ тая самая нейтральная залатая сярэдзіна, пра якую ўсе так шмат гаварылі і ў якую ледзь паверылі - кандыдат ад народа. Відавочна, што маім рэальным супернікам мог быць толькі кандыдат «Супраць Усіх». Магчыма, гучыць трохі прэтэнцыёзна. Але пра гэта сведчаць апытанні, гутаркі з выбаршчыкамі і незалежнымі назіральнікамі. Калі б гэтыя выбары былі першапачаткова сумленнымі - яны б папросту не адбыліся.

Давайце зыходзіць са статус-кво. Маем, што маем. А годны абраны дэпутат пахвалы ці дакору — вырашаць кожнаму жыхару Цэнтральнай акругі. Даводзьце да свайго прадстаўніка наказы дэпутату, запытвайце любую цікавую для вас інфармацыю, лавіце на сустрэчах і патрабуйце дэталёвай справаздачнасці па кожным прадпрынятым кроку або страчанай магчымасці. Калі ёсць прэтэнзіі - за грамадзянамі заканадаўча замацавана права адклікання дэпутата. Стварайце прэцэдэнт.

«Працягнем працаваць»

У Гродзенскай-Цэнтральнай акрузе № 51, дзе ўдзельнічала ў выбарах Алена, выйграла дзеючы дэпутат Лілія Кір'як, якая таксама правяла актыўную агітацыйную кампанію. У гэтым ёй дапамагаў БРСМ і Белая Русь.

— Мы ўсе ведаем, хто перамог, а хто стаў пераможцам. За перадвыбарчую кампанію разам з мноствам шчырых пажаданняў мы атрымлівалі нямала зваротаў, просьбаў аб садзейнічанні. Нават з іншых абласцей, не кажучы аб іншых раёнах горада. Так што мы працягнем працаваць у ранейшым тэмпе, усё на тым жа энтузіязме, у асабісты вольны час. Мы нічога не зробім за вас, але мы многае зможам разам з вамі.

«Мы ўсе ведаем, хто перамог, а хто стаў пераможцам». Экс-кандыдатка Алена Шаламіцкая пра ўдзел у парламенцкіх выбарах

Перадрук матэрыялаў Hrodna.life магчымая толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Кантакт [email protected]