З Геранёнаў да Мінска – 150 км. Валерый Алейнік ужо восем гадоў штотыдзень праязджае гэтую адлегласць, каб пайграць на гармоніку на станцыі метро “Пятроўшчына”. 70-гадовы вясковец расказаў “Народнай волі”, колькі можна такім чынам зарабіць, як да ставяцца міліцыянты і чаму даводзіцца начаваць на вакзале. 

Вулічным музыкам стаў ва Украіне: як гарманіст з Іўеўскага раёна штотыдзень ездзіць у Мінск, каб пайграць у метро
Валерый Алейнік. Крыніца: nv-online.info

Валерый Алейнік нарадзіўся на востраве Сахалін.

“Пасля вайны мае бацькі завербаваліся і паехалі туды працаваць. Жыццё прымусіла. Як казала мая мама, у бацькі быў толькі шынель, а ў яе – ірванае паліто. На Сахаліне мы і нарадзіліся – два браты і дзве сястры. Там прайшло маё дзяцінства. Памятаю, што крабаў, рыбы заўсёды хапала – і вэнджаная была, і вяленая. Ікру чырвоную банкамі елі”.

Потым Валерый з бацькамі жыў ва Украіне. Пасля Кіеўскага вучылішча марскога і рачнога флоту апынуўся ў Гродзенскім пагранатрадзе. У Гродне Валерый паступіў у культасветвучылішча на харэографа. На гармоніку навучыўся граць, калі яму было 10 гадоў.

У Геранёнах паабяцалі… кватэру і жонку

Выпускніка культасветвучэльні ў вёску Геранёны паклікаў тагачасны старшыня мясцовага калгаса Уладзімір Баўм. Ён пабудаваў у вёсцы Дом культуры на 400 месцаў, а на пасадзе дырэктара нікога не было. Валерый пагадзіўся паехаць.

“На наступную раніцу “Волга” пад вучылішчам стаяла. Уладзімір Аляксандравіч асабіста прыехаў. Прыехаў і кажа мне: “Ты не перажывай, я табе дам усё: і кватэру, і жонку” і павёз у Геранёны”.  

Так і сталася: у Геранёнах Валерый ажаніўся і атрымаў двухпакаёвую кватэру. Тады ж завочна атрымаў вышэйшую адкукацыю па спецыяльнасці “арганізатар – рэжысёр масавых святаў” у Інстытуце культуры. 

На вуліцах пачаў граць ва Украіне

Пасля звальнення з Дома культуры мужчына працаваў у вясковых школах і выкладаў спевы з рытмікай. Таксама працаваў грузчыкам і падпрацоўваў кіраўніком музычнага гуртка пры клубе. 

У 2013 годзе Валерый аформіў пенсію і паехаў ва Украіну даглядаць маці. Менавіта там ён пачаў граць на вуліцы на бацькоўскім гармоніку. Калі ў 2015 годзе ён вернуўся ў Геранёны, то працягнуў граць у Мінску.

Спрачаўся з-за гармоніка з міліцыянтамі

Першы час Валерый граў на розных станцыях метро, а ў Мінск ездзіў аўтаспынам. Час ад часу сутыкаўся з цяжкасцямі.

“Восем гадоў таму неспрактыкаваны быў, шмат чаго не ведаў. Напрыклад, у цэнтры горада міліцыя не дазваляе музыкам граць, таму што, маўляў, «непрыгожа перад гасцямі сталіцы». Але не штрафавалі.

Аднойчы падышоў міліцыянт, пытаецца: “Падставы для ігры на музычным інструменце?” Я яму: “Якія падставы? Чаму я не магу проста сядзець і іграць?” — “Вы ж жабруеце”. — “Выбачайце, — адказваю, — але гэта вы жабруеце. А я ўсё жыццё адгарбеў і цяпер пенсію атрымліваю. І калі ў мяне ёсць вольны час, то сяджу з гармонікам і адпачываю. Мне так цікавей жыць. А вы не захацелі працаваць, вось і пайшлі ў міліцыю. Чаму вы лічыце, што я жабрую?”

Міліцыянт на мяне тады таксама пакрыўдзіўся: “Навошта вы на мяне так гаворыце?” Дык гэта ж не я, заслужаны пенсіянер з вышэйшай адукацыяй, першы пачаў. Так што не трэба пенсіянераў крыўдзіць. Ідзіце, кажу, справай займайцеся — алкаголікаў і бяздомных лавіце”.

Чаму Валерый ночыць на вакзале

Цяпер Валерый часцей ездзіць на цягніку. У Мінск прыязджае на два дні – у чацвер, а ў пятніцу з’язджае назад. Днём мужчына грае, ноч праводзіць на чыгуначным вакзале.

“Увечары еду на вакзал начаваць. На трэцім паверсе тэлевізар гляджу і драмлю. Часам міліцыянт падыходзіць, пытаецца квіток. Звычайна адказваю так: “Пакуль не вырашыў, якім цягніком паеду”. Так ноч і праходзіць. Хоць міліцыянты мяне ўжо ведаюць, Я ж кожны тыдзень тут на працягу васьмі гадоў. І да таго ж алкаголю не ўжываю, пад лаўкай не валяюся”.

Час ад часу мужчына пачынае граць а шостай раніцы, калі пачынае працаваць метро. 

“Гадзіны з тры пайграю, ужо стромленасць накатвае. Пайду паабедаю, адпачну крыху. Потым яшчэ тры гадзіны іграю”. 

Валерый ведае каля 100 мелодый: народныя, сучасныя, з кінафільмаў.

“Граю ўсё, што на розум прыйдзе. Я, калі граю, то рэпертур выбудоўваецца сам – па настроі. Адчуваю настрой людзей. А вось на замову не граю. Толькі для душы. Так бы мовіць, сумяшчаю прыемнае з карысным”.

Колькі грошай можна зарабіць на гармоніку

Пенсія ў Валерыя каля 700 рублёў. У жонкі, якая ўсё жыццё была хатняй гаспадыняй, – усяго 120 рублёў. Гармонік дазваляе істотна падзарабіць.

“Звычайна людзі дробязь кідаюць, часам – рублі. Моцна народ купюрамі не раскідваецца. Тым больш, тыя, хто ездзіць у метро. Не алігархі ж, простыя людзі. Пройдзе добры чалавек – пятачок або 20 капеек у бляшанку кіне.

Але аднойчы быў выпадак на станцыі метро “Фрунзенская”, калі іграў каля нейкага банка. Сяджу ў цяньку пад дрэвам, расцягваю гармонік, падыходзіць салідны мужчына. Касцюм, гальштук, беласнежная кашуля — усё пры ім. Банкір, думаю. Кажа мне: “Дзед, што ты тут мучаешся? Вось табе 50 рублёў і ідзі адпачывай”. — “Я не мучаюся, — адказваю, — а якраз і адпачываю”.

Але гэта не рэкорд. Аднойчы кітаянка, якой спадабалася танцаваць пад “Цыганачку”, якую граў Валерый, паклала ў бляшанку 100 рублёў. Увечары Валерый звычайна ідзе ў банк і кладзе сабе на картку сабраную за “змену” дробязь. За дзень атрымліваецца ад 30 да 100 рублёў. 

“Я ж памру, калі не буду варушыцца і іграць”

У Мінск Валерый плануе прыязджаць, пакуль дазволіць здароўе.

“Тут я сам сабе не пан. Але калі блізкія мяне пачынаюць адгаворваць ад маіх паездак у сталіцу, я ім адказваю так: “Дзеці, я ж памру, калі не буду варушыцца і іграць”.