Звольненыя гродзенскія акторы сыгралі ў Вільні спектакль «Трэцяя змена». Пастаноўку паводле п’есы Паўла Пражко зрабіў рэжысёр Андрус Даряла. Прэм’ерны паказ прайшоў 9 ліпеня ў Рускім драматычным тэатры Літвы ў рамках Міжнароднага тыдня беларускай культуры. Для Hrodna.life рэжысёр і акцёры распавялі пра «лагернае жыццё», самаробныя касцюмы і герояў спектакля.
«Мы не граем дзяцей. Мы — людзі дарослыя, якія не могуць з’ехаць з гэтага піянерскага лагера з парадкамі, у якіх усе вымушаныя прыкідвацца, — кажа рэжысёр на рэпетыцыі. — Вы павінны падкладаць свае асабістыя гісторыі».
На думку рэжысёра, спектакль не пра развітанне з дзяцінствам, расчараванне або сталенне. «Па-іншаму п’еса павярнулася — пра тое, што адбываецца цяпер. Проста мы іншымі словамі пра гэта гаворым».
«Я іх у канцы палюбіў усіх»
Антураж спектакля аскетычна просты. Дэкарацыі і касцюмы акцёраў чорна-белыя. Паўтонаў няма. Яркіх фарбаў - таксама. Вядомыя сцэны лагернага жыцця разгортваюцца перад гледачамі. У іх шмат смешнага і шмат жорсткага. Рэфрэнам гучыць: «Госпадзе, ды мы ж яшчэ дзеці!» І гэтым «дзяцінствам» героі звыкла спрабуюць апраўдаць усё.
Васіль Мініч у спектаклі - важаты па імя Стас. «Мы расказваем, як раней было, як цяпер. Пра гэтую дурную сістэму — па званку ўстаём, па званку ідзем есці, па званку шыхтуемся на зарадку», — кажа акцёр.
— Ты важаты, ты частка сістэмы. Як табе гэта?
— А вось не ведаю. Не вырашыў, што мне з гэтым рабіць. Ён жа таксама дзіця, такое ж дзіця. Толькі ледзь старэйшае. Яны яшчэ ходзяць у школу, а ён са школы выйшаў і адчуў сябе ўладай над іншымі.
«Я іх у канцы палюбіў усіх», — казаў Мініч, калі мы сустракаліся на рэпетыцыі. Пасля спектакля гэтая фраза ўспаміналася ўжо па-іншаму.
«Зразумець гэтае жыццё лагернае»
Ролю вельмі правільнай дзяўчынкі Волі адыграла Натэла Белугіна. «Яна першы раз у лагеры. Ёй усё цікава, усё хочацца даведацца і зразумець гэтае жыццё лагернае».
Воля шукае сяброў, марыць пазнаёміцца з хлопчыкам, б’ецца падушкамі з суседкамі па палаце. Яна вучыцца падпарадкоўвацца моцным, мяняць сябе і быць як усе. Натэла кажа, што ў спектаклі шмат «дзіўнага». Нават тое, што гледачы сядзяць зусім побач з акцёрамі, нязвыкла. Але больш за ўсё ёй не хацелася згаджацца з фіналам.
«Дзяўчынка, якая нарвалася на сістэму»
«Цікавы і складаны персанаж, — кажа пра сваю гераіню Наталля Лявонава. — Гэтая дзяўчынка нарвалася на сістэму і люта спрабуе ў ёй выжыць. Яна зразумела, што [гэта магчыма] толькі сілай, прыгнётам ўсіх вакол сябе».
«Для мяне гэты лагер — беларускі рэжым сёння. А спектакль пра тое, як сістэма з добрых хлопцаў і дзяўчат робіць тое, што мы цяпер атрымалі. Гэта аповед пра людзей, якія праз „сістэму“ сталі тымі, кім цяпер ёсць».
«На жаль ці на шчасце, нічога добрага маю гераіню не чакае, — разважае Наталля пра магчымы лёс Тані, якую яна грае. — Ва ўсіх гэтых дзяцей няма будучыні, бо ў канцы…». Наталля змаўкае і праз імгненне працягвае: «У іх быў шанец. Сярод іх было такое дзіўнае дзіця, якое спрабавала усё выправіць. Але сістэма вучыць не чуць, а прыгнятаць».
Сляпы піянер з 60-х у спектаклі пра сучасную дыктатуру
«Ён як быццам паміж светаў знаходзіцца, — прадстаўляе свайго персанажа Мішу актрыса Марыя Мялешка. — Мы прыхільнікі сістэмы Станіслаўскага, але часам можна паэксперыментаваць і такім чынам».
Вобраз героя Марыі ствараўся як адсылка да вядомай фатаграфіі Антанаса Суткуса «Сляпы піянер».
«Лысай пабыць не страшна, абсалютна не, — распавядае Марыя пра свой вобраз у спектаклі. — Адна мая любімая акторка шкадавала, што ў маладосці для роляў ёй даводзілася галіць галаву нагала і хадзіць з вядром. Маўляў, у гэты час трэба было ўсю сваю прыгажосць праяўляць, бо яна праходзіць. Але я стаўлюся да гэтага па-іншаму. З мяне Мушперт [звольнены галоўны рэжысёр Гродзенскага драматычнага тэатра — заўв. Hrodna.life] 18 гадоў таму „выбіў“ усю лірычнасць. Я больш вострахарактарная актрыса — заўсёды розная і люблю гэта адчуванне».
«Цёмныя сілы нас злосна гнятуць»
«Мы з Сярожам [акцёр і рэжысёр Cяргей Курыленка — муж актрысы — заўв. Hrodna.life] будзем у чорным», — распавядае пра агульную ролю на дваіх Валянціна Харытонава. Яны ўдваіх — нянька ў лагеры. На спіне ў кожнага склад «Ня».
«Тыя самыя «цёмныя сілы», якія «нас злосна гнятуць», — жартуе Сяргей Курыленка пра ролю. «Як чорныя кропкі на белым фоне. Прадказваюць ці жыццё, ці смерць», — дапаўняе Валянціна Харытонава.
«Трэба было наважыцца»
«Трэцюю змену» падрыхтавалі да паказу ўсяго за пару месяцаў. Хоць акцёры прыехалі ў Вільню ў лютым, збірацца на рэпетыцыі было немагчыма — у Літве дзейнічаў жорсткі лакдаўн. Але «калі прыдумаў, як усё можа быць, ужо не можаш выстаяць», — распавёў Hrodna.life рэжысёр Андрус Дарала.
Андрус Дарала — акцёр, рэжысёр. Нарадзіўся ў Сібіры. Скончыў Краснаярскую акадэмію музыкі і тэатра, магістратуру Школы-студыі МХАТ. Граў у Краснаярскім тэатры драмы імя А. С. Пушкіна. Зараз працуе ў Рускім драматычным тэатры Літвы. Дарала здымаецца ў кіно, піша п’есы, працуе як рэжысёр. Ставіў спектаклі па творах Дастаеўскага, Вырыпаева, Брэхта, па прозе Высоцкага.
Выбар п’есы «Трэцяя змена» таксама не выпадковы. На думку Даралы, беларуская драматычная школа ў апошнія 20 гадоў адна з самых моцных, але ва ўмовах дыктатуры ў гэтых твораў няма шанцаў дайсці да чытачоў і гледачоў. «Людзі жывуць у Беларусі і сваіх талентаў не ведаюць — тую ж драматургію Паўла Пражко ці прозу Сашы Філіпенкі».
Павел Пражко — сцэнарыст, драматург. Нарадзіўся ў Мінску. Першую п’есу напісаў у 2004. Творы Пражко перакладзеныя на польскую, нямецкую і фінскую мовы. Працы Паўла Пражко неаднаразова атрымлівалі дыпломы конкурсаў сучаснай драматургіі і тэатральных фестываляў.
«Набраўся смеласці прапанаваць [гродзенскім акторам] матэрыял. Зраслася з тым, што адбываецца зараз, гэтая гісторыя. Прачыталі [п'есу] з хлопцамі - усе трапляюць, усё на месцы. Прадумаў сілы, тэрміны і зразумеў - зробім».