Прарывы навукоўцаў і ажыятаж на бункеры перад «канцом свету», адноўлены Нясвіж і чаканне 650 тысяч кітайцаў. Якім запомніўся беларусам 2012 год? І якая кніга адлюстроўвае тую эпоху? Hrodna.life і выдавецтва Gutenberg запрашаюць у падарожжа ў часе.

Адшуканне «часціцы Бога» і чаканне апакаліпсісу — якім быў 2012-ы ў свеце?

2012 год быў не проста вісакосным — ад яго чакалі цэлага канца свету. Ён меўся адбыцца 21 снежня — з розных прычын паводле розных версій. Чаканні абапіраліся на тое, што менавіта на гэтай даце заканчваўся каляндар цывілізацыі мая. Праз гэта ў ЗША выраслі продажы прыватных падземных бункераў, у адным з бразільскіх гарадоў будавалі калонію-прытулак для тых, хто перажыве катаклізм, а ў другім паліцыя спыніла масавае самагубства парадку ста членаў дэструктыўнай секты. Няздзейсненая падзея пакінула глыбокі след у масавай культуры.

Год стаў прарыўным для фізікаў - дзякуючы Вялікаму адроннаму калайдару адкрылі базон Хігса, які шукалі амаль 50 гадоў. Гэта элементарная часціца, звязаная з полем Хігса, якое надае масу іншым часціцам, такім як электроны і кваркі. Адкрыццё замацавала аснову сучаснай фізікі, а саму новую часціцу назвалі таксама «часціцай Бога».

Касмічны апарат Voyager 1, які нёс іншапланетнікам пасланні ад зямлян, у 2012-м выйшаў у міжзоркавую прастору і стаў першым, які пакінуў межы Сонечнай сістэмы. Запушчаны ў 1977 годзе, зараз ён з’яўляецца найбольш аддаленым ад Зямлі аб’ектам, створаным чалавекам.

У Егіпце скасавалі надзвычайнае становішча, якое дзейнічала з 1981 года, і ўпершыню абралі прэзідэнта дэмакратычным шляхам. Ім стаў Мухамед Морсі. Праўда, на пасадзе прабыў нядоўга — яго кіраванне скончылася масавымі пратэстамі і вяртаннем ваеннай улады ў 2013-м.

У ЗША другі раз прэзідэнтам выбралі Барака Абаму — першага цемнаскурага прэзідэнта ў гісторыі Злучаных Штатаў, лаўрэата Нобелеўскай прэміі міру 2009 года. У той жа год прэзідэнтам Расіі ў трэці раз стаў Уладзімір Пуцін, працягнуўшы ўмацоўваць рэжым асабістай улады. Усяго праз два гады гэта прывядзе да ўводу расійскіх войскаў у Данбас і пачатку вайны з Украінай.

Катаклізмам года стаў ураган «Сэндзі» (Superstorm Sandy), адзін з самых маштабных ураганаў у гісторыі ЗША. Ён пачаўся 22 кастрычніка ў Карыбскім моры і праз тыдзень ударыў па Нью-Джэрсі і Нью-Ёрку. Яго дыяметр — каля 1850 км — зрабіў яго самым вялікім ураганам у зафіксаванай гісторыі Атлантыкі. У выніку загінулі 254 чалавекі, а больш за 8 млн жыхароў засталіся без святла. Катаклізм узмацніў дыскусіі пра змены клімату на Зямлі і іх уплыў на падвышэнне ўзроўню мора, што значна павялічыла рызыку такіх падзей.

Год прынёс усведамленне каштоўнасці мастацтва. На аўкцыёне Sotheby’s карціну Эдварда Мунка «Крык» прадалі за $ 119 922 600. Ніколі раней на адкрытых аўкцыёнах такія сумы за мастацкія творы не плацілі. Праўда, з таго часу рэкорд ужо паспелі пабіць.

Адкрыццё Нясвіжскага палаца і плюшавы дэсант — чым запомніўся 2012-ы беларусам

У 2012 годзе Беларусь адыходзіла ад крызісу 2011-га, калі пасля рэзкай дэвальвацыі цэны выраслі больш чым у два разы. Сярэдняя зарплата ў краіне ў студзені 2012 года складала ўсяго $ 343.

Год пачаўся з уступлення Беларусі ў Адзіную эканамічную прастору, якую яна ўтварыла разам з Расіяй і Казахстанам. У кароткатэрміновай перспектыве наша краіна атрымала газ і нафту па субсідаваных цэнах. Аднак новае ўтварэнне пацягнула ўніфікацыю мытных тарыфаў з расійскімі, абмежавала доступ беларускіх экспарцёраў на знешнія рынкі, аслабіла канкурэнтаздольнасць і павялічыла залежнасць краіны ад расійскіх субсідый і палітыкі.

У ліпені ў Нясвіжы пасля васьмігадовай рэстаўрацыі адкрылі палацава-паркавы комплекс Радзівілаў. Аб’ект ЮНЕСКА з 2005 года, да рэстаўрацыі палац стаяў у аварыйным стане. Тады ж, у 2012-м, з вежы палаца прыбралі спрэчную цыбуліну, якую ўсталявалі там у 2004 паводле праекта… Уладзіміра Бачкова. Пазней ён стаў аўтарам не менш спрэчнага праекта рэканструкцыі для гродзенскага Старога замка. Адразу пасля адкрыцця Нясвіжскі комплекс стаў самым наведвальным музеем Беларусі. Крыху больш чым за два месяцы музей зарабіў свой першы мільён долараў. Рэстаўрацыя вярнула Нясвіжскаму палацу статус культурнай і архітэктурнай візітоўкі краіны.

У Смалявіцкім раёне ў 25 км ад Мінска быў заснаваны кітайска-беларускі індустрыяльны парк «Вялікі камень». Беларускія ўлады чарговы раз паглыблялі партнёрства з Кітаем і ўскладалі на яго вялікія эканамічныя спадзяванні. А звычайныя беларусы асцерагаліся прыезду ў Беларусь абяцаных уладамі 650 тыс. кітайцаў. Праўда, засялення Беларусі кітайцамі так і не адбылося. На 2024 год у парку было зарэгістравана 144 кампаніі-рэзідэнты з 15 краін. Затое зараз гісторыя паўтараецца і беларусы зноў чакаюць «працоўных» гасцей — 150 тыс. пакістанцаў.

Год запомніўся і «плюшавым дэсантам». 4 ліпеня зарэгістраваны ў Швецыі самалёт з тэрыторыі Літвы без дазволу пранік у паветраную прастору Беларусі. У раёне Івянца і Мінска з яго борта раскідалі… плюшавых мядзведзікаў з прычэпленымі лозунгамі ў падтрымку свабоды слова. Самалёт без праблем вярнуўся ў Літву. Беларускія ўлады спачатку не прызнавалі інцыдэнту, а пасля абразіліся, арыштавалі Антона Сурапіна, які апублікаваў фота цацак, і прыпынілі акрэдытацыю шведскага пасла Стэфана Эрыксана, вядомага сваёй сімпатыяй да беларускай мовы і культуры. Дасталася і чыноўнікам: Лукашэнка адправіў у адстаўку тагачаснага старшыню памежнага камітэту Ігара Рачкоўскага, камандуючага войскамі СПА Дзмітрыя Пахмелкіна і нават віцэ-прэм'ера Сяргея Румаса.

Нёманская ГЭС і першы фестываль вулічнага мастацтва — 2012-ы ў Гродне

2012 год назаўжды змяніў ваколіцы Гродна — у верасні запрацавала Гродзенская ГЭС. Яна стала найбуйнейшай гідраэлектрастанцыяй Беларусі, магутнасцю 17 МВт, з пяццю турбінамі, якая выпрацоўвае энергію ў 84,4 ГВт·г. А яшчэ ўтварылася «Гродзенскае мора» — вадасховішча вышэй па плыні Нёмана. ГЭС дапамагла энергетыцы і эканоміцы горада, але перакрыла шлях рыбе і змяніла экасістэму поймы ракі.

У красавіку ў Гродне прайшоў першы фестываль вулічнага мастацтва. На выступы сабралася каля 300 гледачоў. Пасля фестываль ператворыцца ў міжнароднае свята з сотнямі ўдзельнікаў і тысячамі гасцей і гледачоў. Традыцыя перарвецца толькі ў 2020 годзе — фестываль сышоў у анлайн праз пандэмію і ўжо не вярнуўся.

У чэрвені адбылася важная для гарадской прасторы падзея — вакол цэнтра Гродна адкрылі першую кальцавую дарогу, якую пачалі будаваць яшчэ ў савецкі час. Яна прайшла праз Новы і Румлёўскі масты, па Соламавай, Славінскага, Румлёўскім праспекце, Магістральнай, Дубко, БЛК і Вясенняй. Працягласць кальцавой склала 20,3 км.

У жніўні замест былога кінатэатра адкрылі першы шматфункцыйны моладзевы цэнтр «Гродна». Пасля рэканструкцыі там размясціліся кафэ, дыскатэка і інтэрнэт-клуб.

У гродзенскім Фарным касцёле пачалі аднаўляць алтар святога Міхаіла Арханёла, які з’яўляецца старэйшым нават за сам касцёл. Паводле гістарычных крыніц, алтар датуецца 1664 годам.

Выйшаў раман «Аўтамат з газіроўкай з сіропам і без» — пра Беларусь 1960-х

2012 год стаў важны для літаратуры — упершыню была ўручана найбуйнейшая незалежная літаратурная прэмія Беларусі - прэмія імя Ежы Гедройца. Яе ўручаюць дагэтуль — за найлепшую кнігу прозы, выдадзеную ў папярэднім годзе на беларускай мове ў жанрах «мастацкая проза» і «эсэістыка». Першым пераможцам у 2012-м стаў Павал Касцюкевіч за кнігу «Зборная Рэспублікі Беларусь па негалоўных відах спорту». Другім пераможцам, ужо ў 2013 годзе, стаў Уладзімір Някляеў за раман «Аўтамат з газіроўкай з сіропам і без». Упершыню раман выйшаў у 2012 годзе ў выдавецтве «Паперус».

Хоць кніга і мае падзагаловак «Менскі раман», у ёй адбіваецца сталенне цэлага пакалення хрушчоўскай адлігі ў Беларусі. У рамане паўстае Мінск 1960-х гадоў: толькі што з Кастрычніцкай плошчы прыбралі помнік Сталіну, але размаўляць пра яго яшчэ баяцца — «бо раптам у Маскве перадумаюць». Па праспекце Леніна (цяпер Незалежнасці) ходзяць «стылягі» у клёшах, Нямігу яшчэ не знеслі, а ў доме пры плошчы Перамогі жыве будучы забойца Кенэдзі Лі Гарві Освальд.

У часткова аўтабіяграфічным рамане, поўным гістарычных вымыслаў, поруч з прыдуманымі персанажамі дзейнічаюць рэальныя гістарычныя асобы, названыя і не — Уладзімір Караткевіч, Рыгор Барадулін, Анатоль Вярцінскі, Мікіта Хрушчоў, Кім Хадзееў. Адной з дзейных асобаў з’яўляецца сам горад. Галоўны герой рамана — непаўнагадовы хлопец — прыехаў з правінцыі вучыцца ў радыётэхнічным тэхнікуме, дзе ў свой час навучаўся і сам Някляеў. Хлопец шукае каханне, збліжаецца са стылягамі, якіх улады лічаць ворагамі, і сутыкаецца з увасобленым злом — КДБ.

Апавяданне час ад часу вяртаецца да былой мясной яткі, дзе замест мяса, якога не хапала, пачаў прадаваць газіроўку яўрэй Саламон Майсеевіч. У чарзе задавалі зашмат нязручных пытанняў — у выніку знікла і былая ятка, і яўрэй, а на яе месцы паставілі аўтамат з газіроўкай з сіропам і без. Каб не было каму задаваць пытанні.

Перавыданне ў 2025 — магчымасць перажыць тое, што прапусцілі

У 2025 годзе выдавецтва Gutenberg Publisher запусціла кніжную серыі «Акно ў прозу». У яе межах будуць выходзіць перавыданні значных твораў беларускай літаратуры 1991−2020 гадоў. У тым ліку тых, што ў свой час былі адзначаныя крытыкамі, але наклады якіх даўно вычарпаныя. Адна з кніг серыі - «Аўтамат з газіроўкай з сіропам і без».

Перавыданне мае стылёвую і яскравую вокладку, якая добра суадносіцца з іншымі кнігамі серыі. На сайце выдавецтва можна замовіць дастаўку па ўсім свеце. Для вас нават могуць зрабіць падарункавую ўпакоўку за 20 злотых (16 рублёў). Сама кніга каштуе 40 злотых (32 рублі) — гэта даволі добры кошт на сучасным польскім кніжным рынку.

У выдавецтве адзначаюць:

«Для нас культура — гэта не тое, што „бярэ Гедройцаў“, культура — гэта тое, што чытаюць. […] Нам патрэбная магчымасць парэфлексаваць над атмасферай літаратурных колаў: адным — перажыць тое, што прапусцілі, іншым — адчуць настальгію, калі ў тых колах бралі ўдзел».

Мэта серыі — не проста вярнуць у зварот забытыя тэксты, а стварыць культурную мапу эпохі, звязаць літаратуру пачатку незалежнасці з сучаснасцю. Гэта спроба асэнсаваць, што выбух літаратурнай і культурнай актыўнасці пасля 2020 года быў падрыхтаваны цэлымі дзесяцігоддзямі пошуку, смеласці і індывідуальнага голасу.