Горад

Гродна, дыхай глыбей! Што з паветрам у самым аўтамабілізаваным горадзе Беларусі

ГРОДНА, ДЫХАЙ ГЛЫБЕЙ!
Што з паветрам у самым аўтамабілізаваным
горадзе Беларусі
HRODNA.LIFE
На якасць паветра ў горадзе больш за ўсё ўплывае транспарт. У Гродне шкодныя выкіды ў атмасферу на 70% складаюцца з яго выхлапных газаў. Пры гэтым Гродна – самы аўтамабілізаваны
з беларускіх гарадоў, але першы, дзе запусцілі электробусы. Разбіраемся, які транспарт уратуе Гродна ад смогу.

Кожны трэці – за рулем
Па колькасці аўтамабіляў Гродна перагнаў нават Мінск. Асабісты транспарт, аўто ці матацыкл, мае амаль кожны другі гродзенец. Легкавы аўтамабіль – кожны трэці. На 1 студзеня 2018 года ў горадзе зарэгістравана 158 669 транспартных сродкаў. Забяспечанасць аўтамабілямі ў Гродне складае 340 машын на 1000 чалавек. Самыя распаўсюджаныя аўто ў горадзе - Фальцваген, ВАЗ і Аўдзі.

Андрэй ездзіць па горадзе пераважна на машыне. Маршруты – стандартныя. Працоўнымі днямі на работу і дадому, у выходныя з жонкай – на рынак ці ў госці. Летам прабегу дадаюць паездкі на лецішча. За год ён праязджае на сваім Фальцвагене 2009 году каля 20 тысяч кіламетраў.
"Да працы ехаць недалёка. Але аўтобусам не зручна, бо ёсць перасадка. Тралейбусы ў той бок зусім не ходзяць".
Што яго камфорт мае ўплыў на экалогію горада, не задумваўся.
Самымі аўтамабілізаванымі гродзенцаў зрабіла мяжа. Прыгнаць сабе бэушнага "еўрапейца" яшчэ нядаўна было звычайнай справай. Пра экалагічнасць транспарта думалі хутчэй праз эканамічнасць. Замежныя машыны "елі" менш паліва, а значыць – утваралі менш шкодных выкідаў. Па ўзросце бралі ў асноўным машыны, "маладзейшыя" за 10 год. Змяніў сітуацыю Мытны саюз.

Экалогію змяняюць межы і палітыка

Хацелі як лепш, атрымалася – як заўсёды

З уваходам у Мытны саюз значна выраслі пошліны на ўвоз замежных аўтамабіляў. Па адносна нізкім тарыфе стала магчыма прыгнаць не старэйшую за 5 гадоў машыну. У дадатак, у 2014 годзе быў уведзены ўтылізацыйны збор (каля $100), а з 2016 яго стаўка павялічылася ў 1,65 – 8,25 разоў. Зараз пры ўвозе замежнага легкавіка трэба заплаціць за будучую ўтылізацыю каля $380.

Экалагічных і ўзроставых абмежаванняў на ўвоз няма толькі для машын з краін Мытнага саюза.
Самы
папулярны транспарт – аўтобус


Альтэрнатыву асабістаму транспарту ў Гродне складае грамадскі. Аўтобусамі карыстаюцца больш за 140 тысяч пасажыраў штодня. На гарадскіх маршрутах працуе 189 аўтобусаў. У гадзіны пік іх выязджае 146 у першую змену і 121 у другую. Выходнымі ў першую змену працуе 78, у другую — 66 аўтобусаў.

Большасць гродзенскіх аўтобусаў зрабілі ў розныя гады на Мінскім аўтамабільным заводзе. Некаторыя з іх ужо старэйшыя за 10 гадоў. Экалагічны клас машын Гродзенскага аўтапарка — ад Еўра-1 да Еўра-5.

Хто забруджвае паветра ў Гродне?

Агулам аўтатранспарт з рухавікамі ўнутранага згарання забруджвае гродзенскае паветра ў 2,5 разы больш, чым усе прамысловыя прадпрыемствы горада разам узятыя. Паводле дадзеных Гродзенскага абласнога камітэта прыродных рэсурсаў, штогадовы "выхлап" ад транспарту складае ад 160 да 190 тысяч тон. На кожнага гродзенца ў год прыходзіцца больш за 100 кілаграмаў шкодных выкідаў.

Замеры пад час аднаго з "Днёў без аўтамабіля" ў цэнтры горада паказваюць – якасць паветра паляпшаецца ўдвая. Праўда, для гэтага трэба перакрыць праезд для машын.


Больш эфектыўна, чым разовыя акцыі, стымулююць гродзенцаў адмовіцца ад аўтамабіляў толькі маразы. Зімой многія выбіраюць грамадскі транспарт і пакідаюць машыны на стаянках паблізу дамоў.
Тралейбусы і электробусы

Тралейбусы – другі па значнасці від грамадскага транспарту ў Гродне. Тралейбуснае дэпо зараз мае 129 адзінак тэхнікі. У гадзіны пік працоўнымі днямі па Гродне ездзіць 101 тралейбус, выходнымі – 62. За 10 месяцаў 2018 тралейбусы перавезлі звыш 30 мільёнаў пасажыраў.

Хаця тралейбусы больш экалагічныя, у Гродне яны з цягам часу саступаюць аўтобусам у папулярнасці. Яшчэ 15 гадоў таму пасажырапаток размяркоўваўся паміж аўтобусамі і тралейбусамі пароўну. Сёлета на долю тралейбусаў застаецца толькі 40% пасажыраў.

Справа не ў тым, што гродзенцы не хочуць карыстацца экалагічным электратранспартам. Проста ў новыя густанаселеныя мікрараёны тралейбусы не ходзяць – там няма ліній сілкавання. Вырашыць праблему, на думку дырэктара тралейбуснага ўпраўлення Віктара Шарэйкі, дапамогуць электробусы. У Гродне іх зараз 5. На аўтаномным ходзе такая машына можа прайсці 20 кіламетраў.
Меркаваннем Шарэйкі, тралейбусы і электробусы паляпшаюць экалогію не толькі за кошт адсутнасці шкодных выкідаў. "Зараз горад увесь час пашырае дарогі і шукае месцы для аўтастаянак. Калі б людзі больш карысталіся грамадскім транспартам, гэтыя плошчы маглі б заняць дрэвы".

Зніжаюць экалагічнасць гарадскога транспарту і зайцы. "Каб транспарт развіваўся, людзі павінны аплочваць праезд. Інакш мы не зможам купіць новыя тралейбусы і паветра горада будзе надалей забруджвацца", - кажа Шарэйка. Безбілетнікаў у гродзенскіх тралейбусах выяўляюць каля сотні штодня, за месяц – 2-3 тысячы.
Яшчэ адзін спосаб заахвоціць гродзенцаў карыстацца грамадскім транспартам – выдзеліць для яго асобную паласу. Але на прапанову зрабіць гэта, на сайце тралейбуснага ўпраўлення тлумачаць – у Гродне не атрымаецца. Большасць вуліц нашага горада не мае дастатковай колькасці палос у адным накірунку і выдзеленая паласа толькі "ўскладніць без таго цяжкае становішча".

Сам Віктар Шарэйка на работу ездзіць на аўтамабілі. У яго раён тралейбусы не ходзяць.

Лена мае ўласны аўтамабіль, але на працу ездзіць на тралейбусе.
"Не трэба зарабляць на бензін і траціць нервы, шукаючы паркоўку. Еду 40 хвілін за 55 капеек і не думаю ні пра што",
"Помню, калі студэнткай ездзіла ва ўнівер, былі натоўпы. Зараз стала больш свабодна, амаль заўжды ёсць месцы, каб сесці".
— расказвае дзяўчына. Паводле яе назіранняў, зараз ездзіць тралейбусамі стала камфортней.
Ці ўратуюць экалогію Гродна электрамабілі? Спойлер – яшчэ не сёння
Сумясціць персанальны камфорт і экалагічнасць даюць магчымасць электрамабілі. Некаторыя краіны падтрымліваюць ахвотных перасесці на такія машыны. Урад Вялікабрытаніі дае гранты на куплю «зялёных» аўто ў памеры 35% ад кошту і вызваляе ад падатку на ўласнасць. Ва Украіне ад 2018 года цалкам адменены мытныя пошліны і іншыя зборы пры ўвозе электракараў.

У Беларусі для ўладальнікаў электрамабіляў адменены дарожны збор. Зэканоміць на гэтым можна 3-11 базавых — ад 73,5 да 269,5 рублёў. Але мытная пошліна складае 54% ад кошту машыны. Апроч гэтага, трэба заплаціць у поўным памеры ўтылізацыйны збор - ад 495 рублёў за аўтамабіль узростам да трох год і 742,5 рублёў за старэйшы.

У Гродне зараз зарэгістравана 5 электракараў. На адным з іх ездзіць Леанід. Ён набыў машыну ў 2014 годзе, калі на электрамабілі не было мытных пошлін. (З уваходам у Мытны саюз электрамабілі ўвозяцца ў Беларусь на агульных умовах). У той час трохгадовы Nissan LEAF абышоўся ў 15 тысяч долараў, прыкладна столькі ж каштаваў і звычайны аўтамабіль.
"Для паездак па горадзе гэта ідэальны варыянт. Эканомія на паліве каласальная", – дзеліцца досведам карыстання Леанід. Зімой ён таксама карыстаецца электрамабілем. "Можна ездзіць да мінус 25. Запас ходу змяншаецца недзе на 10 кіламетраў. А больш сучасныя машыны маюць сістэму падагрэву і могуць ездзіць нават у большыя маразы".
Экалагічнасць не была асноўнай прычынай пакупкі электракара, але стала прыемным бонусам.
"Часам мне кажуць, што ўсё роўна ёсць выкіды, бо каб атрымаць электрычнасць, паляць газ. Але ж электрастанцыі месцяцца за горадам і маюць больш эфектыўныя сістэмы фільтрацыі".
Экалагічнае выйсце – ровар
Самым танным з экалагічных транспартных рашэнняў можа стаць ровар. Тым больш, што за яго гродзенцы гатовы галасаваць рублём. Паводле маніторынгу пляцоўкі анлайн-продажаў "Куфар", летам 2018 г у Гродне купілі на 72% больш ровараў, чым у мінулым годзе.
Умовы для перамяшчэння па горадзе на двух колах пакуль не ідэальныя, але значна лепшыя, чым пару гадоў таму. Новы генплан Гродна таксама прадугледжвае веласцежкі пры будаўніцтве новых дарог.
Наташа ездзіць на ровары пераважна летам. Ад дома да працы – 7 кіламетраў у адзін бок.
"Еду па Новым мосце, абмінаючы цэнтр. Там вельмі загазаванае паветра і цяжка дыхаць",
"Калі б цэнтр закрылі для аўтамабіляў, я б і зімой ездзіла на працу роварам. Адчуваю, што зараз не хапае фізічнай нагрузкі".
– тлумачыць дзяўчына. У дадатак – дэматывуюць вузкія тратуары, каторыя прыходзіцца дзяліць з пешаходамі, і неабходнасць спешвацца на шматлікіх светлафорах.
Чым дыхаем – толькі лічбы
Маніторынг паветра ў Гродне праводзяць на чатырох стацыянарных станцыях. Па выніках назіранняў, забруджванне паветра аксідам вуглярода, дыаксідам азота і аміякам у 95-97% выпадкаў не дасягае максімальна дапусцімых узроўняў. Прысутнасць у паветры кадмія, свінца, ксілола, бензола і талула застаецца стабільна нізкім.
Праўда, колькасць фармальдэгіду ў паветры апошнім часам расце. Па гэтым паказчыку ў трэцім квартале 2018 года зашкальвала кожная трэцяя проба, узятая на вуліцах Гараднічанскай і Сакалоўскага. На БЛК паказчыкі па фармальдэгіду перавышалі норму 17 разоў ад пачатку года.
Прамысловых аб'ектаў у цэнтры горада няма. Спецыялісты лічаць, што прычынай такога забруджвання паветра з'яўляецца аўтатранспарт.
Над праектам працавалі
Тэкст: Уладзімір Аплевіч і Ірына Новік
Графічны дызайн і вэб-вёрстка: Воля Новік
Фота: Ірына Новік
Дрон-відэа: Анатоль Новік
Падзяліцца

Апошнія запісы

«Пабачыць Гродна — і памерці». Як наш горад стаў міжваеннай «сталіцай самагубцаў»

У міжваенны час Гродна набыло незвычайную славу. Горад стаў месцам прыцягнення незвычайных турыстаў - тых,…

21 лістапада 2024

«Нармальны быў гастраном — цяпер там прадаюць шпалеры». Ці хапае крамаў у цэнтры Гродна?

Ці хапае ў цэнтры Гродна прадуктовых крам? Спрэчкі наконт гэтага выклікала адкрыццё на перакрыжаванні Савецкай…

21 лістапада 2024

Дзе арганізаваць святочную фотасесію? Гродзенскія студыі ўжо падрыхтавалі навагоднія лакацыі

Прыбраныя ялінкі, свечкі, навагоднія вянкі і гірлянды, аксаміт, светлы ці цёмны фон на выбар. Гродзенскія…

19 лістапада 2024

«Перад выбарамі - спрыяльны час для петыцый». Як прымусіць чыноўнікаў вырашаць праблемы і чаму новая пляцоўка «меркаванне.бел» для гэтага не пасуе

Улады стварылі новую платформу “меркаванне.бел”. Яе пазіцыянуюць як анлайн-пляцоўку, на якой кожны зможа ў вольнай…

15 лістапада 2024

«У Гродне жывуць тыя яшчэ „шалёныя імператрыцы“». Стваральніца брэнда Krikate расказала, як дабралася да парыжскага тыдня моды

Калекцыя адзення гродзенкі Кацярыны Карлацяну дэбютавала гэтай восенню на Парыжскім тыдні моды. А пачыналася ўсё…

14 лістапада 2024

«Першы прыбытак патраціў на станок». Гродзенец у школе выточваў біты, а ў 27 гадоў адкрыў сваю вытворчасць мэблі

Гродзенец Раман Нагула амаль паўжыцця працуе з дрэвам. Школьнікам ён пачынаў з бейсбольных біт, а…

13 лістапада 2024