Людзі і справы

«Не абавязкова быць моцным». Як гродзенцы ахоўвалі пікет Ціханоўскай і не толькі

На пікеце Святланы Ціханоўскай 1 жніўня ў Гродне за парадкам сачыла не толькі міліцыя. Група гродзенцаў з бел-чырвонымі-белымі павязкамі на плячах сустракала кандыдата ў прэзідэнты і ахоўвала сцэну. «У кожнага ў падсвядомасці была сітуацыя, якая адбылася з Сяргеем Ціханоўскім: чакалі, што будзе спроба правакацый», — кажа Максім, адзін з валанцёраў.

Валанцёры-ахоўнікі - гэта 20 гродзенцаў ад 20 да 50 гадоў рознага целаскладу і розных прафесій. Гэта прадпрымальнік, сябра партый, беспрацоўны, супрацоўнік дзяржпрадпрыемства. Яны называюць сябе «дружынай». Гэта яны ахоўвалі фестывалі БНР-100 і БНР-101, дзе былі таксама арганізатарамі. Тут няма выпадковых людзей — знаходзіцца хтосьці, хто можа паручыцца за навага чалавека.

Максім — сябар Беларускага народнага фронту. Ён не з’яўляўся сябрам каманды Ціханоўскай і «нейтральна» глядзеў на выбары-2020, а больш займаўся валанцёрскім рухам па COVID-19. Віктар (імя зменена) працуе на дзяржпрадпрыемстве. Пра патрэбу ў валанцёрах даведаўся з чата ў Viber, які застаўся ў ініцыятыўнай групы пасля парламентскіх выбараў-2019. Сяргей — прадпрымальнік, прыйшоў на пікет і даведаўся, што патрэбная дапамога.

Валанцёры на пікеце Святланы Ціханоўскай 1 жніўня ў Гродне

— Пасля таго, што адбылося ў Гародні з Сяргеем Ціханоўскім, калі адбыліся гэтыя правакацыі, калі ён быў брутальна затрыманы, мне стала не па сабе. І калі я даведаўся, што кандыдат ў прэзідэнты Святлана Ціханоўская прыязджае ў Гродна, будуць выступаць яе давераныя асобы, яна сама, прачытаў у telegram-каналах, што патрэбны валанцёры на ахову, вырашыў далучыцца, — сказаў Максім.

Як ахоўвалі пікет Ціханоўскай

Для валанцёраў правялі інструктаж. Святлану Ціханоўскую сустракалі на падыходзе да Каложскага парку, праводзілі праз турнікеты ў жывым калідоры, суправадзілі яе да сцэны і на працягу ўсяго мерапрыемства трымалі каля яе кола, «каб не дапусціць падарозных асоб». Валанцёры сачылі, каб ніхто старонні не залез на сцэну, каб не адключылі электрагенератар. Стаялі на перыметры і глядзелі, каб ніхто не перасёк прастору, абмежаваную стужкай. Пасля пікету суправаджалі Святлану да аўтамабіля на набярэжную Нёмана.

Гродзенцы ладзяць жывы калідор, каб каманда Ціханоўскай прайшла да сцэны

З кандыдатам у прэзідэнты прыехала свая ахова — каля 10 чалавек з фізічнай падрыхтоўкай. Але калі б адбывалася нешта надзвычайнае, ім прыдалася б дапамога гродзенцаў, сказаў прадпрымальнік Сяргей, адзін з валанцёраў. «Акрамя таго, сама наша прысутнасць — своеасаблівая прафілактыка праварушэнняў», — патлумачыў ён.

Наогул, калі на мерапрыемстве прысутнічаюць тысячы асобаў, трэба сачыць, каб не было даўкі, нікога не збілі з ног. «Людзі часам хочуць сфатаграфавацца, узяць аўтограф, паразмаўляць, перадаць нешта. Часамі бывае дастаткова цяжка стрымаць натоўп, каб кандыдату нічога не сталася», — расказаў Максім.

 — Не трэба было быць фізічна моцным чалавекам. Можна колькасцю, вачыма дапамагчы, — сказаў Віктар.

 — Дзякуй богу, што гарадзенцы з большага людзі таксама самаарганізаваныя, адказныя, яны ведалі, куды ідуць і чаго хочуць. Усё адбылося без эксцэсаў, — сказаў Сяргей. — Ад натоўту ішла толькі станоўчая энергія. Агрэсіі ніхто не выказваў.

Спланаваных правакацый не было

У выпадку правакацый ці парушэння заканадаўства чалавека затрымалі б і перадалі міліцыі. Экстраардынарных сітуацый на мерапрыемствах у Гродне, у якіх давялося б дзейнічаць, на памяці валанцёраў не было. Звычайна гэта былі выпіўшыя людзі, якім захацелася паскандаліць. Спланаваных правакацый не было.

Перад фестывалямі БНР-100 і БНР-101 актывісты абгаворвалі мажлівыя дзеянні з прадстаўнікамі МУС, удакладнялі, што будуць рабіць у пэўных сітуацыях. Міліцыя часам ігнаруе, часам ставіцца падазрона, расказалі валанцёры.

Валанцёры на пікеце Святланы Ціханоўскай 1 жніўня ў Гродне

 — Калі мы ў якасці валанцёраў ахоўвалі мерапрыемства БНР-100, то спрабавалі каардынаваць дзеянні з міліцыяй. Яны ў большасці выпадкаў проста ігнаравалі. Можа, не ўспрымалі нас усур’ёз, а можа, у іх быў загад не мець стасункаў з незалежнымі ахоўнікамі, — расказаў сябра БНФ.

«Мы прыглядвалi за чалавекам з партрэтам Лукашэнкi»

 — Наша мэта — не даць мiлiцыi нагоды да прымянення сiлы супраць удзельнiкаў сустрэчы з Цiханоўскай. Напрыклад, мы прыглядвалi за чалавекам з партрэтам Лукашэнкi, каб яго у натоўпе нiхто не зачапiў, бо гэта была б добрая нагода для сiлавiкоў, каб спынiць мiтынг. <…> Правакацыямi займаюцца розныя асацыяльныя асобы, кшталту той прастытуткi з Мінску. А калi ўжо адбылася нейкая штурханiна, то мiлiцыя проста затрымоўвае яе удзельнiкаў. Iншае пытанне, што ў некаторых выпадках такiя асацыяльныя асобы становяцца правакатарамi не па сваім жаданні.

Чытайце таксама: «Мне не хочется разгула национализма». Почему гродненец пришел на пикет Тихановской с портретом Лукашенко

Гродзенец прыйшоў на пікет Ціханоўскай з партрэтам Лукашэнкі

«Ці мы гэта будзем рабіць, ці ўвогуле ніхто»

У камандзе Ціханоўскай шмат людзей, для якіх палітычная кампанія стала першай, распавёў Максім. Ён жа займаецца палітыкай з 2001 года і ўдзельнічаў у некалькіх выбарчых кампаній. У тым ліку Максім ахоўваў кандыдата ў прэзідэнты на выбарах у 2006 годзе Аляксандра Мілінкевіча. Таксама ён мае досвед арганізацыі шматлікіх мерапрыемстваў. Вырашыў далучыцца, каб «не дапусціць паўтарэння падзей, якія былі ў нас у пачатку лета ў Гародні».

Валанцёры на пікеце Святланы Ціханоўскай 1 жніўня ў Гродне

Аховай на падобных мерапрыемствах заўсёды, акрамя міліцыі, займаюцца дабраахвотнікі. Кандыдатаў у прэзідэнты, калі была патрэба, ахоўвалі сябры штабоў, валанцёры, сябры палітычных арганізацый. Прычына — у Беларусі няма ахоўных кампаній, сказаў Максім. Ліцэнзію на ахову мае толькі міліцыя. «Таму гэта звычайная практыка, калі сябры арганізацыі, якая плануе пэўнае мерапрыемства, апранаюць нейкія павязкі, каб вылучацца з натоўпу, і сочаць за парадкам, каб не было ніякіх правакацый і парушэнняў закону. Арганізатары ў першую чаргу самі зацікаўленыя ў гэтым», — распавёў Максім.

 — Мы разумеем свой узровень: нам далёка да сапраўдных прафесійных ахоўнікаў. Але тут няма выбару: ці мы гэта будзем рабіць, ці ўвогуле ніхто, — сказаў валанцёр.

Падзяліцца

Апошнія запісы

«Пабачыць Гродна — і памерці». Як наш горад стаў міжваеннай «сталіцай самагубцаў»

У міжваенны час Гродна набыло незвычайную славу. Горад стаў месцам прыцягнення незвычайных турыстаў - тых,…

21 лістапада 2024

«Нармальны быў гастраном — цяпер там прадаюць шпалеры». Ці хапае крамаў у цэнтры Гродна?

Ці хапае ў цэнтры Гродна прадуктовых крам? Спрэчкі наконт гэтага выклікала адкрыццё на перакрыжаванні Савецкай…

21 лістапада 2024

Дзе арганізаваць святочную фотасесію? Гродзенскія студыі ўжо падрыхтавалі навагоднія лакацыі

Прыбраныя ялінкі, свечкі, навагоднія вянкі і гірлянды, аксаміт, светлы ці цёмны фон на выбар. Гродзенскія…

19 лістапада 2024

«Перад выбарамі - спрыяльны час для петыцый». Як прымусіць чыноўнікаў вырашаць праблемы і чаму новая пляцоўка «меркаванне.бел» для гэтага не пасуе

Улады стварылі новую платформу “меркаванне.бел”. Яе пазіцыянуюць як анлайн-пляцоўку, на якой кожны зможа ў вольнай…

15 лістапада 2024

«У Гродне жывуць тыя яшчэ „шалёныя імператрыцы“». Стваральніца брэнда Krikate расказала, як дабралася да парыжскага тыдня моды

Калекцыя адзення гродзенкі Кацярыны Карлацяну дэбютавала гэтай восенню на Парыжскім тыдні моды. А пачыналася ўсё…

14 лістапада 2024

«Першы прыбытак патраціў на станок». Гродзенец у школе выточваў біты, а ў 27 гадоў адкрыў сваю вытворчасць мэблі

Гродзенец Раман Нагула амаль паўжыцця працуе з дрэвам. Школьнікам ён пачынаў з бейсбольных біт, а…

13 лістапада 2024