Раней у іх былі соткі зямлі, цяпер — добра, калі метры. Але беларусы Беластока не могуць не садзіць памідоры і гуркі. І ўжо трэці год робяць агароды на балконах здымных кватэр. Нават хэштэг прыдумалі — #эміграцыяненагоданесадзіцьбульбу.

Сваімі поспехамі ўладальнікі агародаў на балконах дзеляцца ў адмысловай групе ў Telegram. Большасць яе ўдзельнікаў — з Гродна. Адной з першых пачала гэтым займацца Вольга Верамеенка.

Бульба разраслася на палову балкона — давялося адмовіцца

Раніцай Вольга прачынаецца, робіць каву і ідзе на балкон, дзе на плошчы ў паўтара метра месціцца яе агарод. Дзякуючы яму балкон Вольгі вылучаецца на фоне іншых у звычайнай польскай панэльцы.

— Паліваю, штосьці падкормліваю, гляджу… Я насалоджваюся, і, напэўна, гэта дае магчымасць прыжыцца. Мне гэта дае моц і добры настрой на цэлы дзень, — кажа Вольга.

Яна заўсёды вырошчвала расліны, яшчэ з дзяцінства. І калі жыла ў Оршы, і калі пераехала ў Гродна, ну і цяпер — у Беластоку. Праўда, аб’ёмы ўжо іншыя.

— І хоць у мяне агарод маленькі, але я хацела тут шмат чаго пасадзіць. І кожны год эксперыментую: чаго прыбавіць, чаго адняць. Год таму пасадзіла бульбу — дык яна вырасла такая аграменная, што заняла палову балкона. Давялося ад яе адмовіцца — да лепшых часоў.

Чаму балконны агурок смачнейшы за крамны

— Магу пахрумстаць гурком. Ёсць і памідоркі. Яны пахнуць сапраўднымі памідорамі — гэта лісце. Мы шмат размаўлялі з маімі сябрамі, і шмат хто хоча проста панюхаць гэтыя памідорныя лісцікі. Гэта вяртае цябе ў тыя часы, калі ты быў шчаслівы.

Беларуска тлумачыць, чаму агурок з яе балкона значна смачнейшы за пакупны:

— Мой агурок адразу свежанькі, хрумсткі. Ён вельмі смачны. А любы агурок з крамы — ён ехаў, ляжаў, чакаў, пакуль да яго хтосьці прыйдзе. А мой агурочак — адразу з вітамінкамі зрываеш. Ён вырашчаны тваімі рукамі, абласканы імі і сонейкам.

Дзе б ні была, садзіць маціёлу

Ёсць адна расліна, што нязменна расце ў агародзе нашай гераіні:

— Новы пах, які з’явіўся ў мяне з 2020 года — гэта чабор. Пахне чабор — гэта вечаровая гарбатка.

Вольга адзначае, што спачатку не бачыла ў Польшчы любімую кветку сваёй маці — маціёлу. А цяпер яна расце на яе агародзе:

— Маці даўно няма, і мы з сястрой, дзе б ні былі, садзім гэту кветку. Яе яшчэ начная фіялка называюць, бо цудоўна пахне ўвечары. Для польскіх балконаў гэта незвычайная расліна.

Хваляцца агародамі ў Telegram

Вольга шукала ў эміграцыі тое, што магло б яе суцешыць і звязаць з радзімай. Такой справай і стаў гэты агарод. Пры гэтым Вольга — не адзіная ў Беластоку аматарка агародаў на балконе. У іх ёсць нават свой Telegram-канал.

— Ён зачынены, «Агародніцы» называецца. Там большасць — гродзенкі, але ёсць і з іншых гарадоў. Дзяўчаты, і хлопец таксама. Мы там хвалімся сваімі поспехамі ў вырошчванні.

Ураджай на балконе можна збіраць некалькі разоў за сезон

Рыхтавацца да сезону Вольга пачынае яшчэ ў лютым — шукае насенне на розных сайтах. Калі з’яўляецца першае сонца, пачынае патроху закупацца: зямля, гаршкі.

Якую параду можа даць Вольга тым, хто таксама захацеў агарод на балконе?

— Трэба ведаць, якія ўмовы падыходзяць для тых ці іншых раслін. Напрыклад, агарод на паўночным баку ці агарод там, дзе шмат сонца і спякота — балкон ці вокны. Трэба разумець, якія расліны будуць расці, а якія ў цяні не будуць.

Сама ж Вольга марыць пра большы балкон альбо кавалак зямлі, каб можна было пасадзіць яшчэ болей. А пакуль жанчына збірае ўраджай — калі ў цябе агарод на балконе, то гэта можна рабіць некалькі разоў за сезон.