Гісторыя і краявіды Гродна натхняюць не толькі мясцовыя брэнды, але і буйных вытворцаў адзення і аксесуараў. Hrodna.life паглядзеў, якія «гродзенскія» тавары зараз прадаюць у Беларусі і склаў спіс для тых, хто хоча насіць Гродна на сабе.
1. Гарсэт з гродзенскімі матывамі ад мясцовага брэнда
Гродзенскі брэнд Stroj выпусціў альтэрнатыву папулярным камізэлькам — гарсэт за 195 руб. Сілуэт і арнамент створаны па матывах гродзенскага строя.
Гарсэт шыецца па замове і даступны ў памерах ад S да L. Па Гродне яго дастаўляюць бясплатна, таксама аформіць замову можна ў краіны Еўропы і ЗША.
2. Лімітаваная калекцыя з Касяй і Басяй
«Офістон маркет» выпусціў лімітаваную калекцыю, прысвечаную Гродна. Ёсць цішотка з малюнкам воданапорных вежаў Касі і Басі. Другі варыянт — прынт вячэрняга Гродна з лятучымі чабурэкамі. Як адзначаюць аўтары, гэтая дэталь «прыўносіць нотку гуллівасці і дзёрзкасці».
Абедзве цішоткі каштуюць 45 руб., іх можна забраніраваць у анлайн-краме «Офістона».
3. Мінімалістычная цішотка з прыгожым фота горада
На маркетплэйсе Wildberries можна заказаць мінімалістычныя футболкі з фатаграфіяй Гродна. Тавар прадстаўлены ў двух колерах — белым і чорным. Згодна з апісаннем, цішоткі вырабляліся ва Узбекістане, а іх склад — 100% бавоўна. Ёсць вялікая сетка памераў, абыдзецца цішотка ў 32 руб.
Рэдакцыя Hrodna.life звярнула ўвагу, што фота на цішотцы зрабіла вядомая фатографка palasatka для беларускага медыя 34travel. Не выключана, што прадавец на маркетплэйсе выкарыстаў фатаграфію, парушыўшы аўтарскія правы.
4. Серыя аксесуараў з гродзенскай тэматыкай
Беларускі брэнд Vokladki выпусціў серыю аксесуараў, прысвечаных Гродна. Сюррэалістычны прынт з гродзенскай вулачкай і рыбамі, якія лунаюць у паветры, з’явіўся на шопперы (25 руб.), заплечніку (129 руб.) і касметычцы-пенале (27 руб.). Яшчэ ёсць вокладка для дакументаў, чахол для карт і нататнік, коштам ад 6 да 29 руб.
Усе тавары ў наяўнасці, а дастаўка здзяйсняецца па ўсёй Беларусі. Некаторыя аксесуары з калекцыі «Гродна» можна купіць у сетцы крамаў Oz.by.
5. Торбачкі з гістарычнымі асобамі
Яшчэ адно месца, дзе можна купіць аксесуары з гродзенскай атрыбутыкай — крама «Прадмет». Напрыклад, у сярэдзіне кастрычніка зрабілі шопер з Элізай Ажэшкай. Яшчэ была торбачка з Вітаўтам, але яе ўжо раскупілі - набыць гэтую мадэль зараз можна толькі па замове.
Таксама ў «Прадмеце» прадаюць кераміку, упрыгожванні, жывапіс і дэкор. Знаходзіцца крама на вуліцы Савецкай, 8.
6. Вокладка на пашпарт з аленем
У этнакраме «Цудоўня» прадаюць вокладку на пашпарт з гербам Гродна. Вокладка зроблена з натуральнай скуры з драўлянымі элементамі, каштуе аксесуар 35 руб.
«Цудоўня» знаходзіцца па вуліцы Кірава, 3. Але дастаўляе тавары і па ўсёй Беларусі.
7. Брутальная падушка для падарожжаў
Для аматараў падарожжаў у краме «Ратушны» і гандлёвым доме «Баторыя» прапануюць падгалоўнікі з беларускай сімволікай. Ёсць светла-блакітная падушка з гродзенскім пейзажам, а ёсць строгая і мінімалістычная з надпісам «Гродна».
Цана падушак — да 30 руб., купіць іх можна на Савецкай, 1 і на Баторыя, 10.
Бонус: эпатажная талстоўка з AliExpress
На AliExpress ёсць худзі для тых, хто хоча з першых секунд заявіць, што ён нарадзіўся ў Гродне. Чорную талстоўку з чырвона-зялёным прынтам Made in Grodno вырабілі ў Расіі. Відаць, тавар быў настолькі папулярны, што яго ўжо раскупілі.
Падобных прапаноў ад іншых прадаўцоў AliExpress, на шчасце, няма.
Чытайце таксама: Чырвона-зялёна-чырвоны сцяг і «LookАШЕНКОrules»: на AliExpress прадаюць недарэчную «Беларусь»