Адвэнт-каляндар даўно стаў перадкаляднай традыцыяй: скрыначкі з сюрпрызамі прадаюцца амаль у кожнай еўрапейскай краме. У Беларусі ж прапаноў мала, і часта замест класічных 24 акенцаў сустракаюцца толькі 12. Рэдакцыя Hrodna.life паглядзела, якія адвэнт-календары даступны беларусам цяпер і што прапануюць айчынныя (і не толькі) вытворцы.

Што такое Адвэнт і як з’явіўся адвэнт-каляндар

Слова adventus з лацінскай перакладаецца як «прышэсце». У хрысціянскай традыцыі Адвэнт — гэта перыяд чакання Калядаў, а адвэнт-каляндар дапамагаў адзначаць астатнія дні да свята.

Традыцыя ўзнікла ў XIX стагоддзі ў Германіі сярод лютэран як выхаваўчы рытуал для дзяцей. Дні да Калядаў адлічвалі рознымі спосабамі — малявалі на дзвярах 24 крэйдавыя рыскі і сціралі па адной, альбо дзялілі свечку на 24 часткі і запальвалі кожны дзень.

Сучасны варыянт — скрынка з 24 акенцамі, за якімі хаваюцца маленькія сюрпрызы: прысмакі, цацкі або запіскі з пажаданнямі — з’явіўся ў 1902 годзе. Яго прыдумаў прадпрымальнік Герхард Ланг. У 1958 годзе з’явіўся першы каляндар з шакаладам, і з гэтага моманту адвэнт-каляндар стаў маркетынгавым інструментам. Сёння календары бываюць на любы густ: з касметыкай, гарбатай, спецыямі, упрыгожваннямі, ласункамі для жывёл і іншымі напаўненнямі.

У Беларусь традыцыя прыйшла параўнальна нядаўна, але ў мінулым годзе ўласныя адвэнт-календары прадставілі «Камунарка», «Спартак», BELOR DESIGN, Modum. Нават гродзенская блогерка Яўгенія Тарасенка (jennie.t) стварыла свой варыянт (які многія крытыкавалі).

Якія адвэнт-календары можна купіць у Беларусі: сваіх мала, эксклюзіўныя толькі на Расію, еўрапейскія — праз баераў
Адвэнт-каляндар можна зрабіць і сваімі рукамі. Фота: pexels.com, носіць ілюстрацыйны характар

Менш «салодкіх» прапаноў ад беларускіх вытворцаў

У 2025 годзе прапаноў адвэнт-календароў ад беларускіх вытворцаў салодкага ў параўнанні з мінулым годам стала менш. Напрыклад, «Камунарка» ў мінулым годзе выпусціла каляндар з 15 ячэйкамі, а ў гэтым годзе яго няма.

Затое «Спартак» прапануе каляндар «Белавежскі сувенір» з 31 акенцам. У адрозненне ад класічнага адвэнт-календара, які адлічвае дні да Калядаў, тут каляндар — да Новага года. Вялікі варыянт вагой 440 грамаў каштуе 30 рублёў 33 капейкі, а яго міні-версія — 245 грамаў — 16 рублёў 89 капеек.

Падобна, гэта адзіны адвэнт-каляндар ад буйных беларускіх вытворцаў цукерак у гэтым годзе.

Якія адвэнт-календары можна купіць у Беларусі: сваіх мала, эксклюзіўныя толькі на Расію, еўрапейскія — праз баераў
Адвэнт-календары ад «Спартака». Фота: mlyn.by

На Wildberries можна знайсці падобны каляндар ад беларускай крамы DARITE.BY: таксама 31 акенца, у кожным схаваная маленькая плітка шакаладу, цана — 41,26 рубля.

Там жа прадстаўлены і календары замежных вытворцаў. Напрыклад, класічны польскі адвэнт-каляндар на 24 акенцы з малочным шакаладам, праліне і какавай каштуе 13,10 рубля. У кожным акенцы — маленькая шакаладная манетка, агульная вага падарункаў — 75 грамаў.

Ёсць яшчэ варыянты ад гэтага ж прадаўца — напрыклад, набор з трох адвэнт-календароў з польскім шакаладам за 30,15 рубля.

Адвэнт-календары на маркетплейсах: шмат расійскіх і не толькі з цукеркамі

У той жа час на Wildberries ёсць шмат прапаноў ад расійскіх вытворцаў. Напрыклад, адзін з такіх адвэнт-календароў з 25 акенцамі з шакаладам будзе каштаваць 26 рублёў.

І ўсё ж на гандлёвых пляцоўках, такіх як Wildberries або Ozon, выбар класічных салодкіх адвэнт-календароў застаецца даволі бедным. У асноўным пакупнікам прапануюць проста навагоднія наборы з цукерак, плітак шакаладу і іншыя падарункавыя камплекты ў святочнай упакоўцы.

Большы выбар календароў з рознымі прадметамі, наклейкамі, фігуркамі. На Ozon, напрыклад, ёсць нават рыбалоўны адвэнт-каляндар з наборам блешань і воблераў за 90 рублёў. Але вытворчасць, мяркуючы па ўсім, Расія — бо адгрузка ідзе са склада ў Маскве.

Якія адвэнт-календары можна купіць у Беларусі: сваіх мала, эксклюзіўныя толькі на Расію, еўрапейскія — праз баераў
Рыбалоўны адвэнт-каляндар. Фота: ozon.ru

Калі хочацца падтрымаць беларускі маркетплэйс, то можна нешта выбраць на Oz.by. Тут таксама ёсць крыху адвэнт-календароў. На жаль, гэта не беларуская прадукцыя.

Аднак нешта цікавае можна знайсці. Напрыклад, адвэнт паводле матываў Гары Потэра. Вытворчасць — Кітай. Унутры акенцаў схаваны міні-артэфакты, персанажы і тэматычныя прадметы, якія спадабаюцца прыхільнікам сусвету Джаан Роўлінг. Такі адвэнт-каляндар разлічаны на 12 дзён. Кошт — амаль 62 рублі.

Беларускія б’юці-адвэнт-календары: што прапануюць мясцовыя брэнды

Яшчэ адзін папулярны фармат адвэнт-календароў апошніх гадоў — б’юці-наборы ад касметычных брэндаў і магазінаў.

У Беларусі такая тэндэнцыя таксама з’явілася, але, як і ў выпадку з салодкімі календарамі, выбар айчынных варыянтаў застаецца сціплым.

Версія Luxvisage на маркетплэйсах: крытыка ад беларусаў

Luxvisage выпусціла лімітаваную серыю адвэнт-календароў у выглядзе каруселі з 12 акенцамі. Аднак купіць яго ў Беларусі не атрымаецца: продажы запланаваны толькі ў расійскім сегменце «Залатога яблыка». А для беларусаў — толькі шанец выйграць каляндар у Instagram-акаўнце брэнда.

Беларусы ўжо раскрытыкавалі такі падыход: «Як заўсёды — толькі для блогераў, а простым людзям… самі ведаеце», — напісаў адзін з каментатараў у Threads.

Некаторыя таксама палічылі кошт напаўнення і заявілі, што ўнутры тавараў прыкладна на 130 рублёў, тады як каляндар прадаюць амаль за 570 рублёў (у пераліку).

Тым не менш набыць адвэнт-каляндар Luxvisage можна — на Wildberries даступна версія ў простай упакоўцы. Кошт — 417 рублёў.

Унутры — 12 б’юці-сродкаў: некалькі памад і тынтаў, бляск, дзве тушы, вадкія цені, гелевы аловак, кансілер, гель-ламінатар для броваў і ззяючая база пад макіяж.

Якія адвэнт-календары можна купіць у Беларусі: сваіх мала, эксклюзіўныя толькі на Расію, еўрапейскія — праз баераў
Каляндар ад Luxvisage. Фота: скрыншот з відэа.

BELOR DESIGN: поўны набор для макіяжу на 12 дзён

Адвэнт-каляндар ёсць і ў беларускага брэнда BELOR DESIGN.

Ён таксама складаецца з 12 скрыначак з 13-ым сюрпрызам унутры.

Унутры — губная памада і матавая фарба для вуснаў, плампер-тынт, дзве тушы (класічная і каляровая), крэмавыя і матавыя цені, палетка для павек, BB-крэм, вадкі кансілер, хайлайтар, а таксама румяны і скульптар-сцік.

Якія адвэнт-календары можна купіць у Беларусі: сваіх мала, эксклюзіўныя толькі на Расію, еўрапейскія — праз баераў
Адвэнт-каляндар ад BELOR DESIGN. Фота: belordesign.by

Modum «Гараскоп»: касметычны адвэнт-каляндар

Таксама на маркетплэйсах можна знайсці падарункавы набор «Гараскоп» ад фірмы Modum з 12 прадметамі ўнутры. Мяркуючы па ўсім, ён выпускаўся і раней. Каштуе ён амаль 132 рублі. Ёсць у наяўнасці на oz.by.

Гэты адвэнт-каляндар уключае ў сябе сродкі для аднаўлення, ачышчэння і сілкавання скуры твару, а таксама прадукты для гігіены поласці рота.

Што рабіць астатнія 12 дзён да Калядаў, якія застаюцца пасля распакавання такіх б’юці-календароў, вытворцы не ўдакладняюць.

Якія адвэнт-календары можна купіць у Беларусі: сваіх мала, эксклюзіўныя толькі на Расію, еўрапейскія — праз баераў
Адвэнт-каляндар ад фірмы Modum. Фота: modum.by

Сусветныя брэнды запоўнілі нішу: якія адвэнт-календары даступны беларусам на маркетплэйсах

У справе адвэнт-календароў з беларускімі вытворцамі канкурыруюць сусветныя брэнды. На маркетплэйсах можна знайсці і адвэнт-боксы з касметыкай розных брэндаў. Адзін з папулярных набораў за 332 рублі — класічны каляндар на 24 акенцы з карэйскай і еўрапейскай касметыкай: Round Lab, The Ordinary, Etude, Masil, Farm Stay, Rhode і інш.

На той жа пляцоўцы ёсць і іншыя варыянты — ад міні-набораў за 45 рублёў (якія пазіцыянуюцца як адвэнт умоўна) да паўнавартаснага 24-акенцавага календара ад Lancôme за 1847 рублёў.

Баеры прывозяць адвэнт-календары з Еўропы: Charlotte Tilbury, Rituals, кава і не толькі

Калі беларускія вытворцы пакуль не прапануюць шырокі выбар адвэнт-календароў, беларусы могуць знайсці еўрапейскія варыянты праз еўрапейскіх пастаўшчыкоў. Асартымент такіх набораў значна шырэйшы: іх выпускаюць як вытворцы, так і буйныя сеткі касметыкі.

Для куплі даступны розныя варыянты праз баераў — у Instagram і Telegram можна знайсці мноства прапаноў. Напрыклад, кававы адвэнт-каляндар з дастаўкай па Мінску каштуе каля 500 рублёў. Адвэнт-каляндар ад Charlotte Tilbury — прыкладна 350 долараў па курсе на дзень дастаўкі, якая абяцана ў сярэдзіне снежня. А каляндар Rituals можна купіць за 700 рублёў (у Польшчы на афіцыйным сайце ён каштуе 565 злотых, што прыкладна 450 рублёў).

Якія адвэнт-календары можна купіць у Беларусі: сваіх мала, эксклюзіўныя толькі на Расію, еўрапейскія — праз баераў
Адвэнт-каляндар ад Rituals. Фота: rituals.com

Ад 3D-фігурак да шкарпэтак: якія яшчэ беларускія адвэнт-календары можна знайсці

Сярод беларускіх адвэнт-календароў можна знайсці яшчэ некалькі арыгінальных прапаноў. Напрыклад, мінская студыя 3D-друку стварыла каляндар з 16 ячэйкамі, у якіх размясцілі 18 фігурак у фармаце 3D, а таксама бірульку, шакаладную манету і паштоўку. Кошт такога набору — 75 рублёў.

Фабрыка Conte выпусціла адвэнт-каляндар са шкарпэткамі: у ім 12 акенцаў, а 6 пар шкарпэтак размеркаваны па прынцыпе «матчынгу», гэта значыць, кожная пара падзелена на два дні.

Прадстаўнікі кампаніі пасля крытыкі календара патлумачылі, што такі фармат выбраны наўмысна: мэта — не проста прадаць шкарпэткі, а стварыць навагодні настрой і элемент гульні. У сацсетках CONTE пракаментавалі крытыку пакупнікоў, якія чакалі класічны каляндар на 24 дні, падкрэсліўшы, што пасля аналізу тысяч заказаў стала зразумела: 25 пар шкарпэтак большасці не патрэбны. Акрамя таго, такі каляндар аказаўся б грувасткім і дарагім, тады як задача брэнда — прапанаваць даступны і зручны падарунак для шырокага кола пакупнікоў.

Ну, і на Wildberries можна знайсці, бадай, самы загадкавы беларускі адвэнт-каляндар — «Адвент-каляндар па-беларуску». Згодна з апісаннем, ён складаецца з 25 прадуктаў харчавання, вырабленых у Беларусі (цукеркі, шакалад, чыпсы, мясная прадукцыя), а таксама даглядавай касметыкі, тэкстылю і друкаванай прадукцыі. Але што там унутры — дакладна невядома.

Кошт такога сюрпрыз-набору — 150 рублёў.

Якія адвэнт-календары можна купіць у Беларусі: сваіх мала, эксклюзіўныя толькі на Расію, еўрапейскія — праз баераў
Адвэнт-каляндар па-беларуску. Фота: wildberries.ru

А што ў Гродне?

У Гродне купіць гатовы адвэнт-каляндар можна з дастаўкай. Таксама ў афлайн-продажы можна знайсці «пустыя» варыянты — ячэйкі-скрыначкі ў форме доміка, якія лёгка запоўніць на свой густ. Напрыклад, такія календары прадаюцца ў кветкавай краме «Букетная лаўка».

Калі казаць пра арыгінальныя прапановы, на платформе Куфар ёсць еўрапейскія адвэнт-календары. Так, напрыклад, гродзенцам даступны адвэнт-каляндар ад Douglas з «крутым напаўненнем».

Унутры сабраны касметычныя сродкі розных вытворцаў. Кошт набору ў Гродне — 365 рублёў.