Танцавальны сезон у Пышках у самым разгары. Ужо па традыцыі больш за сотню пенсіянераў з пачатку мая кожныя выхадныя збіраюцца на танцпляцоўцы ў Пышках, каб успомніць маладосць, а таксама правесці час у коле сяброў і знаёмых. Як праходзілі танцы нестарэючых гродзенцаў у нядзелю 4 чэрвеня, назіраў карэспандэнт Hrodna.life.
Традыцыя праводзіць танцы для пенсіянераў у Пышках існуе ўжо больш за 15 гадоў. Сярод анаведвальнікаў ёсць і такія гродзенцы, што не прапусцілі ніводнага выходнага мерапрыемства ў лесе. Як самі яны кажуць, танцы ў Пышках — гэта як глыток свежага паветра, адпачынак і другая маладосць.
Галоўным на танцах, як і ў любых сучасных клубах, з’яўляецца дыджэй, у Пышках гэта Мікалай Новікаў. Ставіць музыку ён там больш за дзесяць гадоў.
«У гэтым годзе сезон танцаў адкрылі 7−9 мая, і гэтая праграма будзе працягвацца ў нас на працягу чатырох месяцаў, — распавядае Мікалай. — На нашай пляцоўцы танчаць розныя танцы: вальс, польку, танга, факстрот, кракавяк ды іншыя. Выкарыстоўваем песні, якія на слыху, і сучасныя у тым ліку, але абавязкова прыдатныя пад тэмп нашых наведвальнікаў. Гэта, вядома, не тое, што слухае цяпер моладзь, але песні даволі папулярныя. Я тут іграю даўно і ўсіх ужо ведаю, і мяне ведаюць. то іншы раз падыходзяць і замаўляюць песні. Я просьбы наведвальнікаў ніколі не пакідаю без увагі - усё стаўлю бясплатна. Калі песня, якую просяць, маецца ў маім рэпертуары, то стаўлю яе ў гэты ж дзень, калі яе няма, то шукаю напрацягу тыдня. Магу сказаць, што наведвальнікі чакаюць танцаў з нецярпеннем, каб у чарговы раз прыйсці адпачыць. Для іх тут на танцпляцоўцы свята і я стараюся яго зрабіць яшчэ ярчэй. Зараду бадзёрасці, атрыманага на танцах, ім хапае на цэлы тыдзень».
На выходныя ў Пышкі ўсе прыходзяць прыбраныя. Хтосьці рыхтуе касцюм на танцы за некалькі дзён, а хтосьцi рыхтуецца ў за некалькіх гадзін. Валянціна Іванаўна, якой 76 гадоў, ходзіць на танцы ўжо 14 гадоў, свае ўборы яна стварае са старога адзення і выглядае ў іх ўзрушаюча.
«Я прыходжу сюды падняць настрой ужо доўгія гады пасля смерці мужа. Кавалераў сабе не шукаю, бо няма жадання. За мужам-інвалідам я прыглядала больш за 30 год і ён паміраючы сказаў: «Ты ўсё жыццё за мной глядзела, а цяпер пажыві для сябе». Зараз я i выконваю яго запавет — адпачываю. Кожныя выхадныя мяне можна ўбачыць менавiта тут у Пышках. На танцы дастаю ўсё старое з шафы, нешта перарабляю, дарабляю і пайшла. Я ні з кім не стэлефаноўваюся, каб пайсці ў Пышкi, прыходжу сама, а ўсе мае сяброўкі заўсёды там. Люблю вельмі танга і кожны раз чакаю гэты танец. А вось кавалеры не заўсёды запрашаюць дам. Напрыклад, мяне яны баяцца, я вельмі строгая. Калі мяне запросяць, я ў асноўным танцую, але наогул, калі чалавек выпіў або хамаваты, я кажу яму прама, што да мяне падыходзіць не варта, — распавяла Валянціна Іванаўна.Самай цікавай і незвычайнай парай у нядзельны дзень на танцпляцоўцы былі Святлана Макараўна і Уладзімір Мікалаевіч, якія па сваіх танцах і касцюмах нагадвалі хіпі 70-х гадоў.
«На танцы ў Пышкі мы ходзім ужо 13 гадоў, тут весела. Нам ужо па 77 і падчас танцаў у нас надыходзіць вялікая разгрузка. Падабаюцца нам вельмі запальныя танцы, асабліва полька і цыганачка. Адзенне у нас яркае і свабоднае, усё для таго, каб было зручней танцаваць», — распавяла пара пенсіянераў.А вось адной з самых яркіх жанчын на танцпляцоўцы была Алена Канстанцінаўна, якая прыйшла на танцы ў бардовым касцюме.
«Прыходзім з сяброўкамi на танцы на людзей паглядзець і сябе паказаць, ну і вядома ж патанчыць і паразмаўляць, — кажа жанчына. — Галоўнае набрацца станоўчых эмоцый на цэлы тыдзень. Да танцаў мы старанна рыхтуемся: выбіраем ўборы, робім макіяж і прычоску. Мужчын, вядома, на танцах не хапае, але мы не сумуем. Многія камплексуюць — не выходзяць на танцпол і сядзяць проста на лавачках, а калі задаем ім пытанні, чаму сядзяць — яны маўчаць. Асабіста для мяне танцы і музыка — гэта ўсё маё жыццё. I такое мерапрыемства, якое ладзяць ў Пышках, абавязкова патрэбна — пенсіянеры гэта заслужылі».
У мястэчку Радашковічы на 6 тыс. чалавек стаіць касцёл, дзе хрысцілі Янку Купалу. У Вілейцы…
У міжваенны час Гродна набыло незвычайную славу. Горад стаў месцам прыцягнення незвычайных турыстаў - тых,…
Ці хапае ў цэнтры Гродна прадуктовых крам? Спрэчкі наконт гэтага выклікала адкрыццё на перакрыжаванні Савецкай…
Прыбраныя ялінкі, свечкі, навагоднія вянкі і гірлянды, аксаміт, светлы ці цёмны фон на выбар. Гродзенскія…
Улады стварылі новую платформу “меркаванне.бел”. Яе пазіцыянуюць як анлайн-пляцоўку, на якой кожны зможа ў вольнай…
Калекцыя адзення гродзенкі Кацярыны Карлацяну дэбютавала гэтай восенню на Парыжскім тыдні моды. А пачыналася ўсё…